Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя пратэставай сям'і: бацька адседзеў 65 сутак, на маці штраф $1500, дачка спрабавала суіцыд


Вымушаны палітычны ўцякач Аляксандар Камісараў

Майстар цэху БелАЗу Аляксандар Камісараў летась і сёлета чатыры разы адбываў адміністрацыйныя арышты, агулам правёў за кратамі ў Барысаве і Жодзіне 65 дзён. За грамадзянскую актыўнасьць вымусілі пайсьці з працы.

Адначасова сілавікі не пакідаюць у спакоі ягоную жонку Ірыну: некалькі начэй у ізалятары і пастарунку, 150 базавых велічынь у выглядзе штрафаў, звальненьне зь дзяржаўнага прадпрыемства «Мэдпрэпараты».

Бясконцыя візыты сілавікоў і беспадстаўныя затрыманьні бацькоў давялі да нэрвовага зрыву 13-гадовую дачку Ганну: яна спрабавала скончыць жыцьцё самагубствам.

Перадвыбарная актыўнасьць у Барысаве, 23 ліпеня 2020
Перадвыбарная актыўнасьць у Барысаве, 23 ліпеня 2020

Пасьля няўдалай спробы схіліць Камісарава да «ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва» міліцэйскае начальства дало зразумець: наступным этапам стане крымінальная справа за «разгойдваньне сытуацыі ў горадзе». Апэратыўнікі працуюць зацята і без выходных: з апошнім ператрусам прыходзілі акурат пад 8 сакавіка. Забралі тэлефоны, кампутары, аргтэхніку.

Палітызацыя як пабочны эфэкт каранавірусу

Не чакаючы горшага сцэнару, 11 сакавіка сям’я зьехала ў Кіеў. Спрыяць у адаптацыі ўзялася «бел-чырвона-белая нявеста» Іна Зайцава, якая cама нядаўна ўцякла. Паступова фармуецца цэлая «барысаўская дыяспара» — некалькі чалавек атабарыліся тут раней.

Першы дзень сям’і Камісаравых ва Ўкраіне
Першы дзень сям’і Камісаравых ва Ўкраіне

У Барысаве пад арыштам у Камісаравых засталіся машына, будаўнічыя інструмэнты, іншая маёмасьць. А галоўнае, у няпэўным чаканьні гаспадароў сумуе ўлюбёны гадаванец, вялізны алабай Байрак.

«Спачатку, як і многія, былі апалітычныя, –— сказаў Свабодзе Аляксандар Камісараў незадоўга да ад’езду. — Так, мы за разьвіцьцё, але пытаньне зьмяняльнасьці ўлады востра не стаяла. Што падбіла стаць праціўнікамі рэжыму? Найперш падзеі леташняй вясны, а менавіта рэакцыя найвышэйшага кіраўніцтва на праблему каранавірусу: замоўчваньне, ігнараваньне, насьмешкі. Усёй сям’ёй з гэтым сутыкнуліся, калі перахварэлі на запаленьне лёгкіх. Толькі жонцы ўдалося здаць тэст, і тое адказ далі… празь месяц! Усім было пляваць на сваіх людзей».

З пачаткам выбарнай кампаніі «непрыняцьце хлусьлівасьці ўлады» толькі ўзмацнілася, працягвае Аляксандар Камісараў. Затрыманьні падпісантаў за альтэрнатыўных кандыдатаў, нэўтралізацыя моцных канкурэнтаў у асобах Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі, правакацыі супраць Сьвятланы Ціханоўскай і Марыі Калесьнікавай пераканалі ў думцы: настаў час прачнуцца.

«Раззлавала, што людзей хапалі ні за што, — кажа ён. — Першы раз у «ланцуг салідарнасьці» мы сталі ў Барысаве 19 чэрвеня, пасьля затрыманьня Бабарыкі. Зрэшты, у той дзень нас не чапалі: без усялякіх інцыдэнтаў пастаялі і ўвечары разышліся, дамовіўшыся зноў сустрэцца. А ўжо назаўтра былі затрыманьні. Не пасьпелі ўзяць шэсьць чалавек (нас з жонкай у іх ліку), астатніх пахапалі. Праўда, некалькі гадзін пакаталі ў аўтазаках, правялі выхавальныя гутаркі і адпусьцілі. Хоць і гэта на той час было шокам — людзей трымаюць бяз дай прычыны».

Жнівеньскія пратэсты ў Барысаве
Жнівеньскія пратэсты ў Барысаве

Тым часам Ірына Камісарава заявіла пра жаданьне сачыць за працэдурай падліку галасоў — ад датэрміновага галасаваньня і да асноўнага дня 9 жніўня. У незалежныя назіральнікі не дапусьцілі, тады далучылася да ініцыятывы «Честные люди».

«Дзяжурылі на нашым участку, лічылі людзей і бюлетэні, — гаворыць Аляксандар. — А ў апошні дзень, калі вывесілі сьпісы, на іх выклікалі АМАП. Балазе, абышлося толькі «наездамі» і ўвечары 9 жніўня мы паехалі на цэнтральную плошчу Барысава чакаць адказаў ад улады... Тое, што нібыта ў сілавікоў паляцелі камяні, бутэлькі — хлусьня. А вось што бачыў, дык гэта, калі дзяўчаты сталі ў першых шэрагах перад мянтамі, апошнія падчас разгону так зацята лупцавалі, што адной зламалі руку. Знаёмая падбегла ёй дапамагчы, у выніку апынулася ў ІЧУ».

Акцыя салідарнасьці ў Барысаве, 14 жніўня 2020
Акцыя салідарнасьці ў Барысаве, 14 жніўня 2020

У наступныя два дні адбываліся суды над затрыманымі, практычна ўсіх адпускалі са штрафамі. У горадзе была незьлічоная колькасьць «праваахоўнікаў» усіх масьцей, згадвае суразмоўца. А 13 жніўня раптам прапалі ўсе — амапаўцы, унутраныя войскі, даішнікі, ціхары.

«Людзі свабодна выходзілі, зьявілася ўпэўненасьць. 15-га прайшліся па Барысаве, на наступны дзень многія паехалі ў Менск, але шмат народу сабралася на плошчы: нічога не парушалі, дарог не перакрывалі, усё мірна. Патрабавалі адказу ад мэра Генадзя Дзенгалёва, каб патлумачыў, хто спусьціў загад фальсыфікаваць выбары. Самае дзіўнае, што яго не аказалася ў горадзе, зьнік. Тым ня менш «засьветкі» на мітынгах Сьвятланы Ціханоўскай, у «ланцугах салідарнасьці», на незалежным назіраньні прывялі да лягічнага фіналу. Пачалі прэсаваць».

Чатыры «ходкі» белазаўскага тэрміста

Аляксандар Камісараў па спэцыяльнасьці тэрміст, апошні год быў на пасадзе майстра цэху БелАЗу. Калі адпаведныя службы пачалі вылічваць «завадатараў пратэстаў», дайшла чарга і да яго. У пачатку кастрычніка затрымалі і асудзілі на 15 сутак.

Пасьля адседкі вярнуўся на працу, але адміністрацыя паставіла перад фактам: у ягоных паслугах патрэбы ўжо няма.

Белазаўцы падчас сустрэчы з кіраўніцтвам Жодзіна, 13 жніўня 2020
Белазаўцы падчас сустрэчы з кіраўніцтвам Жодзіна, 13 жніўня 2020

«Узялі за «несанкцыянаванае пікетаваньне»: на кальцавой ля «Барысаў Арэны» мы разьвесілі на дрэвах імітацыю бел-чырвона-белых сьцягоў і «Пагоні». Сядзеў у Барысаве, умовы дастаткова «камфортныя», калі параўноўваць з Акрэсьціна ці Жодзіна. Разумеў, што начальства гэта так не пакіне. Цэхавае кіраўніцтва спрабавала мяне адстаяць, але, як сказалі інфармаваныя людзі, спусьцілі загад зьверху: Камісарава прыбраць або падставіць. Не чакаючы сюрпрызаў, напісаў заяву на звальненьне: ад 5 лістапада 2020 году на БелАЗе не працую».

Наступнае затрыманьне здарылася 15 лістапада на «плошчы Перамен» у Менску, калі людзі сабраліся ўшанаваць памяць забітага мастака Рамана Бандарэнкі.

Тады сілавікі ўзялі 1300 чалавек — пасьля жніўня гэта быў самы масавы хапун. Аляксандра Камісарава асудзілі на 20 сутак паводле двух артыкулаў: за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і супраціў работніку міліцыі.

Адбываў тэрмін у Жодзіне. Акурат у той час, як падпісчыку тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» ўпершыню ўдалося зьняць на тэлефон «нутро» 10-мясцовай камэры, куды запіхваюць па 20 і больш «змагароў».

Перапоўненая камэра ізалятару ў Жодзіне
Перапоўненая камэра ізалятару ў Жодзіне

«Вызваліўся 5 сьнежня і, паколькі сувязі са сьветам ніякай, даведваюся, што ў маю адсутнасьць забіралі Ірыну — спрабавалі «прыляпіць» да фатаграфіі на акцыі. Праўда, адпусьцілі. Праз два дні прыяжджае ўчастковы: трэба пагаварыць з жонкай. Яе не было, купляла дачцэ вопратку на зіму. Не адчуваючы падвоху, кажу: «Добра, падыдзем». Узялі тлумачэньні наконт здымка, бо ёсьць сьведкі, што не магла яна там быць. А калі ўжо выходзілі, спынілі іншыя супрацоўнікі. Ноч у ІЧУ і раніцай прысуд у памеры 50 базавых за «акцыю». Нават участковы быў у шоку».

Наступнае затрыманьне датуецца ўжо гэтым годам, прычым прыйшлі адразу па дзьве сем’і. Далі сустрэць Новы год, а далей усё пайшло паводле міліцэйскага пратаколу.

«4 студзеня памерла сужыцелька бацькі. У нас былі прыязныя адносіны, называў яе «маманя». У гэты ж дзень тэлефануе ўчастковы, ужо шукаюць. Кажу, што на пахаваньні, не да вас. А праз тыдзень бяруць, зноў «вешаюць» нейкія фота каля барысаўскай лякарні. Сынхронна затрымліваюць дзьве сям’і. Мужчынам без варыянтаў па 15 сутак, жанчынам выпісваюць чарговыя непад’ёмныя сумы. Справы аб штрафах на абскарджаньні, але ніякага руху ім не даюць: тэлефанавалі, тыя дагэтуль не пайшлі на вобласьць».

Два тыдні далі аддыхацца, а 10 лютага Аляксандар Камісараў зноў апынуўся за кратамі на падставе чарговых крамольных фатаздымкаў. Па яго словах, гарадзкая міліцыя арганізавала маштабную «аблаву», пад якую трапілі сем’і, зь якімі яны апошнім часам кантактавалі.

Ірына і Аляксандар Камісаравы
Ірына і Аляксандар Камісаравы

Жонку зь сяброўкамі да суду пратрымалі ў ізалятары, мужчынам салідарна выпісалі па 15 сутак. Як сказаў падчас вызваленьня начальнік ІЧУ Барысава, у ягонай установе гэта апошнія «палітычныя сядзельцы»: з узмацненьнем адміністрацыйнай адказнасьці за «экстрэмізм» абсталявалі асобнае крыло ў жодзінскім ізалятары.​

Спроба завэрбаваць пад абяцанкі «дывідэндаў»

Паводле Аляксандра Камісарава, усё ішло да таго, што некалькі «БЕСноватых» сем’яў (база затрыманых з падачы экс-кіраўніка ГУБАЗіК Мікалая Карпянкова атрымала назву «БЕСпорядки», іншы варыянт — «БЕСноватые». — РС) паступова падводзілі да крымінальнай справы.

Аляксандар Камісараў
Аляксандар Камісараў

Начальнік аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Барысаўскага РУУС Юры Зянькоў папярэдзіў пэрсанальна: «Гэта мая зямля, і я вам тут жыцьця ня дам». Тым больш новая рэдакцыя Адміністрацыйнага кодэксу значна аблягчае такую задачу.

«Дзеля справядлівасьці, людзі ў пагонах таксама розныя. Ніжнія чыны, тыя ж участковыя, збольшага разумеюць, што адбываецца па «БЕСу»: вінаваты позірк, апушчаныя галовы. Але чым вышэйшы ранг, тым больш нахабныя адносіны — дзеля пагонаў, пасады, ня ведаю ўнутранай матывацыі. Пастаянна лжэсьведчаць у судах, складаюцца «ліпавыя» пратаколы і на іх падставе пасьля выносяцца такія ж абсурдныя рашэньні. У Барысаве гэтыя людзі пэрсанальна вырашаюць, каго, калі і на колькі затрымліваць. Цяпер у «ворагах» чатыры сям’і: восем мужчын і жанчын».

Як і некаторых іншых актывістаў, Аляксандра Камісарава спрабавалі «прыручыць» — схіліць да супрацы са спэцслужбамі, абяцаючы аднавіць на працы ды іншыя прыемныя «дывідэнды».

«Здарыўся цікавы эпізод. Калі сядзеў апошнія суткі, 13 лютага прыехаў палкоўнік міліцыі. Скажу проста: спрабаваў вэрбаваць. Перад ім на стале ляжаў тэлефон камэрай дагары, размова запісвалася. Сказаў, што пасьля вызваленьня хацеў бы нефармальна сустрэцца за кавай па-за тэрыторыяй ІЧУ і РУУС. На ўсялякі выпадак прыстрашыў: «Калі ня будзеш супрацоўнічаць, нідзе ў Беларусі працу ня знойдзеш». А пры іншым раскладзе могуць вярнуць на БелАЗ ці куды заўгодна. Маўляў, прымай рашэньне. І пайшоў. Пасьля сапраўды званіў, я проста ігнараваў».

Дошка гонару на БелАЗе
Дошка гонару на БелАЗе

Зрэшты, варыянт вяртаньня ў колішні белазаўскі калектыў, дзе рабочыя ды інжынэры пад страхам страты кантрактаў пахаваліся па кутах, Аляксандар Камісараў не ўяўляе нават у тэорыі.

«Атрымліваюць свае капейкі і цешацца, што маюць хоць гэта. Ведаю ад работнікаў, што моцна заціскаюць гайкі — і ў калектыўных дамовах, і ў заробках. Але эканамічная сытуацыя адаб’ецца на кішэні кожнага; тады зразумеюць, што трэба адстойваць сваю пазыцыю, а не пакорліва схіляць галаву і дазваляць зь сябе зьдзекавацца. БелАЗ працуе па схеме «5 праз 5». Пакуль ідзе замена тэхнікі ў кар’ерах, год-два ідуць замовы, іх выконваюць. Наступную пяцігодку існуюць за тыя грошы. Паколькі апошняя загрузка была ў 2018-2019-х, якраз цяпер праядаюць».

Пакуты дзяцей ад перасьледу бацькоў

Падчас трэцяга затрыманьня ў студзені арыштавалі маёмасьць Камісаравых — аўтамабіль і будаўнічы інструмэнт, які быў у багажніку. На словах сказалі, што гэта «матэрыяльны заклад» да поўнага пакрыцьця штрафаў і кошту ўтрыманьня за кратамі.

Ірына Камісарава на маршы ў Менску, кастрычнік 2020
Ірына Камісарава на маршы ў Менску, кастрычнік 2020

«Машыну канфіскавалі, скажам так, неафіцыйна: у матэрыялах справы яна не фігуруе, як і няма адказнага за арышт. Стаіць на тэрыторыі Барысаўскага РУУС, забраць немагчыма, бо ў дакумэнтах ня значыцца. Гэтак жа сама экспрапрыявалі зварачны апарат, пілу-баўгарку, будаўнічы інструмэнт. Відаць, завісьне надоўга. Леташнія выдаткі за ўтрыманьне на «сутках» я аплаціў, але сёлетнія яшчэ на абскарджаньні ў вышэйшых інстанцыях. Як і ў жонкі: прысудзілі агулам 150 базавых, яна падала на апэляцыю. Канчатковага вэрдыкту яшчэ няма».

Як і Аляксандра на БелАЗе, Ірыну «папрасілі» з заводу «Мэдпрэпараты»: далі зразумець, што на дзяржаўным прадпрыемстве іншадумства немагчымае. З «воўчым білетам» аказаліся марнымі спробы працаўладкавацца нават у камэрсантаў.

«Як толькі яна дала інтэрвію незалежным СМІ пра сытуацыю з выбарамі, адразу ж паказалі на выхад, — удакладняе ён. — Выклікаў на дыван дырэктар і сказаў, што пытаньне стаіць адназначна: «альбо я, альбо ты». Усіх нязгодных адным махам і выкінулі. Хоць яшчэ не было нават гаворкі пра страйкі і вялікія акцыі. Зрэшты, Ірына досыць хутка ўладкавалася інжынэрам-хімікам у прыватнай кампаніі, аднак і там гісторыя паўтарылася — звольнілі літаральна празь месяц. Сказалі, што распараджэньне паступіла з барысаўскага райвыканкаму. Іначай прыгразілі закрыць прадпрыемства».

Камісаравы з хатнімі гадаванцамі
Камісаравы з хатнімі гадаванцамі

Ва ўмовах штодзённага стрэсу ня вытрымала 13-гадовая дачка Аня — падчас лютаўскіх арыштаў бацькоў учыніла спробу самагубства. Пашчасьціла, што ўрэшце скончылася толькі шокам і нязначнай стратай крыві, ня стрымлівае эмоцый Аляксандар.

«Калі нас затрымалі 10 лютага, я пайшоў на чарговыя 15 сутак, жонка дзьве ночы правяла ў ізалятары і са штрафам 50 базавых вярнулася дадому. 13-га яе затрымалі зноў паводле дзіўнага пратаколу, напэўна, ужо скончылася фантазія: хадзіла п’янай па вуліцы, прыставала да людзей. У выніку пакінулі ў «малпоўні», не далі нават папярэдзіць дачку, што ня вернецца. Ну і тая, застаўшыся адна, з кепскімі думкамі, зрабіла спробу суіцыду. Проста ня вытрымала стрэсу, навалілася ўсё разам... Такі вось рэальны вынік рэпрэсій, думаю, шмат хто з такім сутыкнуўся».

Выразная грамадзянская пазыцыя Аляксандра Камісарава
Выразная грамадзянская пазыцыя Аляксандра Камісарава

У выніку «праблемную» сям’ю Камісаравых паставілі на адмысловы ўлік. Ужо прыходзілі кантралёры з аддзелу адукацыі, анансавалі візыты міліцыі, пажарных ды іншых «апекуноў».

«Склалі вопіс агляду, але нічога «праблемнага» не знайшлі. У дачкі асобны пакой, халадзільнік поўны, яна накормленая і дагледжаная. Нават школьная адміністрацыя ў шоку, што прыстойную сям’ю спрабуюць падвесьці пад «сацыяльна небясьпечную для дзіцяці». Не магу дакладна сказаць, адкуль усё ідзе — ад міліцыі ці з гарвыканкаму. Хутчэй апошняе, бо нават адміністрацыйныя пратаколы ўзгадняюць зь «белым домам». Мой у лютым прыдумлялі 12 гадзін! Забралі з дому ў 6:30 раніцы, у камэру трапіў пад 7 вечара».

Аляксандар Камісараў завочна вучыцца на апошнім курсе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту, на факультэце апрацоўкі матэрыялаў ціскам.

Літаральна напярэдадні ад’езду ва Ўкраіну пасьпеў здаць дзяржаўныя іспыты, але цяпер у падвешаным стане абарона дыплёма — няма гарантыі, што летам удасца вярнуцца ў Беларусь. Але ён верыць, што цемрашальства ня можа працягвацца вечна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG