Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне на запыт зь Беларусі шукаюць грамадзяніна за пагрозу гвалтам кіраўніку ДАІ МУС Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьне ў Менску.

Украіна пагадзілася на просьбу Беларусі дапамагчы з пошукам грамадзяніна, якога вышуквае Сьледчы камітэт у справе аб пагрозе гвалтам начальніку Галоўнага ўпраўленьня Дзяржаўнай аўтамабільнай інспэкцыі міліцыі грамадзкай бясьпекі МУС Беларусі.

Як вынікае з ухваленага адным з раённых судоў Кіева рашэньня, Сьледчы камітэт Беларусі завёў справу 12 лістапада 2020 году паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэксу — гвалт або пагроза гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (караецца арыштам, абмежаваньнем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленьнем волі на тэрмін да шасьці гадоў).

Усе прозьвішчы фігурантаў справы ў судовым рашэньні замененыя, паводле правілаў, словам «Асоба». Верагодна, што ў дадзеным выпадку гаворка можа ісьці пра Дзьмітрыя Карзюка, бо названа дакладная пасада супрацоўніка органаў унутраных спраў, якому пагражалі гвалтам.

У межах міжнароднай прававой дапамогі Сьледчы камітэт Беларусі атрымаў дазвол на доступ да дакумэнтаў аднаго з украінскіх мабільных апэратараў. На іх падставе плянуюць устанавіць асобу, якая летась у пэрыяд з 22 па 26 кастрычніка нібыта пагражала начальніку ДАІ. У судовым рашэньні адзначаецца, што пагроза зьмяшчалася ў паведамленьні, адпраўленым падазраванай «Асобай_2» празь Viber і гучала наступным чынам: «Чуеш, ты, гніда. Я цябе замачу. Павольна. Уцякай з краіны, здохні».

У сваім абгрунтаваньні аб неабходнасьці вывучыць дакумэнты ўкраінскіх мабільных апэратараў беларускія сьледчыя напісалі, што падазраваны зьяўляецца падпісчыкам аднаго з тэлеграм-каналаў, які функцыянуе з жніўня 2020 году і незаконна публікуе асабістую інфармацыю пра супрацоўнікаў органаў унутраных спраў Беларусі.

Судовы разгляд адпаведнага хадайніцтва Кіеўскай пракуратуры адбываўся ў адсутнасьць пракурораў. Раней у такіх выпадках, калі адсутнічае пракурор, суды часьцей адмаўлялі ў задавальненьні запытаў аб міжнароднай дапамозе.

Згодна з рашэньнем суду, вывучаць дакумэнты будуць пракурор і трое сьледчых паліцыі Кіева, якія па выніках накіруюць усе дакумэнты Сьледчаму камітэту Беларусі. Паведамляецца, што сьледчыя цікавяцца «тэлекамунікацыйнымі дадзенымі» падазраванага, пачынаючы ад 1 жніўня 2020 году і да цяперашняга часу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG