Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня КДБ заявіў пра рыхтаваньне спробы дэстабілізаваць сытуацыю ў Беларусі 25–27 сакавіка


КДБ Рэспублікі Беларусь

Іван Тэртэль пасьля сустрэчы з Лукашэнкам паскардзіўся на замежныя «падрыўныя цэнтры», а таксама спэцслужбы, якія нібыта стаяць за тэрарыстычнымі пагрозамі.

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі фіксуе «беспрэцэдэнтны ціск на краіну» і «пляны дэстабілізацыі сытуацыі найбліжэйшым часам». Пра гэта расказаў старшыня КДБ Іван Тэртэль пасьля дакладу ў кабінэце Лукашэнкі, піша БелТА.

Кіраўнік КДБ заявіў, што становішча ў дзяржаве стабільнае, але ёсьць і трывожныя моманты.

«Першае — беспрэцэдэнтны ціск на нашу дзяржаву з боку замежных партнэраў, зьвязаны з санкцыйнай палітыкай і некаторымі іншымі рэчамі. Другое — спробы дэстабілізацыі сытуацыі неўзабаве. Мы гаворым пра пэрыяд 25–27 сакавіка».

Паводле яго, КДБ таксама адзначае рост тэрарыстычных пагроз «з тэрыторыі суседзяў, як правіла, сумежных дзяржаў».

«У цэлым камітэт працуе. Ёсьць канкрэтнае даручэньне мінімізаваць тыя пагрозы. Будзем працаваць, нацэлены на эфэктыўнае рашэньне задач. Праваахоўныя органы маюць дастаткова сілаў і сродкаў для рэагаваньня на розныя пагрозы», — заявіў Іван Тэртэль.

На думку старшыні КДБ, востры пэрыяд у разьвіцьці сытуацыі, які быў характэрны для другой паловы 2020 году, «вычарпаны», сытуацыя стабілізавалася.

Разам з тым ён сказаў, што «замежныя падрыўныя цэнтры і спэцслужбы, якія за імі стаяць» робяць спробы аднавіць пратэставую актыўнасьць у вясновы пэрыяд.

«Аб гэтым вядома было раней, цягам некалькіх месяцаў анансавалася. Мы гатовыя да гэтага і прымем усе меры, каб асобы і арганізацыі, якія распачнуць такія спробы, панесьлі адказнасьць у адпаведнасьці з заканадаўствам».

Тэртэль таксама згадаў раней агучаную Лукашэнкам інфармацыю пра затрыманьне «тэрарыстычнай групы». У іх нібыта канфіскавалі вялікую колькасьць зброі, боепрыпасаў, сродкаў дыстанцыйнага падрыву выбуховых рэчываў. Тэртэль назваў іх прафэсіяналамі «досыць высокага ўзроўню».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG