Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад ціскам уладаў пасьля 7 гадоў дзейнасьці ў Менску закрылася крама Symbal.by


Крама Symbal.by на праспэкце Машэрава ў Менску

Ад сакавіка офлайн- і онлайн-крама Symbal.by канчаткова спынілі сваю працу. Усе падзеі, якія апошнія 8 месяцаў адбываюцца вакол кампаніі, прывялі да таго, што больш няма магчымасьці арэндаваць памяшканьні для далейшай дзейнасьці ў любых фарматах і ўтрымліваць штат супрацоўнікаў.

Як гаворыцца на сайце Symbal.by, ад леташняга чэрвеня кантралёры так і не вярнулі 419 цішотак «ПСІХОЗ%», хоць былі сплочаныя штрафы, а экспэртыза не знайшла ў «канфіскаце» парушэньняў.

Бясьсьледна зьніклі бел-чырвона-белыя сьцягі, забраныя ў часе праверкі на вытворчасьці. Без тлумачэньня прычыны не вярнулі сотні мэтраў чырвонай тканіны, канфіскаванай у швейных вытворцаў.

Акрамя таго, ведамствы дагэтуль не ўзгаднілі сыстэму пажарнай бясьпекі ў памяшканьні на праспэкце Машэрава, 18 нават пасьля яе поўнага пераабсталяваньня. Як вынік, дзейнічае забарона на яго выкарыстаньне для раздробнага гандлю.

Розныя органы ўтрымліваюць тавары і рэчы Symbal.by на суму больш за 50 тысяч рублёў, не паведамляючы пра іх далейшы лёс і статус.

«Мы ня бачым сэнсу працягваць працу: усе абаротныя сродкі засталіся ў канфіскаваным тавары і ўкладацца зноў, каб у любы момант прыйшлі і ўсё забралі, ня хочацца, — гаворыцца ў паведамленьні. — Symbal.by ствараўся, каб папулярызаваць першыя дзяржаўныя і нацыянальныя сымбалі Беларусі — герб „Пагоня“ і бел-чырвона-белы сьцяг. І мы ведаем: забараняй не забараняй, але ў мільёнаў беларусаў сэрцы нашых колераў ужо назаўжды. 70 гадоў у СССР забаранялі сьцяг і герб. Не дапамагло. Беларусь у выніку была абвешчана незалежнай краінай пад гэтымі сымбалямі. Так было і так будзе!»

Паводле ініцыятараў Symbal.by, іх місія на гэты момант выканана: сваёй сямігадовай дзейнасцю даказалі, што ёсьць у беларусаў свая мова, гісторыя і сымбалі, якія яны любяць, паважаюць і гатовыя за іх змагацца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG