Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як «не аддаць любімую». Што стаіць за словамі Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка падчас выступу ў Палацы Рэспублікі 11 лютага

Схему гэтага працэсу Аляксандар Лукашэнка выклаў у сваім выступе на Ўсебеларускім народным сходзе.

На пачатку свайго выступу ён сказаў, што гэты сход будзе не вырашаць, а пазначаць ці пачынаць вырашаць іх. Гэта значыць, што ўласна цяперашні сход ня стане ладзіць канстытуцыйны пераварот.

Абнародаваны ў інтэрнэце праект рэзалюцыі сходу прадугледжвае ўсяго толькі стварэньне канстытуцыйнай камісіі.

Ну, а зараз — да пляну «неаадаваньня любімай».

Сьцісла

  • Плян канстытуцыйнай рэформы па Лукашэнку: распрацоўка сёлета праекту новай Канстытуцыі; прыняцьцё яе на рэфэрэндуме напачатку 2022 году; магчыма, напрыканцы 2022 году — прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары
  • Мяркуецца, што новая Канстытуцыя замацуе перадачу часткі ўладных паўнамоцтваў ад прэзыдэнта іншым інстытутам улады
  • Усебеларускаму народнаму сходу плянуецца надаць канстытуцыйныя паўнамоцтвы вярхоўнага органу ўлады і пры гэтым — гаранта бясьпекі ў будучыні прыхільнікаў Лукашэнкі

Паводле Лукашэнкі, на працягу году выпрацоўваецца праект новай Канстытуцыі, адбываецца яго ўсенароднае абмеркаваньне, на пачатку 2022 году адбываецца рэфэрэндум па праекце, напрыканцы 2022 году — прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары. Апошняе — можа быць. А можа і пазьней.

Гэта што да парадку дзеяньняў. А што па сутнасьці?

Лукашэнка заявіў, што ў новай Канстытуцыі будзе прадугледжанае пераразьмеркаваньне паўнамоцтваў ад прэзыдэнта да іншых інстытутаў улады.

Як менавіта, якіх менавіта — гэта, як і раней, сказана не было. Але падкрэсьліў, што калі іншыя, больш паўнамоцныя інстытуты нешта напартачаць, дык прэзыдэнт іх паправіць і навядзе парадак.

Пра якую тады перадачу паўнамоцтваў ідзе гаворка, незразумела.

Лукашэнка падкрэсьліў, што Беларусь павінна ў любым выпадку заставацца прэзыдэнцкай рэспублікай, у тым ліку і пасьля яго.

Адразу пасьля леташніх выбараў ён казаў, што пасьля канстытуцыйнай рэформы будуць прэзыдэнцкія выбары, у якіх ён ня будзе браць удзелу. Казаў ён гэта і пазьней.

Але не 11 лютага на Ўсебеларускім народным сходзе. Сёньня пра свой сыход ён казаў туманна, зьвязваў яго са зьменай пакаленьняў. Гэта значыць, што і падчас гіпатэтычных датэрміновых выбараў 2022 году, і падчас чарговых — у 2025 годзе, ён цяпер ужо зусім не абяцае больш не балятавацца.

Пры гэтым ён спаслаўся на вельмі зручныя лічбы апытаньня, якое да УНС правёў цэнтар Ecoom. Навуковая вартасьць гэтага дасьледаваньня даволі сумнеўная, але Лукашэнка прывёў яго вынік, паводле якога 60% апытаных наагул ніякіх зьменаў Канстытуцыі ня хочуць.

Гэта — абгрунтаваньне таго, што зьмены ў Канстытуцыю мяркуецца зрабіць нязначныя, касмэтычныя. Маўляў, народ жа супраць.

Адной з важных ідэяў, што ў ёй мяркуецца ўсё ж зьмяніць, стала ідэя аб наданьні УНС канстытуцыйнага статусу. Паводле пляну Лукашэнкі, гэты новы канстытуцыйны орган павінен вырашаць галоўныя, стратэгічныя пытаньні жыцьця грамадзтва.

Аднак ці ня самай важнай у яго мяркуецца роля своеасаблівага стопару, гаранта бясьпекі ў будучыні прыхільнікам Лукашэнкі.

Паводле яго, нават калі да ўлады на ўзроўні прэзыдэнта і парлямэнту прыйдзе апазыцыя і пачне разьбірацца з папярэднікамі, УНС павінен умяшацца і ўзяць на сябе ўладу.

Нейкую падобную функцыю фактычна выконвала войска ў шэрагу лацінаамэрыканскіх і азіяцкіх краін — умешвалася ў палітычны працэс і наводзіла парадак у сваім разуменьні.

Гэтую ролю мяркуецца надаць Усебеларускаму народнаму сходу.

Праўда, Лукашэнка і сам назваў свае думкі на гэты конт крыху сумбурнымі. І ў гэтым ён, безумоўна, меў рацыю.

Стварэньне яшчэ аднаго органу ўлады, гібрыду прэзыдэнта і парлямэнту, толькі створыць хаос у сыстэме кіраваньня дзяржавай.

У выпадку ж істотных палітычных зьменаў у краіне такі палітычны «навабуд» наўрад ці зможа сказаць сваё апошняе і вырашальнае слова. Апытаньне Chatham House паказала вельмі нізкую ступень грамадзкай падтрымкі ідэі наданьня канстытуцыйных паўнамоцтваў УНС. Нават паводле апытаньня Ecoom, на якое спасылаўся Лукашэнка, падтрымка гэтай ідэі — усяго крыху вышэйшая за 50%.

Аднак у праект рэзалюцыі цяперашняга сходу ідэю пра наданьне сходу канстытуцыйных паўнамоцтваў усё ж уключылі.

Іншымі словамі, канстытуцыйны адказ Лукашэнкі на палітычны крызіс — мяняць па мінімуму, а пра сыход з пасады прэзыдэнта яшчэ падумаць і адкласьці пытаньне да лепшых часоў.

Нават парадак тэмаў выступу сьведчыў пра тое, што сэнс канстытуцыйнай рэформы па Лукашэнку — нічога асабліва не мяняць і пацягнуць час.

Напачатку ён апісваў жахі цяперашняга сьвету, сусьветнай бойкі драпежнікаў, потым расказваў пра важныя, але зусім не стратэгічныя рэчы, кшталту ўтылізацыі сьмецьця.

І толькі напрыканцы, выйшаўшы за межы часавага рэглямэнту, дабраўся да Канстытуцыі.

Напэўна, самай шчырай часткай выступу быў фрагмэнт, дзе ён казаў пра тое, што не разумее новае пакаленьне, не разумее, чаго яно хоча, як яно камунікуе, ува што верыць, чаму ня цэніць тое, што зрабіў для краіны ён.

Але саступаць гэтаму новаму, «аддаваць любімую» ён не зьбіраецца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG