Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А што, калі б Лукашэнка ў 1995-м не адмяніў БЧБ-сьцяг? Пад якімі сымбалямі цяпер пратэставалі б?


Галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету, пратэст супраць рэфэрэндуму, які зьмяніў дзяржаўную сымболіку. Менск, 12 красавіка 1995 году.

Намер улады прызнаць беларускі нацыянальны сьцяг экстрэмісцкім многіх устрывожыў і напалохаў.

Для мяне, як для чалавека, які добра памятае першую спробу ўлады зьнішчыць БЧБ-сымбалі, гэтыя страхі выглядаюць перабольшанымі. Перакананы, што другое пахаваньне БЧБ-сьцяга не адбудзецца — гэтак жа, як не адбылося першае ў траўні 1995 году, хоць яго тады таксама адны з трывогай і адчаем баяліся, другія — з кепска прыхаванай надзеяй чакалі і жадалі.

Вядома, грамадзкая атмасфэра ў сярэдзіне 90-х была зусім іншая. Тым, хто пэцкае чорнай фарбай тыя так званыя «ліхія 90-я», хочацца нагадаць: так, многім тады жылося цяжка, і крамы выглядалі значна бядней, чым цяпер. Але людзі ў той час мелі каштоўнасьці значна большыя, чым кавалак каўбасы — свабоду і надзею — менавіта тое, чаго так прагне цяперашняя моладзь і дзеля чаго выходзіць пад амапаўскія дубінкі. І вяртаньня менавіта тых свабоды і надзеі так зацята не жадае цяперашняя ўлада.

Гэтыя свабода і надзея выціскаліся па кроплі, мэтадычна і мэтанакіравана, на працягу больш як чвэрці стагодзьдзя. Адразу вынішчыць іх было немагчыма. Нават праз год пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі яшчэ можна было зь дзяржаўнай трыбуны адкрыта гаварыць тое, што думаеш.

Я сам зь некаторым зьдзіўленьнем праз дваццаць шэсьць год перачытваю тое, пра што сам жа пісаў 20 траўня 1995 году ў адной з галоўных дзяржаўных газэт — «Звяздзе», на наступны дзень пасьля таго, як БЧБ-сьцяг быў, па сутнасьці, забаронены. Публікацыя пад назвай «Ці згуртуюць нацыю новыя сымбалі» зьявілася на першай старонцы газэты:

* * *

«Новы чырвона-зялёны сьцяг над рэзыдэнцыяй прэзыдэнта ў адных выклікае на вачах сьлёзы настальгічнай радасьці і замілаваньне, у другіх — абурэньне і насьмешку. І тых, і другіх — нямала, так што рэфэрэндум ня столькі вырашыў праблему, колькі выразна абазначыў раскол у грамадзтве.

Тых 25 працэнтаў выбаршчыкаў, якія на рэфэрэндуме сказалі новым сьцягу і гербу «не» — думаць інакш не прымусіш і за мяжу ня вышлеш. А ёсьць жа яшчэ 35 працэнтаў грамадзян, якія ўвогуле не прыйшлі на прэзыдэнцкі рэфэрэндум. Як думаюць яны?

У любым выпадку — даводзіцца канстатаваць, што дзяржаўныя сімвалы ў нашай маладой і нявопытнай краіне зь лёгкай рукі такіх жа маладых палітыкаў з фактара, які згуртоўвае, кансалідуе нацыю, ператварыліся ў інструмэнт расколу і ідэалягічнага разьмежаваньня. Праявы гэтага, я мяркую, зьявяцца ўжо ў самым блізкім часе. Апазыцыйныя прэзыдэнту сілы, зразумела ж, ні ад бела-чырвона-белага сьцяга, ні ад герба «Пагоня» не адмовяцца. Няцяжка прадбачыць, што гэтыя колеры, гэтыя сімвалы стануць сімваламі дэмакратычных сіл.

Гэтак жа, як сьцяг і герб савецкай Беларусі — сімваламі ўсіх пракамуністычных і прарасійскіх партый і рухаў. Прэзыдэнт, на жаль, ня ўзьняўся над гэтай барацьбой і гэтым процістаяньнем — а заняў зусім пэўны бок барыкады.

Ці былі іншыя шляхі выхаду з гэтай сытуацыі? Напэўна.

Наіўна думаць, што Беларусь — першапраходца ў справе ператварэньня сімвалаў у інструмэнт грамадзянскага процістаяньня. Яскравы прыклад зь нядаўняй гісторыі — сытуацыя ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, дзе з прыходам да ўлады Нэльсана Мандэлы зь яго партыяй чарнаскурай большасьці і скасаваньнем рэжыму апартэіду патрэба ў зьмене сімволікі ўзьнікла ў сувязі з тым, што існаваўшы раней сьцяг — чырвона-бела-блакітны — лічыўся сьцягам белых. Чорныя ж змагаліся пад іншым сьцягам — чорна-зялёна-жоўтым. Паказальна, што Нэльсан Мандэла не ініцыіраваў рэфэрэндум з гэтай нагоды — хоць зусім зразумела, што лёгка мог бы выйграць яго. Палітыкі, гісторыкі, мастакі — прадстаўнікі абедзьвюх абшчын — дамовіліся, што новыя сімвалы, каб быць прынятымі ўсім народам, не павінны прыніжаць адных, каго меншасьць, і ўзвышаць іншых, хто ў большасьці, — паколькі ў гэтым выпадку ўвесь час будзе заставацца глеба для канфліктаў. Як вынік — паўднёваафрыканцы стварылі новы сьцяг, у якім спалучаюцца ўсе шэсьць колераў, што ўваходзілі раней у сьцягі белых і чорных. І гэты новы сьцяг быў узьняты над Прэторыяй у прысутнасьці соцень тысяч паўднёваафрыканцаў і замежных гасьцей (у тым ліку першых асоб шэрагу дзяржаў), пад гукі дзяржаўнага гімна і суквецьці фаервэрку.

Дарэчы, падобнымі ўрачыстасьцямі суправаджаліся цырымоніі ўзьняцьця новых дзяржаўных сьцягоў амаль ва ўсіх краінах, якія здабылі незалежнасьць у апошні час, — Зімбабве, Намібіі, Эрытрэі. У пачатку 90-х гадоў у краінах Прыбалтыкі, якія аднавілі сваю незалежнасьць, вяртаньне нацыянальных сімвалаў таксама суправаджалася ўрачыстымі цырымоніямі, у часе якіх савецкія сьцягі, зьнятыя з галоўных флагштокаў краін, з пашанай да гэтых сімвалаў перадаваліся ў нацыянальныя музэі — як неад’емная частка гісторыі дзяржавы.

У нас жа, як паведаміла ўчора са спасылкай на агенцтва РІД «Народная газета», пасьля таго, як рабочыя без усялякіх цырымоній зьнялі бела-чырвона-белы сьцяг з даху былога ЦК КПБ, дзе цяпер месьціцца Адміністрацыя Прэзыдэнта, «кіраўнік спраў Прэзыдэнта Іван Ціцянкоў на даху будынка разарваў яго на кавалкі і, пазначыўшы на іх дату і час „знамянальнай падзеі“, расьпісаўшыся, раздаў бела-чырвоныя абрыўкі як сувэніры».

Каменціраваць гэты акт немагчыма. Зусім відавочна, што грамадзяне, ведаючы пра такія адносіны да ранейшых сімвалаў, адпаведным чынам будуць ставіцца і да сімвалаў новых».

* * *

Даўно няма той «Звязды», у якой можна было пісаць тое, што думаеш. Нарадзіліся і вырасьлі новыя пакаленьні, якія ня памятаюць ні Ціцянкова, ні свабодную атмасфэру 90-х, ні БЧБ-сьцяг над Домам ураду. Але калі я гляджу на іх — маладых, прыгожых і адважных, якія ўзьнімаюць гэты сьцяг, выціраючы кроў з разьбітых амапаўскімі дубінкамі твараў, я думаю пра тое, што нічога не было марным — у тым ліку боль, крыўда і расчараваньне, перажытыя намі ў сярэдзіне 90-х.

Цяжка знайсьці нешта пазытыўнае ў тым, што было зроблена з нацыянальнай сымболікай у тым далёкім траўні 1995-га. А ўсё ж... Вось думаю: калі б тады, 26 год таму, Лукашэнка зь нейкіх прычынаў не наважыўся мяняць дзяржаўныя сымбалі (а такая верагоднасьць заставалася, супраціў тады быў сур’ёзны) — пад якімі б сымбалямі цяпер змагаліся за новую свабодную Беларусь прыхільнікі зьменаў?

Лукашэнка за гэтыя гады не зьмяніўся б — пад чырвона-зялёнымі ці БЧБ-сымбалямі ён кіраваў бы, тут розьніца была б мінімальная. І якія сьцягі сёньня ўзьнімалі б пратэстоўцы, калі б БЧБ-сымболіка была на шаўронах ОМОНу і такія ж сьцягі гойдаліся над «аўтазакамі» і над турмой на Акрэсьціна?

Дарэчы, гэта якраз тое, з чым сутыкнуліся пратэстоўцы ў Расеі. Сымбаля пратэсту ў іх фактычна няма. Не выходзіць жа за свабоду і дэмакратыю пад тым жа сьцягам, пад якім гэтыя свабоду і дэмакратыю нішчаць.

Суцяшэньне, вядома, невялікае, але ўсё ж...

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG