Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы з Навальным у розных сытуацыях». Інтэрвію Сьвятланы Ціханоўскай праграме Hard Talk BBC


Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская лічыць, што дыялёг з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі магчымы, але заходнім краінам неабходна працягваць ціснуць на Беларусь. Пра гэта яна расказала ў інтэрвію вядучаму праграмы BBC Hard Talk Стывэну Сакуру.

На пытаньне журналіста пра тое, ці не было зь яе боку наіўным лічыць, што рэжым Лукашэнкі правядзе сумленныя выбары і дазволіць ёй перамагчы, Ціханоўская прызнала, што праявіла наіўнасьць. «Беларусы ведалі, што выбары будуць сфальсыфікаваныя. Людзі былі да гэтага гатовыя. Але іх сьвядомасьць памянялася і яны ведалі, што гатовыя змагацца за гэтыя выбары, за свае галасы», — сказала яна.

Вядоўца папрасіў суразмоўцу расказаць пра тое, што адбылося 10 жніўня — на наступны дзень пасьля выбараў, калі, як сказаў Сакур, Ціханоўская была цалкам упэўненая ў перавазе галасоў на яе карысьць.

«Вы пайшлі ў беларускі выбаркам, каб запатрабаваць сумленнага падліку галасоў. Я ведаю, што там вы сутыкнуліся з рэальнасьцю і вам сказалі, што, калі вы працягнеце сваю кампанію, будуць сур’ёзныя наступствы. Вы не гаварылі канкрэтна, што вам сказалі. Можаце расказаць цяпер? » — спытаў Сакур.

Ціханоўская адказала, што ня можа расказаць усе падрабязнасьці, але адзначыла, што яе паставілі перад выбарам — альбо адправіцца ў турму, альбо ў Літву да дзяцей, якіх яна адправіла туды загадзя, каб гарантаваць іх бясьпеку.

«У той момант я зрабіла свой выбар. Я ведала, што ня здамся і нават у выгнаньні буду працягваць змагацца і буду падтрымліваць Беларусь і народ у іх барацьбе. Мяне вымусілі пакінуць краіну», — адзначыла яна.

На пытаньне, ці не адчувае яна адказнасьць за тое, што ў краіне сотні людзей сталі палітычнымі вязьнямі, што ёсьць сьведчаньні катаваньняў і сэксуальнага гвалту ў адносінах да жанчын у турмах, а таксама за гібель людзей, якія пацярпелі ад дзеяньняў праваахоўнікаў, Ціханоўская сказала, што адзіны чалавек, які нясе адказнасьць за пакуты беларусаў, гэта Лукашэнка і яго атачэньне.

«Ня я разьвязала гвалт і ня я ўчыніла зьверствы ў дачыненьні да нявінных людзей. Я адказваю толькі за сваё жаданьне дамагчыся сумленных выбараў, і ўсё. І кожны нясе адказнасьць за жаданьне пабудаваць новую краіну. Гэта адзінае, за што мы адказныя, але не за гвалт, пакуты і за ахвяры», — падкрэсьліла яна.

Адказваючы на пытаньне Сакура, ці ня служыць для яе прыкладам расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны, які вярнуўся ў Расею, ведаючы, што яго арыштуюць, Ціханоўская падкрэсьліла, што яны знаходзяцца ў розных сытуацыях.

«Навальны — ужо палітык, і ён займаецца гэтым не адзін год. Я апынулася ў гэтым становішчы воляю лёсу. Я не плянавала стаць прэзыдэнтам. І па-другое, я адчуваю адказнасьць за дзяцей. Таму што мой муж у турме. А аднаму зь дзяцей патрэбен асаблівы догляд. І мне трэба двойчы падумаць, перш чым прымаць рашэньне аб вяртаньні ў Беларусь», — сказала Ціханоўская.

«А вы ня думаеце пра вяртаньне? Мы ўсе бачылі, як прыезд Навальнага ў Расею натхніў там апазыцыю. Тысячы людзей ізноў выходзяць на вуліцы. Калі б вы вярнуліся, гэта таксама зрабіла б вялікі эфэкт. Вы ня думаеце пра гэта?» — спытаў вядучы.

«Я думаю пра гэта. Але ў Беларусі няма закону, і ў Беларусі ўжо шмат палітычных зьняволеных, многіх затрымалі, — сказала Ціханоўская. — Нават калі я вярнуся і мяне пасадзяць у турму, на кагосьці гэта паўплывае — людзі, безумоўна, адрэагуюць. Але я ўпэўнена, што змагу зрабіць нашмат больш, чым калі проста стану чарговай ахвярай і апынуся ў турме. Людзі паднімуцца, я ўпэўнена, яны захочуць абараніць мяне. Але калі гэтага не адбудзецца — я стану чарговым палітычным вязьнем».

Сакур працытаваў ліст мужа Ціханоўскай Сяргея, у якім гаворыцца, што Лукашэнка не гатовы ні з кім весьці перамовы, а ўлада служыць для яго гарантыяй бясьпекі і для яе захаваньня ён гатовы пайсьці на што заўгодна, і спытаўся ў яе, як яна ў сьвятле сказанага ўяўляе сабе дыялёг з кім-небудзь з прадстаўнікоў цяперашняга рэжыму.

Ціханоўская ўпэўненая, што дыялёг магчымы.

«Я ўпэўнена, што нам трэба як сьлед націснуць на гэты рэжым унутры краіны з дапамогай пратэставага руху, дэманстрацый, але таксама ціск неабходны і з-за межаў краіны ў выглядзе санкцыяў і рашэньняў міжнародных лідэраў. Мы ня хочам гвалту ні ў якай форме, таму што гэта ня наш шлях. Я спадзяюся, што беларусы самі ўсё зробяць», — дадала яна.

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская?

Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.

  • 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся ў зьняволеньні, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
  • Кандыдатам у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня.
  • Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся са штабам Сьвятланы Ціханоўскай і правялі пасьпяховую выбарчую кампанію са шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
  • Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК для таго, каб іх абскардзіць.
  • З ЦВК палітык не вярнулася. Зь ёй зьнікла сувязь, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом. Абставіны і ўмовы свайго ад’езду зь Беларусі Ціханоўская дагэтуль не разгалошвае і тлумачыць гэта меркаваньнямі бясьпекі.
  • Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
  • 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
  • 10 верасьня Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
  • На працягу верасьня 2020 году шэраг замежных краін, у тым ліку ЗША, Канада, Вялікабрытанія, Нямеччына, Данія, Швэцыя, Польшча, Чэхія, Літва, Латвія, Эстонія, заявілі, што не прызнаюць Аляксандра Лукашэнку легітымным лідэрам Беларусі. У гэтых умовах увага сусьветных палітыкаў усё больш перамяшчаецца да Сьвятланы Ціханоўскай.
  • Зь верасьня 2020 года Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі 15 краін і правяла перамовы з 24 прадстаўнікамі ўрадаў розных дзяржаў. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, вярхоўны прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль ды інш.
  • Ціханоўская выступае за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікае міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG