Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выявілі шмат арганізатараў і рэгуліроўшчыкаў». Лукашэнка расказаў, хто адкажа «па ўсёй строгасьці закону»


Пратэст у Менску, верасень 2020

Аляксандар Лукашэнка ў ходзе сустрэчы са студэнтамі адказаў на пытаньні адносна гвалту сілавікоў і расказаў, ці магчымая амністыя ў дачыненьні да тых, хто не ўчыніў цяжкіх правапарушэньняў.

«Мы трымаем гэта на кантролі, тыя скаргі аб’ядналі. Яны пад кантролем сьледчых групаў. Іх некалькі сотняў... (Скаргі) спэцыяльна ўкінулі іх, каб адсекчы праваахоўнікаў ад канкрэтнай працы, — цытуе Лукашэнку Tut.by. — У нас удвая павялічылася колькасьць кібэрзлачынстваў. А ёсьць жа і крадзяжы, і забойствы, і згвалтаваньні, гэтых падонкаў таксама трэба шукаць. Упэўнены, да лета мы разьбяромся з усімі скаргамі. Генпракурор ужо дакладваў: палову ўжо разабралі».

Колькасьць скаргаў на дзеяньні сілавікоў дакладна не вядомая — ведамствы іх колькасьць не агучваюць. Да 9 верасьня 2020 году, паводле афіцыйных дадзеных, у Сьледчы камітэт паступіла больш за 1800 заяваў пра катаваньні і фізычны гвалт з боку сілавікоў. Аднак ніводнай крымінальнай справы няма дагэтуль.

Раней Лукашэнка казаў, што 60% сінякоў у пацярпелых — пастановачныя кадры, а некаторым «попы фарбавалі сіняй фарбай».

Пры гэтым ён прыгразіў, што выявілі шмат «арганізатараў і рэгуліроўшчыкаў», якія адкажуць «па ўсёй строгасьці закону». Што да затрыманых выпадкова, дык ён выказаўся з доляй сарказму.

«Калі затрымліваеш, і ён такі: я тут прагульваюся. А адкуль ты? Зь Серабранкі. А чаго трапіў сюды? Ці яшчэ круцей — зь іншага гораду прагуляцца прыехаў», — прывёў ён прыклад.

Пры гэтым Аляксандар Лукашэнка ня выключыў верагоднасьць амністыі.

«Я маю права па законах, па Канстытуцыі памілаваць таго ці іншага чалавека. І калі заблудзіў, калі ён памыліўся, то мы яго ня толькі вызвалім ад крымінальнай адказнасьці, але і адновім у ВНУ. Трэба спакойна да гэтага падысьці і пэрсанальна», — сказаў Лукашэнка.

Паводле праваабаронцаў, ад пачатку выбарнай кампаніі ў траўні да канца 2020 году было затрымана больш за 33 тысяч чалавек. Большую частку суды пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і буйнымі штрафамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG