Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская заявіла, што не плянуе вяртацца ў Беларусь, дзе ёсьць рызыка яе арышту


Сьвятлана Ціханоўская перад вымушанай эміграцыяй, жнівень 2020

У сувязі з палітычнай сытуацыяй у Беларусі становіцца ўсё менш прыхільнікаў Расеі, лічыць экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская.

«З Расеяй у нас заўсёды былі сяброўскія адносіны. Аднак, паколькі расейскія ўлады падтрымліваюць гвалт, арганізаваны рэжымам Лукашэнкі, сёньня тых, хто хацеў бы цесных сувязяў з Расеяй, стала нашмат менш», — заявіла яна ў інтэрвію эстонскай газэце Postimees.

Паводле яе, цяпер ідзе падрыхтоўка да пераходнага пэрыяду: распрацоўваецца эканамічная праграма і абмяркоўваецца канстытуцыйная рэформа.

«Самае важнае — захоўваць раўнавагу, выпраўляць сытуацыю спакойна, каб ніхто не пацярпеў. Трэба заклікаць да адказнасьці тых, хто непасрэдна ўдзельнічаў у арганізацыі гвалтоўных дзеяньняў, ужываў гвалт у дачыненьні да мірных жыхароў. Галоўнае — захаваць у краіне спакой, і мы думаем, што справімся з гэтым годна», — адзначыла Сьвятлана Ціханоўская.

Яна таксама заявіла, што пакуль не гатовая вярнуцца на радзіму зь Літвы, дзе вымушана апынулася неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

«Вядома, хацела б вярнуцца дадому, калі гэта стане магчымым. Улады Беларусі прад’явілі мне абвінавачаньні, якія хоць і абсалютна беспадстаўныя, але на мяжы адразу могуць арыштаваць. Магчыма, міжнародныя арганізацыі паспрабуюць мяне абараніць, але я павінна ўлічваць, што можа не атрымацца. І я не магу пакінуць адных дзяцей, бо іх бацька арыштаваны. Для мяне гэта вялікая дылема. Я ўсё ж павінна застацца тут, дзе дакладна магу працягваць сваю справу», — заявіла яна.

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская?

Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.

  • 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся ў зьняволеньні, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
  • Кандыдатам у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня.
  • Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся са штабам Сьвятланы Ціханоўскай і правялі пасьпяховую выбарчую кампанію са шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
  • Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК для таго, каб іх абскардзіць.
  • З ЦВК палітык не вярнулася. Зь ёй зьнікла сувязь, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом. Абставіны і ўмовы свайго ад’езду зь Беларусі Ціханоўская дагэтуль не разгалошвае і тлумачыць гэта меркаваньнямі бясьпекі.
  • Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
  • 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
  • 10 верасьня Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
  • На працягу верасьня 2020 году шэраг замежных краін, у тым ліку ЗША, Канада, Вялікабрытанія, Нямеччына, Данія, Швэцыя, Польшча, Чэхія, Літва, Латвія, Эстонія, заявілі, што не прызнаюць Аляксандра Лукашэнку легітымным лідэрам Беларусі. У гэтых умовах увага сусьветных палітыкаў усё больш перамяшчаецца да Сьвятланы Ціханоўскай.
  • Зь верасьня 2020 года Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі 15 краін і правяла перамовы з 24 прадстаўнікамі ўрадаў розных дзяржаў. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, вярхоўны прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль ды інш.
  • Ціханоўская выступае за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікае міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG