Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскім сьледчым ізалятары канваіры пераблыталі Знака і Калесьнікаву


Максім Знак і Марыя Калесьнікава, 14 ліпеня 2020 году

У СІЗА № 1 Менска на сустрэчу з адвакатам Марыі Калесьнікавай выпадкова прывялі Максіма Знака.

Пра недагляд адміністрацыі расказалі ў штабе зьняволенага прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі.

Чальцы Каардынацыйнай рады Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў СІЗА на вуліцы Валадарскага сустракаюцца з адвакатамі ў кабінэтах для асабліва небясьпечных злачынцаў, асуджаных да пажыцьцёвага тэрміну або сьмяротнага пакараньня. У ізалятары два такія кабінэты — № 24 і № 29.

«Асабліва небясьпечных» ад абаронцаў аддзяляюць глухія дзьверы, невялікае акенца і сетка. Яны знаходзяцца ў «скрыначцы», дзе складана вывучаць дакумэнты, весьці запісы. Дакумэнты можна перадаць толькі праз канваіра.

«19 студзеня здарыўся казус. Адвакатка Людміла Казак чакала Марыю Калесьнікаву. Раптам замест падабароннай у кабінэт завялі Максіма Знака. „Гэта не да мяне“, — сказала Людміла канваірам. „Не, гэта да вас“, — прагучаў адказ і дзьверы зачынілі на замок. Максім усьміхнуўся, перадаў прывітаньні... Пасьля аповед пра кароткую сустрэчу з Максімам падняў настрой і Марыі», — пераказалі ў штабе Віктара Бабарыкі.

На пачатку студзеня Марыю Калесьнікаву перавялі з Жодзіна ў Менск. Максім Знак знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага ад моманту затрыманьня 9 верасьня мінулага году.

Абое праходзяць фігурантамі ў крымінальнай справе «аб захопе ўлады» Каардынацыйнай радай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG