Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакейны чэмпіянат адабралі? Цяпер палітыцы рэпрэсій нішто не замінае


Рашэньне Міжнароднай фэдэрацыі хакею адмяніць чэмпіянат сьвету ў Менску — моцны ўдар па іміджы Лукашэнкі ў вачах беларускага грамадзтва, намэнклятуры, міжнароднай супольнасьці.

Сьцісла

  • Беларусь — найлепшы прыклад таго, як спорт стаў важнай часткай дзяржаўнай палітыкі.
  • Правядзеньне чэмпіянату сьвету ў хакеі ў Менску сёлета было для Лукашэнкі прынцыповым. Бо для рэжыму, які апынуўся ў міжнароднай ізаляцыі, гэтае пытаньне вырасла ў цане.
  • Рашэньне аб адмене хакейных спаборніцтваў у Менску для Лукашэнкі вельмі балючае. Гэта сымптом таго, што цяперашняя міжнародная ізаляцыя Беларусі мацнейшая, чым раней.
  • Гэта сыгнал аб тым, што Беларусь пры існым рэжыме ператвараецца ў таксычную краіну.
  • Цяпер Лукашэнку нішто ня стрымлівае ў палітыцы ўзмацненьня рэпрэсій.

Тым, хто гаворыць, што спорт па-за палітыкай, варта паглядзець на лукашэнкаўскую Беларусь. Нібы знарок, каб зьняпраўдзіць гэты пастулят, у краіне спорт стаў важнай часткай дзяржаўнай палітыкі. Унікальным для сусьветнай супольнасьці зьяўляецца той факт, што сам Лукашэнка займае пасаду прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі. Ён неаднаразова казаў, што посьпехі Беларусі ў спорце важнейшыя за дыпляматычныя высілкі МЗС. Лукашэнка ня толькі сам ёсьць непасрэдны куратар дзейнасьці спартовых фэдэрацый, зборнай краіны, але і даваў практычныя устаноўкі хакеістам, як трэба гуляць, ці, напрыклад, дыктаваў тактыку алімпійскай чэмпіёнцы ў біятлёне Дар’і Домрачавай.

Акрамя таго, для Лукашэнкі спорт — гэта, да ўсяго іншага, нешта асабістае. Дэманстрацыя вобразу моцнага палітыка, пераможцы ва ўсіх спаборніцтвах непарыўна зьвязана са спортам. Гэта адбываецца на ўзроўні інтуіцыі.

Ну а ў тым, што з усіх мастацтваў для нас найважнейшым зьяўляецца хакей, ніхто ў Беларусі ўжо даўно не сумняваецца. Як казала Натальля Качанава: «Хакей — гэта ідэалёгія, якая можа згуртаваць нацыю».

Правядзеньне розных міжнародных спаборніцтваў у Беларусі даўно стала чыньнікам паляпшэньня міжнароднага вобразу краіны і дзейнага палітычнага рэжыму. Таму беларускія ўлады імкнуліся праводзіць тут любыя спартовыя форумы, не зважаючы на фінансавыя выдаткі.

А правядзеньне чэмпіянату сьвету ў хакеі ў Менску сёлета было для Лукашэнкі вельмі прынцыповым. Бо для рэжыму, які апынуўся ў міжнароднай ізаляцыі, гэтае пытаньне вырасла ў цане. Асабліва пасьля таго, як Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) прыняў рашэньне адхіліць чальцоў выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі на чале з Лукашэнкам ад Алімпійскіх гульняў і іншых мерапрыемстваў арганізацыі.

Дарэчы, нагадаю, што 7 сьнежня МАК апублікаваў рэкамэндацыі, сярод якіх быў пункт не праводзіць буйных міжнародных спаборніцтваў у Беларусі ў бягучай сытуацыі. Тады Лукашэнка назваў Міжнародны алімпійскі камітэт і ягонага прэзыдэнта Томаса Баха «бандай».

Для беларускіх уладаў правядзеньне чэмпіянату сьвету ў хакеі ў Менску стала б пераканаўчым доказам таго, што палітычная сытуацыя ў краіне вярнулася да нормы, улады ўзялі яе пад поўны кантроль. Гэта, разьлічваў афіцыйны Менск, магло б палепшыць міжнародную рэпутацыю краіны, стаць пачаткам выхаду зь ізаляцыі, паступовага размарожваньня адносін з Захадам. Па аналёгіі з чэмпіянатам сьвету ў хакеі 2014 году, які прайшоў у Беларусі і стаў прыкметай працэсу разрадкі дачыненьняў краіны з ЗША і ЭЗ.

Але гэтым разам не атрымалася... Для Лукашэнкі адмена чэмпіянату сьвету ў Менску стала вельмі балючай. Гэта сымптом таго, што цяперашняя міжнародная ізаляцыя Беларусі мацнейшая, чым раней. Прычым настолькі, што нават асабісты сябра Лукашэнкі, прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею (IIHF) Рэнэ Фазэль, нічога ня змог зрабіць. (Цікава, ці зьявіцца цяпер у беларускім афіцыйным лексыконе выраз «банда Фазэля»?).

Рашэньне IIHF — гэта моцны ўдар па іміджу Лукашэнкі ў вачах беларускага грамадзтва, намэнклятуры. Гэта сыгнал аб тым, што ня толькі Аляксандар Лукашэнка — фігура таксычная ў палітычным сэнсе. Насамрэч сытуацыя горшая. Беларусь пры існым рэжыме ператвараецца ў таксычную краіну з гледзішча эканомікі, гуманітарнай сфэры, культуры. А цяпер і для спартовых спаборніцтваў.

Але, з другога боку, цяпер Лукашэнку нішто ня стрымлівае ў палітыцы ўзмацненьня рэпрэсій. Ніякія думкі замежжа яго не цікавяць. Калі рэпутацыя ўшчэнт сапсаваная, то можна жыць, нічога не саромячыся.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG