Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БПЦ прапанавала замацаваць у Канстытуцыі паняцьце аб шлюбе «з улікам хрысьціянскай традыцыі»


Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы РПЦ Веньямін

Беларуская праваслаўная царква ўнесла прапановы аб папраўках у Канстытуцыю, якія тычацца сацыяльнай сфэры, паведаміў у праграме «Контуры» тэлеканала АНТ кіраўнік БПЦ мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веньямін.

«Гэта замацаваньне ў Канстытуцыі паняцьця аб шлюбе з улікам нашай традыцыі, хрысьціянскай традыцыі, традыцыі беларускага народу. Гэта і замацаваньне пэўных сацыяльных пытаньняў, якія павінны быць пазначаныя: клопат пра маладое пакаленьне, пра людзей нямоглых, пажылых», — перадае словы Веньяміна БелаПАН.

Паводле яго, сярод прапаноў ёсьць таксама магчымасьці выхаваньня маладога пакаленьня менавіта на традыцыях беларускага народу, патрыятычнае выхаваньне, «як лепш зрабіць, каб маладыя людзі атрымлівалі ня толькі выдатную адукацыю, але разам з тым быў і духоўны складнік».

«Пра гэта павінна паклапаціцца дзяржава, і мы па лініі царкоўнай прапаноўваем, як гэта можна зрабіць», — сказаў мітрапаліт.

Сьвятар патлумачыў, што свае прапановы БПЦ ужо ўнесла.

«Калі яны будуць падтрыманыя, то будзе адпаведны пункт, які будзе дазваляць і нават рэкамэндаваць правядзеньне курсаў, якія спрыяюць менавіта духоўнаму разьвіцьцю асобы на традыцыях беларускага народу», — растлумачыў Патрыяршы экзарх усяе Беларусі.

Падводзячы вынікі 2020 году, ён заявіў, што «ня толькі царква, а кожны чалавек павінен клапаціцца пра тое, каб была згода і мір у нашым грамадзтве».

«Аналіз мінулага году і выпраўленьне памылак, пакаяньне ў тых няправільных дзеяньнях, якія былі, з выпраўленьнем, загладжваньнем добрымі справамі — вось гэта асноўны ўклад. Асьцярожнасьць у справах і ўчынках, усё ўзважана, усё зь любоўю, каб не было новага разьвіцьця супрацьстаяньня», — падкрэсьліў мітрапаліт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG