Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Царкоўны суд у Расеі пазбавіў сану вядомага тэоляга Андрэя Кураева


Андрэй Кураеў

Суд Маскоўскай гарадзкой эпархіі пазбавіў сану пазаштатнага клірыка гораду протадыякана Андрэя Кураева.

Царкоўны суд прымаў рашэньне завочна, паколькі Кураеў чатыры разы адмаўляўся прыйсьці на пасяджэньне.

«Рашэньне аб пазбаўленьні протадыякана Андрэя Кураева сану ўступіць у сілу ў выпадку зацьвярджэньня яго архірэем гораду Масквы — Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі, а да гэтага ва ўстаноўлены тэрмін можа быць абскарджанае», — гаворыцца ў паведамленьні суду.

Кіраўнік РПЦ патрыярх Кірыл 29 красавіка забараніў Андрэю Кураева праводзіць царкоўныя абрады і службы праз тое, што ён крытыкаваў настаяцеля маскоўскага Богаяўленскага катэдральнага сабору ў Ялохаве Аляксандра Агейкіна, які памёр ад каранавірусу.

21 красавіка, пасьля таго, як РПЦ пацьвердзіла сьмерць Агейкіна, Кураеў адазваўся аб ім як аб «тупым кар’ерысьце, які зрабіў карʼеру ў сфэры ВІП-сэрвісу».

Кураеў — адзін з найбольш вядомых, але таксама неадназначных дзеячаў РПЦ. Ён аўтар афіцыйнага падручніка па асновах праваслаўнай культуры ў Расеі, а таксама чытаў лекцыі на філязоўскім факультэце МДУ.

Пры гэтым яго выказваньні неаднаразова прыводзілі да абвінавачваньняў у распальваньні міжэтнічных і міжрэлігійных канфліктаў. У 2013 годзе рашэньнем навуковай рады Маскоўскай духоўнай акадэміі протадыякан быў адлічаны з выкладчыцкага складу і выключаны зь ліку прафэсараў акадэміі за «эпатажную» і правакацыйную дзейнасьць у СМІ і блогасфэры.

Кураеў не заўсёды падзяляў пункт гледжаньня кіраўніцтва РПЦ. Ён выказваў нязгоду з крымінальным перасьледам і турэмным зьняволеньнем удзельніц групы Pussy Riot за іх акцыю ў храме Хрыста Збавіцеля, ён таксама прапаноўваў патрыярхіі ўвесьці падатковыя канікулы і не спаганяць з парафіяў штомесячныя ўнёскі.

Пасьля наданьня Канстантынопальскім патрыярхатам томасу Праваслаўнай царкве Ўкраіны Кураеў казаў, што «царкоўна-праўная база для беларускай аўтакефаліі ўжо падрыхтаваная».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG