Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Напісала, што ад свайго не адступіцца». Што новага ў палітвязьняў-жанчын


Ганна Сунгурава, Алена Маўшук, Тацяна Канеўская

Сабралі турэмныя навіны пра Алену Маўшук, Ганну Сунгураву і Тацяну Канеўскую.

Дачку Алены Маўшук забіралі ў прытулак, бо засталася з айчымам

Алену Маўшук затрымалі падчас пратэстаў у Пінску 10 жніўня. Сваякі доўгі час ня ведалі, дзе яна і што зь ёй. Яны толькі чулі, што ў ізалятары сядзіць зусім голая і зьбітая жанчына.

Праз 4 дні ў міліцыі пацьвердзілі, што Алена Маўшук у Баранавіцкім СІЗА.

Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Сьледзтва ўжо завяршылі, цяпер Алена чакае суду.

У Алены дарослая дачка і яшчэ двое непаўналетніх дзяцей. У верасьні малодшую 10-гадовую дачку Алены забралі ў прытулак, бо муж жанчыны Сяргей зьяўляецца ёй айчымам. Супраць яго таксама завялі крымінальную справу за жнівеньскія пратэсты ў Пінску. Пазьней дачку з прытулку забрала да сябе хросная.

Старэйшая ж дачка за час, пакуль Алена за кратамі, нарадзіла дзіця.

На ўмовы ўтрыманьня Алена Маўшук у лістах не наракае. «Піша, каб даслалі ёй алоўкі і фарбы, хоча заняцца маляваньнем», — расказала ейная сваячка.

Алене Маўшук 44 гады. Яна рабіла санітаркай і памочніцай кухара ў пінскім шпіталі.

Дачцэ Ганны Сунгуравай кажуць, што мама ў камандзіроўцы

Ганну Сунгураву затрымалі 25 верасьня паводле крымінальнай справы за ўдзел у масавых беспарадках.

Яе малодшай 11-гадовай дачцэ кажуць, што маці ў камандзіроўцы, якая зацягнулася, і дасылае адтуль лісты.

Ганна сядзіць у менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага. У камэры 8 чалавек і мала вольнага месца, расказала ейная маці Анжэла. У адным зь нядаўніх лістоў Ганна напісала, што вельмі сумуе па хатняй абстаноўцы.

«Відаць, турэмныя ўмовы ўсё ж прыгнятаюць, — кажа маці. — Але настрой у яе баявы. Перадае, што віны не прызнае і ад гэтага не адступіцца. А ці гэта азначае, што на яе неяк ціснуць — ня ведаю. Толькі магу сказаць, што мая дачка ня з тых, хто здаецца».

Ганна падбадзёрвае ў сваіх лістах сваякоў, піша, каб не перажывалі за яе і трымаліся.

Паводле Анжэлы, яе дачка была валянтэркай яшчэ да выбараў. У чэрвені яна развозіла пітную ваду, калі ў Менску здарылася аварыя на водаправодзе. Пасьля выбараў сустракала пратэстоўцаў з турмаў, адвозіла людзей дахаты пасьля дэманстрацый.

«Яна заўсёды знойдзе, каму дапамагчы. Зь ёй у камэры сядзіць дзяўчына з Украіны, якой няма каму рабіць перадачы, дык просіць і для яе перадаць нешта. Яна за тых, каму дрэнна, паўстане гарой. І ёй шанцуе на цікавых людзей. Ведаю, што ў іхнай камэры сядзела Лілія Ўласава з Каардынацыйнай рады».

За кратамі Ганна пачала маляваць партрэты сукамэрніц.

Яна атрымлівае шмат лістоў, у тым ліку ад незнаёмых людзей. «Сукамэрніцы адзначаюць, што турэмны цэнзар толькі на яе і працуе», — кажа яе маці.

У Ганны Сунгуравай трое дзяцей. Яна працавала мэнэджэрам у мэблевай фірме.

Тацяна Канеўская пра свае праблемы піша мала

«Калі лопнула цярпеньне, надзімай новае». Гэтую прымаўку, паводле сябровак, часта паўтарае актывістка руху «Маці-328» Тацяна Канеўская з Гомля.

Яна была даверанай асобай Сьвятланы Ціханоўскай, але нават не пасьпела прагаласаваць — 6 жніўня яе затрымалі і абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Цяпер трымаюць на «Валадарцы».

Сын Тацяны Аляксей кажа, што да яе не пускаюць адваката, спасылаюцца на каранавірус.

У лістах яна клапоціцца найперш пра дзяцей, а пра свае праблемы піша мала.

«Вось сяброўкам напісала, што хварэе, а нам дык не. Ці гэта каранавірус, ня ведаем. Увесну было, што ўся наша сям’я перахварэла нечым падобным, таму ня думаю, што мама хварэе „каронай“, але ў яе і свае хваробы, а ў турме ўсё абвастраецца», — расказаў сын.

У апошнім лісьце ён заўважыў ноткі стомленасьці: «Адзначыла мімаходзь, што Новы год сустрэнем паасобку, яна — у іншай кампаніі».

Днямі сваякі занесьлі ў турму тэлевізар. Яны спадзяюцца, што да Новага году яго перададуць у камэру і Тацяна Канеўская сустрэне сьвята «крыху весялей».

На сёньня, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі 167 палітвязьняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG