Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як чалавек я табе дарую, але як міліцыянт — не». У Гарадоцкім раёне мужчыну асудзілі за абразу міліцыянта


Беларускія міліцыянты. Ілюстрацыйнае фота

33-гадовы Мікалай Чарняўскі адправіцца ў калёнію агульнага рэжыму на 1,5 года. Яго пакаралі за абразу міліцыянта ў Telegram-чаце.

Суд Гарадоцкага раёну вынес прысуд 33-гадоваму Мікалаю Чарняўскаму за пагрозы супрацоўніку МУС і абразу яго. Мужчыну прызналі вінаватым паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 365 КК («Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка ўнутраных справаў»). Вырак агучыў судзьдзя Аляксандар Ляшковіч, піша «Віцебская вясна».

Паводле абвінавачаньня, 22 жніўня Мікалай Чарняўскі напісаў у Telegram камэнтар, якім абразіў супрацоўніка міліцыі. Таксама мужчына пагражаў апублікаваць асабістыя зьвесткі міліцыянта.

Маці асуджанага сказала, што ніякіх пагрозаў яе сын у інтэрнэце не выказваў і ў дзейнасьць супрацоўніка ня ўмешваўся, а што да зьнявагі, была толькі ўжытая фраза «вырадак у пагонах».

«Гэта было не наўпрост сказана, а ў размове з кімсьці ў чаце. Без аніякіх мацюкоў. На судзе Мікалай прасіў прабачэньня за гэтыя словы. А пацярпелы супрацоўнік кажа: „Як чалавек я табе дарую, але як міліцыянт — не“».

Таксама маці асуджанага паведаміла, што міліцыянт заявіў, што зазнаў і маральныя пакуты. Яшчэ да суду яму заплацілі 500 рублёў у якасьці маральнай шкоды.

Мікалая Чарняўскага ўпершыню пасьля прэзыдэнцкіх выбараў затрымалі ў кастрычніку. Тады праз 72 гадзіны яго адпусьцілі, але ў лістападзе затрымалі зноў і завезьлі ў СІЗА.

Рашэньне Гарадоцкага суду, дзе старшынюе судзьдзя Ляшковіч, які вынес прысуд, Мікалай Чарняўскі абскардзіць у Віцебскім абласным судзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG