Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі фонд спартовай салідарнасьці пачаў кампанію байкоту менскай часткі чэмпіянату сьвету ў хакеі 2021 году


Атрыбутыка хакейнага чэмпіянату сьвету-2014

Беларускія спартоўцы, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў, паставілі ўльтыматум Міжнароднай фэдэрацыі хакею на чале з Рэнэ Фазэлем: патрабуюць скасаваць менскую частку чэмпіянату сьвету ў хакеі 2021 году.

Старшыня фонду, трохразовая алімпійская прызэрка Аляксандра Герасіменя, выканаўчы дырэктар Аляксандар Апейкін, кіраўнік міжнароднага дэпартамэнту Анатоль Котаў і прызэрка чэмпіянату Эўропы ў баскетболе Алена Леўчанка расказалі, якія крокі ўжо зробленыя ў кампаніі байкоту беларускай часткі хакейнага чэмпіянату сьвету, заплянаванага на 2021 год у Рызе і Менску.

У афіцыйнай заяве Беларускага фонду спартовай салідарнасьці адзначаецца, што Міжнародная фэдэрацыя хакею на чале са швайцарскім функцыянэрам Рэнэ Фазэлем цьвёрдая ў намеры правесьці чэмпіянат сьвету у Менску, што супярэчыць апошнім рэкамэндацыям Міжнароднага алімпійскага камітэту наконт арганізацыі спартовых спаборніцтваў у Беларусі.

«Адна з рэкамэндацый МАК — выключыць Беларусь з сыстэмы міжнародных спаборніцтваў. Таму пазыцыя Рэнэ Фазэля, які працягвае весьці перамовы зь нелегітымным кіраўніцтвам краіны, дзіўная. Прынамсі яна засмучае, бо цалкам супярэчыць агульнай пазыцыі. Чэмпіянат сьвету ў такіх умовах немагчымы ў прынцыпе», — адзначыла кіраўніца фонду Аляксандра Герасіменя.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі было заяўлена, што прыйшлі вынікі фанаскапічнай экспэртызы, якая пацьвярджае: старшыня Фэдэрацыі хакею Беларусі, сябра выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту Дзьмітры Баскаў разам з адзінаборцам Дзьмітрыем Шакутам знаходзіўся 12 лістапада на месцы забойства мастака Рамана Бандарэнкі. У выніку пабіцьця і гвалтоўнага выкраданьня мужчына атрымаў сур’ёзныя траўмы і памёр.

1 сьнежня Беларускі фонд спартовай салідарнасьці накіраваў у Міжнародную фэдэрацыю хакею патрабаваньне прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасьці Баскава ў сувязі зь дзеяньнямі, якія ганьбяць рэпутацыю папулярнага віду спорту.

Сярод такіх дзеяньняў, згодна з наяўнай інфармацыяй, ня толькі магчымая датычнасьць спартовага чыноўніка да забойства Бандарэнкі, а таксама ягоны ўдзел у агітацыйных акцыях у падтрымку Лукашэнкі з выкарыстаньнем алімпійскай сымболікі, дэманстратыўнае расьпіцьцё алькаголю, ціск на спартоўцаў і супрацоўнікаў галіны, якія выказваюць грамадзянскую пазыцыю.

На жаль, наракае генэральны дырэктар гандбольнага клюбу «Віцязь» Аляксандар Апейкін, усе факты ў штаб-кватэры Рэнэ Фазэля ігнаруюць.

«Мы накіравалі ў Міжнародную фэдэрацыю хакею поўную хроніку, якая пацьвярджае датычнасьць Дзьмітрыя Баскава да нападу на Рамана Бандарэнку, — на жаль, ніводнага адказу на свае лісты не атрымалі. Гэта тым больш дзіўна, што Баскаў — адзін з арганізатараў чэмпіянату сьвету 2021 году ў Менску і Рызе. І весьці перамовы з чалавекам, які падазраецца ў цяжкім злачынстве, — як мінімум неэтычна», — адзначыў ён.

Міністэрства замежных справаў Латвіі патрабуе пазбавіць Беларусь яе часткі сусьветных спаборніцтваў, яно ўнесла Баскава і Шакуту ў сьпіс неўязных, а Латвійская фэдэрацыя хакею заявіла, што датычнасьць Баскава да рэпрэсіяў — пагроза для рэпутацыі спорту ў цэлым.

Анатоль Котаў да нядаўняга часу ўзначальваў камісію этыкі Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі. Аднак днямі выканкам арганізацыі зьліквідаваў камісію. «Часам не да этыкі», — перафразаваў Котаў вядомае выказваньне Аляксандра Лукашэнкі пра дазвол асобным структурам ігнараваць закон.

А ці рэальна наогул дамовіцца з Рэнэ Фазэлем, даўнім лябістам Аляксандра Лукашэнкі?

«Дамаўляцца трэба зь якім-кольвечы чалавекам. Рэнэ Фазэль не выключэньне. Пагатоў сытуацыя мяняецца штодня. Эўразьвяз увёў чарговыя санкцыі, да іх далучылася Швайцарыя. Плюс спорт — гэта камэрцыя. Правёўшы спаборніцтвы ў такіх умовах, ёсьць рызыка ня толькі не зарабіць грошай, а і страціць рэпутацыю, паставіўшы крыж на ўсёй далейшай кар’еры. Таму варта выкарыстоўваць зразумелыя аргумэнты. Бо спаборніцтвы павінны дарыць радасьць заўзятарам, а ў беларускай сытуацыі гэта папросту немагчыма», — лічыць Анатоль Котаў.

Сябра Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў баскетбалістка Алена Леўчанка, якая раней адбыла 15 дзён арышту і аштрафаваная на буйную суму за ўдзел у мірных акцыях, таксама напісала ліст Рэнэ Фазэлю. Яна не разьлічвае на адказ, але спадзяецца, што чым больш будзе такіх зваротаў, тым меней шанцаў у функцыянэраў спаслацца на няведаньне сытуацыі:

«Рашэньне азначае адно: ці падтрымлівае хакейны сьвет у вашай асобе гвалт і генацыд. Як можна сьвяткаваць, калі людзі крычаць ад гора? Калі вы нічога ня робіце, каб спыніць беззаконьне, тым самым спрыяеце новаму вітку сілы. У Менску да вас прыставяць людзей у балаклавах, якія будуць ахоўваць ваш спакой. Але хіба гэта нармальная сытуацыя для Швайцарыі, грамадзянінам якой вы ёсьць? Як і тое, што я сядзела ў адной камэры з грамадзянкай гэтай краіны Натальляй Хершэ. Спадзяюся, сусьветны хакей не падтрымае дыктатуру», — працытавала спартоўка вытрымкі з свайго ліста Рэнэ Фазэлю.

Нягледзячы на шматлікія звароты ў Міжнародную фэдэрацыю хакею, афіцыйнага адказу няма дагэтуль. Беларускі фонд спартовай салідарнасьці лічыць падобную пазыцыю непрымальнай і абвяшчае маштабную кампанію інфармаваньня сусьветнай грамадзкасьці пра злачынствы рэжыму Лукашэнкі.

Калі бліжэйшым часам Рэнэ Фазэль не акрэсьліць пазыцыю наконт чэмпіянату сьвету ў Менску, Беларускі фонд спартовай салідарнасьці пакідае за сабой права наўпрост зьвярнуцца да спонсараў і нацыянальных фэдэрацыяў, каб абгрунтаваць немагчымасьць спаборніцтваў ва ўмовах беспрэцэдэнтных рэпрэсіяў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG