Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Некалькі генэрацый спэцыялістаў зьнікнуць зь Беларусі». Прызыдэнт EPAM пра магчымыя наступствы палітычныга крызісу


Менскія праграмісты кампаніі EPAM

Заснавальнік і кіраўнік кампаніі EPAM Аркадзь Добкін падзяліўся ўражаньнямі пра падзеі ў Беларусі.

Падчас інтэрвію YouTube-каналу «Русские норм!» Аркадзь Добкін спрагназаваў самы вялікі сыход спэцыялістаў зь Беларусі ад моманту абвяшчэньня яе незалежнасьці.

«Я галавой не разумею, як можа адбывацца тое, што адбываецца. А да чаго прывядзе? Сапраўды рызыкуе быць самы вялікі сыход за апошнія 30 гадоў. Безумоўна, на фоне пратэстаў большая колькасьць людзей хочуць зьяжджаць. Будзе балюча і крыўдна. Некалькі генэрацый, хутчэй за ўсё, зьнікнуць зь Беларусі. Тыя дзеці, якія зьяжджаюць, — іх назад зацягнуць вельмі цяжка», — адзначыў Аркадзь Добкін.

Бізнэсовец запэўніў, што офісы кампаніі EPAM працягнуць працаваць у краіне. Аднак з пэўнымі нюансамі.

«У любой вялікай кампаніі ёсьць праграма на перамяшчэньне супрацоўнікаў. Мы не зьбіраемся пакідаць Беларусь, будзем працягваць там працаваць. У той жа час, калі людзі хочуць пераехаць, створым умовы, каб яны гэта зрабілі. У нас адкрытыя пазыцыі практычна ва ўсіх офісах па ўсім сьвеце. Гэта страта для Беларусі, але тут нічога зрабіць нельга», — дадаў ён, удакладніўшы, што пэўная частка кліентаў жадаюць паменшыць рызыкі і дывэрсыфікаваць залежнасьць ад Беларусі.

Аркадзь Добкін устрымаўся ад прагнозу на разьвіцьцё далейшых падзеяў, аднак пры гэтым пашкадаваў, што супрацьстаяньне ў грамадзтве зайшло занадта далёка. Хоць выхадцаў зь Беларусі ведаюць па ўсім сьвеце.

«Калі пайшоў бізнэс, я трапляў на сустрэчы зь вялікімі начальнікамі. Расказваеш гісторыю EPAM і кажаш, што ты зь Менску, і яны ў адказ: „Ох, а ў мяне бабуля зь Вільні (ці зь Пінску, Берасьця). Вось выдатна, давайце я калі-небудзь прыеду!“ І такіх людзей маса, гэта тыя, хто рабіў Амэрыку. З пункту гледжаньня дзяржавы вельмі сумна».

Праз паўгадзіны размовы на экране зьявiлася ўдакладненьне, што прэзыдэнт EPAM не захацеў працягваць размову пра сытуацыю ў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG