Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прымусілі прысесьці 400 разоў». Як абыходзяцца зь вядомымі спартоўцамі ў ІЧУ


Дзесяціборац Андрэй Краўчанка, архіўнае фота

Прадпрымальнік Іван зь Менскага раёну паведаміў, што быў у адной камэры ў ІЧУ ў Жодзіне зь вядомымі спартоўцамі — сярэбраным прызэрам Алімпійскіх гульняў 2008 году ў дзесяцібор’і Андрэем Краўчанкам і шматразовым чэмпіёнам Беларусі па кікбоксінгу і тайскім боксе Іванам Ганіным.

Івана затрымалі 8 лістапада а 12 гадзіне каля гатэля «Юбілейны» і адвезьлі ў Партызанскі РУУС, а адтуль увечары ў Жодзіна.

«Мы пераначавалі ў камэры, а раніцай прывезьлі новых людзей, сярод іх былі Андрэй Краўчанка і Іван Ганін. Яны яшчэ не прайшлі праз суд. Наша камэра разьлічаная на чатырох чалавек, стол і лаўка, прымацаваная да сьцяны, і яшчэ маленькая лаўка ўпоперак. Спачатку ў камэры было 9 чалавек, а раніцай падсялілі яшчэ, і разам нас было 20».

Андрэя Краўчанку і Івана Ганіна затрымалі 8 лістапада, калі яны ехалі на аўтамабілі ў раёне вуліцы Мельнікайце.

Вольнае абʼяднаньне спартоўцаў паведаміла:

«Па сьведчаньнях відавочцаў, затрыманьне адбывалася жорстка і суправаджалася крыкамі: „Хочаш як на Украіне?“, „а што ты, ####, сабе думаў?“. Рукі спартоўцам адразу сьцягнулі будаўнічымі сьцяжкамі». Дзе Краўчанка і Ганін, на той момант не было вядома.

«Яны былі не пабітыя, але вельмі стомленыя фізычна, бо іхны прывод быў зь фізычнай нагрузкай. Іх прымушалі перамяшчацца па калідорах паўпрысядам і зрабіць вельмі многа прысяданьняў. Сам Андрэй расказаў, што ён прысеў ня менш як 400 разоў. Майка ў яго была мокрая, ён яе зьняў, каб пасушыць на батарэі. Але яны не былі ні напужаныя, ні прыгнечаныя», — сказаў Іван.

Паводле Івана, спалі вязьні на мэталічных нарах, без матрасаў.

«Я спаў спачатку на падлозе, потым падняўся, каб пагрэць сьпіну ля батарэі, бо падлога была халодная. Я быў бязь ежы зь нядзелі да раніцы аўторка. Да суду не кармілі, максымум, што давалі — гарбату і ваду з-пад крана».

Івана судзілі ў Жодзіне, далі 5 сутак і перавялі ў іншую камэру. Потым яго этапавалі ў ІЧУ Менскага раёну, дзе ён дабываў апошнія суткі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG