Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хутчэй за ўсё, гэта будзе YouTube». Супрацоўнікі БТ, якія страйкуюць, абмяркоўваюць стварэньне ўласнай прадукцыі


Акцыя пратэсту каля дзяржаўнай тэлевізіі ў Менску, 20 жніўня

Як расказала Свабодзе спэцыяльная карэспандэнтка Белтэлерадыёкампаніі Ксенія Луцкіна, усе ўдзельнікі страйку «маюць вялікае жаданьне займацца працай».

Навіна пра забастоўку супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі зьявілася ў панядзелак 17 жніўня. Перш паведамлялі пра сотню пераважна тэхнічных супрацоўнікаў БТ, якія адмовіліся выконваць сваю працу з прычыны сытуацыі ў краіне. Ужо на наступны дзень 18 жніўня страйкоўцаў стала каля 300. Яны пачалі ладзіць акцыі ля будынку на Макаёнка 9, да пратэстоўцаў далучыліся вядомыя музыкі.

19 жніўня страйкоўцаў пачалі адцясьняць ад галоўнага офісу БТ сілавікі. На наступны дзень пратэст перамясьціўся на ўчастак праспэкту Незалежнасьці ля станцыі мэтро «Маскоўская». Тады ж у тэлеграм-каналах зьявілася інфармацыя, што страйкоўцы зь дзяржаўнай тэлевізіі зьбіраюцца стварыць новы тэлеканал. Як паведаміла Свабодзе адна з удзельніц страйку спэцыяльная карэспандэнтка Белтэлерадыёкампаніі Ксенія Луцкіна, гэта не зусім так. Пакуль супрацоўнікі БТ абмяркоўваюць толькі ідэю стварэньня кантэнту.

«Мы надалей страйкуем і прыйшлі да высновы, што наш пратэст можа выяўляцца двума спосабамі — праводзіць свае акцыі і далучацца да іншых, найбуйнейшых, якія будуць праходзіць у горадзе, — гаворыць Ксенія. — А паколькі мы журналісты, то прыйшлі да высновы, што можам штосьці здымаць там. Мы абмяркоўваем магчымасьць стварэньня прадукту для нейкай плятформы. Мы не ідыёты, мы разумеем, што стварыць паўнавартасны канал магчымасьці няма».

Як расказвае Ксенія, страйкоўцы будуць радыя любой дапамозе. Як пляцоўка публікацыі матэрыялаў можа быць абраны ў тым ліку YouTube.

«Нас вельмі шмат, і шмат людзей нас падтрымлівае. Пакуль ёсьць толькі людзі, канкрэтных плянаў няма, мы іх толькі выпрацоўваем. Ёсьць ідэя, яе адпрацоўваем. Усе маем вялікае жаданьне займацца працай, здымаць. Зараз шмат хто ўжо здымае, мы думаем, дзе гэта публікаваць. Хутчэй за ўсё гэта будзе YouTube, але таксама трэба рэгістрацыя нейкая».

Страйк журналістаў і тэхнічных супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі працягваецца. Страйкуюць таксама супрацоўнікі АНТ, СТВ, іншых дзяржаўных СМІ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG