Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Лукашэнка, сам таго ня хочучы, вярнуў нацыянальную сымболіку


Учора, 16 жніўня, ля стэлы чую за сьпінай:

— Слушай, это же теперь надо больше почитать про историю нашего стяга.

— Да, я кое что уже знаю, но ты прав, надо бы знать больше.

Цікаўнасьць перамагае этыку, і я азіраюся. Два высокія маладзёны гадоў па 22-25. Распрастаныя плечы, узьнятыя галовы, адкрытыя позіркі, вялікія сьцягі ў дужых руках. Побач дзяўчаткі ў вяночках з жывых кветак і стылёвых сукенках. Колеры ў апратцы і атрыбутыцы ў гэтай чацьвёркі такія ж, як і ў сотняў тысячаў іхных раўналеткаў на жнівеньскіх вуліцах і пляцах краіны.

Чаму моладзь, якая нарадзілася, калі гістарычны сьцяг і герб ужо былі ня проста забароненыя, а ўсяляк бэсьціліся афіцыйнай прапагандай улучна зь іхнымі настаўнікамі, узяла збэшчанае ў рукі і ўзьняла яго над сваімі пратэстнымі шэрагамі? Чаму байкеры чапляюць на свае гарлеі ўсялякую, даруйце, лабуду толькі ў бел-чырвона-белым спалучэньні? Чаму падлеткі намалявалі на сваіх стаптаных белых кедах чырвоныя палосы? Чаму дзяўчаты дзень пры дні шыюць абновы, каб вечарамі дэманстраваць тое, што нават у самых дзёрзкіх дызайнэрскіх фантазіях ня сьнілася ніякім Како Шанэлям? Чаму нават белыя пудэлі бегаюць па парках з чырвонымі аброжкамі, а іхныя вытанчаныя гаспадынькі грацыёзна прагульваюцца побач на сваіх абалдзенна прыгожых ножках, татуяваных Пагоняй?

Адказ просты. Усё, што шальмуе дзейная ўлада, набывае пашану ў яе праціўнікаў. І чым больш яны чуюць афіцыйнай зьнявагі, тым больш цэняць зьняважанае.

9 жніўня яны ўпершыню прыйшлі на выбары, а ўлада зьнішчыла іхны выбар. Сымбалі, пад якімі прыслужнікі Лукашэнкі зьдзейсьнілі фальсыфікацыю, у маладых выбарнікаў заўжды будуць асацыявацца са злачынствам. Пагатоў яно падмацаванае сымболікай на спэцвопратцы гвалтаўнікоў і забойцаў.

Іхны пратэст супраць дзяржаўнае хлусьні і зьнявагі іхнай чалавечай годнасьці не заплямлены ніякімі чорнымі помысламі. Яны нават ніводнае плястыкоўкі ад выпітае на мітынгу вады ня кінулі міма сьметніцы. Учора ўвечары пасьля трохсоттысячных шэсьцяў і мітынгаў Менск выглядаў быццам толькі што прыбраны. Чысьціня жаданьняў і дзеяньняў у імя свабоды і справядлівасьці неўсьвядомлена падказала ім адпаведную сымболіку. Гістарычную. І новай уладзе ня трэба праводзіць ніякіх рэфэрэндумаў наконт яе вяртаньня. Народны плебісцыт ужо адбыўся. Узурпатар, сам таго ня хочучы, вярнуў народу нацыянальную сымболіку.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG