Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нас не аддаюць — мы самі сыходзім


Самы небясьпечны пэрыяд для пацярпелых ад хатняга гвалту — той, калі яны абвяшчаюць агрэсарам, што зьбіраюцца сыходзіць. І мы цяпер праходзім праз гэта ўсёй краінай.

У Горадні ў кватэры знайшлі целы мужа і жонкі і іх жывую 12-гадовую дачку. Сьледзтва мяркуе, што мужчына, магчыма, спачатку забіў жанчыну, а потым сябе. У дзяўчыны зламаная рука і сьляды зьбіцьця на целе. Гэтая гісторыя страшная і сама па сабе, і як увасабленьне таго, што адбываецца з нашай краінай і самімі намі перад чарговымі прэзыдэнцкімі выбарамі.

У Беларусі няма ані закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту, ані нейкага мэханізму, каб паўплываць на прэзыдэнта. Нам усім даводзіцца цярпець тое, што агрэсары з намі робяць. А ў пэрыяд пандэміі, калі межы шмат якіх краін аказаліся зачыненымі для людзей зь беларускімі пашпартамі, параўнаньне дзяржаўнага гвалту з хатнім стала яшчэ больш актуальным.

Нас ізалявалі ад сьвету, а выказваньні прэзыдэнта нагадваюць тыповыя паводзіны хатняга агрэсара. У яго дзеяньнях няма нічога, так ці інакш зьвязанага зь любоўю, а ёсьць толькі агіда, цяга да ўлады і страх страціць хоць мізэрную частку кантролю над сытуацыяй. Лукашэнка параўноўвае Беларусь з каханай жанчынай, якую, нібыта, нельга нікому аддаваць. І ён, здаецца, нават не разумее, што гэтая рыторыка выдае ў ім не закаханага мужчыну, але садыста, якім кіруе толькі прага да ўлады і кантролю.

Каханых не бяруць у закладніцы, не прыніжаюць і не зьневажаюць. Каханым не спрабуюць давесьці, што насамрэч яны нічога ня вартыя і нікому не патрэбныя. Каханых не пераконваюць у тым, што яны слабыя і бездапаможныя.

Каханым жадаюць дабра і спрабуюць зрабіць іх жыцьцё лепшым. Пра каханых клапоцяцца і ім спрабуюць зрабіць прыемна хоць бы ў нейкай побытавай драбязе. Зрэшты, каханых пакідаюць у спакоі, калі ў тых зьнікаюць пачуцьці і яны хочуць аддаліцца.

Але так званыя кухонныя баксёры робяць усё, каб іх ахвяры адчулі сябе безабароннымі, усімі кінутымі і нікому не патрэбнымі. І цяперашні прэзыдэнт Беларусі, як відаць зь яго паводзінаў, хоча, каб мы ўсе адчулі сябе кінутымі міжнароднай супольнасьцю, безабароннымі перад парушэньнямі законаў і проста нявартымі. Асобна ён праводзіць мяжу паміж нестабільным і страшным зьнешнім сьветам і нібыта прадказальным і бясьпечным жыцьцём тут, у Беларусі.

Няма ў сьвеце больш небясьпечнага месца, чым месца побач з чалавекам, які лічыць цябе сваёй маёмасьцю і ня хоча «аддаваць».

Экспэрткі і экспэрты, якія працуюць з праблемай хатняга гвалту, ведаюць, што самы небясьпечны пэрыяд для пацярпелых — той, калі яны абвяшчаюць агрэсарам, што зьбіраюцца сыходзіць. Тады рэзка расьце верагоднасьць атрымаць траўмы ці ўвогуле страціць жыцьцё. І мы цяпер чарговы раз праходзім праз гэта ўсёй краінай. Пакуль што, здаецца, жывыя, але хто ведае, што будзе заўтра.

Мы абвясьцілі, што нам ужо досыць, і аказаліся ў надзвычай небясьпечнай сытуацыі. Дзеяньні агрэсараў становяцца ўсё менш прадказальнымі: сёньня прычынай для рэпрэсій можа стаць чарга ў краму, заўтра — вывешваньне сьцяга на бальконе, пасьлязаўтра — спроба скарыстацца законным правам назіраць за выбарамі.

Мы мусім падстройвацца пад настрой агрэсара, старацца прадбачыць ягоныя зрывы і шукаць усё новыя спосабы, як дамагчыся свайго. Некаторыя з нас не вытрымліваюць ціску і вырашаюць, што лепш усё ж не сыходзіць ад тырана, які хоць і кепскі, але ўсё ж свой. Яны спадзяюцца, што ляяльнасьць іх уратуе, але ў мяне, дый у гісторыі, для іх кепскія навіны: яны толькі расьцягваюць пакуты. Іх усё адно пастараюцца зьнішчыць, але, магчыма, павысмоктваюць перад гэтым апошнія сілы і яшчэ крыху пазьдзекуюцца. Гэта ж так весела!

Цяжка сказаць, кім мы акажамся ў канцы гэтай гісторыі — забітай жанчынай, зьбітай дзяўчынкай з паламанай рукой ці некім нарэшце свабодным. Але дарогі назад у любым выпадку ўжо няма. Як было раней, больш ня будзе. Гвалт — гэта заўжды пачатак канца, і па-сапраўднаму важна зараз толькі адно: якім менавіта будзе гэты канец.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG