Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея: новы губэрнатар Хабараўску ўцякае з гораду на час пратэстаў


Пратэст у Хабараўску

Часовы выканаўца абавязкаў кіраўніка Хабараўскага краю Расеі Міхаіл Дзегцяроў напярэдадні акцыі пратэсту, якую плянуюць правесьці ў Хабараўску ў суботу, заявіў, што зьедзе на выходныя з гораду, і заклікаў гараджан заняцца чым-небудзь «карысным».

«У мяне ўсяго два дня, калі я магу праехаць па краі» — сказаў Дзегцяроў, не патлумачыўшы, чаму ў яго настолькі абмежаваны час на паездкі.

Прызначаны ў панядзелак прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным часовым выканаўцам абавязкаў губэрнатара таксама паведаміў, што сочыць за тым, што адбываецца на плошчы ў цэнтры Хабараўска праз вэб-камэры. Ён заклікаў удзельнікаў акцый пратэсту трымаць сацыяльную дыстанцыю, каб не заразіцца каранавірусам.

Раней Міхаіл Дзегцяроў заявіў, што акцыі пратэсту ў краі «падаграваюцца» замежнымі грамадзянамі. У адказ на пытаньне карэспандэнта Бі-бі-сі, як яны маглі трапіць у край, калі межы зачыненыя, Дзегцяроў заявіў, што ў Расеі засталіся замежнікі. «Зьявілася магчымасьць разгайдаць сытуацыю ў Хабараўскім краі — яны сюды прыляцелі», — сказаў Дзегцяроў.

Акцыі пратэсту ў Хабараўску і іншых гарадах краю праходзяць ужо два тыдні. Яны не ўзгадняюцца з уладамі, але паліцыя ня ўмешваецца ў тое, што адбываецца. Акцыі праходзяць мірна. Пачаліся яны пасьля затрыманьня губэрнатара Сяргея Фургала, які быў абраны ў 2018 годзе. Нягледзячы на пратэсты, прэзыдэнт Пуцін адхіліў Фургала ад пасады і прызначыў Дзегцярова. Той, як і Фургал, прадстаўляе ЛДПР, аднак ня меў раней ніякага дачыненьня да Хабараўскім краі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG