Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я кароў вяду, а за мной сочаць». Як зьбіраюць подпісы Ганцэвіч, Дзьмітрыеў, Чэрачань, Таболіч


Збор подпісаў каля Камароўскага рынку за вылучэньне ў кандыдаты ў прэзыдэнты Сяргея Чэрачня, 21 траўня 2020 году

Як справы са зборам подпісаў у прэтэндэнтаў у кандыдаты, пра якіх радзей пішуць СМІ: фэрмэра Юрыя Ганцэвіча, лідэра «Гавары праўду» Андрэя Дзьмітрыева, старшыні БСДГ Сяргея Чэрачня, музыкі Алеся Таболіча? Як ідуць іх кампаніі і на што яны спадзяюцца?

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Юры Ганцэвіч: «Як зьбіраць, калі перасьледуюць?»

Фэрмэр і блогер Юры Ганцэвіч апошні свой пікет ладзіў ля вёскі Пакалюбічы, у полі, дзе пасьвіць кароў і дзе дагэтуль стаяць сцэна і крыты шацёр. Вырашыў больш не склікаць людзей, бо асьцерагаецца, каб не пачалі перасьледаваць і іх, і яго самога.

Юры Ганцэвіч
Юры Ганцэвіч

«У мяне гаспадарка. Калі нехта на 9-м паверсе жыве, то можа і 10–15 сутак адседзець. А мне трэба то паіць, то карміць, то даіць кароў, то касіць. Я ж адзін працую. А ў кіраўніцы ініцыятыўнай групы трое дзяцей, муж на заробках у Расеі. Я ёй сказаў, каб ніякіх подпісаў не зьбірала, бо калі яе закрыюць, то як быць зь дзецьмі?

Многія напужаныя тым, што затрымліваюць сяброў ініцыятыўных груп. З такім раскладам, адназначна, я не зьбяру сто тысяч подпісаў. Як зьбіраць, калі перасьледуюць? Я ж не магу пагасіць гэтыя незаконныя штрафы. Таму я гэта ўсё прыпыніў і паведаміў, што ад свайго імя ніякіх пікетаў праводзіць ня буду, бо не хачу падстаўляць сваіх людзей».

Юры Ганцэвіч кажа пра пільную ўвагу да сябе.

«Я кароў вяду, а за мной сочаць. У мінулую пятніцу рабіў пікет, прыехала куча машын з апэратыўнікамі. Я выяжджаю на матацыкле, малако разьвязу — праз тыдзень тэлефануюць: вы былі ў такім і такім месцы, у вас матацыкл без тэхагляду, мы выпісваем пратакол. Я лічу, што гэта чыніцца ціск. Яны штодня сочаць, то як я магу рабіць пікеты і зьбіраць подпісы? Ніхто ж не чакаў, што так будзе. Я браў удзел у парлямэнцкіх выбарах, ніякіх перашкод не было, я спакойна зьбіраў подпісы, гутарыў зь людзьмі. А цяпер што за бяспраўе адбываецца адносна Сяргея Ціханоўскага?»

У сувязі з гэтым Юры кажа пра сваю адказнасьць перад сябрамі ініцыятыўнай групы, каб іх «не падстаўляць».

«Бо людзі маюць нізкія заробкі, ледзь выжываюць, і цяпер ім яшчэ ўлепяць штрафы. Я не хачу быць вінаватым перад сваёй ініцыятыўнай групай. Бо некаторыя людзі з каманды Ціханоўскага, якіх затрымлівалі, крыўдзяцца, што, маўляў, празь Ціханоўскага пад вартай, некаторыя павыдалялі з інтэрнэту свае фатаздымкі. Дык што гэта такое?

Мы нічога дрэннага ня робім. Я хацеў паспрабаваць паўдзельнічаць у выбарах, бо сам „кулібін“, зьбіраю машыны, займаюся адным, другім бізнэсам. Я расчараваўся, бо чэсных выбараў няма. Немагчыма сабраць подпісы з такім перасьледам — гэта адно. А другое — што пацярпяць нявінныя людзі».

Андрэй Дзьмітрыеў: «Мы ідзём з хуткасьцю, якая дазваляе сабраць 100 тысяч»

Андрэй Дзьмітрыеў паведаміў карэспандэнту Свабоды, што збор подпісаў ідзе добра, ён аб’ехаў больш за 20 гарадоў і плянуе наведаць яшчэ столькі ж да здачы подпісаў. Подпісы яго каманда зьбірае ня толькі на пікетах, але найбольш падчас абыходу па кватэрах, па заяўках выбаршчыкаў (для гэтага трэба пакінуць заяўку на сайце альбо патэлефанаваць у штаб) і па базе дадзеных прыхільнікаў кампаніі, сфармаванай за апошнія пяць гадоў, а гэта 50 тысяч чалавек. Ужо сабрана больш за 73 тысячы подпісаў.

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

«Агулам мы задаволеныя кампаніяй, увагай людзей і робім усё, каб сабраць неабходныя 100 тысяч для рэгістрацыі. У нас многа людзей у камандзе, якія працуюць. Яны ня могуць штодня пастаянна стаяць на пікетах. Мы выстаўляем пікеты, дзе магчыма, на сёньня гэта больш за 30 пікетаў па краіне. Але гэта не галоўны наш інструмэнт па зборы подпісаў.

Перашкодаў няма, у нас нармальна ідзе кампанія, мы ідзем з той хуткасьцю, якая дазваляе нам сабраць 100 тысяч, але пры гэтым гэта нікога не нэрвуе. Пакуль перашкоды чыняцца толькі зборшчыкам Ціханоўскай. Мы заяўлялі, што гэта асуджаем і ня згодныя з тым, што адбываецца адносна самога Сяргея і яго каманды. Мы лічым неад’емным правам грамадзяніна казаць пра тое, што ёсьць у краіне. Усе рабілі гэта мірна, і мы ня бачым у гэтым злачынства».

Андрэй Дзьмітрыеў разьлічвае сабраць неабходную для рэгістрацыі колькасьць подпісаў і павесьці кампанію далей.

«Падчас гэтай кампаніі мы гаворым аб правах людзей і аб іх магчымасьцях у Беларусі. Для нас гэта важна, бо збольшага астатнія кажуць пра бізнэс і гэтак далей. Мы прадстаўляем беларусаў, якія выходзяць з „Эўраопту“ і пералічваюць, колькі грошай засталося да заробку. Мы дамагаемся цяпер рэгістрацыі, а потым будзем дамагацца як мага большай падтрымкі».

Ці разьлічвае Андрэй Дзьмітрыеў, што яго зарэгіструюць?

«Гэта шмат у чым і палітычнае рашэньне. Мы робім тое, што ад нас зараз залежыць, зьбіраем подпісы, каб выканаць фармальныя падставы для рэгістрацыі. А якое будзе палітычнае рашэньне і пазыцыя ЦВК, паглядзім».

Каманда запусьціла сайт naziranne.by, дзе ўсім ахвотным, незалежна ад таго, якога кандыдата яны падтрымліваюць, прапануецца праз зарэгістраваную арганізацыю «Гавары праўду» вылучыцца ва ўчастковыя камісіі.

«Неабходна зрабіць масавае вылучэньне ад усіх кандыдатаў у камісіі. Ужо запісаліся каля сотні чалавек. Я лічу, што празрысты падлік галасоў — гэта справа ўсіх кандыдатаў, якія прагнуць дэмакратыі і перамен у Беларусі».

Да якіх кандыдатаў сябе адносіць Андрэй Дзьмітрыеў — да «ціхіх» ці да «гучных»?

«Безумоўна, да „гучных“, бо мы ідзём у гэту кампанію зь лёзунгам гаварыць праўду, цаніць людзей і мяняць уладу. Я думаю, што гэта вельмі гучна, і калі мы гэта прамаўляем, людзі гэта чуюць».

Сяргей Чэрачань: «Мы рук не апускаем, вырашылі ісьці далей»

У ініцыятыўнай групе Сяргея Чэрачня больш за 1200 чалавек. На 8 чэрвеня было сабрана 75 тысяч подпісаў, плянуецца давесьці гэтую лічбу да 108–115 тысяч. Подпісы зьбіраюць праз заяўкі на сайце, праз абыход кватэраў і штодзённае пікетаваньне.

Сяргей Чэрачань
Сяргей Чэрачань

«Подпісы людзі здаюць вельмі актыўна, мы нават не разьлічвалі, што будзе такая сытуацыя. Мы разумелі, што будзе складана набраць 100 тысяч, а цяпер практычна задачу-мінімум мы выканалі, і толькі з адной прычыны — што людзі прыходзяць і выказваюць сваю грамадзянскую пазыцыю».

Што будзе далей, ці будзе Сяргей Чэрачань зарэгістраваны кандыдатам у прэзыдэнты?

«Нічога не магу сказаць, бо бачна, што адбываецца адносна дэмакратычных сілаў Беларусі, і мы ня ведаем, як гэта адаб’ецца на нас. Сёньня ператрусы ў „Белгазпрамбанку“, у Цапкалы пад вокнамі супрацоўнікі КДК, і гэта нас вельмі напружвае. Наша каманда правяла сёньня сход, мы рук не апускаем, вырашылі ісьці далей. Занадта многа людзей даверыла свой голас і паклала свае надзеі на нашы плечы, таму мы не павінны адступаць і ў нас няма магчымасьці сказаць, што мы здаёмся, то бок мы вас кідаем. То бок ёсьць пэўная адказнасьць перад людзьмі, і мы павінны зрабіць усё, што ад нас залежыць».

Што адбываецца з гэтымі выбарамі, ці будуць яны падобныя да папярэдніх?

«Сілавы мэтад на гэтую кампанію пачаўся значна раней. Нічога не магу сказаць, што будзе далей. Я бачу, што будзе складана, вельмі многа праблем і рэпрэсій адносна дэмакратычных сілаў. Нас гэта напружвае, мы на вастрыі атакі і ў самай гушчыні падзей».

Паводле Сяргея Чэрачня, адносна некаторых сяброў ініцыятыўнай групы былі «дробныя праблемы», выпісвалі пратаколы за несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы, ідуць разборы. Аднак, паводле Сяргея, гэта не паўплывае на далейшую працу.

«Гэта дробязі, да якіх мы былі гатовыя адпачатку. Але нічога страшнага, мы разумелі, ува што ўвязваемся, што мы ў Рэспубліцы Беларусь, а не ў эўрапейскай дэмакратычнай краіне. Але тое, што адбываецца адносна іншых, — гэта нонсэнс, гэта зь вялікім пераборам».

Сяргей Чэрачань сказаў, што ягоная каманда езьдзіць па рэгіёнах і «пастаянна ў руху». Заўтра ў Менску пікет плянуецца на вуліцы Кастрычніцкай, «дзе многа маладых, прагрэсіўных».

«Я хачу, каб нашы кандыдаты ў кандыдаты селі за стол перамоваў».

Алесь Таболіч: «Пакуль ня будзе аб’яднанай пазыцыі, нічога ў нас ня выйдзе»

Музыка Алесь Таболіч кажа, што сабрана ўжо 99 тысяч 666 подпісаў, хоць дадае, што сёньня можна назваць любую лічбу, хоць мільён, як у Лукашэнкі. Дазьбіраць астатнія, якіх не хапае да ста тысяч, ён мяркуе на плошчы Якуба Коласа ў Менску 16 чэрвеня. «Усё праходзіць лайтова», — кажа прэтэндэнт.

Алесь Таболіч
Алесь Таболіч

«Я хачу, каб нашы кандыдаты ў кандыдаты селі за стол перамоваў. Ні ад Цапкалы, ні ад Бабарыкі я не пачуў, каб яны былі зацікаўленыя паразмаўляць і вырашыць праблемы, якія ўзьніклі. Зразумела, што ў кожнага розны ранг і схемы. Але пазнаёміцца і вырашыць рэальныя праблемы — пікеты, правакацыі з боку міліцыянтаў, напісаць агульную пэтыцыю ў ЦВК...

Гэта вельмі дрэнная фішка, што адны з патэнцыйных кандыдатаў ня хочуць размаўляць зь іншымі. Ужо палезьлі да Цапкалы і Бабарыкі. Але пакуль ня будзе аб’яднанай пазыцыі, нічога ў нас ня выйдзе. Мы ўсе за рэформы ў Беларусі, дык давайце вырашаць хаця б на стадыі таго, што адбываецца. Я заклікаю галоўных апанэнтаў уладзе, Цапкалу і Бабарыку, каб селі за стол перамоваў, каб мы мелі агульную пазыцыю».

Каманда Алеся Таболіча разглядае два варыянты: альбо здаць подпісы ў ЦВК, альбо зьняцца з выбараў.

«Гэта будзе вырашана пасьля майго дня народзінаў 16 чэрвеня, я яго хачу адзначыць, каб усе прыйшлі, падпісалі на Камароўцы, аддалі галасы за Таболіча, але іншага Рыгоравіча. Але гэта будзе наша апошняя акцыя-пікет. Пасьля мы абвесьцім, што мы зробім. Бо пакуль выбары — гэта проста нейкая гульня ў палітыку».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG