Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адгадай хто, або як Бабарыка пазычыў прыём самі ведаеце каго


Віктар Бабарынка на сустрэчы з жыхарамі Віцебску. Ілюстрацыйнае фота.

Ужо каторую выбарчую кампанію Лукашэнка не называе імёны сваіх супернікаў. Проста нехта неякі адзін, той, паэт, банкір, мой былы памочнік, шалудзівы... Самі адгадайце хто.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Назваць імя — табу. Калі гэта была даўняя парада паліттэхнолягаў, то выконваецца яна да бездакорнасьці пасьлядоўна. Бо мэдыяльную прастору запаўняеш толькі ты, усё ведаюць толькі аднаго палітыка, а пра астатніх і чуць ня трэба. Прамовіць імя іншага палітыка ці кандыдата — гэта ж даць яму вядомасьць, узбудзіць цікавасьць, не дай бог, спрычыніцца да яго папулярызацыі.

А потым, акрамя паліттэхналёгій, ёсьць і старыя народныя прымхі. Неяк апісальна называць тое, чаго баісься, што ўсьведамляеш як небясьпеку. «Мы пра чорта, а чорт тут», «чорт з губы прыходзіць» — гэта парады быць больш асьцярожным у маўленьні. Падобным чынам беларусы, напрыклад, гавораць пра рак. Скажуць: у яго дрэнная хвароба, у яго тое самае, рэдка адразу вось так бахнуць: у яго рак. Імёны апанэнтаў для Лукашэнкі — як вобраз чорта. Лепш услых не гаварыць. І сам ён іх баіцца як чорт крыжа.

Журналістам прыйшлося зьмірыцца з такім спосабам выказваньня, яны навучыліся разлускваць апісальныя выразы і расшыфроўваць ярлыкі беспамылкова. Ніхто і не пытаецца: а каго ён меў на ўвазе? На пачатку сёлетняй выбарчай кампаніі такі ж прыём іншасказаньня абрала і дзяржаўнае БТ. У сюжэце пра затрыманьне Сяргея Ціханоўскага ў Гародні ён называўся шырока вядомым у вузкіх колах блогерам, без імя і прозьвішча. Яшчэ ў канцы траўня пашукавік на сайце БТ на запыт «Ціханоўскі» даваў адзін вынік, і гэта быў майстар саломапляценьня Уладзімір Ціханоўскі. Прозьвішча Сяргея Ціханоўскага зьявілася на БТ упершыню толькі ў сувязі з кампраматам — «знаходкай» грошай.

Апазыцыйныя палітыкі, наадварот, кожны свой выступ прысьвячалі і прысьвячаюць імяноўна Лукашэнку. Хай крытыкуючы, але сто разоў паўтараюць яго імя. З аднаго боку, паказваючы, што мы яго не баімся, мы адкрытыя і адрасныя ў крытыцы, урэшце, проста больш выхаваныя. З другога, замацоўваючы ўсьведамленьне, што ў Беларусі ёсьць толькі адзін палітычны чыньнік, і яго імя Лукашэнка.

А як з народнай рэакцыяй на манеру кіраўніка гаварыць пра «безыменных» герояў?

Народ знаходзіць сваё мянушкі таму, для каго ёсьць толькі я, а астатнія no name. Гэта сучасны палітычны фальклёр, жывая і рэгулярная моватворчасьць, якая ўжо цягне на цэлы слоўнік пад назвай " І гэта ўсё пра яго".

АГЛ, Лука, Лукавы, гарант, папа Колі, НИОП, перасідзент, і, нарэшце, Саша тры працэнты... Сьпіс гэты няпоўны, а зьява дастойная дасьледаваньняў. Тут безумоўна прапушчаны Бацька, але гэты варыянт апошнім часам амаль не ўжываецца і страчвае актуальнасьць. Ды які бацька ў часе чумы, у часе пагрозы здароўю сваіх дзяцей параіць ім выпіць гарэлкі і пакатацца на трактары? Гэта ня зробіць і злы айчым.

Той шок і рывок, які прынёс Ціханоўскі, часткова можна патлумачыць і тым, што ён узяў на ўзбраеньне мэтодыку Лукашэнкі: мы гаворым пра яго ў ягоным стылі, не называючы імя, знайшоўшы выразны вобраз Таракана. Усе і так ведаюць, пра каго. Пазнавальна і, верагодна, балюча і крыўдна. Таму такі жорсткі адказ Ціханоўскаму.

Нечакана, але ў тым жа стылі пачаў адказваць Лукашэнку і Віктар Бабарыка. На абяцаньне не аддаць краіну і пагрозы расстрэламі Бабарыка заявіў: " Нехта, ня важна хто, прысвоіў сабе права гаварыць ад імя краіны. Хтосьці лічыць, што беларусы яго прыгонныя... Хтосьці нас палохае агрэсіяй, кровапраліцьцём і ахвярамі." Толькі адзін з інтэрнэт-камэнтатараў ацаніў словы Бабарыкі як недастатковую сьмеласьць, маўляў, чаму не назва імя. На самой справе ў ход пайшла тая ж зброя, якой доўгія гады арудуе Лукашэнка.

Калі мэтодыка і на гэтым баку будзе пасьлядоўнай, мэтанакіраванай і вынаходлівай, яна можа прынесьці свой нечаканы, або прынамсі, дадатковы эфэкт. Да часу, пакуль з палітычнай сцэны Беларусі ня зьнікне фэномэн АГЛ, грамадзтва можа дамовіцца не ўжываць яго імя. Бо: чорт з губы прыходзіць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG