Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шалудзівы» Ціханоўскі і «кампрамат на Цапкалу»: Лукашэнка выказаўся пра патэнцыйных кандыдатаў на выбарах


Аляксандар Лукашэнка 29 траўня падчас размовы з работнікамі МТЗ

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 29 траўня падчас размовы з работнікамі МТЗ адказаў на пытаньне пра сваё стаўленьне і магчымыя сымпатыі да патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі >>

Ён адзначыў, што ў цэлым «пакуль мала ведае» тых, хто заявіў пра жаданьне ўдзельнічаць у выбарах, за выключэньнем свайго былога памочніка Валера Цапкалы.

«Ён, праўда, хітруе. Ня кажа, чаму яго прэзыдэнт звольніў. Але гэта вы ў яго спытайце — чаму я яго звольніў. Хай шчыра раскажа. І яму потым не захочацца ісьці на выбары. Але ён шчыра ня скажа. Трэба — скажам, але мы ня хочам займацца гэтым кампраматам», — сказаў Лукашэнка.

Ён пахваліў тое, як «ціха, спакойна» зьбіраюць подпісы патэнцыйныя кандыдаткі-жанчыны. Паводле Лукашэнкі, «гэтыя жанчыны сабралі больш подпісаў, чым усе мужыкі, якія ў інтэрнэце піярацца».

«Мужыкі там кіпіш паднялі, дзесьці хтосьці ходзіць, крычыць. Нядаўна мне прэс-сакратарка далажыла: міліцыянта абразіў (удзельнік пікету. — РС), калі яму зрабіў заўвагу.

Яны прыяжджаюць крутыя, на джыпах усе — па 10–12 машын. У чужы горад прыехалі, выстраіліся і пайшлі па плошчах, вуліцах, — заўважыў Лукашэнка. — Рызыкоўныя людзі, я б на іх месцы зь міліцыяй акуратней быў. Гэта ж карпаратыўны народ. Знойдзе магчымасьць, дык адкажа. Мне ўжо нялёгка прыходзіцца, стрымліваючы іх».

Акрамя таго, Лукашэнка пракамэнтаваў вялікае інтэрвію ў расейскім выданьні «Коммерсант» зь Сяргеем Ціханоўскім, назваўшы беларускага блогера «шалудзівым».

«Гэта накшталт незалежная газэта ў Расеі. Але мы ведаем, хто яе фінансуе... Нібыта інтэрвію бярэ ў аднаго шалудзівага, інакш не назавеш, які тут ходзіць, крычыць па Менску больш, дый у іншых гарадах. Але мы ведаем, на чыіх машынах ён езьдзіць, хто яго фінансуе, — заявіў Лукашэнка.— Гляджу на гэты артыкул, і ўжо вушы тырчаць у гэтага чалавека. Ён нават не кандыдат у прэзыдэнты, за жонку там дбае. Разумее ж, што за жонку ніхто не прагаласуе ў Беларусі».

Кіраўнік Беларусі дадаў, што «ў нас Канстытуцыя не пад жанчыну» і «грамадзтва не сасьпела для таго, каб галасаваць за жанчыну», «у нас не Літва», дзе Даля Грыбаўскайце «прыйшла, паўсьміхаліся, пасядзела і пайшла», таму «прэзыдэнтам будзе мужык, я ў гэтым абсалютна перакананы», — заявіў Лукашэнка.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG