Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанія #ByCovid19 расказала, колькі мае валянтэраў і чаму з ахвяраваньняў бяруць камісію


Андрэй Стрыжак (зьлева) падчас перадачы дапамогі ў шпіталь

Адзін з ініцыятараў грамадзянскай кампаніі #ByCovid19 Андрэй Стрыжак напісаў на Facebook пра «топ-5 вострых пытаньняў» да валянтэраў.

На пытаньне аб тым, ці гэта «апазыцыя хайпуе на тэме „кароны“», ён адказаў, што ў базе валянтэраў кампаніі звыш тысячы чалавек розных палітычных поглядаў, а кампанія ўзаемадзейнічае ў тым ліку зь міністэрствамі аховы здароўя і замежных спраў.

«Мэта кампаніі — дапамога беларускім мэдыкам, — піша Стрыжак. — Кампанія ня мае палітычных мэтаў пры аказаньні такой дапамогі. У прэзыдэнты ніхто з каманды не зьбіраецца».

Ён адзначае, што ў #ByCovid19 нельга купіць рэсьпіратар, тэрмомэтар ці апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Тое, што перадаецца (не прадаецца) у мэдычныя ўстановы, афармляецца афіцыйна праз акты перадачы і ставіцца на балянс лякарняў. Стрыжак просіць паведамляць, калі стане вядома пра факты перапродажу дапамогі іншымі асобамі.

Кампанія не бярэ сабе нейкі адсотак з сабраных грошай, але з ахвяраваньняў спаганяецца камісія, калі яны паступаюць на сэрвіс Molamola. Сумарна банкі і пляцоўка бяруць за сваю працу 6% ад сумаў (сайту грошы патрэбныя на хостынг, тэхнічнае абслугоўваньне і падтрымку, утрыманьне тэхнічнай каманды), але #ByCovid19 вядзе перамовы з банкам аб зьніжэньні мінімальнай камісіі (цяпер — 1,1 рубля).

Сама ж кампанія, кажа Стрыжак, працуе задарма, жыве за кошт уласных запасаў, з харчаваньнем дапамагае бізнэс. Па заканчэньні кампаніі Стрыжак абяцае даць поўную фінансавую справаздачу (як даваў і раней — вось, напрыклад, справаздача кампаніі #ByHelp 2017 году).

Таксама ў «топ пытаньняў» Стрыжак вынес заяву аб тым, што «дабро трэба рабіць ціха» і пытаньне «чаму вы пастаянна піярыцеся?». Паводле яго, слова «піяр» стала «лаянкай на постсавецкай прасторы», бо прыйшло праз палітыкаў, якім не давяраюць. На самой справе яно пайшло ад фразы public relations — сувязі з грамадзкасьцю. Ён тлумачыць: пастаяннае інфармаваньне пра закупы і перадачы мэдыкам — гэта форма публічнай справаздачы за ўзятыя ахвяраваньні.

«Ціхае дабро», мяркуе ён, можа сабе дазволіць мэцэнат або донар, які ахвяруе грошы, бо трымае справаздачу толькі перад сабой. Публічныя ж зборы прадугледжваюць публічныя справаздачы. Таксама публічнасьць — спосаб «разварушыць грамадзтва на стварэньне новых збораў у рэгіёнах і аказаньне дапамогі ў сваіх гарадах».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG