Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбітныя лекары Беларусі: адкрывальнік лячэньня пераломаў з дапамогай гіпсу


У пачатку ХІХ стагодзьдзя ў Менску адбылася падзея, якая мела далёкасяжныя наступствы для ўсёй сусьветнай мэдыцыны. У студзені 1812 году інспэктар Менскай лекарскай управы Карл Гібэнталь упершыню ў гісторыі выкарыстаў гіпс, каб замацаваць зламаныя косьці чалавека.

Карл Гібэнталь быў ня толькі лекарам. Ён быў яшчэ і вынаходнікам хірургічных інструмэнтаў, эпідэміёлягам, аматарам сельскай гаспадаркі, распрацоўшчыкам новай канструкцыі плуга, паліглётам, які размаўляў на васьмі мовах, і скульптарам-аматарам.

Адкрыцьцё мэтаду

Якраз зь ягоным захапленьнем скульптурай і зьвязанае адкрыцьцё новага мэтаду лячэньня пераломаў. У адзін зь дзён Карл Гібэнталь ляпіў з гіпсу скульптурны партрэт свайго менскага сябра, калі да яго прывезьлі работніка мясцовага купца, якому дрэва пры падзеньні зламала косьці перадплечча.

Пакуль Гібэнталь аглядаў хворага, падрыхтаваны для скульптуры гіпс пачаў зацьвердзяваць. Лекар імгненна вырашыў паспрабаваць зафіксаваць косьці гіпсам. Ён так і зрабіў, папярэдне злучыўшы косьці і намазаўшы руку хворага алеем.

Высьветлілася, што рука перастала балець ужо ў першую ноч пасьля пералому, а праз чатыры тыдні работнік ужо мог свабодна валіць лес.

Дагэтуль пераломы лячылі мазямі, лубкамі, саламянымі падсьцілкамі і валікамі. Косьці вельмі часта не зрасталіся, узьнікалі нагнаеньні і раны, людзі заставаліся інвалідамі.

А тут вынік быў відавочны. Таму 7 лютага 1812 году Карл Гібэнталь накіраваў у часопіс Пецярбурскай мэдыка-хірургічнай акадэміі апісаньне лячэньня пераломаў з дапамогай гіпсу. Аднак адзін з аўтарытэтных сталічных хірургаў раскрытыкаваў мэтад, заявіўшы, што гіпс прыдатны для простых пераломаў, а для складаных яго прымяняць нельга.

У выніку пераломы яшчэ 40 гадоў лячылі па-старому, і толькі Мікалай Пірагоў, якому ў 1812 годзе было толькі два гады, здолеў укараніць гіпс у мэдыцыну і распрацаваў сыстэму гіпсавай павязкі.

А Карл Гібэнталь усё сваё жыцьцё да самай сьмерці ў 1858 годзе лячыў пераломы гіпсам. І захаваў за сабой першынство ў гэтай сфэры. Ягоны артыкул аб лячэньні пераломаў з дапамогай гіпсу ў 1816 годзе выйшаў у навуковым часопісе на нямецкай мове ў Рызе. А ў 1819 годзе на францускай мове ў Парыжы.

Наватарства Гібэнталя ў барацьбе з эпідэміямі

Нельга не згадаць, што Карл Гібэнталь быў вельмі таленавітым эпідэміёлягам і меў якраз з гэтай нагоды ўсерасейскую вядомасьць.

У 1821 годзе ён пасьпяхова ліквідаваў успышку сыпнога тыфусу ў Віцебскай губэрні. Ён ізаляваў хворых, рабіў дэзінфэкцыю сялянскіх хат і адзеньня і, фактычна, увёў карантын, забараніўшы здаровым кантактаваць з хворымі.

У 1830-1831 гадах Гібэнталя, як вядомага спэцыяліста, паклікалі дапамагчы змагацца з халерай у расейскіх і ўкраінскіх губэрнях. Ён па чарзе працаваў у Саратаўскай, Ніжагародзкай, Валагодзкай і Валынскай губэрнях. Менавіта ў Волагдзе Гібэнталь укараніў двухтыднёвую ізаляцыю, як бы мы сёньня сказалі, «кантактаў першага ўзроўню», калі загадаў ізаляваць чыноўніка, што наведваў хворых.

У 1831 годзе эпідэмія халеры дабралася да Віцебскай губэрні, і Гібэнталь вярнуўся дадому, каб змагацца з хваробай. Ён сканцэнтраваўся на Віцебску. Тут таксама ўкараняліся ізаляцыя, дэзінфэкцыя, карантынныя захады. У выніку ў горадзе з кожнай сотні хворых памерла 38 чалавек, у той час, як у сельскіх раёнах — 62.

Гібэнталь першы адмовіўся ад выкарыстаньня опіюму пры лячэньні хворых на халеру і прапанаваў замест яго водныя і сьпіртавыя растворы кавы для актывізацыі сардэчнай дзейнасьці. Кафэін і сёньня выкарыстоўваецца для тых жа мэтаў пры халеры.

Беларускі выбар Гібэнталя

Бацькі Карла Гібэнталя былі абруселымі немцамі, якія мелі маёнтак у Кашынскім павеце Цьвярской губэрні Расеі. Але Карла Гібэнталя можна назваць ужо абеларушаным немцам.

Ён вучыўся ва ўнівэрсытэтах Гётынгену і Марбургу, дзе ў 1805 годзе атрымаў ступень доктара мэдыцыны. Пасьля гэтага стаў палкавым лекарам у расейскім войску і ўдзельнічаў у тагачасных войнах. Пасьля дэмабілізацыі ў 1811 годзе здаў у Віленскім унівэрсытэце экзамэн на права быць лекарам у Расеі і ў 1812 годзе пачаў працаваць у Менску. Але яго зноў прызвалі ў войска і вярнуцца ў Беларусь ён змог толькі ў 1816 годзе, стаўшы інспэктарам лекарскай управы ў Віцебску. Адтуль у 1838 годзе яго хацелі перавесьці ў Адэсу, але ён адмовіўся, выйшаў у адстаўку і застаўся ў Беларусі.

У 1826 годзе Карл Гібэнталь разам зь іншымі прадстаўнікамі перадавой шляхты заснаваў Беларускае вольна-эканамічнае таварыства, а ў 1833 годзе напісаў гісторыю гэтай арганізацыі.

Фрагмэнт артыкулу Карда Гібэнталя аб лячэньні пераломаў з дапамогай гіпсу на францускай мове. 1819 год
Фрагмэнт артыкулу Карда Гібэнталя аб лячэньні пераломаў з дапамогай гіпсу на францускай мове. 1819 год

Усё жыцьцё ён займаўся вынаходніцтвам. Вынайшаў новыя хірургічныя інструмэнты для драбленьня камянёў у мачавым пухіры, займаўся вопытамі ў галіне трансплянталёгіі, перасаджваў розныя органы жывёлам і дамогся посьпеху у замяшчэньні косных тканак. Займаўся рэфармаваньнем сельскай гаспадаркі і вынайшаў новую канструкцыю плуга.

Можна меркаваць, што сярод моваў, якімі валодаў Карл Гібэнталь, была і наша родная беларуская мова. Яшчэ ў 1812 годзе ён даслаў зь Менску ў Пецярбург данясеньне, што распрацаваў інструкцыю для лячэньня сялян і выдаў яе брашурай на «польскім дыялекце» для мясцовых людзей. Да данясеньня быў прыкладзены расейскі пераклад брашуры, зь якога мы і ведаем пра яе зьмест. Арыгінал гісторыкі пакуль не знайшлі.

Але практычна не выклікае сумненьня, што гэта была брашура на беларускай мове. Толькі нашу мову ў 1812 годзе ў Расейскай імпэрыі маглі называць польскім дыялектам. Другая падобная назва сустракаецца ў 1835 годзе, калі ў Вільні выйшаў беларускі каталіцкі катэхізіс, мову якога выдаўцы назвалі «польска-рускай».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG