Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч ахвяруе грошы на дапамогу адзінокім інвалідам і бадзяжным жывёлам падчас пандэміі


Сьвятлана Алексіевіч. Архіўнае фота.

Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры Сьвятланы Алексіевіч вырашыла дапамагчы адзінокім інвалідам у часе пандэміі каранавіруснай інфэкцыі. Яна лічыць, што дапамога цяпер патрэбная самым уразьлівым. Паводле інфармацыі Чырвонага Крыжа, у Беларусі каля 830 тысяч пажылых людзей, зь іх 92 тысячы — адзінокія старыя і інваліды, а зь іх каля паўтары тысячы — інваліды, якія не выходзяць з дому (ім дапамагае мэдычна-сацыяльная служба Беларускага Чырвонага Крыжа).

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Менавіта гэтым людзям Сьвятлана Алексіевіч вырашыла пералічыць праз Чырвоны Крыж 1000 эўра і заклікае іншых людзей на яе прыклад дапамагчы старым і безабаронным у часе пандэміі. Такую самую дапамогу, 1000 эўра, пісьменьніца хоча ахвяраваць дзеля падтрымкі бяздомных жывёлаў, якія таксама церпяць у часе пандэміі. Пра гэта яна заявіла ў інтэрвію Свабодзе:

— Варта прайсьціся па вуліцах ці паглядзець у вакно, і пабачыш у краме абсалютна напалоханых старых людзей, пабачыш галодных жывёлаў, бо людзі сталі менш выкідаць ежы, і яны ашалелі, як і людзі. Я думаю, што ўсім нам, у тым ліку і эліце, і багатым людзям, і людзям з сумленьнем трэба дапамагчы тым, каму цяжэй найбольш — бедным людзям, інвалідам, якія закрытыя і без карантыну ў чатырох сьценах. І жывёлам, за якіх мы таксама адказныя.

Я хачу дапамагчы самым бездапаможным людзям — адзінокім інвалідам, якія ляжаць дома, і да іх ніхто, акрамя сацыяльнага работніка, ня прыйдзе. А што можа сацыяльны работнік, калі той жа Чырвоны Крыж ня мае вялікіх сродкаў, каб дапамагаць гэтым людзям? Я хачу даць тысячу эўра, перадам іх праз Радыё Свабода. Думаю, што іншыя людзі могуць усьлед за мной гэта зрабіць, каб мы арганізавалі такі маленькі фонд, які б дапамог тым жа сацыяльным работнікам, якія адказваюць менавіта за гэтых людзей. Я таксама хацела б знайсьці нейкі фонд абароны жывёлаў і таксама даць ім тысячу эўра для таго, каб дапамагчы жывёлам, якія цяпер таксама знаходзяцца ў цяжкім стане.


Чытайце вялікае інтэрвію Свабодзе Сьвятланы Алексіевіч, у якім яна ня толькі патлумачыла, чаму аддае перавагу канкрэтнай дапамозе канкрэтным людзям, але і дала жорсткія ацэнкі дзеяньням улады, якая «будзе ратаваць толькі сябе», акрэсьліла маральныя дылемы, якія стаяць цяпер перад лекарамі, а таксама расказала пра зьмены яе жыцьця ў часе пандэміі і пра новы фармат кантактаў са сваёй аўдыторыяй.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG