Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нічога страшнага, што там ёсьць пратэстоўцы». Праз ахоўную зону Курапатаў зьбіраюцца весьці камунікацыі для «Новай Баравой»

абноўлена

Кабэльная лінія пройдзе паміж Курапатамі і плотам рэстарану «Поедем поедим»

Праз ахоўную зону Курапатаў і зону рэгуляванай забудовы побач зь імі зьбіраюцца пракласьці кабэльныя лініі электраперадачы напружаньнем 10 кілявольт. Неўзабаве будуць абмяркоўваць справаздачу аб узьдзеяньні гэтага будаўніцтва на навакольнае асяродзьдзе.

Абвестку пра гэты сход на сайце Менскага райвыканкаму не далі. Праз выканкамаўскі тэлефон інфармацыю карэспандэнту Свабоды таксама не ўдакладнілі.

Дырэктарка дому культуры аграгарадка Лясны пацьвердзіла, што сход заплянаваны на 17 гадзін 13 лістапада.

Абноўлена. Раніцай 13 лістапада стала вядома, што сход перанесьлі на 17:00 29 лістапада.

Лінія пройдзе ўздоўж агароджы Курапатаў і далей уздоў дарогі з поўначы курапацкага лесу
Лінія пройдзе ўздоўж агароджы Курапатаў і далей уздоў дарогі з поўначы курапацкага лесу

Замоўнік будаўнічых работ — ТАА «Астодэвелапмент». Яно будуе жыльлёвы комплекс «Новая Баравая» за 3 км на ўсход ад Курапатаў.

Паводле справаздачы, кабэльная лінія пройдзе ў межах ахоўнай зоны і зоны рэгуляваньня забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасьці першай катэгорыі «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій (1930–1940-я гады) ва ўрочышчы Курапаты (Менскі раён)» уздоўж дарогі Калодзішчы — Заслаўе.

Па трасе пракладаньня новых кабэльных лініяў ужо пракладзеныя цеплавыя і электрычныя сеткі, сеткі каналізацыі, сувязі, газа- і водазабесьпячэньня.

Для кабэльных лініяў выкапаюць траншэі глыбінёй 0,7 мэтра на адлегласьці 1 м адна ад адной. Дрэвы, якія будуць замінаць, высекуць.

Кабэльная лінія на схеме ахоўных зонаў Курапатаў
Кабэльная лінія на схеме ахоўных зонаў Курапатаў

«Нічога страшнага, што там ёсьць пратэстоўцы»

Кіраўнік праектаў упраўленьня дабудаўнічай падрыхтоўкі «Астодэвелапмент» Анатоль Шэнглер адзначыў, што лініі пракладуць у ахоўнай зоне Курапатаў паралельна агароджы рэстарану «Поедем поедим».

«Празь лясны масіў яны ня пойдуць, мы ідзём па ўскрайку ў ахоўнай зоне, у якой дазволена пракладаць інжынэрныя сеткі паводле ліста Мінкульту і паводле іхнага рэглямэнту гэтых Курапатаў.

Атрымліваецца, мы ідзём у паласе адводу аўтадарогі Калодзішчы — Заслаўе, там, дзе пакладзеныя ўжо існыя сеткі, то бок у калідорах існых сетак. Закранаем ахоўную зону.

То бок да крыжоў мы і блізка не ідзем. Там ужо існуе першая чарга, кабэльная лінія там ужо ў зямлі. Яна здадзена ў эксплюатацыю ў 2016 годзе.

Там, побач зь лініяй, якую мы будавалі ў 2016 годзе, будуецца гэтая, другая, на 10 кілявольт. Уздоўж агароджы, перасякаем Калодзішчы, Заслаўе і ідзём у бок Bigzzʼа па тым баку, далёкім ад Курапат», — патлумачыў Анатоль Шэнглер.

Фрагмэнт ліста Міністэрства культуры, у якім яно выступае ня супраць праекту электралініі
Фрагмэнт ліста Міністэрства культуры, у якім яно выступае ня супраць праекту электралініі

Паводле прадстаўніка «Астодэвелапмент», гэта самы кароткі шлях, каб пракласьці кабэльныя лініі для жылога комплексу «Новая Баравая».

«Іншага варыянту ня можа быць, ён абгрунтаваны і будзе правільным.

Нічога страшнага, што там ёсьць пратэстоўцы. Ёсьць рэглямэнт і законныя патрабаваньні, якія мы выконваем.

Яны абураюцца, але ў гэтай зоне за гэты год ужо чатыры забудоўнікі пракладалі сеткі. Яны ідуць у паласе адводу Калодзішчы — Заслаўе, і гэта таксама ахоўная зона. Нічога, усе праклалі», — сказаў Анатоль Шэнглер.

Паводле яго, за працай будуць назіраць археолягі. І калі знойдуцца новыя пахаваньні, «адразу ўсе будуць у курсе».

Альтэрнатыўныя варыянты праходжаньня ліній электразабесьпячэньня
Альтэрнатыўныя варыянты праходжаньня ліній электразабесьпячэньня

У справаздачы гаворыцца, што рэалізацыя праекту «ня зробіць нэгатыўнага ўплыву на захаванасьць гісторыка-культурнай каштоўнасьці».

«Нічога новага яны будаваць ня маюць права»

Паводле кіраўніка грамадзкай дырэкцыі народнага мэмарыялу Курапаты Алеся Чахольскага, новае будаўніцтва ў ахоўнай зоне Курапатаў забаронена пастановай Міністэрства культуры № 70 ад 2014 году.

Дакумэнт дазваляе толькі эксплюатаваць і рэканструяваць існыя інжынэрныя камунікацыі, а таксама пракладаць падземныя камунікацыі, неабходныя для аб’ектаў увечненьня памяці.

«Яны маглі хіба старую лінію дастаць, а новую пакласьці. Але новую лінію яны ня могуць класьці», — сказаў Алесь Чахольскі.

Алесь Чахольскі ня выключыў, што ў ахоўнай зоне Курапатаў могуць быць пахаваньні ахвяраў рэпрэсіяў.

«Гэтая тэрыторыя не дасьледаваная, як і тэрыторыя з другога боку каладзішчанскай дарогі», — адзначыў ён.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Чаму беларускі рэжым не прызнае сталінскія рэпрэсіі

Асноўнае пра Курапаты

Расстраляныя літаратары. Гісторыя 12 творцаў, забітых 80 год таму

Як унукі і праўнукі шукаюць зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў

«Баюся ўлады, якая пачне забіваць». Стогадовая беларуска, асуджаная ў СССР за шпіянаж, распавядае пра рэпрэсіі

Картатэка Сталіна

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG