Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альтэрнатыўная рэальнасьць Эўрапейскіх гульняў


«Бацькі і дзеці». Журналісты розных пакаленьняў абмяркоўваюць выклікі часу — што мяняецца, а што застаецца нязьменным.
Юры Дракахруст, Юлія Коцкая, Жанна Новік і Віталь Цыганкоў — пра беларускае заўзеньне і Эўрапейскія гульні

Сьцісла:

  • Аўдыторыя сацыяльных сетак успрымае гэтыя гульні вельмі нэгатыўна
  • У вулічным апытаньні пераважная большасьць людзей розных узростаў адказалі, што грошы на гульні выдаткаваныя слушна
  • Гульні — відовішча найперш для саміх беларусаў, у значнай ступені — для беларусаў з рэгіёнаў
  • У нас ня вельмі спартовая нацыя з гледзішча заўзятарства
  • У параўнаньні з савецкім часам заўзеньне стала і жаночай традыцыяй

Ці спатолілі голад на відовішчы «Галодныя гульні»?

Дракахруст: У Беларусі праходзяць Эўрапейскія гульні. Жанна, якія водгукі выклікаюць Эўрапейскія гульні ў сацыяльных сетках? Блогер NEXTA зрабіў флэшмоб з напамінам, што госьці гульняў едуць у дыктатарскую, бедную краіну, ён жа і пусьціў слоўца, мэм, bon mot — Галодныя гульні. Няма недахопу ў фотажабах, карыкатурах, сьцёбу над айчынным аграглямурам гульняў.

Ну а іншыя галасы гучаць? І якая прапорцыя? І ці зьмянілася яна пасьля пачатку гульняў?

Жанна Новік
Жанна Новік

Новік: Трэба адзначыць, што аўдыторыя сацыяльных сетак успрымае вельмі нэгатыўна гэтыя гульні. Але цікава, што іншыя людзі, якія не сядзяць у сацыяльных сетках, не выказваюцца там — яны вельмі добра ўспрымаюць іх. І тут утвараецца нейкае сацыяльнае гета: беларускае грамадзтва ў Фэйсбуку, у Твітэры, у Інстаграме — усе даволі катэгарычныя: называюць іх «Галоднымі гульнямі».

У сваю чаргу, калі блогер NEXTA заклікаў да флэшмобу — у яго гэта не зусім атрымалася: у сацыяльных сетках градус хваляваньня людзей не такі высокі. Камэнтуюць, рэагуюць, даюць альтэрнатыўныя назвы гэтым гульням, але я няшмат бачыла нейкіх фотажабаў, як, напрыклад, падчас хакеі, калі ў нас праходзіў ЧС па хакеі. Ці параўнаць нават з ЧС па футболе ў Расеі. Там непараўнальна больш было водгукаў наконт іх чэмпіянату. У нас такога не назіраецца нават і блізка. І тут дзіўна: людзі рэагуюць, але ў той жа час хочуць дыстанцыявацца ад гэтага.

Бацькі і дзеці: жаночы твар беларускага заўзятарства
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:29:59 0:00
Наўпроставы лінк

Дракахруст: Лукашэнка казаў, што гульні будуць каштаваць дзесьці 50 мільёнаў даляраў — 100 мільёнаў рублёў. Пры гэтым у бюджэце на гульні і зьвязаныя зь імі пытаньні было прадугледжана 168 мільёнаў рублёў. А на гэтым тыдні міністар фінансаў агучыў лічбы ўжо зробленых выдаткаў: 540 мільёнаў рублёў, у тым ліку зь бюджэту — 266 млн рублёў. 274 млн — спонсарская дапамога, сродкі ад рэалізацыі квіткоў, а таксама крэдыты. Як вы мяркуеце, а калі б беларусаў спыталі, ці варта траціць такія грошы на спартовае сьвята, яны б пагадзіліся? Многім жа падабаецца.

Коцкая: Літаральна дзень таму мы зьвярнуліся да людзей на вуліцы (як маладых, так і сталага веку) і спыталіся, на што гэтыя грошы варта было б патраціць, на колькі паліклінік і пэнсіяў.

І 99% людзей розных узростаў адказалі, што гэтыя грошы выдаткаваныя правільна: трэба рэклямаваць Менск, трэба паказваць замежным турыстам і інвэстарам.

Жанна сказала, што сацсеткі пераважна крытычна выказваюцца наконт гульняў. Але людзі на вуліцах, тыя, каго я бачыла на саміх гульнях — усе ў захапленьні, кажуць — добра, трэба, варта.

Дракахруст: Некалі сацыёляг Лідзія Міхеева сказала наконт надрыўнага і надзвычай безгустоўнага адзначэньня перамогі ў Другой сусьветнай: для беларусаў, прынамсі для многіх, вайна — гэта «хакей, які мы выйгралі». А наконт Эўрапейскіх гульняў — ці не наадварот: спорт, спартовыя перамогі — гэта вайна, якую мы выйгралі?

Цыганкоў: Выйгралі ці не — відавочна, будуць розныя меркаваньні. Але зараз упершыню за шмат гадоў галоўная выніковая перадача на БТ кожны дзень прысьвечана не ўраджаю, а Эўрапейскім гульням. Так што асноўная барацьба ідзе не на спартовых пляцоўках, а ў сфэры палітыкі, ідэалёгіі і прапаганды. Калі на момант запісу нашай перадачы Беларусь на Эўрапейскіх гульнях мае 49 мэдалёў, а Нямеччына — 11, то гэта нейкая паралельная спартовая рэальнасьць. Бо ў рэальным спорце Нямеччына сярод сусьветных лідэраў, а Беларусь на апошняй Алімпіядзе атрымала 1 залаты мэдаль.

То бок гэта сапраўды такое вельмі мясцовае спартовае мерапрыемства, якое ня мае дачыненьня да вялікага спорту. Нават Эўраньюс і расейскія тэлеканалы не паведамляюць пра гульні ў Менску. Так што гэта рэч у сабе для беларускай улады, каб атрымаць тую самую рытарычную, інфармацыйную і ідэалягічную перамогу.

Адкрыцьцё гульняў як «мяккая беларусізацыя»

Дракахруст: Адкрыцьцё гульняў на многіх зрабіла нечакана станоўчае ўражаньне, у тым ліку і на многіх тых, якія зусім не аматары беларускай улады. А што — сапраўды някепска атрымалася? Ці гэта такая абэрацыя зроку: сказаў Лукашэнка пару словаў па-беларуску — шчасьце прываліла, адкрылі на Зыбе бар Каліноўскі — беларушчына руліць. З цырымоніяй адкрыцьця — ці ня так? І яна была такой, якой была — для замежных турыстаў ці для беларусаў?

Юлія Коцкая
Юлія Коцкая

Коцкая: У цырымоніі адкрыцьця было шмат беларускага, што шмат хто заўважыў. Я глядзела шмат цырымоніяў адкрыцьця розных спаборніцтваў, глядзела адкрыцьцё Алімпіядаў. Віталь мае рацыю, што Эўрапейскія гульні — гэта такая даволі лякальная рэч. І гэта вельмі адчувальна, што гэта для беларусаў. Там вельмі мала замежнікаў, там няма духу спаборніцтва, няма таго, што было нават на чэмпіянаце сьвету па хакеі ў 2014 годзе. Гэта відовішча для беларусаў, у значнай ступені — для беларусаў з рэгіёнаў. У фан-зонах вельмі шмат людзей ня зь Менску, якія прыехалі проста пагуляць і паесьці шашлыкоў.

А з цырымоніяй адкрыцьця — ну так, усё было роўненька. Я не захаплялася там ні Лукашэнкам, ні яго мовай. Але я асабіста на гульні сама схадзіла. Праўда, квіток не набывала, пайшла па квітку, які выдалі маёй сяброўцы на працы бясплатна. Я схадзіла на адно спаборніцтва, уражаньне сапраўды, што гэта не сусьветны маштаб. Любы матч лігі чэмпіёнаў з удзелам беларускай футбольнай каманды значна цікавей.

Дракахруст: Цікавая дэталь — цырымонію адкрыцьця гульняў ладзілі расейцы. Але тым ня менш зьмест яе быў зусім нерасейскі. А тут зрабілі сутнасна па-беларуску і, як кажуць калегі, для беларусаў. А чаму?

Новік: У мяне такая думка: а калі б паказвалі ўсё вельмі ідэалягічна «правільна», у стылі ўлады Лукашэнкі, то што паказваць? Мне здаецца, не было выйсьця, акрамя таго, як паказваць сапраўдную гісторыю Беларусі. Гэта на самай справе спадабалася амаль усім, было вельмі шмат пазытыўных водгукаў, што паказалі і Калюмны, і Быкава, і Пагоню, людзі былі ў захапленьні. Але гэта, яшчэ раз паўтаруся, таму што не было, як мне здаецца, выйсьця. Што паказаць, як прэзэнтаваць сваю краіну?

Нават калі ўзяць час праўленьня Лукашэнкі — ну што паказваць за гэты час? Няма больш чым ганарыцца, і тое, што паказалі — гэта сапраўды самае-самае клёвае, што было ў гісторыі Беларусі. Ну трэба ж, каб нечым вылучаліся гэтыя гульні, трэба ж, каб яны запомніліся. Таму тут і быў выкарыстаны такі ход — як мага болей паказаць беларускага і, як варыянт, пусьціць пыл у вочы людзям, адцягнуць увагу ад сапраўдных праблемаў, якія ёсьць у Беларусі.

Ну паглядзіце самі: гэтыя гульні абмяркоўваюць у сетках настолькі часта, цырымонію адкрыцьця абмяркоўвалі некалькі дзён. А праблемы, якія ўзьнікаюць у гэты час, проста забываюцца: людзі думаюць — а можа, ня ўсё так дрэнна ў нас?

Коцкая: Але ні словам не прыгадалі Алексіевіч.

Цыганкоў: Ну гэта зь іх гледзішча быў бы ўжо перабор.

Коцкая: Пра набеліята Алфёрава прыгадалі, а пра Алексіевіч — не. Так, гэта, відаць, было для іх ужо too much.

«Амаль немагчыма сустрэць турыста з-за мяжы»

Дракахруст: На якія асаблівасьці масавых паводзінаў вы зьвярнулі ўвагу падчас сёлетніх Эўрапейскіх гульняў? Як успрымаюць беларусы замежнікаў? Як успрымаюць замежнікі Беларусь і беларусаў? Сёлета замежнікаў было няшмат, была афіцыйная лічба — 12200 чалавек. На чэмпіянат сьвету ў 2014 годзе прыехала 80 тысячаў. Тым ня менш, ці ёсьць нейкія асаблівасьці ўспрыняцьця? І якая рэакцыя замежнікаў — Wow ці Oops?

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Гэтыя афіцыйныя лічбы варта пракамэнтаваць. Бо з гэтых 12 тысяч 4 тысячы самі спартоўцы. Калі дадаць іхніх сваякоў і сяброў — то можна меркаваць, што яны складуць большую частку ўсіх замежнікаў, што прыехалі ў гэтыя дні ў Менск. Безумоўна, ніякага турыстычнага прарыву няма. Прарыў быў падчас чэмпіянату сьвету па хакеі, калі па беларускай сталіцы хадзілі тысячы чэхаў, швэдаў, фінаў.

Я таксама быў некалькі разоў у фан-зонах і магу сказаць, што замежную нерасейскую мову амаль не пачуеш, гэта толькі адзінкі за дзень. Грамадзтва абмяркоўвае пераважна тыя перашкоды, якія ствараюць гэтыя Эўрапейскія гульні для менчукоў — гэта і заторы, і перакрыцьці вуліцаў. Гэта такое пакланеньне перад замежнікамі, якое ідзе яшчэ з савецкіх часоў — усё для іх, а не для «мясцовых».

Новік: Я была на адкрыцьці чэмпіянату сьвету па хакеі, я была на адкрыцьці і цяперашніх гульняў. І трэба адзначыць: проста немагчыма знайсьці замежніка зараз. Будзеш шукаць, хадзіць няведама колькі, а замежнай мовы ня пачуеш! Пераважна гучыць расейская мова. Яшчэ радзей, чым ангельская — гэта беларуская. Нават калі я была ў Горадні апошні раз, я чула болей замежнай мовы, чым у Менску зараз падчас гэтых гульняў. Нават у тых жа сацыяльных сетках вельмі шмат людзей піша, што немагчыма сустрэць турыста з-за мяжы.

Пра якія натоўпы турыстаў можна казаць, калі на самой справе большасьць тых замежнікаў, якія ўсё ж прыяжджаюць у Беларусь, карыстаюцца момантам: якраз ідуць гульні, ну і можна паглядзець на горад, чаму б не? Менавіта такую думку выказаў адзіны англічанін, якога сустрэлі на адкрыцьці — расказаў, што проста скарыстаўся момантам, каб пагуляць. Гэтыя 12 тысяч — гэта мізэр. Здаецца, бывае, што ў той жа Горадні бывае болей турыстаў, чым цяпер у сталіцы.

Дракахруст: Падчас апошняга чэмпіянату па футболе ў Расеі шмат пісалася пра шматлікія раманы, скажам так, расеек з гасьцямі чэмпіянату. Наколькі шырока зараз гэта назіраецца ў Менску? Ці пішуць пра гэта ў сацсетках?

Новік: Зусім не, проста няма тых натоўпаў замежнікаў, якія былі ў Расеі. Трэба тут разумець, што калі быў ЧС па футболе ў Расеі, то там была проста неверагодная колькасьць замежнікаў. І дзяўчаты, якія пачыналі сустракацца ці праводзіць час з замежнікамі, у некаторых выпадках іх пачыналі перасьледаваць. Бывала, што маглі і зьбіць. «Як вы маглі прадацца Захаду, амэрыканцам, як вы можаце так?!»

Дркахруст: У Беларусі няма такіх натоўпаў ці няма такога народнага стаўленьня?

Новік: Ня ведаю наконт стаўленьня. Ёсьць такое, што дзяўчаты, якія пачынаюць сустракацца з замежнікамі, якія прыехалі вучыцца ў Беларусь, у студэнцкіх гарадках да такіх дзяўчат ня вельмі добрае стаўленьне. І ў Беларусі ёсьць такое асуджэньне, але на гульнях такога я ня бачу.

Беларускае заўзеньне бацькоў і дзяцей

Дракахруст: Як зьмянілася беларускае заўзеньне за дзесяцігодзьдзі? Больш сталі заўзець ці менш? Калісьці ў савецкія часы дык сачылі за футбольнымі матчамі нават па рэпартажах па радыё. Ну а зараз, калі бачна ўсё і ў рэальным часе і ў паўторах — больш заўзеюць?

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Коцкая: Зараз гэта часам ідэалёгія, людзей часта зганяюць, заганяюць на спартовыя спаборніцтвы, ім выдаюць сьцягі і розную сымболіку. Але калі казаць пра цяперашнія Эўрапейскія гульні — забудзьцеся пра спаборніцтва і спорт. Тут няма турыстаў, няма заўзятараў.

Я была на фінале спаборніцтва па батутах, было некалькі раздадзеных дзяржаўных беларускіх сьцягоў, некаторыя трымалі дагары нагамі. Былі італьянцы і палякі з бэджамі. Размаўляць пра культуру заўзеньня ў сувязі з Эўрапейскімі гульнямі проста не выпадае.

Цыганкоў: У нас ня вельмі спартовая нацыя з гледзішча заўзятарства. Мне падаецца, можна канстатаваць зьмяншэньне інтарэсу да спорту сярод масавых беларусаў. Нават матчы зборнай Беларусі па футболе не зьбіраюць поўныя стадыёны. У той час як у Эўропе на гульні сваёй гарадзкой каманды не вышэйшай лігі прыходзіць больш людзей. У ЗША дзясяткі тысяч прыходзяць на матчы ўнівэрсытэцкіх каманд.

У савецкіх час у людзей было менш забаваў і магчымасьцяў правесьці свой вольны час. Тады, акрамя футболу, не было асабліва прыкметных, законных) альтэрнатываў. Цяпер ёсьць выбар, акрамя спорту. У выніку маем тое, што ў Беларусі на матчы чэмпіянату краіны па футболу прыходзіць некалькі сотняў чалавек.

Новік: Я не жыла ў савецкі час, бо я занадта маладая. Але ўсё ж цікавасьць да спорту вырасла апошнім часам. Зьявіліся героі, зьявіліся беларусізаваныя каманды, ёсьць каманды, якія выкарыстоўваюць беларускі арнамэнт на форме, і да іх моцная падтрымка з боку заўзятараў. Напрыклад, той жа Гуркоў, ён вельмі папулярны ў сацыяльных сетках, на яго прыходзяць паглядзець, ён успрымаецца героям у Беларусі.

Але калі параўноўваць з украінцамі, там зусім іначай усё. Калі я была ў Львове падчас нейкага матчу — увесь горад яго глядзеў, ва ўсіх барах і кавярнях яго трансьлявалі, месцаў не было зусім. Але ў нас такога не было. Можа, няма звычкі да гэтага ці дорага. Але ўсё адно — тэндэнцыя павелічэньня цікавасьці да спорту, мне здаецца, ёсьць.

Жаночы твар беларускага заўзеньня

Дракахруст: Раней неяк здавалася, што заўзятар — гэта пераважна мужчына. Яно, здаецца, і зараз тое самае, але ці зьмянілася прапорцыя? Жанчын-заўзятарак стала істотна больш? Жанчыны заўзеюць інакш, чым мужчыны?

Новік: Тут ужо няма падзелу на гендэрныя катэгорыі. Можа, у савецкі час такая рыторыка была: мужчыны самыя моцныя, самыя лепшыя. Але, здаецца, заўсёды былі прыкладна аднолькавыя суадносіны, колькі жанчын заўзее, колькі мужчын. Можа, жанчыны пачалі сьмялей выказвацца пра гэта? У маёй клясе яшчэ 10 гадоў таму палова дзяўчат хадзілі на футбол і заўзелі за свае любімыя каманды і рабілі сьцягі гэтых камандаў, цалкам падтрымлівалі іх.

Цыганкоў: Мне падаецца, гэта істотна зьмянілася. У параўнаньні з савецкім часам заўзеньне стала і жаночай традыцыяй — гэта дасягненьне апошніх дзесяцігодзьдзяў. Напрыклад, на хакей, на матчы хакейнага клюбу «Дынама» прыходзіць 20-30% жанчынаў — у савецкі час такога і блізка не было.

Коцкая: Я пару дзён таму хадзіла на спаборніцтва і там на ўваходзе надгляд рабіла жанчына. Я ёй кажу: «Я ўпершыню стаю ў чарзе на надгляд на спартовае спаборніцтва». Бо мужчын не было, былі адны жанчыны. Яна мне адказвае: «А вы думаеце камусьці з мужчынаў гэта цікава?»

Цыганкоў: А што за спаборніцтва было?

Коцкая: Гэта былі скачкі на батутах. Было ўражаньне, што раздалі квіткі жанчынам, пераважна ва ўзросьце 40+. І адны жанчыны.

Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць

Другія Эўрапейскія гульні прайшлі у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.

  • На падрыхтоўку і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала ня менш за 840 мільёнаў рублёў (каля 400–430 млн даляраў).
  • За два гады да гульняў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 млн даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. У кастрычніку 2018 году агучвалі ўдвая большую суму, у чэрвені 2019-га — у пяць з паловай раза большую. Выніковую суму абяцаюць назваць у студзені 2020 году.
  • З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
  • Паводле папярэдніх падлікаў, Беларусь за час Эўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 турыстаў, зь іх каля 7 тысяч чалавек былі акрэдытаваныя на гульні. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.​
  • Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
  • Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG