Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мэнструацыя як табу». 7 цытатаў з дыскусіі пра сучасную жаночую літаратуру


Падчас дыскусіі. Анка Ўпала, Алена Брава, Юлія Цімафеева, Вольга Гапеева, Софі Оксанэн, Надзея Кандрусевіч (зьлева — направа)

У Менску другі дзень ідзе фэстываль інтэлектуальнай літаратуры «Прадмова». У дыскусіі «Жаночая літаратура: зьмена парадыгмы» ўзялі ўдзел беларускія паэткі і пісьменьніцы Алена Брава, Вольга Гапеева, Анка Ўпала, Юлія Цімафеева і фінска-эстонская пісьменьніца Софі Оксанэн. Свабода сабрала сем выказваньняў удзельніц дыскусіі.

Софі Оксанэн: «Самыя сэксісцкія краіны, у якіх я была, — Італія і Літва. У Італіі мой узрост быў вялікай праблемай. Я памятаю, што журналіст, які чытаў мае кнігі, прыйшоў у аўдыторыю і проста закрычаў: „Я ня мог уявіць, што вы такая маладая!“. У Літве вялікая частка пытаньняў пасьля дыскусіі была кшталту: „Ці замужам вы?“ „А што думае муж пра вашыя творы?“ І такія пытаньні займаюць палову інтэрвію».

Софі Оксанэн — фінская пісьменьніца, фэміністка і ЛГБТ-актывістка. Яе раман «Ачышчэньне» перакладзены больш чым на 50 моваў сьвету і атрымаў на радзіме ўсе магчымыя ўзнагароды. Оксанэн — першая фінская літаратарка, якая стала ляўрэаткай прэміі Швэдзкай акадэміі — так званага «малога Нобэля».​

Фінская пісьменьніца Софі Оксанэн і перакладчыца Надзея Кандрусевіч
Фінская пісьменьніца Софі Оксанэн і перакладчыца Надзея Кандрусевіч

Анка Ўпала: «У літаратуры цялеснасьць, пра якую пішуць жанчыны, дагэтуль успрымаецца як табу. Аднойчы падчас дыскусіі адна наведніца падышла да мяне і сказала: „Божа! Не пішыце пра мэнструацыю. Гэта ж фізіялёгія!“»

Анка Ўпала — пісьменьніца, перакладчыца, аўтарка раману «На заснежаны востраў», які увайшоў у шорт-ліст прэміі Гедройца.

Пісьменьніца Анка Ўпала
Пісьменьніца Анка Ўпала

Алена Брава: «Дамінуючы дыскурс у літаратуры створаны мужчынамі-пісьменьнікамі. Як можна часта пачуць, калі выступаюць пісьменьнікі старэйшага пакаленьня, „жанчына — гэта муза, Прыўкрасная Дама“. Якая мэнструацыя, дзяўчаты? Як гэта можна казаць у дачыненьні да Прыўкраснай Дамы ці музы? Для мужчыны яна павінна быць зручнай, камфортнай, клапатлівай жонкай».

Алена Брава пісьменьніца, аўтарка кніг «Камэнданцкі час для ластавак», «Каханнье ў ценю казармаў Манкада», «Менада і яе сатыры», «Спэктакль у чорным тэатры».​

Пісьменьніца Алена Брава
Пісьменьніца Алена Брава

Вольга Гапеева: «Чаму я пішу пра цялеснасьць? Гэта нейкая спроба адваяваць цела назад, у мовы, у грамадзтва, якім яно хоча мяне бачыць».

Вольга Гапеева — паэтка, перакладчыца, лінгвістка. Аўтарка кніг «Няголены ранак»​, «​Прысак і пожня»​, «​Сумны суп»​, «​(в)ядомыя гісторыі».

Анка Ўпала, Алена Брава, Юлія Цімафеева і Вольга Гапеева (зьлева — направа)
Анка Ўпала, Алена Брава, Юлія Цімафеева і Вольга Гапеева (зьлева — направа)

Юлія Цімафеева: «Мы ўсе пойдзем да зямлі. Мы ядзім, расьцем, дыхаем. Мы пазнаём сьвет дзякуючы свайму целу. Таму для мяне адмаўленьне ад гэтага цела — дзікасьць. Цела — наш самы першы дом. Мы жывём у ім усё жыцьцё. Сама паэзія ў многім зьвязаная зь цялеснасьцю, таму што паэзія — гэта дыханьне. Для мяне гэта нармальна. І ня трэба гэтага саромецца».

Юлія Цімафеева — паэтка, перакладчыца, аўтарка зборнікаў вершаў «Кніга памылак» і «Цырк»​.

Анка Ўпала: «Калі выйшла мая кніга, мужчыны ня ўбачылі ўва мне канкурэнтку і больш паблажліва паставіліся да яе. Бо ў нашым грамадзтве мужчыны канкуруюць з мужчынамі».

Юлія Цімафеева: «Мы павінны ставіцца сур’ёзна да саміх сябе, уласнай творчасьці і творчасьці нашых каляжанак. Трэба верыць у іншых жанчын і падтрымліваць адна адну».

Пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч
Пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG