Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загадкавая гібель сябра Пазьняка, які мог стаць прэзыдэнтам Украіны


Вячаслаў Чарнавол

20 гадоў таму, 25 сакавіка 1999, у аўтамабільнай катастрофе загінуў лідэр Народнага Руху Ўкраіны Вячаслаў Чарнавол. Сьледзтва ў гэтай справе некалькі разоў аднаўлялася, у тым ліку і па распараджэньню прэзыдэнтаў Украіны і, тым ня менш, да сёньняшняга дня няма адказу, што гэта было: трагічная выпадковасьць ці сплянаванае забойства?

Сьцісла:

  • У часы СССР Вячаслаў Чарнавол был дысыдэнтам і правёў у зьняволеньні пятнаццаць гадоў.
  • У 1990 быў абраны народным дэпутатам Украіны, узначаліў парлямэнцкую фракцыю Руху. У 1991 быў кандыдатам ў прэзыдэнты Ўкраіны, набраў на выбарах больш як 23% галасоў.
  • У 1990 годзе разам зь лідэрам БНФ Зянонам Пазьняком выступіў ініцыятарам стварэньня Балта-Чарнаморскай Садружнасьці, у якую б уваходзілі Беларусь, Украіна, Польшча, Літва, Латвія і Эстонія.
  • Загінуў у аўтамабільнай катастрофе 25 сакавіка 1999 года. Яму пасьмяротна нададзена званьне Героя Ўкраіны; у Кіеве і ў некалькіх дзесятках гарадоў ёсьць вуліцы ягонага імя.

Гэты тэкст я напісаў у траўні 2006 годзе, калі наведаў Кіеў і сустрэўся з паплечнікамі і сынам Вячаслава Чарнавола.

Вячаслаў Максімавіч Чарнавол запомніўся мне вельмі энэргічным, рухомым, імпульсіўным чалавекам з надзвычайным пачуцьцём гумару. Бяз крыўдаў на лёс ды на людзей, нібыта і не было пятнаццаці гадоў турмы, цкаваньняў, здрады былых паплечнікаў. На будучыню Ўкраіны і Беларусі ён глядзеў аптымістычна, і гэта, падаецца, арганічна вынікала зь ягонага ўспрыманьня жыцьця.

... Мне давялося сустракацца зь Вячаславам Максімавічам у Менску, Кракаве, Кліўлендзе (ЗША), але найбольш яскравыя ўспаміны зьвязаныя з Кіевам вясной 1996 году. Мы прыехалі разам зь Зянонам Пазьняком, зусім не ўяўляючы, што гэтыя дні ў сталіцы Ўкраіны будуць, фактычна, першымі днямі эміграцыі. Чарнавол адразу зразумеў сутнасьць “беларуска-расейскага саюзу”, супраць якога БНФ вывеў на вуліцы некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.

Справа налева: Зянон Пазьняк, Атэна Пашко, Вячаслаў Чарнавол, Сяргей і Галіна Навумчыкі. Кіеў, сакавік 1996 г.
Справа налева: Зянон Пазьняк, Атэна Пашко, Вячаслаў Чарнавол, Сяргей і Галіна Навумчыкі. Кіеў, сакавік 1996 г.

Той час, напэўна, быў апагеем палітычнай дзейнасьці Чарнавола. А пасьля адбыўся раскол Народнага Руху – некаторым прагматыкам Чарнавол здаваўся занадта рамантычным. Адны лічылі, што насьпеў час перавесьці палітычны капітал у фінансавы. Іншым надакучыла хадзіць у апазыцыянэрах, калі можна было атрымаць пасады. Пасьля расколу Руху апанэнты папрасілі Вячаслава Максімавіча пакінуць офіс і аформілі сваю просьбу даволі эфэктна – выставілі на вуліцу чаравікі Чарнавола. Прыгадваючы тыя часы сёньня, паплечнікі Чарнавола гавораць і пра тое, што ў прэсе яму ствараўся імідж палітыка “ўчорашняга дня”, яго нават пачалі называць “палітычным трупам”, хаця Чарнавол ізноў правёў некалькі дзясяткаў рухаўскіх дэпутатаў у Вярхоўную Раду і ўзначальваў парлямэнцкую фракцыю.

У такіх умовах Чарнавол ня мог выйграць прэзыдэнцкія выбары, і таму падтрымаў кандыдатуру былога міністра замежных спраў Генадзя Ўдавенкі, які ўступіў у Рух. Разам яны езьдзілі па краіне, сустракаліся з выбаршчыкамі. У ноч на 25 сакавіка 1999 года аўтамабіль, у якім Чарнавол вяртаўся з Кіраваграду ў Кіеў, сутыкнуўся з КамАЗам, што раптоўна перагарадзіў шашу. Чарнавол і ягоны кіроўца Яўген Паўлаў загінулі адразу. Прэсавага сакратара Руху Дмытро Панамарчука ўратавала тое, што ён спаў на заднім сядзеньні.

На наступны дзень пасьля трагедыі газэта, якая добра прыклалася да цкаваньня Чарнавола, назвала яго “найвыбітнейшым украінскім палітыкам ХХ стагодзьдзя”.

Труну паставілі ў Палацы, дзе ў 1918 годзе абвяшчалі Ўкраінскую Народную Рэспубліку; разьвітацца прыйшлі дзесяткі тысяч людзей. Лідэр Народнага Руху пахаваны на Байкавых могілках, на цэнтральнай алеі, дзе ляжаць самыя выбітныя людзі Ўкраіны.

І адразу ж пачалося тое, што можна назваць палітычнай кананізацыяй, прычым у яе самай клясычнай форме. У Кіеве і Львове імём Чарнавола названы праспэкты, у іншых гарадох – вуліцы. Выдаецца дзесяцітомны збор твораў (ужо выйшлі чатыры кнігі). У будынку Вярхоўнай Рады партрэт Чарнавола намаляваны на сьцяне – нібыта фрэска ў царкве. Яшчэ Леанід Кучма надаў Чарнаволу званьне Героя Ўкраіны (пасьмяротна). Выпушчаная памятнапяы манета ў 2 грыўны.

Пасьля сьмерці Чарнавола да мяне даходзілі размовы, што нібыта ягоную жонку Атэну выселілі з кіеўскай кватэры. Насамрэч, адбылося іншае – Чарнавол пасьля пераезду са Львова жыў у службовай кватэры, уласнага жыльля ў сталіцы ня меў. Ён увогуле быў абыякавы да матэрыяльных дабротаў. Пасьля трагедыі жонка вымушана была вызваліць службовае памяшканьне – і сталічная мэрыя дала ёй кватэру ў самым цэнтры Кіева, паблізу Опэрнага тэатру. (Атэна Пашко памерла ў 2012 годзе – удакл. 2019).

Нібыта, дзеля памяці Чарнавола і ранейшыя, і цяперашнія ўлады зрабілі і робяць усё магчымае. Аднак і па сёньня застаецца адкрытым пытаньне: што ж адбылося ўначы 25 сакавіка 1999 году?

Ужо празь некалькі гадзін пасьля аварыі міністар унутраных спраў Украіны заявіў, што яна была “транспартным здарэньнем”. Але шмат якія блізкія Чарнавола лічаць катастрофу невыпадковай.

Што ўдалося высьветліць, якія высновы зрабіў я з кіеўскіх размоваў?

Чарнавол вельмі любіў хуткую язду. Нават так: ён вымушаны быў – стылем свайго жыцьця – езьдзіць хутка (але за рулём заўсёды быў кіроўца).

Памятаю, як вясной 1996 года ў штаб-кватэры Руху мы разам з Чарнаволам, Пазьняком і Панамарчуком зьбіраліся на прэсавую канфэрэнцыю. Да пачатку заставалася дзесяць хвілін, а Чарнавол яшчэ некаму тэлефанаваў і не выглядала, каб баяўся спазьніцца. Потым аўтамабіль на шалёнай хуткасьці паімчаў па цэнтру Кіева – хіба што толькі не па сустрэчнай паласе, але дзе-нідзе і на “чырвонае” сьвятло. Машыну лідэра апазыцыі міліцыя не спыняла.

Дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што такі стыль язды ўласьцівы ў Кіеве шмат каму, і катастрофы, у якіх украінскія палітыкі гінуць адзін за другім (некалькі гадоў таму загінуў за рулём мой добры знаёмы, былы дэпутат, а потым міністар Емец) – нічога ў гэтым сэнсе не зьмянілі. Пятнаццаць гадоў таму дэпутаты выціскалі апошняе з рухавікоў дабітых “опэляў” і “маздаў” –яшчэ цяжэй атрымліваецца езьдзіць па правілах цяпер, на новых “мэрсэдэсах”.

Незадоўга да гібелі ўжо патрапіў у аварыю – выбраўся з разьбітай машыны і па мабільным тэлефоне тэрмінова запатрабаваў, каб прыслалі іншую, бо сьпяшаўся на сустрэчу.

У 1999-м Чарнавол, з шэрагу прычынаў, ужо ня мог разьлічваць на падтрымку незалежнай прэсы і быў вымушаны рабіць стаўку на сустрэчы з выбаршчыкамі ў рэгіёнах. Тым больш, што, нягледзячы на неадназначнае стаўленьне да яго палітычнай эліты, залі Чарнавол зьбіраў перапоўненыя. Праводзіў па некалькі сустрэч у суткі – раніцай, удзень і ўвечар, а спаць часьцяком даводзілася ў дарозе. Перад апошняй паездкай Чарнавола ягоны кіроўца паспаў толькі некалькі гадзінаў, быў стомлены, і ягоная рэакцыя на раптоўную перашкоду на дарозе магла быць запаволенай. Аднак рэканструкцыя падзеяў паказала, што КамАЗ пачаў разварочвацца нагэтулькі раптоўна, што шанцаў уратавацца пры хуткасьці 120 км на гадзіну практычна не было б ні ў каго.

Зразумела, што калі плянавалася палітычнае забойства, вывучаўся стыль жыцьця Чарнавола. І найлепшым варыянтам для рэалізацыі злачыннай задумы – з улікам усіх абставін – была менавіта аўтамабільная катастрофа.

Вось толькі некаторыя з пытаньняў, на якія сябры Чарнавола ня маюць адказаў.

Чаму КамАЗ выехаў на ўчастак трасы, на якім грузавікам знаходзіцца было забаронена, чаму кіроўца КамАЗу спыніўся на месцы будучай катастрофы і чакаў аж гадзіну? І чаго ён чакаў? Чаму толькі перад машынай кіраўніка Руху пачаў рабіць манэўр?

Што за чалавек сядзеў у кабіне КамАЗу побач з кіроўцам і чаму ў яго была зброя? Куды ён зьнік адразу пасьля аварыі? Чаму рабочы, які таксама знаходзіўся ў кабіне КамАЗу, раптоўна памёр у сорак адзін год пасьля размовы зь нейкімі незнаёмцамі? Чаму дыягназам памерламу сьведку быў вызначаны інфаркт, хаця ён ніколі не скардзіўся на сэрца? Куды зьнікла ягоная “гісторыя хваробы”?

“Таёта”, на якой загінуў Чарнавол, была прэзэнтаваная Руху адной з фірмаў неўзабаве перад аўтакатастрофай. Чаму быў толькі адзін тармазны сьлед, а ня два? Няспраўныя тармазы? Чаму не спрацавалі падушкі бясьпекі? (адназначна, яны б уратавалі Чарнавола і кіроўцу – удар быў хаця і моцны, але ўратаваўся ж Панамарчук на заднім сядзеньні).

Чаму да разьбітай “таёты” не пусьцілі членаў грамадзкай камісіі і куды потым машына зьнікла?

Некалькі дэпутатаў Вярхоўнай Рады бачылі відэакасэту, на якой спэцназавец у масцы заяўляў, што гібель Чарнавола – гэта адмысловая апэрацыя сілавых структур. Потым касэта зьнікла. Чаму?

Травень 2006 г.

  • Справа аб гібелі Чарнавола была спыненая судом Барыспалю, аднак пасьля перамогі Майдану ў 2014 годзе яна была адноўленая Кіеўскім апэляцыйным судом з фармулёўкай “замах на жыцьцё дзяржаўнага дзеяча” (раней яна разглядалася выключна як аўтааварыя са сьмяротным вынікам).
  • Сыен палітыка, Тарас Чарнавол, перкананы, што цяпер трэба асобна расьледваць зьнішчэньне доказнай базы, а таксама прычыны раптоўнай сьмерці Івана Шаломы, які быў у кабіне грузавіка. У выніку экзгумацыі ў целе Шалома былі знойдзеныя атрутныя рэчывы.
  • Тарас Чарнавол паведаміў Радыё Свабода, што экспэрты, якія расьсьледавалі справу ў 1999 годзе, насамрэч не праводзілі экспэртызаў, а толькі падпісвалі патрэбныя дакумэнты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG