Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 10 год колькасьць мільярдэраў у сьвеце вырасла ўдвая


Ілюстрацыйнае фота. Самы багаты чалавек сьвету, уладальнік кампаніі Amazon Джэф Бэзас з жонкай

За апошняе дзесяцігодзьдзе колькасьць мільярдэраў у сьвеце падвоілася і летась іх колькасьць дасягнула 2208 чалавек, гаворыцца ў дасьледаваньні міжнароднага аб’яднаньня арганізацый барацьбы зь беднасьцю Oxfam. Паводле справаздачы, капітал найбагацейшых людзей плянэты рос на 2,5 мільярда даляраў штодня.

У пэрыяд з 2017-га да 2018 году новы мільярдэр у сьвеце зьяўляўся кожныя два дні, кажуць экспэрты. Пры гэтым фінансавае становішча 3,8 мільярда самых бедных людзей сьвету за мінулы год зусім не палепшылася, адзначаюць аўтары дасьледаваньня.

Акрамя таго, багатыя асобы і арганізацыі плацяць самыя нізкія падаткі за дзесяцігодзьдзе, заяўляюць у Oxfam. Як гаворыцца ў дасьледаваньні, калі 1% найбагацейшых людзей будзе плаціць усяго на 0,5% больш падаткаў са сваіх даходаў, гэта дасьць магчымасьць сабраць сродкі на адукацыю 262 мільёнаў дзяцей або на мэдыцынскія паслугі, якія змогуць выратаваць жыцьцё 3,3 мільёна чалавек.

Oxfam заклікае ўрады ўвесьці рэальныя зьмены, каб заахвоціць карпарацыі і багатых фізычных асобаў плаціць справядлівую долю падаткаў і інвэставаць гэтыя сродкі ў бясплатную мэдыцыну і адукацыю.

Як паказваюць дасьледнікі, багацьце самага заможнага чалавека — уладальніка кампаніі Amazon Джэфа Бэзаса — вырасьлі да 112 мільярдаў даляраў, а адзін адсотак ад гэтай лічбы роўны ўсяму бюджэту аховы здароўя Этыёпіі з насельніцтвам 105 мільёнаў чалавек.

Міжнароднае аб’яднаньне Oxfam публікуе даклад аб беднасьці напярэдадні штогадовай сустрэчы Сусьветнага эканамічнага форуму ў Давосе, Швэйцарыя, 22 студзеня.

Ці ёсьць мільярдэры ў Беларусі

У Беларусі дакладна быў прынамсі адзін даляравы мільярдэр — у 2016 годзе Bloomberg ацэньваў у 1,5 млрд даляраў багацьце Віктара Кіслага, заснавальніка кампаніі Wargaming і стваральніка гульні World of Tanks. Але цяпер у сьпісе Forbes, дзе ўлічаныя больш за дзьве тысячы бізнэсоўцаў, якія маюць больш за мільярд даляраў, цяпер няма беларусаў.

У розны час сьцьвярджалася, што больш за мільярд меў беларускі бізнэсовец украінскага паходжаньня Ўладзімер Пефціеў, а таксама замежныя бізнэсоўцы беларускага паходжаньня Андрэй Мельнічэнка, Дзьмітры Мазепін, Андрэй Клямко і Міхаіл Абызаў. Самыя вялікія даходы ў Беларусі дэкляруе ўжо два гады запар Віктар Пракапеня (58,9 млн рублёў за 2017 год), але ацэнку агульнага багацьця бізнэсоўца не давалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG