Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сьмерці Коржыча не вінаватыя. На судзе выступілі адвакаты падсудных сяржантаў


Яўген Бараноўскі, Антон Вяжэвіч і Ягор Скуратовіч на судзе, жнівень 2018 году

На працэсе ў справе Коржыча скончыліся спрэчкі бакоў. Адвакаты просяць «як мага меншага пакараньня».

18 кастрычніка на працэсе ў справе сьмерці Аляксандра Коржыча скончыліся спрэчкі бакоў. Пракурор і пацярпелая Сьвятлана Коржыч выступілі напярэдадні, 18 кастрычніка выступілі адвакаты пацярпелай і абвінавачаных.

Адвакатка Сьвятланы Коржыч у сваёй прамове зьвярнула ўвагу на тое, што падчас разгляду справы без адказаў засталося некалькі важных пытаньняў. У прыватнасьці, суд так і ня змог высьветліць, чые генэтычныя сьляды былі знойдзеныя на форме Коржыча (у экспэртызе гаворыцца, што гэта сьляды нявысьветленых асобаў. — РС).

Таксама, на думку адвакаткі Сьвятланы Коржыч суд павінен прыняць да ўвагі паказаньні вайсковага псыхіятра Бубенчык, якая адназначна заявіла на допыце, што не заўважыла ў Аляксандра Коржыча прыкметаў псыхічнага захворваньня, а расстройства, якое ў яго было, ня можа быць прычынай суіцыдальных паводзінаў.

Асобнай увагі, на думку адвакаткі пацярпелай, заслугоўвае той факт, што сьледчы экспэрымэнт быў праведзены ня ў поўнай адпаведнасьці сытуацыі, у якой знаходзіўся Коржыч. Усім удзельнікам сьледчых экспэрымэнтаў было прадэманстраванае месца павешаньня і пастаўленая задача, у той час як Аляксандар Коржыч трапіў у вэнтыляцыйнае падвальнае памяшканьне самастойна і ня ведаў раней пра яго існаваньне.

«Асобнай увагі заслугоўвае той факт, што запальнічка, якую нібыта выкарыстоўваў Коржыч падчас самапавешаньня, была знойдзеная ў яго кішэні», — заўважыла адвакатка Коржыч. У канцы сваёй прамовы яна адзначыла, што спадзяецца на справядлівае рашэньне суду, а таксама на тое, што ўсе вінаватыя ў сьмерці Аляксандра Коржыча асобы будуць вызначаныя.

Маці і бабуля Аляксандра Коржыча
Маці і бабуля Аляксандра Коржыча

Адвакаты абвінавачаных падчас сваіх выступаў адзначылі, што, на іх думку віна іх падабаронных даказаная падчас разгляду справы не ў поўнай меры. Яны спаслаліся на супярэчнасьці ў паказаньнях пацярпелых салдат, агучаныя абвінавачанымі факты ціску падчас сьледзтва, адсутнасьць прэтэнзій з боку пацярпелых.

«Мой падабаронны даваў праўдзівыя паказаньні падчас сьледзтва, — сказала адвакатка Яўгена Бараноўскага. — Таксама ён часткова прызнаў сваю віну і заявіў, што раскайваецца ва ўчыненым. Гэта павінна быць зьмякчальнай акалічнасьцю».

Адвакатка Яўгена Бараноўскага таксама паставіла пад сумнеў тое, што дзеяньні сяржанта маглі стаць прычынай самагубства Аляксандра Коржыча. Яна зьвярнула ўвагу на тое, што Коржыч нікому і ніколі не скардзіўся на дзеяньні яе падабароннага, а таксама не выказваў праз гэта намеру скончыць жыцьцё самагубствам.

«Супрацьпраўныя дзеяньні Бараноўскага ў дачыненьні Коржыча мелі месца, — сказала адвакатка. — Аднак яны насілі эпізадычны характар. Паміж імі былі хутчэй сяброўскія адносіны... Я не апраўдваю свайго падабароннага. Аднак прашу заўважыць, што мой падабаронны не зьяўляўся аўтарам нестатутных адносінаў у частцы. Яны існавалі там шмат гадоў. Мой падабаронны таксама зьяўляецца пацярпелым у іншай справе. Прашу прызначыць яму як мага больш мяккае пакараньне».

На думку адваката Ягора Скуратовіча, яго падабаронны трапіў у сыстэму пазастатутных дачыненьняў, якая ўжо склалася, ён ня быў яе стваральнікам і дзейнічаў так, як дзейнічалі іншыя сяржанты.

На судзе па справе Коржыча, жнівень 2018 году
На судзе па справе Коржыча, жнівень 2018 году

«Пры вынясеньні пакараньня прашу ўлічваць невялікую суму атрыманага матэрыяльнага ўзнагароджваньня, — сказаў адвакат. — А таксама тое, што амаль уся атрыманая сума перадавалася вышэйшаму кіраўніцтву... Мой падабаронны ўвогуле мог не прызнаваць сваёй віны ў сувязі з тым, што яна не пацьверджаная нічым, акрамя словаў саміх пацярпелых. Аднак ён ня стаў рабіць гэтага і прызнаў сваю віну.

Эпізоды з удзелам Коржыча, у якіх абвінавачваюць Скуратовіча, у матэрыялах справы адсутнічаюць увогуле. Ніводзін з эпізодаў, у якім абвінавачваюць майго падабароннага, не адбыўся без прычыны... Калі падсумаваць усе эпізоды з удзелам майго падабароннага, то застанецца 17 удараў па лытцы, 10 зь якіх аднаму з пацярпелых, які зьяўляецца „асаблівым выпадкам“. Боль у выніку такіх удараў калі і быў, то нязначны».

Адвакат Ягора Скуратовіча зьвярнуў увагу суда на тое, што частка пацярпелых адкрыта гаварыла пра сваё нежаданьне служыць паводле вайсковага статуту. На думку абаронцы, на лаве падсудных акрамя абвінавачаных сяржантаў мусяць быць іншыя асобы, якія адказвалі за ўлік вайскоўцаў у частцы і займаліся аказаньнем мэдычнай дапамогі салдату.

«Дзеяньні Скуратовіча неабходна ацэньваць як „прымяненьне гвалту“, — сказаў адвакат. — Прашу ўлічыць станоўчыя характарыстыкі Скуратовіча. Тое, што ён заўсёды стараўся дапамагчы салдатам і дапамагаць ім. Устаноўлена, што мой падабаронны не хацеў прысваеньня яму званьня сяржанта... Абарона просіць прызначыць Скуратовічу пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі».

Архіўнае фота з суду па справе Коржыча, жнівень 2018 году
Архіўнае фота з суду па справе Коржыча, жнівень 2018 году

Адвакатка Антона Вяжэвіча таксама адзначыла, што віна яе падабароннага на працэсе была даказаная ня цалкам, а дзеяньні яе падабароннага ня сталі прычынай самагубства Аляксандра Коржыча.

«Канфліктаў паміж Вяжэвічам і Коржычам падчас знаходжаньня яго ў мэдроце не было, — адзначыла адвакатка. — Коржыч сам адкупляўся ад фізычных работ. Як разумею, даказаныя на працэсе факты дзедаўшчыны Коржыча задавальнялі. Ніхто не паведамляў кіраўніцтву часткі пра факты пазастатутных адносінаў... У цэлым дзеяньнямі Вяжэвіча Коржычу не былі прычыненыя пакуты альбо боль. Гэтыя сьцьверджаньні абвінавачваньня зьяўляюцца надуманымі...

Коржыч мог павесіцца ў сувязі зь цяжкімі ўмовамі службы. Не было гарачай вады, стаяла пытаньне аб набыцьці абмундзіраваньня, абутку. Альбо, напрыклад, Коржыча павесілі, альбо прымусілі павесіцца. Гэтыя вэрсіі могуць разглядацца разам з вэрсіяй пра пазастатутныя адносіны. Цяжка зразумець лёгіку сьледзтва і абвінавачваньня ў прынцыпе. Сярод абвінавачаных няма прапаршчыка Вірбала, які карыстаўся карткай Коржыча, напрыклад... Вяжэвіч сам трапіў у сыстэму дзедаўшчыны, сам стаў яе ахвярай. Я мяркую, тут праблема глыбей, праблема ў немагчымасьці камандаваньня навесьці парадак».

Адвакатка Антона Вяжэвіча папрасіла суд прызначыць свайму падабароннаму «мінімальна магчымае пакараньне».

Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць

3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.

5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.

Асноўныя факты пра справу Аляксандра Коржыча. Відэа
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:58 0:00

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG