Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1993. Шушкевіч падпісвае дамову аб калектыўнай бясьпецы. Яму адключаюць спэцсувязь. А потым — мікрафон


Завяршаем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Кнігу можна атрымаць на прэзэнтацыі, якая пройдзе ў сераду 17 кастрычніка ў 18.30 у сядзібе партыі БНФ (Менск, вул. Чарнышэўскага, 3-39).

... Як і іншыя дэпутаты Апазыцыі БНФ, я ня ўдзельнічаў у галасаваньні 26 студзеня 1994 году за адстаўку Шушкевіча. Мы ўвогуле не апускалі бюлетэні ў скрыні, хоць і разумелі з настрою большасьці дэпутацкага корпусу, што гэтым разам нам ня ўдасца заблякаваць галасаваньне.

Калі позна ўвечары старшыня падліковай камісіі абвясьціў сумныя для Шушкевіча вынікі, пасяджэньне сэсіі скончылася, і Шушкевіч выйшаў у бакавыя дзьверы за прэзыдыюмам — звычайна ён пакідаў свае рэчы ў пакоі за Авальнай заляй (кабінэт старшыні быў ужо ў будынку былога ЦК).

Я пайшоў усьлед за Шушкевічам. Спачатку я хацеў выказаць заўвагі адносна ягонага выступу перад галасаваньнем (выступ сапраўды быў ня самым удалым), але калі ўжо ўвайшоў у пакой, проста выказаў спачуваньне. Шушкевіч ужо быў у паліто і зьбіраў у папку паперы, а потым надзеў шалік.

Гэта быў ірляндзкі шалік шэра-крэмавага колеру са сьветлымі палоскамі на канцах, якія ў пачатку 80-х завезьлі ў Савецкі Саюз у даволі вялікай колькасьці (невядома зь якой нагоды — здаецца, «калашнікавы» ў Ісьляндыю Масква не пастаўляла). Набыць яго можна было толькі «па знаёмстве», але ён быў даволі распаўсюджаны.

Я глядзеў на гэты стары шалік, які папраўляў на сабе чалавек, што яшчэ чвэрць гадзіны таму быў кіраўніком дзяржавы, і адчуваў, наколькі абсурдным было абвінавачаньне яго ў карупцыі з вуснаў сіпатага дырэктара саўгасу. Я дакладна ведаў, што некаторыя намесьнікі старшынь аблвыканкамаў клалі сабе ў кішэню сотні тысяч даляраў хабару за ліцэнзіі на рээкспарт нафты, што «актывы» аднаго зь віцэ-прэм’ераў ацэньваліся на дваццаць мільёнаў даляраў, што сотні менш значных чыноўнікаў мелі фірмы, якія штомесяц прыносілі ім даходы ў дзясятак разоў большыя за афіцыйныя зарплаты — і ўсё гэта мог мець ён, кіраўнік дзяржавы. Мог, пры жаданьні. Але — не захацеў, і вось цяпер сыходзіць, маючы тое, з чым і прыйшоў на найвышэйшую пасаду.

Была ў гэтым нейкая вялізная несправядлівасьць, адчуваньне якой абвастрылася потым, калі той дырэктар саўгасу стаў прэзыдэнтам і разам са сваім атачэньнем паказаў зусім іншыя спосабы жыцьця і іншы ўзровень уласнага дабрабыту.

Калі я вяртаўся ў Авальную залю, я думаў пра тое, што яшчэ пару гадзінаў таму, калі б Шушкевіч патэлефанаваў Ельцыну і папрасіў падтрымкі — расейскі прэзыдэнт адным званком Кебічу мог бы спыніць тое, што адбылося ў Авальнай залі. Але цяпер было ўжо позна.

— Ён яшчэ не даедзе дадому, а спэцсувязь у кватэры адключаць, — нібыта прачытаў мае думкі сустрэты ў фае каардынатар парлямэнцкай большасьці Генадзь Казлоў.

Подпіс пад навагодняй ялінкай

Перад адстаўкай Станіслаў Станіслававіч пасьпеў зрабіць яшчэ адзін гістарычны ўчынак.

У апошні дзень 1993-га, 31 сьнежня, старшыня Вярхоўнага Савету Шушкевіч усё ж падпісаў дакумэнт, у якім заявіў, што Беларусь далучаецца да Дамовы аб калектыўнай бясьпецы.

Даціснулі.

Удзячны вучань папраўляе настаўніка

Пасяджэньні Вярхоўнага Савету штодня пачыналіся разьдзелам «Рознае» — імі адкрываюцца і разьдзелы гэтай кнігі. Але для гэтага выступу я раблю трайное выключэньне: цытую яго, хоць ён адбыўся не ў 1993-м годзе, а ў наступным. Не скарачаю яго, як іншыя, а даю поўны фрагмэнт стэнаграмы. І — стаўлю яго не ў пачатку разьдзелу, а завяршаю ім кнігу.

Аўторак, 1 сакавіка 1994 году. Заля пасяджэньняў Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь. 9 гадзін 30 хвілін. Старшынствуе Старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь М. І. Грыб.

Cтаршыня: Добрай раніцы, паважаныя народныя дэпутаты! Прашу заняць свае месцы. Будзем прыступаць да працы, пачнём з «Рознага»… Слова мае Шушкевіч Станіслаў Станіслававіч.

Шушкевіч С. С. (Адоеўская выбарчая акруга № 44, г. Менск): Паважаны Старшыня! Шаноўныя дэпутаты! Я баюся, што вы зараз будзеце выключаць мікрафон, таму што мой аналіз таго пытаньня, па якому ў нас адбываецца галасаваньне, паказвае, што фактычна мы хочам у адсутнасьць Канстытуцыйнага суду, у адсутнасьць структуры, якая дае тлумачэньне законаў, прыняць адразу тры разьдзелы нашай Канстытуцыі, па якіх вы, паважаны Мечыслаў Іванавіч, адразу станеце прэзыдэнтам, у вас будуць функцыі. Прачытайце артыкул 106. І таму, хоць ідзе галасаваньне, я кажу, што такім чынам народ уводзіцца ў зман, Вярхоўны Савет уводзіцца ў зман. І мы хочам зрабіць фактычна пераварот. Я лічу, што гэта недапушчальна. А цяпер па тэме. Паважаныя народныя дэпутаты! Ці можа быць законапаслухмяным народ, калі Вярхоўны Савет не зьяўляецца законапаслухмяным? Гэтага ня можа быць. Вярхоўны Савет прыняў рашэньне, прыняў пастанову зацьвердзіць заяву аб канстытуцыйных пераўтварэньнях. Сёньня 1 сакавіка. Дзе ж наша сумленьне? Дзе ж нашы датэрміновыя выбары, аб якіх мы абʼявілі? Мы падменьваем сёньня... Я разумею, што вам вельмі хочацца сядзець на гэтых месцах, бо вы да другой работы не ўсе здатныя. (Шум у залі). І таму, дзе ж наша сумленьне?

Cтаршыня: Выключыце мікрафон, таму што ідзе зьнявага народных дэпутатаў. Прабачце, але гэта так. Гэта ваша слова, Станіслаў Станіслававіч.

Шушкевіч С. С.: (Не чуваць) … а сёньня падманваем народ і ўводзім яго зноў у зман. Мы хочам, каб людзям зрабіць іншае абяцаньне. Я хачу сказаць, я вельмі многа сустракаюся зь людзьмі, яны вам ужо ня вераць, і мне прыемна гэта бачыць. (Шум у залі).

Cтаршыня: Паважаныя народныя дэпутаты! Выключаць мікрафон, калі чалавек ганьбіць народных дэпутатаў, — гэта не мая школа. Гэта школа майго папярэдніка. Я так зрабіў, як мяне вучылі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG