Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1993: Антыкарупцыйны даклад Лукашэнкі пісалі людзі Кебіча


Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Кнігу можна атрымаць на прэзэнтацыі, якая пройдзе ў сераду 17 кастрычніка ў 18.30 у сядзібе партыі БНФ (Менск, вул. Чарнышэўскага, 3-39).

Павал Холад (Плешчаніцкая выбарчая акруга № 67): Депутат Лукашенко, ссылаясь на документ, полученный из ремонтно-строительного управления Совмина, обвинил Станислава Шушкевича в неполной оплате ремонтных работ на 4 объектах. Затем в подтверждение того, что Станислав Шушкевич за все расплатился, он огласил в этом зале (и газеты напечатали) записку, подписанную вами, Вячеслав Францевич. Вот ее содержание. «Уважаемый Станислав Станиславович, проверка РСУ не окончена. Никто справку не подписывал и не визировал. Здесь полная фальсификация. Там ничего ненормального нет. Все в порядке. С уважением. Кебич». 16 декабря 1993 года за номером 10/349 этим же совминовским управлением выданы справка и поясняющий документ, подписанный начальником управления Н. П.Свиридовичем и главным бухгалтером Р. Ф.Кожушко… «Заказчиком Шушкевичем С. С. внесена оплата за выполненные работы: 1992 год — 191 636 рублей, 1993 год — 626 400 рублей. Всего 818 тысяч 36 рублей. Задолженности по выполненным объектам на 1 декабря 1993 года нет». Подписи. Печати. Уважаемый Вячеслав Францевич, коль вы утверждаете в данной Шушкевичу записке, что использованный Александром Лукашенко документ — фальсификация, то кто же в РСУ Совмина фальсификатор?.. И не считаете ли вы правильным (как в таких случаях поступают порядочные люди) с этой трибуны перед народными депутатами и гражданами Республики Беларусь принести извинения Станиславу Шушкевичу за своих подчиненных из управления Совмина, которые сфабриковали документ?

Выступ у "Розным"

«Што ж ты, Саша, наляцеў на Навумчыка, папракаў яго “іншамаркай” — ты ж бачыў гэтую развалюху, ты ў яе нават сесьці не захочаш?» — «А навошта Навумчык заявіў, што “Лукашэнка ня той чалавек?” Увогуле, Мікалай, адыдзі ўбок, хіба ня бачыш — я катком пайшоў на апазыцыю!»

Гэтыя дыялёг з Аляксандрам Лукашэнкам дэпутата апазыцыі Мікалая Крыжаноўскага ў фае перад Авальнай заляй я ня чуў, але Мікалай неаднаразова пераказваў яго, прычым пераказваў у розныя гады, не зьмяніўшы ніводнага слова, таму дакладнасьць дыялёгу гарантую.

14 сьнежня 1993 году Авальная заля была перапоўненая — ня толькі дэпутаты, але і ўрад у поўным складзе, супрацоўнікі апарату Вярхоўнага Савету і Савету міністраў, журналісты і дыпляматычны корпус. Выступу Лукашэнкі чакалі.

Выступ Лукашэнкі ў якасьці старшыні так званай антыкарупцыйнай камісіі 14 сьнежня і ягоныя адказы на пытаньні 15 сьнежня зьявіліся ня толькі этапнымі для ягонай палітычнай біяграфіі, але і вызначальнымі для будучыні Беларусі. (Пазьней у сьвядомасьці людзей і ў ацэнках палітолягаў яны будуць аб’яднаныя пад адным назовам — «антыкарупцыйны даклад Лукашэнкі».)

«Я не чакаў выкрыцьця асабліва вялікіх фактаў ад спадара Лукашэнкі»

Гэтага выступу чакалі, чаканьне гэтае накручвалася дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі, Лукашэнка прамаўляў у наўпроставай радыётрансьляцыі, і ля прыёмнікаў сядзелі мільёны. Уласна, у гэтыя дні было вырашана, хто будзе прэзыдэнтам Беларусі.

Важнасьць моманту разумеў і сам герой дня: Лукашэнка ўзышоў на трыбуну ў новым гарнітуры (здаецца, шэра-блакітнага колеру).

Нам удалося дамагчыся, каб з альтэрнатыўным дакладам выступіў Сяргей Антончык, і вось ён сапраўды прывёў факты злоўжываньняў і карупцыі на самым версе выканаўчай улады, і назваў прозьвішчы, і абвінаваціў Лукашэнку ў тым, што той сьвядома ў сваім дакладзе не назваў гэтых імёнаў, — але даклад Сяргея ня меў таго эфэкту, як выступ Лукашэнкі, бо адбываўся не ў рэжыме жывой радыётрансьляцыі і быў фактычна замоўчаны дзяржаўнымі СМІ.

Ну а разьюшылі Лукашэнку гэткія мае словы ў часе абмеркаваньня ягонага дакладу:

«Я не чакаў выкрыцьця асабліва вялікіх фактаў ад спадара Лукашэнкі. Гэта ня тая асоба. Але і без таго гэтая справаздача асабіста ў мяне пакінула пачуцьцё расчараваньня. Праўда, выступы іншых дэпутатаў — членаў камісіі і, у прыватнасьці, Сяргея Антончыка, далі больш фактаў. Бо калі справаздача ўтрымлівала ў асноўным больш палітыку, нават не палітыку, а палітыканства, дык выступленьне Антончыка было пабудавана на фактах і толькі на фактах. Я перакананы, што калі б яму далі не 30 хвілін, а гадзіну і 30 хвілін, то і яшчэ засталіся б факты. “Я готов предоставить информацию о крупных руководителях”, — сказаў спадар Лукашэнка, але не прадаставіў. “Имеется информация об участии высших должностных лиц в торговле оружием”, — але чаму тут, на гэтай парлямэнцкай трыбуне, гэтая інфармацыя не была названая? Мне ў ліку іншых народных дэпутатаў ужо, напэўна, тры разы з гэтай трыбуны даводзілася выступаць з запытамі пра справу «Белмедполя», дзе працуе спадарыня Алена Кебіч і куды былі перададзеныя 3 мільёны даляраў для закупу мэдычнага абсталяваньня. Няма адказу».

У выступе я нагадаў, што «ў нас за гэты год толькі 20 тысяч рублёў узята падатку за транзыт, транзыт таго транспарту, які праходзіць па тэрыторыі Беларусі. Вось гэта злачынства супраць дзяржавы. Гэта праява таго, што ўрад абсалютна не клапоціцца пра дзяржаўныя інтарэсы».

20 тысяч рублёў у тым часе — гэта дзесяць даляраў; хто з урадоўцаў быў зацікаўлены ў тым, каб патэнцыйныя мільёны не пайшлі ў бюджэт, ці альтруістычным было такое зацікаўленьне — пра гэта Лукашэнка не казаў. Як не сказаў і пра сытуацыю вакол 3 мільёнаў даляраў для фірмы, дзе працавала жонка Кебіча, пра што і дэпутаты апазыцыі, і газэта «Свабода» казалі і пісалі ўвесь 1993 год.

Даклад пісалі людзі Кебіча

Выступам Лукашэнкі 14–15 сьнежня можна было б прысьвяціць ня тое што асобны разьдзел кнігі, а і цэлую кнігу. Але я ня буду гэтага рабіць: больш важна сказаць пра тое, хто насамрэч быў стваральнікам дакладу.

І ўсё ж — некалькі словаў пра ягоны зьмест, паколькі ён тычыўся і нас, дэпутатаў Апазыцыі БНФ, і мяне асабіста.

Пазьней маю ацэнку таго дакладу як сумесі праўды, напалову праўды і заведамай хлусьні будуць цытаваць біёграфы Лукашэнкі, таму тут расшыфрую: праўдай былі названыя імёны чыноўнікаў невысокага рангу, паўпраўдай — наяўнасьць у мяне і Заблоцкага, як гэта вынікала з выступу Лукашэнкі, замежных (мелася на ўвазе — не савецкай ці расейскай вытворчасьці) аўтамабіляў (насамрэч, тое былі старыя, «дабітыя» машыны, кожнай — больш за дзесяць гадоў), ну а поўнай хлусьнёй было сьцьвярджэньне, што апазыцыя замешаная ў карупцыі гэтак сама, як і ўлада.

«Каля кармушкі і чыноўнікі, і апазыцыянэры хрукаюць аднолькава», — надрукавала «Советская Белоруссия» словы Лукашэнкі.

Адказваючы на пытаньні з трыбуны сэсіі, Лукашэнка сказаў: «Ответ Наумчику. Первое. Нет, ни с Шушкевичем, ни с вами, Вячеслав Францевич, я не согласовывал наш материал. Да, Сергей, я действительно не рос в черных обкомовских “волгах” и на черной икре (сьмех у зале) и жизнь видел не через ветровое стекло той черной “волги”».

Чорная ікра і чорны аўтамабіль, ва ўяўленьні Лукашэнкі, былі атрыбутам сямʼі сакратара абкаму партыі, якім мой бацька быў да жніўня 1991 году. У залі сапраўды стаяў рогат, карэктна пазначаны ў стэнаграме «сьмехам у залі».

Сяргей Антончык, Апазыцыя БНФ: «Я проста абураны, калі дэпутат Лукашэнка папракае дэпутата Навумчыка толькі ў тым, што ён зьяўляецца сынам работніка абкаму. Бо так пры Сталіне людзей... А я сын рэпрэсаванага. Бацьку страціў у сямнаццаць гадоў. Але гэта не перашкаджае мне сябраваць і быць у нармальных адносінах з чалавекам, бацька якога, можа быць, быў па іншы бок барыкад. І толькі тыя сталіністы за тое, што нехта сябраваў з Троцкім ці яшчэ з кімсьці, саджалі ў турмы. Таму я прасіў бы, каб Лукашэнка папрасіў прабачэньня перад дэпутатам Навумчыкам».

Канешне, ніякага прабачэньня Лукашэнка не папрасіў, а большасьць дэпутатаў была задаволеная словамі пра «чорную ікру» і зусім ня ўбачыла ў падобных пасажах ніякай небясьпекі.

Празь некалькі гадоў прыгаданыя Сяргеем Антончыкам сталінісцкія мэтады расправы з апанэнтамі ўвойдуць у сілу і будуць каштаваць жыцьця некаторым з тых, хто ў той момант знаходзіўся ў Авальнай залі і ўхваляў словы Лукашэнкі.

Адказваючы 15 сьнежня на маё сьцьвярджэньне, што ягоны выступ быў узгоднены з найвышэйшымі асобамі, Лукашэнка заявіў, што «Нет, ни с Шушкевичем, ни с вами, Вячеслав Францевич, я не согласовывал наш материал». Гэта таксама была хлусьня напалову.

І не таму, што з Шушкевічам свой даклад Лукашэнка сапраўды не ўзгадняў. Не ўзгадняў ён яго і з Кебічам. Лукашэнку проста не было патрэбы насіць свой тэкст да Кебіча — таму што пісаўся гэты тэкст разам зь людзьмі Кебіча, пры поўным спрыяньні Кебіча і пры поўным кантролі Кебіча.

Вось што праз гады сказаў тагачасны галоўны рэдактар «Советской Белоруссии», а пазьней рэдактар (паводле некаторых зьвестак — фактычны суаўтар) мэмуараў Кебіча, Ігар Асінскі: «14 сьнежня 1993 году на ўнутраным развароце газэты быў надрукаваны антыкарупцыйны даклад Аляксандра Лукашэнкі… публікацыя, ва ўмовах строгай сакрэтнасьці падрыхтаваная журналісткай Людмілай Масьлюковай, выклікала неверагодны ажыятаж у грамадзтве. Увесь розьнічны наклад разышоўся за лічаныя хвіліны… А празь некалькі гадзінаў Аляксандар Лукашэнка выступіў з гэтым дакладам на сэсіі Вярхоўнага Савету, зрабіўшы, магчыма, самы важны крок да вяршыняў дзяржаўнай улады» (Натальля Кулінка, Натальля Фядотава. «Время несбывшихся надежд», Вільня, Логвінаў, 2014, с. 173–174).

Варта ўдакладніць сказанае Асінскім — тэкст дакладу друкаваўся ў форме інтэрвію з супрацоўніцай газэты Людмілай Масьлюковай. Але гэта дэталь, а галоўнае — прызнаньне тагачаснага рэдактара газэты Савету міністраў, што ён меў тэкст яшчэ перад тым, як ён быў зачытаны з трыбуны Вярхоўнага Савету.

А вось прызнаньні самой Масьлюковай (якая адным са сваіх палітычных дасягненьняў лічыць тое, што, калі балятавалася ў ВС-13 у 1995 годзе, «у сваёй акрузе нямала крыві папсавала суперніку Валянціну Голубеву — самаму гарластаму з БНФ» (там сама, с. 141).

Яна кажа, што даклад Лукашэнкі пісаўся з удзелам журналістаў «СБ».

Масьлюкова не хавае радасьці: «Поўны фурор, і над разваротам — маё імя буйным шрыфтам. Але! Ідэя Лукашэнкі. Гэта ён узначаліў у парлямэнце антыкарупцыйную камісію, якая і рыхтавала яму даклад — лёсавызначальны і для яго самога, і для ўсёй краіны. Факты “нарылі” прафэсійныя сьледчыя. Канцэпцыю выбудоўваў палітык Васіль Новікаў (будучы кандыдат у прэзыдэнты ад камуністычнай партыі — С. Н.). Усе разам мы з Аляксандрам Рыгоравічам ацэньвалі, што атрымліваецца. Ён даклад ухваляў, але тыкаў у старонкі пальцам: маўляў, тут, вось тут і яшчэ вось тут я свой “фіціль” устаўлю. На мой погляд, менавіта “фіцілі” і зрабілі палымянай тую ягоную прамову з парлямэнцкай трыбуны…» (там сама, с. 136).

У інтэрвію Аляксандру Фядуту для ягонай кнігі Масьлюкова кажа: «Малумаў правяраў дакладнасьць фактуры, Сазонаў пастаўляў “сьвяжак”, каб нешта ўзмацніць, Новікаў адсочваў жорсткасьць лёгікі, разьвіцьцё думкі. А я, як і належыць журналісту, гарэзьнічала над тэкстам» (Аляксандар Фядута. Лукашенко. Политическая биография. Масква, «Референдум», 2005, ст. 94).

І Асінскі, і Масьлюкова блытаюць даклад, адказы на пытаньні і інтэрвію — але ў дадзеным выпадку важна тое, што ўсё гэта пісалася з дапамогай супрацоўнікаў газэты Савету міністраў. Прычым ня проста журналістаў, а давераных Кебічу асобаў. Ня лішне заўважыць, што Масьлюкова мела непасрэдны доступ да Кебіча: «Я мела, як кажуць, “доступ да цела” прэм’ера. Вячаслаў Францавіч даў мне тэлефон свайго ахоўніка, каб, у выпадку неабходнасьці, я магла наўпрост выйсьці на яго» («Время несбывшихся надежд», с. 145).

Прызнаньні Людмілы Масьлюковай пацьвярджаюць тое, пра што мы ведалі. І, бадай, апошняя яе цытата: «Ня без удзелу “СБ” быў адпраўлены ў адстаўку сьпікер парлямэнту Станіслаў Шушкевіч — “белавескі зубар”. Так яго называлі, таму што ён як кіраўнік Беларусі 8 сьнежня 1991 году падпісаў у Віскулях вось гэта: “Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік як… геапалітычная рэальнасьць спыняе сваё існаваньне”» (там сама, с. 135). І праз 20 гадоў Масьлюкова гневаецца з прычыны ліквідацыі СССР і ганарыцца датычнасьцю да адстаўкі Шушкевіча.

Калі можна казаць пра нейкую долю віны Шушкевіча ў кантэксьце дакладу Лукашэнкі, дык яна толькі ў тым, што ён, Шушкевіч, не надаў праблемам карупцыі асаблівай увагі. Але калі Шушкевічу можна закінуць ігнараваньне тэмы карупцыі, дык Кебічу — непасрэднае спрыяньне сумнеўнаму ўзбагачэньню. Зусім розная ступень вінаватасьці.

Міжнародная няўрадавая арганізацыя Transparency Internatіonal, якая вывучае стан карупцыі ў розных краінах сьвету, невыпадкова пазначае свой штогадовы рэйтынг менавіта як «успрыманьне» карупцыі.

Гэтым самым на першае, асноўнае месца выводзіцца нават ня сам рэальны ўзровень карупцыі, а ягонае ўспрыманьне насельніцтвам (у момант, калі я пішу гэтыя радкі, у індэксе Transparency Internatіonal, Беларусь знаходзіцца на 68-м месцы, паміж Сэнэгалам і Аманам).

У 1993 годзе ў Беларусі ўзровень жыцьця пагоршыўся, і многія зьвязвалі гэта з дэмакратычнымі і эканамічнымі рэформамі (хоць тое было якраз вынікам адсутнасьці такіх рэформаў). Але каб убачыць, хто імкліва багацее, ня трэба было разьбірацца ў паліталёгіі: багацелі чыноўнікі ды тыя, хто быў да іх набліжаны. БНФ прапаноўваў прыняць пакет антыкарупцыйных законаў, у тым ліку і пра асновы службы ў дзяржаўным апараце, нават зладзіў некалькі антыкарупцыйных мітынгаў — але ўсё гэта ігнаравалася найвышэйшым кіраўніцтвам краіны. Заканадаўства, якое б паставіла бар’еры для карупцыі, не было.

У выніку тэма карупцыі зрабілася тым самым рычагом, якім краіна ад хай сабе і недасканалай, але дэмакратыі — была павернутая да аўтарытарызму.

«Аляксандар Лукашэнка — беларускае ЧК»

Жаданьне аматараў інтрыгаў выкарыстаць некага супраць ворага можа вылезьці бокам: прадмет маніпуляцыі з інструмэнта ператвараецца ў маніпулятара, і вось ужо інтрыганы гойсаюць марыянэткамі ў ягоных руках.

Кебіч хацеў скарыстаць Лукашэнку ў змаганьні з Шушкевічам, «маладыя ваўкі» (Булахаў, Ганчар, Сініцын) рабілі з Лукашэнкі таран супраць Кебіча. У выніку, Лукашэнка абыграў іх усіх.

З моманту «антыкарупцыйнага» выступу Лукашэнкі адзіным спосабам спыніць яго на шляху ў прэзыдэнты было не дапусьціць самога прэзыдэнцтва (дэпутаты апазыцыі спрабавалі гэта зрабіць, байкатуючы галасаваньне) альбо падвысіць узроставую мяжу для кандыдатаў да 40 гадоў (Лукашэнку было 39). Аднак, да пэўнага часу, парлямэнцкая большасьць глядзела на Лукашэнку як на таран супраць БНФ і зусім не ўспрымала яго як сур’ёзную пагрозу Кебічу. І Лукашэнка сваім дакладам яшчэ болей «закалыхаў» намэнклятуру.

Асабліва спадабаўся пракамуністычным дэпутатам закід у бок Станіслава Шушкевіча — пры рамонце ягонай кватэры былі скарыстаныя магчымасьці гаспадарчага ўпраўленьня Савету міністраў. Лукашэнка прыгадваў нейкія скрыні зь цьвікамі.

Аднак тады я заўважыў, што калі і папракаць Шушкевіча — дык у тым, што ўвесь рамонт і кватэры і прыватнай дачы ад пачатку і да канца ня быў зроблены гэтым самым упраўленьнем пры шчыльным кантролі КДБ, паколькі любая замежная выведка заплаціць якія заўгодна грошы прыватнай будаўнічай фірме, каб паставіць ў часе рамонту свае «жучкі».

Празь месяц на закрытым пасяджэньні Вярхоўнага Савету Лукашэнка абвінаваціць Шушкевіча ў тым, што ён не абараніў супрацоўнікаў расейскай выведкі, якія працавалі ў беларускім прадстаўніцтве ААН у Нью-Ёрку і якіх выслалі з ЗША. «Наших, российских людей не защитил!» — абурыўся Лукашэнка і ўнёс прапанову аб адстаўцы Шушкевіча. Гэтым разам праімпэрская, пракамуністычная большасьць дамаглася свайго.

Але ў народнай сьвядомасьці адстаўка Шушкевіча ўвязаная з дакладам Лукашэнкі.

Аляксандар Лукашэнка — беларускае ЧК

Мільёны правароніў — скінуў Стася з-за цьвіка!

— даслалі чытачы ў «Звязду» на конкурс прыпевак.

Як і іншыя дэпутаты Апазыцыі БНФ, я ня ўдзельнічаў у галасаваньні 26 студзеня 1994 году за адстаўку Шушкевіча. Мы ўвогуле не апускалі бюлетэні ў скрыні, хоць і разумелі з настрою большасьці дэпутацкага корпусу, што гэтым разам нам ня ўдасца заблякаваць галасаваньне. Калі позна ўвечары старшыня падліковай камісіі абвясьціў сумныя для Шушкевіча вынікі, пасяджэньне сэсіі скончылася, і Шушкевіч выйшаў у бакавыя дзьверы за прэзыдыюмам — звычайна ён пакідаў свае рэчы ў пакоі за Авальнай заляй (кабінэт старшыні быў ужо ў будынку былога ЦК).

Я пайшоў усьлед за Шушкевічам. Спачатку я хацеў выказаць заўвагі адносна ягонага выступу перад галасаваньнем (выступ сапраўды быў ня самым удалым), але калі ўжо ўвайшоў у пакой, проста выказаў спачуваньне. Шушкевіч ужо быў у паліто і зьбіраў у папку паперы, а потым надзеў шалік.

Гэта быў ірляндзкі шалік шэра-крэмавага колеру са сьветлымі палоскамі на канцах, якія ў пачатку 80-х завезьлі ў Савецкі Саюз у даволі вялікай колькасьці (невядома зь якой нагоды — здаецца, «калашнікавы» ў Ісьляндыю Масква не пастаўляла). Набыць яго можна было толькі «па знаёмстве», але ён быў даволі распаўсюджаны.

Я глядзеў на гэты стары шалік, які папраўляў на сабе чалавек, што яшчэ чвэрць гадзіны таму быў кіраўніком дзяржавы, і адчуваў, наколькі абсурдным было абвінавачаньне яго ў карупцыі з вуснаў сіпатага дырэктара саўгасу. Я дакладна ведаў, што некаторыя намесьнікі старшынь аблвыканкамаў клалі сабе ў кішэню сотні тысяч даляраў хабару за ліцэнзіі на рээкспарт нафты, што «актывы» аднаго зь віцэ-прэм’ераў ацэньваліся на дваццаць мільёнаў даляраў, што сотні менш значных чыноўнікаў мелі фірмы, якія штомесяц прыносілі ім даходы ў дзясятак разоў большыя за афіцыйныя зарплаты — і ўсё гэта мог мець ён, кіраўнік дзяржавы. Мог, пры жаданьні. Але — не захацеў, і вось цяпер сыходзіць, маючы тое, з чым і прыйшоў на найвышэйшую пасаду.

Была ў гэтым нейкая вялізная несправядлівасьць, адчуваньне якой абвастрылася потым, калі той дырэктар саўгасу стаў прэзыдэнтам і разам са сваім атачэньнем паказаў зусім іншыя спосабы жыцьця і іншы ўзровень уласнага дабрабыту.

Каля я вяртаўся ў Авальную залю, я думаў пра тое, што яшчэ пару гадзінаў таму, калі б Шушкевіч патэлефанаваў Ельцыну і папрасіў падтрымкі — расейскі прэзыдэнт адным званком Кебічу мог бы спыніць тое, што адбылося ў Авальнай залі. Але цяпер было ўжо позна.

— Ён яшчэ не даедзе дадому, а спэцсувязь у кватэры адключаць, — нібыта прачытаў мае думкі сустрэты ў фае каардынатар парлямэнцкай большасьці Генадзь Казлоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG