Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1993, Пазьняк: Незалежнасьці дамагліся БНФ і дэмсілы, а ўлада ў руках камуністычнай намэнклятуры


Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Кнігу можна атрымаць на прэзэнтацыі, якая пройдзе ў сераду 17 кастрычніка ў 18.30 у сядзібе партыі БНФ (Менск, вул. Чарнышэўскага, 3-39).

Генадзь Казлоў (Сьляпянская выбарчая акруга № 26, Менск): В «Народнай газеце» был опубликован «Зварот апазіцыі БНФ да кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь», в котором ставился вопрос о лишении депутатских полномочий депутатов Скорынина, Козлова, Лукашенко, Ивана Трусова, Гринева… Опять-таки для любопытных, которые то и дело твердят о построении правового государства, сообщаю всем то, что должен был сделать Генеральный прокурор: заключение Генеральной прокуратуры. Прокуратура сообщает, что по обращению народных депутатов Республики Беларусь Позняка, Заблоцкого, Голубева и других Прокуратурой республики проведена проверка. В ходе проверки доводы авторов о подготовке событий в Москве на прошедших в Минске Конгрессе народа Беларуси и съезде Союза офицеров не подтвердились. «В выступлениях участников Конгресса и съезда Союза офицеров, в том числе и в вашем выступлении в Москве, отсутствовали какие-либо призывы к противозаконным действиям. В связи с чем оснований для возбуждения уголовного дела Прокуратура республики не нашла»… Так что, господа, замените крапленую колоду, если хотите играть честно… В свою очередь группа депутатов в ближайшее время планирует встречу с вновь избранными депутатами России.

Выступ у "Розным"

Калі ў пачатку 1993-га Кебіч запытаўся ў мяне, ці чытаў я ягоны выступ перад творчай інтэлігенцыяй у Міры, дзе ён казаў пра нацыянальнае Адраджэньне («Чытаў, Вячаслаў Францавіч. Вельмі добра!») дык у сярэдзіне году ні мне, ні каму-небудзь іншаму ён такімі прамовамі не хваліўся.

Прэмʼер пачаў самабічаваньне за ўдзел у падпісаньні Віскулёўскіх пагадненьняў аб ліквідацыі Савецкага Саюзу: у верасьні падчас наведаньня Гомельскай вобласьці ён увогуле выказаўся за аднаўленьне СССР у «абноўленым выглядзе».

У жніўні і ў верасьні атачэньне Кебіча правяло некалькі нарадаў дэпутатаў-кіраўнікоў рэгіёнаў, пра якія не паведамлялася ў прэсе. Пазьней будуць казаць пра сустрэчу ў нейкім лесе, якую правёў старшыня Горадзенскага аблвыканкаму Дзьмітры Арцыменя — найбольш верагодны кандыдат намэнклятуры на месца старшыні парлямэнту замест Шушкевіча.

Як мне ўдалося высьветліць, апытаўшы праз чвэрць стагодзьдзя некаторых былых кіраўнікоў, насамрэч было некалькі нарадаў — некалькі з удзелам Кебіча і некалькі ў абласьцях.

Менавіта на такой нарадзе Кебіч заявіў, што Антановіч абяцае яму 75–85 % падтрымкі і перамогу ўжо ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў, пра што згадваецца ў пачатку кнігі.

Галоўнай тэмай нарадаў была падрыхтоўка да прэзыдэнцкіх выбараў (для гэтага трэба было ўнесьці прэзыдэнцтва ў Канстытуцыю — тут ім на руку было імкненьне Шушкевіча фарсіраваць прыняцьце Канстытуцыі, нягледзячы на нашыя патрабаваньні даручыць гэта будучаму дэмакратычнаму парлямэнту). Пытаньне аб адстаўцы Шушкевіча абмяркоўвалася ў чыста тэхнічным пляне — тое, што яго трэба здымаць, сумненьняў у кіраўнікоў не было. Арцыменя сапраўды быў кандыдатам на пасаду сьпікера, хоць і не адзіным (20 верасьня 1993 году ён быў застрэлены каля свайго дома; у сэйфе знайшлі 30 тысяч даляраў, што ў той момант складала тры гадавыя зарплаты старшыні Вярхоўнага Савету).

15 верасьня Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету разглядаў сытуацыю ў паліўна-энэргетычным комплексе, паколькі дэфіцыт нафты зрабіўся ўжо праблемай палітычнай. Аднак ніхто з кіраўніцтва Савету міністраў на пасяджэньне Прэзыдыюму (які фактычна выконваў функцыі найвышэйшага органу ў перапынках праміж сэсіямі) — не зьявіўся, хоць пра пасяджэньне ва ўрадзе ведалі. Патэлефанавалі ў Саўмін — але замест віцэ-прэм’ера, які адказваў за паліўны комплекс, прыслалі намесьніка старшыні Дзяржпляну Аляксея Баршча. Віцэ-прэм’ер Станіслаў Брыль зьявіўся толькі праз гадзіну.

Я быў на гэтым пасяджэньні. Такое паказное сьвядомае ігнараваньне кіраўніцтва парлямэнту прымусіла пачырванець нават тых членаў Прэзыдыюму, якія падтрымлівалі Кебіча, бо гэта ўжо быў плявок у твар, ім паказалі, што яны — нішто. Шушкевіч рэзка выказаўся на пасяджэньні прэзыдыюму.

«Белаграсэрвіс» пастаўляе рэактыўнае паліва на Бэрмудзкія выспы

Працэдура атрыманьня (а больш дакладна, «выбіваньня») жывога тэлеэтэру для дэпутатаў апазыцыі звычайна займала ў мяне тыдзень, але 15 верасьня мы атрымалі этэр у той самы дзень: раззлаваны паводзінамі саўмінаўскага кіраўніцтва Шушкевіч даў каманду задаволіць нашую просьбу, і яна імгненна была выкананая (вось мог жа, калі хацеў).

Мы — Зянон Пазьняк, Уладзімер Заблоцкі, Юры Беленькі, Віктар Алампіеў і аўтар гэтых радкоў — увечары прыехалді ў тэлестудыю на вуліцу Камуністычную. Перадача працягвалася 40 хвілінаў.

Дэпутаты Апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк, Сяргей Навумчык, Віктар Алампіеў, Юрась Беленькі ў тэлестудыі студыі. Верасень 1993 г. Здымак з відэазапісу.
Дэпутаты Апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк, Сяргей Навумчык, Віктар Алампіеў, Юрась Беленькі ў тэлестудыі студыі. Верасень 1993 г. Здымак з відэазапісу.

Мы пацьвердзілі сваё патрабаваньне аб адстаўцы Кебіча: «Я заўважыў, што ўпершыню — фактычна, упершыню — сёньня на Прэзыдыюме старшыня Вярхоўнага Савету вымушаны быў прызнаць, што гэты ўрад ня здольны кіраваць эканомікай, кіраваць дзяржавай, — сказаў Пазьняк. Тое, што тры гады мы гаворым, цяпер яны вымушаныя былі прызнаць. Ну, натуральна, прапанавалі, што рабіць, які выхад? А выхад зразумелы: у нармальных дзяржавах ідзе адстаўка ўраду і новыя выбары, альбо фармуецца кааліцыйны ўрад».

У часе жывога этэру Пазьняк падаў сваё бачаньне прычынаў імкненьня Кебіча абʼяднацца з Расеяй: «Ідзе вельмі небясьпечны працэс, які можна ацаніць як ажыцьцяўленьне змовы беларускай і расейскай кіруючай камуністычнай намэнклятуры, накіраваны на ліквідацыю нашай дзяржавы. На ліквідацыю яе незалежнасьці і сувэрэнітэту. Не прымаецца палітычнае рашэньне (бо ўсім было б адразу ясна), а ідзе, прапануецца такі шлях праз зьнішчэньне сваёй фінансава-крэдытнай сыстэмы, праз падпарадкаваньне яе іншай дзяржаве. Якія ж прычыны? Чаму менавіта ўрад дзяржавы — беспрэцэдэнтны выпадак! — выступае супраць незалежнасьці сваёй дзяржавы? Людзі разумеюць, што яны робяць».

Дэпутат Апазыцыі БНФ Уладзімер Заблоцкі ў тэлестудыі, верасень 1993
Дэпутат Апазыцыі БНФ Уладзімер Заблоцкі ў тэлестудыі, верасень 1993

Галоўнай прычынай крызіснай сытуацыі Пазьняк назваў урад: «Незалежнасьці дамагліся Народны Фронт і дэмакратычныя сілы, а дзяржава апынулася ў руках намэнклятуры камуністычнай, якая ўвесь час выступала супраць гэтай незалежнасьці. Для іх дзяржава ня мае ніякай каштоўнасьці. Яны выступалі супраць Адраджэньня, супраць мовы. І вось гэтая дзяржава апынулася ў іх руках. Яны ніколі не кіравалі дзяржавай. Яны ня маюць гэтага вопыту. Пры КПСС яны выконвалі ўказаньні з Масквы. І самае вялікае, чым яны займаліся — гэта пабудовай прасёлачных дарог».

Дэпутат Віктар Алампіеў распавёў пра карупцыю ў паліўна-энэргетычнай сфэры: у часе, калі паліва не хапала для беларускіх спажыўцоў і не было чым запраўляць камбайны ў часе сяўбы — створаныя чыноўнікамі камэрцыйныя фірмы атрымлівалі ліцэнзіі і прадавалі набытае за бюджэтныя грошы паліва ў замежжы, прыбытак клалі сабе ў кішэню.

Алампіеў: «Я паспрабую прывесьці некаторыя лічбы, якія пакажуць, куды дзяецца частка нафтапрадуктаў. Магу сказаць, што наша рэспубліка засталася верная выкананьню “інтэрнацыянальнага доўгу”. Мы пастаўляем нафтапрадукты і ў краіны СНД, і дапамагаем такім “слабаразьвітым” краінам, як Нямеччына, ЗША, Нідэрлянды. Мы туды пастаўляем і мазут, і дызпаліва, і бэнзін і што заўгодна. У сельскай гаспадарцы вялізныя праблемы. Вось няма дызпаліва. А мы за сем месяцаў у краіны СНД і замежжа паставілі, па адных лічбах, 176 тысяч тон, па другіх — 250 тысяч тонаў. А па дадатковай інфармацыі намесьніка старшыні Савету міністраў Косьцікава — яшчэ 5,4 тысячы тонаў. Аднаму Ўсявышняму вядома з гэтай арытмэтыкі, куды і колькі пастаўлена. Мазут: адны дадзеныя сьцьвярджаюць, што мы 145 тысяч тон паставілі розным спажыўцам за межы рэспублікі, а іншыя кажуць, што 215 тысяч тон. Можна назваць рэактыўнае паліва, авіяцыйны керасін. Бэнзіну паставілі 22 тысячы тонаў. І што самае цікавае, я выявіў, што нашыя арганізацыі, такія як “Белаграсэрвіс”, пастаўляюць рэактыўнае паліва нават на Бэрмудзкія выспы. Можа, там нейкую фэрмэрскую гаспадарку арганізавалі?»

Нашыя заявы ў часе жывога тэлеэтэру прыйшліся недаспадобы кіраўніцтву ўраду, і празь некалькі дзён іх паспрабавалі абвергуць у той самай студыі кіраўнікі найбуйнейшых прамысловых абʼяднаньняў Менску; разам зь імі ў студыі быў і Дзьмітры Булахаў.

Ляйтматыў выступаў прыхільнікаў Кебіча (у тым ліку і Булахава) быў просты: усё пад кантролем.

Шушкевіч сварыцца з Кебічам

Шушкевіч рабіў усё больш рэзкія заявы на адрас Кебіча: 16 верасьня, на другі дзень пасьля пасяджэньня Прэзыдыюму і жывога этэру дэпутатаў апазыцыі, на прэсавай канфэрэнцыі, камэнтуючы ацэнку прэмʼерам Віскулёўскіх пагадненьняў як памылковых, ён сказаў, што «калі Вячаслаў Францавіч лічыць гэта сваёй памылкай, ну відавочна трэба было б саступіць месца тым, хто гэта памылкай ня лічыць і можа працаваць на падставе ратыфікаваных Вярхоўным Саветам матэрыялаў».

У тыя дні са мной сустрэўся Іван Сьцяпура, дарадца Шушкевіча. Ён сказаў, што Шушкевіч надзвычай абураны паводзінамі Кебіча, што канфлікт паміж імі дасягнуў найвышэйшага напалу, што атачэньне прэм’ера паводзіць сябе ўсё больш нахабна, што інцыдэнт на Прэзыдыюме быў апошняй кропляй, якая перапоўніла чару.

«Шушкевіч сасьпеў» (менавіта так і было сказана) да самых рашучых дзеяньняў, гэта значыць — да адстаўкі Кебіча. Але Шушкевіч ня хоча сам рабіць першы крок у ініцыяваньні нечарговай сэсіі, на якой можна зьняць Кебіча, а «умераныя», «цэнтрысцкія» прыхільнікі сьпікера ў дэпутацкім корпусе — неарганізаваныя, дый могуць пабаяцца выступіць адкрыта. Было б вельмі добра, каб Апазыцыя БНФ адкрыта падтрымала Шушкевіча.

Ад блізкіх да Шушкевіча людзей у апараце Вярхоўнага Савету (таго самага дарадцы Івана Сьцяпуры або кіраўніка аддзелу прэсы Васіля Вараб’ёва) я ўжо не ўпершыню чуў пра тое, што Шушкевіч «сасьпеў», што трэба яго падштурхнуць, падтрымаць, «падставіць плячо».

Апошнім разам такое было ў красавіку, калі дарадцы Шушкевіча, які «сасьпеў да рашучых дзеяньняў», прасілі падтрымаць ідэю пра рэфэрэндум аб уваходжаньні ў сыстэму калектыўнай бясьпекі і я зьбіраў подпісы народных дэпутатаў. Як вядома, гісторыя з рэфэрэндумам скончылася нічым.

Але сказана, што надзея памірае апошняй, і я перадаў просьбу Пазьняку.

Уласна, гэта цалкам супадала з нашымі плянамі — мы заяўлялі пра неабходнасьць скліканьня нечарговай сэсіі, але тут была нагода зьвярнуцца непасрэдна да старшыні Вярхоўнага Савету.

Такую заяву (альбо, як яго яшчэ называлі, «адкрыты ліст»), мы напісалі.

«Паважаны Старшыня, — пісалі мы, — дзеяньні праімпэрскіх і пракамуністычных сілаў на Беларусі ставяць пад пагрозу існаваньне нашай незалежнасьці і дзяржавы. У органах улады адкрыта гаворыцца аб рэанімацыі СССР і імпэрскай адміністрацыйнай сыстэмы. Адкрыта зьневажаецца наша дзяржава, наша гісторыя і мова, нашы нацыянальныя дзяржаўныя сымбалі.

… Усе антыбеларускія ініцыятывы падтрымліваюцца і ініцыююцца Саветам міністраў Беларусі. Тым самым груба, бессаромна парушаюцца абавязкі перад народам і законы дзяржавы. Змоўніцкая антыбеларуская пазыцыя Саўміну выкліканая, перш за ўсё, поўным правалам палітыкі ўраду ў эканоміцы, што паставіла ў вельмі цяжкае становішча наша грамадзтва. Каб пазьбегнуць адказнасьці, людзі, надзеленыя ўладай, што загразьлі ў мафіёзных дачыненьнях, гатовыя чарговым ашуканскім чынам здаць абрабаваную ім дзяржаву і прадаць беларускую незалежнасьць расейскай дзяржаве і расейскай мафіі.

У сувязі з вышэйсказаным прапануем тэрмінова склікаць нечарговую сэсію Вярхоўнага Савету па пытаньні адстаўкі недзеяздольнага кіраваньня Савету міністраў і аб фармаваньні кааліцыйнага ўраду Беларусі».

Заяву падпісалі Зянон Пазьняк, Сяргей Антончык, Уладзімер Заблоцкі, Сяргей Навумчык, Віктар Алампіеў, Павал Холад, Алесь Шут, Іван Герасюк, Юры Беленькі, Барыс Гюнтэр, Алег Трусаў, Віктар Какоўка, Лявон Дзейка, Лявонці Зданевіч, Галіна Сямдзянава, Ігар Пырх, Мікола Маркевіч, Мікалай Аксаміт, Мікалай Крыжаноўскі, Віктар Малашка, Яўген Цумараў.

Шушкевіч мірыцца з Кебічам

Спадзяваньні на рашучасьць Шушкевіча чарговы раз пацярпелі паразу: ён праігнараваў наш зварот і не скарыстаўся сваім канстытуцыйным правам склікаць сэсію.

Больш за тое — на наступным пасяджэньні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету 29 верасьня Шушкевіч ужо сядзеў побач з Кебічам, яны ўсяляк дэманстравалі ўзаемную прыязнасьць, і Шушкевіч спыняў усялякія нашыя спробы ўзьняць пытаньне аб адказнасьці ўраду і асабіста прэм’ера за цяжкую сытуацыю ў паліўна-энэргетычным комплексе.

«Шушкевіч раптам спыніў усялякія выпады на адрас сваіх учорашніх апанэнтаў. На пасяджэньні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету 29 верасьня старшыня парлямэнту і кіраўнік ураду сядзелі за сталом побач і ніводным словам не закраналі адзін аднаго. Больш за тое, Шушкевіч рашуча спыняў спробы дэпутатаў апазыцыі схіліць абмеркаваньне да тэмы адказнасьці ўраду за правал у забесьпячэньні рэспублікі энэрганосьбітамі. З колаў, блізкіх да прэм’ер-міністра, стала вядома, што напярэдадні Шушкевіч правёў шырокія кансультацыі з прадстаўнікамі парлямэнцкай большасьці, а таксама меў гутарку і зь Вячаславам Кебічам. Па-за сумневам, Шушкевіч чарговы раз, зусім нечакана для сваіх прыхільнікаў, даў “задні ход” і не асьмеліўся на апошні рашучы крок, да якога яго пастаянна штурхала апазыцыя і які мог карэнным чынам паўплываць на ягоны палітычны лёс. Гэты крок — патрабаваньне адстаўкі ўраду і яго прэм’ер-міністра», — пісаў я ў пачатку кастрычніка ў выпуску штотыднёвага актуальнага аналізу інфармагенцтва «Павет».

Неўзабаве мы яшчэ раз запатрабуем ад Шушкевіча скліканьня нечарговай сэсіі — гэта ўжо будзе наўпрост зьвязана з драматычнымі падзеямі ў Маскве і актывізацыяй антынезалежніцкіх сілаў у Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG