Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як партызаны перашкаджалі скарбы шукаць, а Броўка езьдзіў на Далёкі Ўсход выкрываць паліцая. ВІДЭА


Сяргей Бабаец

Памятаеце аднаго з самых цікавых маіх суразмоўцаў, 80-гадовага Сяргея Бабайца, хутараніна з-пад Докшыц? Чыйго дзеда расстралялі перад самым новым 38-м годам? І чыю вёску Лагі выратаваў ад нацысцкіх карнікаў палкоўнік расейскай вызваленчай арміі Камінскі? Тады зімой я паабяцаў спадару Сяргею, што летам абавязкова зважу яго на родную Вушаччыну, у Лагі. Дзе Бабаец ня быў ужо даўно. Здаецца, адлегласьць 60 кілямэтраў ня самая вялікая, але калі табе 80, а аўтобуснай сувязі наўпрост няма, дык суседні раён становіцца не бліжэйшым за суседні кантынэнт.

Вёска Лагі ляжыць за дрымучымі лясамі Вушаччыны. Чым далей ад вялікіх трасаў, тым навакольны пэйзаж усё больш нагадвае наступствы выбуху нэўтроннай бомбы. Людзі вымерлі, хаты апусьцелі, і паўсюль тырчаць высачэзныя страшныя кветкі баршчавіка.

Сярод лесу, проста пры дарозе раптам адкрылася паляна з надмагільлямі. Гэта партызанскія могілкі. Уразіла ня толькі колькасьць жаночых магіл, але тое, што гэта людзкія могілкі. А не агульная яма, для якой прыдумалі прыгожую назву «брацкая магіла». Зусім недалёка ад гэтых могілак вайна працягвалася і пасьля адступленьня немцаў. У ролі загнанага зьвера ўжо апынуліся былыя карнікі.

— Ужо ў 1944 годзе бальшавікі прайшлі фронтам. А ў лесе засталіся эсэсаўцы. Вёскі навокал усе папаленыя былі. У зямлянках жылі. Ну, і тым жэрці хацелася таксама. Пахлёбку адбіралі. Людзі паскардзіліся ў Лепель, у воінскі гарнізон. Што немцы ў лесе. Прыехалі сюды на грузавіку колькі салдат. І да гэтага барка. Іх сустрэлі кулямётным агнём. Тады выклікалі авіяцыю. Тыя круціліся і бамбавалі. Года паўтара смурод быў. Разлагаліся тыя трупы.

Памылка паліцыянта Рыгора Сыса

Як цудоўна, што на радзіму Петруся Броўкі, у Пуцілкавічы, я трапіў у кампаніі зь Сяргеем Бабайцом. У адноўленым доме паэта цяпер музэй. Побач — манумэнт на месцы матчынай хаты. Тэкст на помніку кажа, што Алена Сьцяпанаўна Броўка загінула ў Асьвянціме. Але як яна трапіла ў лягер сьмерці? Сяргей Бабаец распавёў неверагодную гісторыю. Пра паліцыянта, які адправіў на сьмерць ледзь не палову вёскі. Легалізаваўся пасьля вайны пад чужым імем. І быў выкрыты праз адну дэталь. Падвяло каханьне.

— Жыў тут такі Рыгор Сыс. Яго як «ворага народа» выслаўшы былі. Але ён уцёк зь лягера і пры немцах стаў паліцыянтам. У Асьвенцім, лічы, паўвёскі адправіў. А прайшлі чырвоныя, ён зьнік. Жонка ягоная была з Глыбокага. Глыбокае ня надта пацярпела ад вайны. Там партызан ня так многа было. Людзі хадзілі тут на рынак. Па хлеб. Хто капейку сабраў, карову купляў у Глыбокім. Ну, і неяк убачылі пуцілкаўцы на рынку жонку Рыгора. Тая да сябе запрасіла. А ў хаце, глядзяць, гэтага Рыгора фатакартка! Рыгор у пажылым узросьце! Не такі малады, як паліцыянтам быў. А ён жа зьнік па вайне! Заявілі. Ну, яе ўзялі за ж... — гэту жэншчыну. Ну, яна і расказала, што той жыве ў Хабараўску. Адкуль і пісьмы ёй дасылаў. Жыў тут такі Міколка Броўка. Мільтоны апрануліся ў цывільнае. Узялі з сабой Міколку Броўку, для апазнаньня. І паехалі на Далёкі Ўсход. Даведаліся, на якім заводзе той працаваў. Напрыканцы зьмены на прахадной дзяжурылі. Мільтоны ў цывільным і гэты Міколка. Убачыў таго. «Здароў, Грыша!» Той аж стаў заікацца. «Я, я, я, я ня Грыша!» Тут жа наручнікі на яго. Быў суд ва Ўшачах. Далі яму пятнаццаць гадоў. Было яму ўжо за 60. І болей ніякіх зьвестак аб ім не было. Гэта было ў 1961 годзе.

Залатое возера

Непадалёк ад Лагоў мы спыніліся на беразе маляўнічага возера. Да якога летам 1942 году нямецкія вадалазы праяўлялі вельмі вялікую цікавасьць.

— Немцы цікавіліся. У аквалянгах боўталіся адзін дзень. Партызаны назіралі зь лесу. Потым прыехалі на другі дзень. Партызаны з кулямёта секанулі. Ці забілі каго, ці не забілі? Уцяклі і болей не заяўляліся. А ўвосень 42-га тут ужо партызанская зона настала. Немцы сюды толькі з баямі ўрываліся і адыходзілі.

— Немцы шукалі напалеонаўскія скарбы?

— Ну, яны ж у 40-м годзе Францыю занялі. Нешта ў архівах знайшлі. Ну, як? Возера прыгожае? Пакупацца можна?

— Пажадана пакупацца ў вадалазным касьцюме.

Колькі я чуў гісторый пра касьцёлы, якія Напалеон Банапарт хацеў на сваіх далонях перанесьці ў Парыж! Паслухаеш, дык уся сталіца Францыі была б застаўленая помнікамі віленскага барока. Беларусы большыя банапартысты за французаў. Ну, а калі ў вёсцы няма касьцёла, але ёсьць возера, дык у ім абавязкова ляжыць напалеонаўскі скарб. Шляхі і дэталі адступленьня Вялікай арміі Сяргей жывапісуе, быццам сам быў у тым абозе.

— Ён з Талачына на Лепель ехаў. А зь Лепеля на Глыбокае. Тады ж не было дарогі зь Лепеля на Беразіно. Там балота было. А вось тутака, праз Пуцілкавічы — на Глыбокае і Вілейку. У мамінай суседкі, доўгажыхаркі, бацька 118 гадоў пражыў. І ёй за сотню пераваліла. І дзед яе 120 гадоў пражыўшы. Дык той дзед расказваў, а яму было ў 1812-м 17 гадоў, што спыніліся французы. Вяскоўцы паўцякалі ў лес. А дзеці пазалазілі на дрэвы і глядзелі, што тут французы вытвараюць. Разабралі лазьню на беразе возера, зрабілі плыт. На яго нешта пагрузілі, адвозілі на сярэдзіну возера і нешта боўталі, кідалі. А што яны туды кідалі? Відаць, не г...

Расстраляны Броўка

Да нас тым часам падышоў Пятрусь Броўка. Я не жартую. Пётар Броўка, маладжавы пэнсіянэр, мянчук, лета праводзіць на радзіме. І ён ня толькі фамільянт паэта, але і далёкі сваяк.

— Мой дзед, Пятрок, і бацька Петруся Броўкі — стрыечныя браты. Майго дзеда расстралялі. Тут многіх расстралялі. Жыў тут такі Міхаль. На майго дзеда напісаў. І дзеда як шпіёна ў Воршы расстралялі.

— Як людзі жылі пасьля? Калі стала вядома, хто на каго пісаў?

— Калі б дакладна ведалі! Мой дзядзька партызаніў разам з маім бацькам тут. А пасьля вайны лавіў гэтых бандытаў, бандэраўцаў на Ўкраіне, лясных братоў у Літве. Нават жахлівы выпадак расказваў, як хахлы пагранічніка ў катле варылі. Пасьля быў паранены, вярнуўся і ў 56-м годзе памёр ад тубэркулёзу. Мой бацька ў 85-м памёр. Калі б яны ведалі дакладна, дык адразу б. Кулямётчыкамі ж былі. Ого было б! Гэтыя людзі, што пісалі, — мярзота. І цяпер такія ёсьць.

Дзядзька Пятра змагаўся супраць кепскіх ворагаў савецкай улады і, каб ведаў, забіў бы тых, хто пісаў даносы на яго бацьку. Гэта значыць — тых, хто быў апорай савецкай улады. Зразумець савецкага беларуса няпроста. Мне пакуль не ўдалося. На адным з лагоўскіх падворкаў стаіць агароднае пудзіла, упрыгожанае старой нямецкай каскай. Як паставілі ў 45-м, так, відаць, і не чапалі. Уявіць на гэтым пудзіле каску савецкую я не магу. Але ўжо цалкам уяўляю фуражку з чырвоным аколышкам і сінім верхам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG