Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1993: Дзяржаўныя СМІ агітуюць супраць Незалежнасьці


Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Замовіць кнігу можна тут

Сяргей Навумчык (Віцебская-Чыгуначная выбарчая акруга № 181). Рады праінфармаваць вас, спадары дэпутаты, што ўчора створана Беларуская асацыяцыя свабодных сродкаў масавай інфармацыі. У звароце да грамадзян і сродкаў масавай інфармацыі адзначаецца, што рэанімаваныя бальшавіцкія сілы пачалі наступ на сродкі масавай інфармацыі дый на многіх журналістаў, якія даюць прынцыповую ацэнку вінаватым у развале эканомікі і духоўнасьці. Менавіта таму паслухмяная ўладнаму чыноўніцтву фэміда цкуе Аляксандра Старыкевіча, уласнага карэспандэнта маскоўскай газэты «Камерсант дэйлі» і супрацоўніка газэты «Свабода». Менавіта таму былі адхілены ад кіраўніцтва і працы ў вядомай тэлеперадачы НіКА, а потым выкінуты за парог Белтэлерадыёкампаніі журналісткі Марына Бабкіна і Святлана Іванова. Менавіта таму адбываецца службовае цкаваньне таленавітага калектыву радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная»… Менавіта таму ўцягнуты вярхушкай лагойскай раённай улады ў судовую цяганіну палітычны аглядальнік «Народнай газэты» Сяргей Плыткевіч. Менавіта таму за апошнія два гады «скарачаецца па штату» служба фотакарэспандэнтаў агенцтва Белінфарм, дзе зь пятнаццаці творчых супрацоўнікаў засталося шэсьць. Распачынаецца суд над вядомай пісьменьніцай, публіцысткай Святланай Алексіевіч. Яна сказала праўду пра брудную вайну ў Аўганістане. Выжываецца зь Беларусі ўласны карэспандэнт расейскай інфармацыйнай тэлеперадачы «Вести» Леанід Сьвірыдаў. Сьпіс можна доўжыць.

З выступу ў "Розным"

«З аглядам рэспубліканскіх і цэнтральных газэт вас пазнаёмілі…» — такую фразу ў 1993 годзе па агульнабеларускім нацыянальным радыё слухачы чулі ледзь не штодня.

На трэцім годзе незалежнасьці для дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі «цэнтрам» усё яшчэ заставалася Масква, а сама незалежнасьць была часовым кур’ёзам.

Іншую пазыцыю займаў незалежны друк. У Менску выдавалася «Свабода» — газэта, дзе галоўным рэдактарам быў Ігар Гермянчук, раскуплялася ў шапіках імгненна. У Горадні выходзіла «Пагоня» пад рэдакцыяй Сяргея Астраўцова, у Віцебску Барыс Хамайда рэдагаваў газэту «Выбар». Пад кіраўніцтвам Алеся Ліпая разгарнулася першае ў Беларусі прыватнае інфармацыйнае агенцтва «БелаПАН».

У пачатку студзеня 1993 году ў «Народнай газэце» я апублікаваў артыкул «У чыіх руках цэнзарская дубінка?», дзе, патрабуючы гарантаванага доступу для Народнага Фронту і дэмакратычных партый да дзяржаўных СМІ, пісаў: «Зрэшты, ёсьць у нас партыя, якая бесьперашкодна і ў любым памеры выкарыстоўвае аплачаны падаткаплатнікамі этэр. Гэта — партыя ўлады, партыя пракамуністычнай намэнклятуры, якая, зрабіўшы ведамасную ракіроўку, не зьбіраецца рызыкаваць сваёй кіруючай роляй» («Народная газэта», 5 студзеня 1993).

За увесь год сытуацыя не зьмянілася ў лепшы бок, наадварот, мне як каардынатару парлямэнцкай апазыцыі, адказнаму ў тым ліку і за сувязь з прэсай, зрабілася куды цяжэй дамагацца тэлеэтэру для дэпутатаў апазыцыі, хоць права доступу да СМІ нам было гарантавана законам. Калі не памыляюся, у 1993 годзе нам удалося атрымаць жывы этэр у студыі нацыянальнага тэлебачаньня толькі адзін раз.

Але самая вялікая праблема была не ў манапалізацыі той самай «кіруючай намэнклятурнай партыяй» дзяржаўных СМІ. Праблема і нават небясьпека палягала ў тым, што па тэлебачаньні і радыё, у газэтах са шматтысячным накладам рэгулярна і пасьлядоўна вялася антыдзяржаўная, антынезалежніцкая прапаганда.

Тут я кажу не пра крытычныя ацэнкі стратэгіі ці тактыкі Беларускага Народнага Фронту, якія (хоць і рэдка) можна было прачытаць у выданьнях, якія стаялі на пазыцыях нацыянальнага адраджэньня.

З маім сябрам, аглядальнікам «Звязды» Валянцінам Жданко мы часта спрачаліся пра некаторыя аспэкты дзейнасьці БНФ (зрэшты, з часам у нейкіх ягоных словах я ўбачыў ісьціну — як і ён у некаторых маіх), але ў мяне ніколі не было сумненьня ў тым, што Валянцін за незалежнасьць Беларусі, за беларускую мову.

«Звязда», хоць і лічылася газэтай Вярхоўнага Савету, вельмі рэдка друкавала заявы апазыцыі («Народная газэта» рабіла гэта часьцей), але я ніколі не чытаў на яе старонках ніводнага абразьлівага слова супраць дзяржаўных сымбаляў, беларускай мовы, ніводнага слова сумневу ў мэтазгоднасьці незалежнай беларускай дзяржавы (за выключэньнем хіба што нейкіх лістоў чытачоў, якім тут жа ў нумары давалася правільная ацэнка).

Іншай была «Советская Белоруссия» — гэтае выданьне Савету міністраў з паўмільённым накладам зрабілася рупарам антыбеларускіх, антынезалежніцкіх сілаў.

«З прыходам Ігара Асінскага “СБ” больш-менш вызначылася, — прыгадвае тагачасная супрацоўніца «Советской Белоруссии» Людміла Масьлюкова. — Добра, сувэрэнітэт — але без душка нацыяналізму. Расея нам бліжэй, чым Захад» (Натальля Кулінка, Натальля Фядотава. «Время несбывшихся надежд», Вільня, Логвінаў, 2014, с. 134). Адчуваецца, што слова «добра» ў дачыненьні да сувэрэнітэту ўжытае ў значэньні «нічога ня зробіш». Калі не лічыць фармальных заяваў ураду, дзе ўжывалася слова «сувэрэнітэт» — ніякім чынам газэта незалежнасьць Беларусі не падтрымлівала. А пад «нацыяналізмам» разумеўся Беларускі Народны Фронт.

І ўсё ж цэнтральныя дзяржаўныя газэты («Советская Белоруссия», «Рэспубліка») хоць і падтрымлівалі курс Кебіча на інтэграцыю з Расеяй, крытыкавалі з нумара ў нумар Апазыцыю БНФ, друкавалі артыкулы за наданьне расейскай мове статусу дзяржаўнай нароўні зь беларускай — але пры гэтым захоўвалі пэўныя нормы (выключэньнем могуць быць хіба што публікацыі самой Масьлюковай, якая ў сваіх выразах у бок БНФ апускалася ледзь не да вулічнай лаянкі).

А вось рэгіянальная дзяржаўная прэса ў выразах ня стрымлівалася.

Важны момант: сумарны наклад абласных і раённых газэт шматкроць перавышаў наклад той самай «СБ» — людзі звыкла падпісваліся і куплялі мясцовыя выданьні, хоць бы дзеля абвестак.

І ад нашых аднадумцаў-фронтаўцаў з розных рэгіёнаў Беларусі мы ведалі, што, за вельмі рэдкім выключэньнем, настрой мясцовых газэтаў быў прарасейскі і антыдэмакратычны.

«Я ел шашлык в Тбилиси, пил вино в Кишинёве, ловил крабов на Дальнем Востоке. Кто я теперь?»

Прыкладам сьвядомай антынезалежніцкай пазыцыі была газэта «Віцьбічы» — орган Віцебскага гарадзкога савету.

Газэта ў 1992–93 гадах выдавалася накладам больш як 66 тысяч асобнікаў — значыць, у 300-тысячным горадзе яна трапляла ў кожную другую сям’ю. Я сабраў толькі некаторыя найбольш паказальныя цытаты і падаю іх на мове арыгіналу, каб у чытача склалася максымальна поўнае ўражаньне ад нюансаў падачы матэрыялаў.

Вось дарэчы: ні ў водным нумары «Витьбичей» я не знайшоў нейкіх наўпроставых заклікаў да ліквідацыі Беларусі як сувэрэннай дзяржавы — што магло б успрымацца пракуратурай як антыканстытуцыйны, антызаконны акт (хоць падобныя заклікі ў іншых выданьнях ніякіх прававых наступстваў для іх аўтараў і рэдактараў ня мелі; пракуратура глядзела на такое скрозь пальцы). Але, як вядома, прапаганда «ў лоб» мае значна меншы эфэкт, чым прапаганда тонкая і прыхаваная...

Ці ня ў кожным нумары газэты чытачу навязвалася думка, што незалежнасьць і дэмакратыя — гэта вельмі кепска.

«В результате развала единого народно-хозяйственного комплекса страны резко обострилась экономическая ситуация в Республике Беларусь… Мы, народные депутаты Витебской области всех уровней, поддерживаем предложения правительства, …и требуем тесного экономического союза с Россией и Казахстаном на основе единой рублёвой зоны и коллективной безопасности» (3 красавіка 1993).

Пытаньні журналіста В. Касьцюкевіча да сакратара Менскага абкаму УКПБ (Усесаюзнай камуністычнай партыі бальшавікоў), загаловак — «Делу Ленина-Сталина верны!»: «Коль речь зашла о диктатуре, то что вы можете сказать о БНФ?», «А как вы относитесь к суверенной и независимой Беларуси?», «По вашему мнению, как долго ещё продлится эта разруха?» (10 красавіка 1993).

«Скажем решительное “да” возрождению СССР и своё решительное “нет” новым буржуазным конституциям» (15 красавіка 1993).

Пра крадзеж каляровых мэталаў: «Раздумья о моральном облике некоторых двуногих в эпоху демократических преобразований» (17 красавіка 1993).

«Сталин был великим человеком необычайной энергии и исключительной силы воли» (Черчилль), … хотя, видимо, могло быть и некоторое количество безвинных… Никто другой, как главный коммунист страны, начал развал державы. На следующем этапе три коммуниста с многодесятилетним стажем в Беловежской пуще завершили уничтожение древнего государства. А несколько десятков тысяч (так у тэксьце — С. Н.) коммунистов из Верховных Советов России, Беларуси и Украины утвердили это уничтожение» (гэты артыкул Л. Бользіна надрукаваны на дзьвюх палосах газэты).

А вось рэпартаж з футбольнага матчу. Футбол у Віцебску любяць, прачытае публікацыю шмат, і таму — «Вожделенное “окно в Европу”, о котором трубили вовсю меньшевики, большевики и хлопцы ограниченного по количеству и качеству контингента БНФ, набирающие и постигающие азы служения народу по немецким букварям…» (20 красавіка 1993).

А вось фрагмэнты артыкулу Сяргея Голубева:

«Если бы несколько лет назад кто-нибудь стал всерьёз уверять, что весной 1993 года в стране будет происходить то, что сегодня действительно происходит (и страна будет вроде бы отменена), то такого прорицателя несомненно ждал бы сумасшедший дом... Совсем скоро должны будем мы овладеть родным языком, отправив “оккупационный” — русский — на свалку истории. Ещё раньше собираются научить наконец-то наших детей разговаривать на родном языке, развернув “адраджэнне” по всему фронту»…

Зьвяртае ўвагу гэтае «страна вроде бы отменена» — значыць, былі спадзяваньні на рэстаўрацыю СССР.

Плякат на мітынгу БНФ, 1993. Фота Ул. Кармілкіна
Плякат на мітынгу БНФ, 1993. Фота Ул. Кармілкіна

Пра беларускую мову:

«Мертворождённая химера практически испарилась, лишившись поддержки государственного аппарата принуждения» (гэта пра згортваньне беларусізацыі ў 1930-х). «Но изоляция наиболее оголтелых проводников белорусизации не означала полную отмену последней, и вплоть до своего бесславного конца партаппарат затрачивал громадные средства на издание не читаемой народом белорусскоязычной литературы, заставляя изучать белорусский язык в вузах, издавая на нём газеты».

А гэта — пра незалежнасьць:

«С получением (из рук так нелюбимой ими сегодня Москвы) независимости открылись радужные перспективы — как же, одних послов уважающей себя державе потребуется не меньше сотни, и оклады министрам не надо в Москве утверждать (как тут не укреплять драгоценную независимость, не заняться возрождением белорусской культуры, не выучить белорусский язык!.. Не глядя вверх (гэта значыць, на Маскву — С. Н.), нетрудно считать себя самым высоким. Всё дело в точке отсчёта. Как говорится, среди слепых и кривой король. Воистину, пигмеи вырастают, разрушая. Вот почему сегодня белорусскоязычная интеллигенция видит врага в каждом, кто отстаивает всего лишь своё право говорить на русском языке. Вот какова подоплёка т. н. возрождения белорусской культуры…».

Такім чынам, тыя, хто за адраджэньне нацыянальнай культуры — «слепые», «кривые», «пигмеи».

«Ответьте, почему вы с порога отметаете робкие предложения о придании русскому языку, языку, на котором говорит абсолютное большинство народа, статуса государственного наравне с белорусским! Чем вызвано агрессивное навязывание милого вашему сердцу Гаруна вместо Есенина или кого-то там ещё вместо Толстого?.. Порадуйте нас своими творениями, новыми или созданными давно… Где белорусскоязычный Распутин? Где ваши белорусскоязычные Шукшин, Бондарчук?.. Конечно, в компании с Нилом Гилевичем многие из вас могут претендовать на вакансию живого классика. Безусловно, непревзойдённым в мировой истории останется ваше крупнейшее творческое достижение — перевод мультфильмов на белорусский язык, предельно красноречивый показатель вашего нравственного интеллектуального уровня и творческого потенциала...»

Сапраўды, у 1992-93 гадах па тэлебачаньні некаторыя мультфільмы ішлі ў перакладзе на беларускую мову — з гледзішча праціўнікаў Адраджэньня, беларусы і на гэта ня мелі права.

«“Адраджэнцы” сегодня правят бал на белорусской земле. Но добро и истина не на их стороне... И народ, конечно, разберётся, где его правда», — выказваў спадзяваньне Сяргей Голубеў у нумары за 4 траўня 1993-га. Тады ён быў выкладчыкам тагачаснага пэдінстытуту, цяпер — прафэсар Віцебскага пэдунівэрсытэту (значыць, магчымасьці несьці сваё разуменьне ў студэнцкія масы будучых пэдагогаў павялічыліся).

«“Считаете ли вы необходимым предоставление русскому языку в Республике Беларусь статуса государственного наравне с белорусским?” Анкету с таким вопросом распространила на последней сессии горсовета среди народных избранников группа депутатов. Из 83 розданных листков вернулось 73. “Нет” двуязычию сказали 7 депутатов, 2 дали нестандартный ответ, 1 — не ответил. Таким образом, 86,3 % опрошенных не хотели бы изменять русскому языку, на котором, кстати, целиком шла упомянутая сессия».

Заўважым — на чацьвёртым годзе дзеяньня Закону аб мовах сэсія ішла не на дзяржаўнай мове.

Але ня гэта хвалявала аўтара публікацыі.

«В своей приверженности русскому языку депутаты не оригинальны. По данным опросов населения республики, проведённых независимо тремя группами социологов из Белгосуниверситета и АН Беларуси в 1989–1992 годах, иметь два государственных языка хотели бы от 70,4 до 73,3 % опрошенных. Думают на белорусском от 2,3 до 7 % населения, на двух языках — от 30,7 до 31,5 %, на русском — от 56,3 до 30,7 %. Как подчёркивает «Советская Белоруссия», опубликовавшая в № 58 эти сведения, воля народа должна быть основой власти правительства. Если оно, конечно, хочет, чтобы его поддерживали массы. И тем, кто ратует за полное и безоговорочное “беларускамоўе”, следовало бы сначала с помощью референдума выявить свою позицию» (8 траўня 1993).

«А надо ли бояться слова “империя”?» — загаловак артыкулу А. Мішурнага, зь якога працытую толькі адну фразу: «Нет ни одного народа, который в Российской империи подвергался бы геноциду» (11 траўня 1993).

«Будь готов спасать Россию» — загаловак яшчэ адной публікацыі, у якой апэратыўна інфармавалася, што «на днях вышел четвёртый номер газеты витебских славянофилов “Русь Белая”, который открывается воззванием части наиболее радикально настроенных граждан Беларуси о привлечении к уголовной ответственности сп. Шушкевича С.С. за развал Союза» (15 траўня 1993).

«Переход на белорусский язык создаст немалые экономические трудности» (25 траўня 1993).

«Сожаление о том, что празднование 49-й годовщины освобождения Витебска от немецко-фашистских захватчиков проходит на на том фоне, о котором мечтали освободители, выразил председатель городского Совета В. Неушев на торжественном заседании, что состоялось в пятницу в драмтеатре... Главное — потеряно единство народов, разделённых границами и рвущимися к власти политиками» (29 чэрвеня 1993).

Карыкатура ў газэце "Віцьбічы", 1993
Карыкатура ў газэце "Віцьбічы", 1993

«Тихие радости “змагароў” за “незалежны кавалак кілбасы”» — назоў рэплікі пра адзначэньне віцебскімі патрыётамі перамогі ў бітве пад Воршай: «Вечером, 8 сентября, на площади Свободы собралась горстка “нашчадкаў”, числом не превосходящая семью пингвинов на арктической льдине. Тусовка была неплохо срежиссирована. Каждый держался за древко. Флага. Как и положено члену — держался крепко… Вроде, запрещена была сия сходка. Какой-никакой властью. Посему стражи порядка могли бы препроводить “змагароў” да “нашчадкаў” в нужное место. Можно было бы хоть в тот лесок, под той же Оршей… Как в XVI веке...» (11 кастрычніка 1993). ФОТА 43

«Всё, что сегодня происходит в Беларуси — это финал политиканов, разваливших Союз», — кажа Вячаслаў Афанасьеў, дэпутат гарсавету (16 верасьня 1993).

Гэта той самы Афанасьеў, які ў канцы 1991 году ў тых самых «Витьбичах» пісаў: «Я ел шашлык в Тбилиси, пил вино в Кишинёве, ловил крабов на Дальнем Востоке. Кто я теперь? Гражданин какой державы? Да Бог со мной. А за что проливал кровь в Армении полковник Забабурин, который с генеральской должности командира десантно-штурмовой бригады после ранения был переведён на должность витебского облвоенкома?.. А упразднение и развал органов КГБ?.. Сегодня у меня одна надежда — на армию» (14 сьнежня 1991).

Але тое было ў першыя месяцы незалежнасьці, калі газэта друкавала падборку чытацкіх лістоў пад загалоўкам «Нас предали» — «… вместо праздника Великого Октября народу подарили праздник Рождества» (17 студзеня 1992), пужала, што «если армия разбежится по своим национальным квартирам, то через три месяца нас ждёт гражданская война» (31 студзеня 1992), зьдзіўлялася — «вы ратуете за национальную культуру, но ведь это же, извините, нелепость» (21 лютага 1992).

Але і праз два гады існаваньня незалежнай Беларусі газэта не зьмірылася з гэтай незалежнасьцю.

«Два года так называемого «независимого» существования бывших братских республик друг без друга хорошо показали, к чему мы движемся» (9 кастрычніка 1993).

«Группа депутатов приехала в Москву и поставила вопрос перед российскими парламентариями ребром: нужна ли Беларусь России или нас преднамеренно выталкивают, по словам Лукашенко, “ногой в мягкое место”. Хоть и грубо, но точно» (А. Мішурны, сустаршыня Славянскага Сабору «Белая Русь», 16 верасьня 1993).

«В Могилёве сессия уже приняла решение обратиться к другим облсоветам с предложением о вступлении в РФ на конфедеративной основе: реформы в России хоть и медленно, но идут. У нас же одни разговоры» (3 жніўня 1993).

С. Гаварушкін, старшыня віцебскай асацыяцыі «аўганцаў»: «Мы серьёзно озабочены тем, что наши народы и государства всё больше отдаляются друг от друга. Мы вместе прошли Афганистан и хотим дальше жить вместе» (9 кастрычніка 1993).

У чэрвені ўзьніклі складанасьці з пастаўкай з камбінату ў расейскай Кандапозе газэтнай паперы, «Витьбичи» выйшлі на паперы няякаснай — і ў нумары адразу прапанавана тлумачэньне:

«Люди, которые кричат о суверенитете, видимо, никогда не работали на производстве... Теперь, получая свежий номер газеты на бумаге, будто взятой из подшивок за двадцатые или военные годы, вы можете трижды в неделю своими глазами видеть, какого цвета на самом деле наш суверенитет… Но переводить на неё справедливее было бы сначала те издания, которые так ратуют за суверенитет». Артыкул надрукаваны 17 чэрвеня 1993 году і падпісаны супрацоўнікам газэты А. Тулбусавым, тагачасным дэпутатам савету Чыгуначнага раёну Віцебску.

Празь некалькі нумароў газэта зноў друкавалася на звычайнай паперы, але працягвала тройчы на тыдзень накладам 66 тысяч асобнікаў публікаваць матэрыялы, напоўненыя нянавісьцю да незалежнасьці Беларусі, зьдзекам зь беларускай мовы, ня кажучы ўжо пра абразы на адрас актывістаў БНФ ды іншых дэмакратычных арганізацый.

Дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што некалькі разоў былі зьмешчаныя інтэрвію ці артыкулы прыхільнікаў беларушчыны (пераважна дэпутатаў), але яны патаналі ў беларусафобскіх матэрыялах.

Прыходзячы ў кожную другую віцебскую сям’ю, газэта фармавала ў вялікай часткі віцяблянаў меркаваньне, што незалежная Беларусь — гэта дрэнна, што распад СССР — злачынства, што менавіта дэмакраты і дэмакратыя вінаватыя ў эканамічных цяжкасьцях (хоць дэмакраты не былі ва ўладзе, а дэмакратыя толькі прабівала сабе дарогу).

Пазьней рэдактар «Витьбичей» Ніна Тулінава атрымае званьне ганаровага грамадзяніна Віцебску.

«Мы — за прыярытэтнае разьвіцьцё цалкам беларускамоўных СМІ»

Але віцебская газэта была не адзіным у Беларусі выданьнем, якое ставіла пад сумнеў існаваньне Беларусі як самастойнай дзяржавы.

«Не згушчу фарбаў, калі скажу, што зробленае і тое, што робіцца шматлікім калектывам сродкаў масавай інфармацыі па нацыянальна-культурным Адраджэньні, вельмі далёка не адэкватна таму, чаго ўдалося некалі дасягнуць гэтай катэгорыі творчай інтэлігенцыі па дэфармацыі нацыянальнай самасьвядомасьці беларусаў, — тактоўна заўважаў доктар гістарычных навук Леанід Лыч. — У мінулым прэсай, радыё і тэлебачаньнем быў узяты такі імклівы разьбег па пачварнай інтэрнацыяналізацыі нашага духоўнага жыцьця, што ён па інэрцыі яшчэ і сёньня робіць страшэнныя разбуральныя абароты, бязьлітасна падбіраючы пад сябе кволыя парасткі беларушчыны. Хто мог падумаць, што з ажыўленьнем нашага нацыянальнага руху, дасягненьнем Беларусьсю юрыдычнай дзяржаўнай незалежнасьці, такую бліскучую перамогу на яе тэрыторыі атрымае рускамоўны пэрыядычны друк? Такое мо ня сьнілася нават асобам зь яскрава акрэсьленымі імпэрскімі замашкамі» («Літаратура і мастацтва», 7 траўня 1993).

Адметнасьць была ня толькі ў тым, што расейскамоўны друк атрымаў перамогу ў накладах і колькасьці выданьняў (прапорцыя беларускамоўных і расейскамоўных газэт на канец 1992 году склалася як 157 да 163). Новаўтвораная расейскамоўныя прэса, у асноўнай масе, насьцярожана альбо нават варожа ставілася да нацыянальнага Адраджэньня.

Вось цытата з артыкулу кнігавыдаўца Аляксандра Патупы з заснаванай ім газэты «Фемида», якая паказвае стаўленьне да беларускай незалежнасьці:

«Национал-патриоты попались на удочку знаменитого ленинского тезиса о “самоопределении вплоть до отделения”, и втащили 10-миллионный народ в страшный эксперимент… Думаю, что Беларуси и России следует срочно (в августе) приступить к комплексным переговорам о воссоздании единой системы — во имя совместного выживания. Причём подчеркну: для распадающейся России это не менее важно» («Фемида», №32, жнівень 1993).

Сытуацыя ў СМІ прымусіла нас, дэпутатаў Апазыцыі БНФ, выступіць з адмысловай палітычнай заявай, якую давялося пісаць мне. Мы разумелі, што нейкага адміністрацыйнага ціску быць не павінна, што найлепшай гарантыяй свабоды слова можа быць толькі адпаведны закон і фінансавая незалежнасьць прэсы, але адначасна і прапаноўвалі пэўныя кадравыя рашэньні.

Заява, прысьвечаная сытуацыі ў СМІ, была зьмешчаная ў «Народнай газэце» 2 верасьня 1993 году.

Мы адзначалі, што «тэлебачаньне і радыё, Белінфарм, значная частка пэрыядычных выданьняў апынуліся ў фінансавай залежнасьці ад Савету міністраў і ня могуць супрацьстаяць ідэалягічнай цэнзуры, аб’ектыўна адлюстроўваць дзеяньні ўраду. Манапалізацыя шэрагу газэт і часопісаў, падпарадкаваньне выдавецтва «Беларускі Дом друку» Гаспадарчаму ўпраўленьню Савету міністраў, звальненьні і цкаваньне прагрэсіўных журналістаў, спыненьне вяшчаньня незалежных тэлекампаній, адмова ў прадстаўленьні дэпутацкай Апазыцыі законнага права на этэрны час — гэтыя і многія іншыя прыклады характарызуюць інфармацыйную палітыку ўраду як супярэчную прынцыпам свабоды слова».

У заяве была зьвернутая ўвага на стварэньне ў апараце Савету міністраў структураў, якія былі непадкантрольныя Вярхоўнаму Савету і «узялі на сабе функцыі колішніх ідэалягічных аддзелаў ЦК камуністаў з уласьцівымі ім мэтадамі адміністрацыйнага ціску на рэдактараў і творчыя калектывы» — упраўленьня інфармацыі на чале з Васілём Драгаўцом і аддзелу друку, радыё і тэлебачаньня на чале зь Сяргеем Паваляевым (розьніцу ў функцыях наўрад ці здолелі б растлумачыць самі Драгавец і Паваляеў, агульным быў ідэалягічны ціск на прэсу).

Нагадваючы, што «Канцэпцыя інфармацыйнай палітыкі, распрацаваная Апазыцыяй БНФ, прадугледжвае найперш прыняцьце такога закону аб свабодзе слова, які б забясьпечваў журналістам і грамадзянам беспьерашкодны доступ да інфармацыі і поўную магчымасьць выказваньня перакананьняў», мы пералічылі некаторыя неабходныя крокі — рашэньне Вярхоўнага Савету пра дэманапалізацыю СМІ, прычым «тым газэтам і часопісам, якія сёньня фінансуюцца Саветам міністраў (а фактычна — падаткаплатнікамі), гарантавалася б як мінімум на год пэўнае забесьпячэньне зь бюджэту і спрыяньне ў акцыянаваньні з удзелам працоўных калектываў».

Мы лічылі, што дзяржава павінна спрыяць разьвіцьцю незалежных, прыватных тэле- і радыёкампаній, інфармацыйных агенцтваў і пэрыядычных выданьняў, і вось што прапаноўвалі:

«Мэтазгодна спрашчэньне працэдуры рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі. З тым, каб зьняць фінансавы цяжар з падпісчыкаў, забясьпечыць усім катэгорыям насельніцтва доступ да сродкаў масавай інфармацыі празь невысокі іх кошт, мэтазгодна на адпаведны тэрмін вызваліць газэты і часопісы, за выключэньнем рэклямна-камэрцыйных і эратычных, ад усіх відаў падаткаў. Трэба ўвесьці дыфэрэнцыяванае падаткаабкладаньне паліграфічных прадпрыемстваў. У той частцы іх дзейнасьці, якая зьвязаная з абслугоўваньнем СМІ, павінны быць падатковыя льготы. Дзяржава павінна выдзяляць пэўныя датацыі за распаўсюджваньне прэсы».

Як бачна, дзяржаўнай прэсе гарантавалася тое, чаго не было ў постсацыялістычных краінах, дзе фінансаваньне былых дзяржаўных газэт абразалася аднамомантна і цалкам.

Фактычна мы прапаноўвалі пераходны пэрыяд (мінімум год), у часе якога супрацоўнікі той самай «Советской Белоруссии», якія і рабіліся б саўладальнікамі выданьня, атрымлівалі б фінансавую дапамогу — значна большую, чым тую, на якую магла б разьлічваць ад пачатку незалежная газэта «Свабода», дзе калектыў быў у дзясяткі разоў меншы. Але нават гэта журналістаў дзяржаўнага друку не задаволіла, пра што крыху ніжэй.

«Інтэграцыя Беларусі ў сусьветную інфармацыйную прастору не павінна супярэчыць працэсу адраджэньня, — лічылі дэпутаты БНФ. — Мы — за прыярытэтнае разьвіцьцё цалкам беларускамоўных сродкаў масавай інфармацыі».

Таксама мы — ад імя ня толькі БНФ, але і дэмакратычных партый і рухаў — прапанавалі кандыдатуры асобаў, «здольных ажыцьцявіць праграму рэфармаваньня прэсы, радыё, тэлебачаньня». На пасаду старшыні Дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі прапаноўваўся Генадзь Бураўкін (тагачасны сталы прадстаўнік Беларусі ў ААН), галоўным рэдактарам «Советской Белоруссии» — Іван Макаловіч (намесьнік галоўнага рэдактара «Народнай газэты», былы рэдактар «Звязды»), рэдактарам «Белорусской нивы» — карэспандэнт «Литературной газеты» Анатоль Казловіч.

«Гэтыя людзі не зьяўляюцца членамі БНФ ці партый, але мы добра ведаем іх прыхільнасьць да прынцыпаў дэмакратыі», — сьцьвярджалася ў заяве, пад якой падпісаліся дэпутаты Пазьняк, Заблоцкі, Навумчык, Трусаў, Голубеў, Баршчэўскі, Новік, Крыжаноўскі, Беленькі, Алампіеў, Антончык, Шут, Холад, Малашка, Сямдзянава, Гермянчук, Маркевіч, Тарасенка і Слабчанка.

Гэтую заяву пісаў я, і неўзабаве ў тэлефоннай размове Генадзь Бураўкін папракнуў, што я падаў ягоную кандыдатуру, зь ім не параіўшыся. Аднак я зрабіў гэта, памятаючы нашу гутарку ў ліпені 1992-га ў Нью-Ёрку, калі на маё пытаньне, ці вярнуўся б ён на ранейшую сваю пасаду старшыні Дзяржтэлерадыё, Бураўкін адказаў станоўча. Але я ў сваім рэвалюцыйным палітычным імпэце не ўлічыў тонкасьцяў, якія былі вядомыя дыплямату і экс-міністру Бураўкіну; канешне, я ўскладніў ягоныя адносіны з Кебічам, за што і па сёньня адчуваю віну.

Ужо пазьней, праз гады, калі мы абмяркоўвалі тую сытуацыю з Генадзем Мікалаевічам у Празе, ён сьмяяўся — але тады яму было не да сьмеху. Але нідзе публічна Бураўкін пра гэтыя нюансы не казаў.

«Нашы аўтары не абражаюць Незалежнасьць, дзяржаўныя Сьцяг і Герб»

«Я прачытаў у адной газэце...» — назваў свой водгук аглядальнік «Знамени юности» Андрэй Дзяменцьеўскі, тлумачачы манапалізацыю СМІ эканамічнай залежнасьцю: «Калі ня ўласнаму ўраду, дык усё роўна камусьці, але “прадавацца” давялося б… Прэса ва ўсім сьвеце заўсёды ад некага залежала: ад “левых”, ад “правых”, ад ураду, ад апазыцыі, ад мафіі, ад густаў, амбіцый, апэтытаў. “Дэмакратычна” настроеныя дэпутаты БНФ у сваім памкненьні маніпуляваць прэсай неарыгінальныя» («Знамя юности», 3 верасьня 1993).

Рэпліка ў «Советской Белоруссии» была падпісаная «Калектыў СБ» і называлася «Безь мяне мяне ажанілі», сутнасьць была закладзеная ў загалоўку, а сканчалася словамі — «Калі ўжо БНФ шчыра заклапочаны лёсам пэрыядычных выданьняў, дык, магчыма, варта б пачаць са сваіх, якія сёньня пыляцца на прылаўках кіёскаў?»

У Народнага Фронту было толькі адно выданьне — газэта «Навіны БНФ», якая не атрымлівала ні капейкі дзяржаўных датацый. Безь дзяржаўнай падтрымкі выдавалася і «Свабода», дзе галоўным рэдактарам быў Ігар Гермянчук, але гэта была незалежная газэта (у пацьвярджэньне магу сказаць, што большасьць заяваў Апазыцыі БНФ там не друкаваліся — Ігар рабіў стаўку на арыгінальныя, журналісцкія ці палемічныя тэксты). Якія яшчэ выданьні мелі на ўвазе супрацоўнікі «СБ» — засталося загадкай.

Здымак і камэнтар у газэце "Свабода", ліпень 1993
Здымак і камэнтар у газэце "Свабода", ліпень 1993

Затое загадчык аддзелу друку, радыё і тэлебачаньня Савету міністраў Сяргей Паваляеў наўпрост назваў, якія: тыя, што выходзяць на беларускай мове.

У парлямэнцкай «Народнай газэце» Паваляеў надрукаваў рэпліку, у самой назьве якой пазьдзекаваўся з тарашкевіцы — «Вот такая “ідэалёгія”», сам жа тэкст ад пачатку напісаны ў разьвязным стылі: «“За што я люблю кітайцаў — дык гэта за іх тэрмасы”. Гэты жарт зь вядомай інтэрмэдыі чамусьці ўвесь час прыходзіць у галаву, калі сутыкаесься з чарговай заявай апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце рэспублікі, якая тычыцца сродкаў масавай інфармацыі. Як у перасьпелай мадам, у якой тры галоўныя клопаты ў жыцьці, так і ў адпаведных заявах — тры «галаўныя болі»: манапалізацыя, ідэалягізацыя і партакратызацыя».

Сьцьвярджаючы, што менавіта ўрад быў ініцыятарам падтрымкі СМІ і зьняцьця падаткаў на распаўсюджваньне беларускамоўнай прэсы (апошняе недакладна — гэта была заслуга парлямэнцкай камісіі па адукацыі і культуры на чале з Гілевічам, Трусавым, Баршчэўскім і Цумаравым), Паваляеў папракае гэтымі самымі датацыямі беларускамоўную прэсу: «Газэта “ЛіМ”, сымпатыі якой манапольна акрэсьленыя, атрымлівае, пры дэкаратыўным накладзе, мільённыя датацыі дзяржавы!»

Зьедлівы камэнтар у падобнай танальнасьці — што беларускамоўная прэса мае датацыі, але мала каму цікавая — надрукаваў рэдактар газэты «Европейское время» Сямён Букчын.

Крытыка нашай заявы прагучала і з вуснаў сустаршыні прарасейскага «Руху за дэмакратычныя рэформы» Вольгі Абрамавай у інтэрвію газэце «7 Дней»: «Патрабаваньне Апазыцыяй БНФ прыярытэтнага разьвіцьця цалкам беларускамоўных сродкаў масавай інфармацыі зусім блізкі да ўвядзеньня цэнзуры па моўнай прыкмеце. Хітруе Апазыцыя і прапануючы кадравыя зьмены. На першы погляд, яна вылучае людзей фармальна беспартыйных, але грамадзкасьці яны вядомыя менавіта адданасьцю нацыянальнай ідэі».

Абрамава акцэнтавала ўвагу на «адданасьці менавіта нацыянальнай ідэі» як на нечым сумнеўным. У гэтым самым 1993 годзе Абрамава, разам з Аляксандрам Патупам, працягвала патрабаваць рэфэрэндуму аб ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай.

Затое калектыў тыднёвіка «Літаратура і мастацтва» нас падтрымаў. Аглядальнік Пётра Васілеўскі заўважыў, што адказ Паваляева «як і ўсё, што выходзіць зь нетраў Саўміну — на расейскай мове. Відавочна, што загадчык аддзелу друку, радыё і тэлебачаньня дзяржаўнай мовы сваёй краіны ня ведае і ведаць не зьбіраецца. Толькі два словы ў тэксьце беларускія — ідэалёгія і гарбата, і тыя абразьліва ўзятыя ў двукосьсе».

Аўтар прыгадаў «мільённыя датацыі», якімі Паваляеў папракаў «лімаўцаў» (у 1993 годзе тыднёвік атрымаў 14 мільёнаў рублёў датацый, даляр тады каштаваў дзьве тысячы рублёў, адпаведна, гэта было 7 тысяч даляраў — на 52 нумары, па 134 даляры на адзін нумар, і гэта — на выданьне, якое было адзінай газэтай творчай інтэлігенцыі краіны). Аглядальнік тыднёвіка пісаў: «Па-першае, гэтыя мільённыя датацыі не ідуць ні ў якое параўнаньне з датацыямі, што выдаткоўваюцца на, скажам, “Советскую Белоруссию”. Па-другое, мы маем права сьцьвярджаць, што падчас падпісной кампаніі “ЛіМ” быў падвергнуты дыскрымінацыі… Летам мне давялося быць у Браславе. У гэты горад “ЛіМ” папросту не паступае. Як казалі кіяскёры, апошні раз газэту “Літаратура і мастацтва” яны бачылі летась… Між тым, “Мы и время”, “Политика. Позиция. Прогноз” і іншыя “левыя” выданьні ідуць у “глыбінку” бесперапынна».

Названыя аглядальнікам газэты былі ня проста левыя, а спавядалі агрэсіўна-антынезалежніцкую пазыцыю, друкуючы з нумару ў нумар абразы ў бок беларускай мовы, дзяржаўных сымбаляў, патрабуючы прыцягнуць да адказнасьці ініцыятараў распаду СССР.

«Мы, у адрозьненьне ад іншых выданьняў, не друкуем на сваіх старонках абразьлівыя для беларускай дзяржавы і нацыі опусы. Нашы аўтары не абражаюць Незалежнасьць, дзяржаўныя Сьцяг і Герб, не заклікаюць да грамадзянскай вайны ў імя “государственного двуязычия” … Дык, можа, т. Паваляеў проста недакладна выказаў сваю думку? Можа, ён хацеў сказаць, што газэта “ЛіМ” атрымлівае дзяржаўную датацыю, нягледзячы на тое, што выходзіць на беларускай мове і патрабуе выкананьня палажэньняў Канстытуцыі Беларусі, якія абвяшчаюць нашу краіну сувэрэннай і нэўтральнай? Альбо нават так: дзяржава фінансуе выданьне газэты “ЛіМ”, хоць Саўмін ставіцца да незалежнасьці Беларусі без пашаны?» («Літаратура і мастацтва», 10 верасьня 1993).

Заява нашая была апублікаваная ў пачатку верасьня, у наступныя тыдні антынезалежніцкія і праімпэрскія тэндэнцыі ў дзяржаўных газэтах і на тэлебачаньні зрабіліся нагэтулькі выразнымі, што ўжо не парлямэнцкая апазыцыя, а камісія Вярхоўнага Савету па пытаньнях галоснасьці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека была вымушаная разгледзець пытаньне «Дзяржаўны сувэрэнітэт, канстытуцыйная законнасьць і сродкі масавай інфармацыі».

Пасяджэньне вёў намесьнік старшыні камісіі Анатоль Вярцінскі (пасада старшыні была вакантная). Прадстаўнікі Савету міністраў праігнаравалі запрашэньне і на пасяджэньне не зьявіліся. У афіцыйным рашэньні камісіі адзначалася, што «дзейнасьць значнай часткі сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку і дзяржаўных, носіць неляяльны характар у адносінах да дзяржаўнасьці і сувэрэнітэту Беларусі». Было прызнана мэтазгодным ліквідаваць упраўленьне інфармацыі і грамадзкіх сувязяў Саўміну і аддзел друку, радыё і тэлебачаньня Саўміну, паколькі яны дублявалі дзейнасьць Міністэрства інфармацыі і нацыянальнага прэс-цэнтру. Самому Міністэрству інфармацыі было прапанавана разгледзець мэтазгоднасьць знаходжаньня на пасадзе старшыні нацыянальнай Дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Аляксандра Сталярова.

Але рашэньні камісіі мелі дарадчы характар. Мы спадзяваліся на падтрымку Станіслава Шушкевіча, колькі разоў я чуў ад ягоных дарадцаў: «Прыміце рашэньне, а Стась падтрымае» — але не падтрымаў.

Дзяржаўная прэса, за выключэньнем некалькіх выданьняў, толькі нарошчвала агрэсіўнасьць супраць незалежнасьці і агітацыю за інтэграцыю (а па сутнасьці — аб’яднаньне ) з Расеяй. Няспынна гучалі абвінавачаньні ў бок БНФ і дэмакратычных партый.

Такім быў інфармацыйны фон і ўсе наступныя месяцы, да прэзыдэнцкіх выбараў у чэрвені 1994-га.

І таму я ніколі не пагаджуся з тымі, хто кажа, што нібыта дзяржаўная прэса была супраць Лукашэнкі.

Дзяржаўныя, урадавыя СМІ зь іх вялікімі накладамі і вялізным ахопам этэру падтрымлівалі антынезалежніцкія, прарасейскія ідэі — тыя самыя ідэі, зь якімі ішоў на выбары Лукашэнка. Зрэшты, як і Кебіч.

«Мы выступалі з Аляксандрам Лукашэнкам з аднолькавых ідэалягічных пазыцый, змагаліся не адзін з адным, а за прэзыдэнцкае крэсла, розьніца была толькі ў падыходах да дасягненьня пастаўленых мэтаў. І таму галоўным вынікам… варта, мабыць, лічыць паразу стаўленікаў нацыяналістычных сілаў Зянона Пазьняка і Станіслава Шушкевіча. Чый уклад у агульную перамогу над кандыдатамі ад БНФ — мой ці Аляксандра Лукашэнкі — быў больш важкім, хай вырашыць час», — напіша Кебіч у сваіх мэмуарах.

Чый уклад большы — сапраўды, вызначыць цяжка, але і ўклад дзяржаўных СМІ ў перамогу над «нацыяналістычнымі сіламі», трэба прызнаць, быў немалы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG