Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1993: III Усебеларуская канфэрэнцыя прызнае Раду БНР


Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Замовіць кнігу можна тут

Валеры Кучынскі (Кобрынская гарадзкая выбарчая акруга № 125): Была бы моя воля, на сегодняшний день я запретил бы всякую политическую деятельность в Республике Беларусь, я имею в виду партийную деятельность, ввел бы государственное конституционное правление, создал бы соответствующие институты и разобрался со всеми теми вопросами, которые публикуются в печати, в частности, по коррупции, по безобразиям... и одновременно разобрался бы и по другим вопросам, которые столь долго муссируются в прессе, по телевидению, по радио и во многих других учреждениях и организациях. Это во-первых. Во-вторых. Ну разве можно нам, народным депутатам, делать политику на коллективной безопасности! Поднимается одна группа депутатов... народный депутат и заявляет: «Старшыня Вярхоўнага Савету — здраднік, потому что он подписал Беловежские соглашения». Но мы с вами сидели здесь все и единогласно голосовали за эти соглашения. Так почему же, если Председатель Верховного Совета поступил неправильно, мы тогда с вами здесь натискали эти кнопки. Ладно. Допустим, мы были введены в заблуждение, был момент, не разобрались. Не разобрался и я. Ну, что мне — 35 лет, пришел старший лейтенант в Верховный Совет, не хватало немножечко опыта. Но многие здесь сидящие были политиками, занимали посты... они-то должны были видеть, что мы делали и к чему мы шли. Никто не поднялся.

Выступ у "Розным"

Падзея, якая адбылася 6 ліпеня 1993 году ў залі Купалаўскага тэатру, была гістарычнай — бо была працягам гістарычных падзеяў. Але Пазьняк унёс інтрыгу.

«Як вы думаеце, — запытаўся ён, — як у гэтай залі, якая ў сьнежні 1917 году мела 600 пасадачных месцаў, маглі зьмясьціцца 1822 дэлегаты Першага Ўсебеларускага зьезду?»

На пытаньне Пазьняк паабяцаў адказаць пазьней.

III Усебеларуская палітычная канфэрэнцыя паводле задумы арганізатараў павінна была паставіць кропку ў важнай тэме беларускай гісторыі, распачатай на 68 гадоў раней за тысячу кілямэтраў ад Менску — у Бэрліне. І тым самым даць новыя магчымасьці ўстанове, якая лічылася адно толькі сымбалем.

Ініцыятарамі скліканьня канфэрэнцыі былі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада і БНФ «Адраджэньне». У залі прысутнічаў 91 дэлегат — палова ад палітычных партый і арганізацый Беларусі, другую палову складалі прадстаўнікі беларускіх арганізацый замежжа. Заля і бальконы тэатру былі перапоўненыя, агулам сабралася каля 500 чалавек, у тым ліку і ўдзельнікі Першага зьезду беларусаў сьвету, які днямі меўся распачаць сваю працу.

Першая Ўсебеларуская канфэрэнцыя адбылася ў верасьні 1921 году ў Празе, яна асудзіла Рыскую мірную дамову 1921 году і пацьвердзіла вернасьць Трэцяй Устаўной Грамаце Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Другая канфэрэнцыя прайшла ў Бэрліне ў кастрычніку 1925 году, на ёй некаторыя кіраўнікі ўраду БНР на чале з Аляксандрам Цьвікевічам склалі свае паўнамоцтвы, прызналі Савецкую Беларусь і вярнуліся ў Менск.

Праз колькі гадоў яны былі рэпрэсаваныя і загінулі.

А яшчэ празь дзесяцігодзьдзі былі апублікаваныя архіўныя дакумэнты, зь якіх вынікала, што складаньне паўнамоцтваў ураду было, у значнай ступені, вынікам апэрацыі НКВД.

Юрыдычна яно было неправамоцнае само па сабе, і Рада БНР у выгнаньні ніколі не спыняла свайаго існаваньня, а ўсе спробы ўсяляк падарваць яе легітымнасьць аказаліся бясплённымі. І гэта — існаваньне і дзейнасьць Рады БНР — стала фактарам палітычнай барацьбы ва ўжо новай палітычнай рэальнасьці, якой стала незалежнасьць Беларусі.

Акрамя кіраўнікоў БНФ і Грамады ў канфэрэнцыі бралі ўдзел лідэры Беларускай сялянскай партыі Яўген Лугін, Партыі народнай згоды Аляксей Кароль, Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Аляксандар Дабравольскі, Жаночага Хрысьціянска-дэмакратычнага руху Беларусі Людміла Пеціна. Вёў канфэрэнцыю адзін зь лідэраў Грамады, першы намесьнік старшыні Менскага гарвыканкаму Анатоль Гурыновіч. Разам зь імі ў прэзыдыюме была вядомая перакладчыца зь Вялікай Брытаніі Вера Рыч, сябры Рады БНР Галіна Русак і Янка Запруднік з Амэрыкі, Міхась Лужынскі з Аўстраліі.

III Усебеларуская палітычная канфэрэнцыя, 1993. Фота Ул. Кармілкіна
III Усебеларуская палітычная канфэрэнцыя, 1993. Фота Ул. Кармілкіна

У залі — Васіль Быкаў (ён выступіў з прамовай), Вольга Іпатава, гісторыкі Валянцін Грыцкевіч, Мікола Ермаловіч, Анатоль Сідарэвіч, ксёндз Ян Матусевіч.

У мяне адчуваньне гістарычнасьці падзеі (усё ж з часу папярэдняй канфэрэнцыі мінула больш за 67 гадоў) сумяшчалася з настроем, які можна назваць баявым — яшчэ не пасьпеў адысьці ад драматычных падзеяў на сэсіі Вярхоўнага Савету, калі пракамуністычная большасьць спрабавала зьняць з пасады сьпікера Станіслава Шушкевіча. Здаецца, калегі па дэпутацкай апазыцыі былі ў падобным стане.

А вось іншыя дэлегаты, асабліва з замежжа, мелі настрой узьнёслы. Што зразумела: прадстаўнікі дыяспары прыехалі ў Менск для ўдзелу ў Першым зьезьдзе беларусаў сьвету і, уласна, сама канфэрэнцыя была прымеркаваная да гэтай падзеі.

Рада БНР магла скласьці паўнамоцтвы

Прычыну скліканьня канфэрэнцыі назваў у сваім выступе Зянон Пазьняк: «Нагодай для III Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі стаў намер гэтага антынароднага ўраду склікаць зьезд беларусаў сьвету, які хацелі правесьці як чарговы кангрэс. Ці ня дзіва? Тыя, што амаль пяцьдзясят гадоў найбрыдчэйшым чынам аплёўвалі беларускую эміграцыю, паклёпнічалі на яе і працягваюць паклёпнічаць, цяпер зьбіраюць зьезд, запрашаюць тых, каго называлі “фашыстамі” і “вырадкамі”, “предателями родины” на Бацькаўшчыну, выдзяляюць вялікія сродкі. У чым прычына? Прычына простая. Спачатку думалі прыкінуцца незалежнікамі і дэмакратамі і пры дапамозе арганізацыі “Бацькаўшчына”, нашпігаванай кагэбісцкімі “сексотамі” і “стукачамі”, ды на хвалі эмігранцкай эўфарыі дамагчыся перадачы паўнамоцтваў і дакумэнтаў Рады БНР гэтаму камуністычнаму ўраду Беларусі (сфармаванаму, дарэчы, яшчэ на бюро ЦК КПБ-КПСС). Гэтак камуністам удалося ашукаць украінцаў. Цяпер, калі стала зразумелым, што зь беларусамі такі фокус не атрымаецца, хочуць прыўлашчыць сабе павагу, заслужыць давер, атрымаць прызнаньне сваёй легітымнасьці ад беларускай эміграцыі, а тым самым падтрымку сваёй антынацыянальнай палітыкі, дараваньне былых злачынстваў і сьмяротных грахоў перад беларускім народам».

Зянон Пазьняк прамаўляе на III Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі. Фота Ул. Кармілкіна
Зянон Пазьняк прамаўляе на III Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі. Фота Ул. Кармілкіна

Адносна «сэксотаў» у «Бацькаўшчыне» асабіста я ніякай інфармацыі ня меў тады і ня маю цяпер — хоць цалкам верагодна, што КДБ запусьціла ў гэтую арганізацыю сваіх людзей, нейкім чынам кантралявала яе дзейнасьць, бо праца з дыяспарай дзесяцігодзьдзямі была адным з прыярытэтных накірункаў чэкісцкага клопату.

Што тычыцца намаганьняў пераканаць Раду БНР перадаць свае паўнамоцтвы — тут магу сьведчыць, што яшчэ летам 1992 году, калі на запрашэньне Дзярждэпартамэнту ЗША я быў у Злучаных Штатах, я чуў пра гэта ад актывістаў беларускай дыяспары ў Вашынгтоне (ад старшыні Беларускага Кангрэсавага камітэту Расьціслава Завістовіча) і ў Нью-Ёрку (ад сябра Рады БНР Янкі Запрудніка), а таксама некаторых іншых.

Казалі, што гэтую ідэю прасоўвае міністар замежных спраў Пётра Краўчанка, які даволі хутка (не ў апошнюю чаргу — з прычыны добрага валоданьня беларускай мовай і апранутай на сустрэчах з дыяспарай вышыванкі) заваяваў аўтарытэт у амэрыканскіх беларусаў.

Хоць пры размовах з прадстаўніком Беларусі ў ААН Генадзем Бураўкіным (я гасьцяваў у яго некалькі дзён у Нью-Ёрку), наколькі памятаю, гэтая тэма не закраналася, зусім магчыма таму, што Бураўкін лепей за міністра ведаў настроі дыяспары і нэгатыўна ставіўся да такой ідэі.

Выступае Васіль Быкаў. III Усебеларуская канфэрэнцыя, 1993. Фота Ул. Кармілкіна
Выступае Васіль Быкаў. III Усебеларуская канфэрэнцыя, 1993. Фота Ул. Кармілкіна

У якой ступені для Вячаслава Кебіча і ягонага ўраду, бальшыня міністраў якога мелі вельмі цьмянае ўяўленьне як пра Акт 25 сакавіка 1918 году, гэтак і пра Раду БНР, была важнай перадача Радай сваіх паўнамоцтваў?

Мяркую, што ў пэўнай ступені паўплываў прыклад Украіны — за два дні да першай гадавіны аднаўленьня незалежнасьці, 22 жніўня 1992 году, прэзыдэнт Украінскай Народнай Рэспублікі ў выгнаньні Мікола Плавюк у Марыінскім палацы ў Кіеве перадаў паўнамоцтвы прэзыдэнту Ўкраіны Леаніду Краўчуку і заявіў, што Ўкраіна ёсьць правапераемніцай УНР. Пры гэтым у краіне дзейнічала Вярхоўная Рада XII скліканьня, абраная яшчэ пры ўладзе камуністаў. Як казалі мне пазьней актывісты беларускай дыяспары, якія ў 90-ыя гады стасаваліся з украінцамі, неўзабаве некаторыя дзеячы колішняга кіраўніцтва УНР пашкадавалі пра сваё рашэньне як заўчаснае.

Бясспрэчна, што калі б нешта падобнае адбылося ў Менску, паўнамоцтвы б прымалі дзьве асобы — Станіслаў Шушкевіч як сьпікер парлямэнту і найвышэйшая службовая асоба, і Вячаслаў Кебіч як кіраўнік ураду. Уласна, я ня бачу прычынаў актыўнасьці ў гэтай справе Пятра Краўчанкі ў тым выпадку, калі б Кебіч не плянаваў быць удзельнікам гэтага гістарычнага акту (з Шушкевічам у кіраўніка МЗС былі надзвычай напружаныя адносіны, яны не хавалі ўзаемнай антыпатыі). Лішне казаць, што гэтая акцыя была б запісаная ў актыў Краўчанкі.

У пачатку лета 1993-га, перад Першым зьездам беларусаў сьвету, пытаньне, складзе або не свае паўнамоцтвы Рада БНР, з гістарычна-тэарэтычнага ператварылася ў палітычнае. Кіраўнікі БНФ былі знаёмыя толькі зь некаторымі сябрамі Рады, большая частка членаў якой жыла ў розных краінах і нават на розных кантынэнтах. Засьцерагчыся ад такога кроку можна было толькі аўтарытэтным, прадстаўнічым, важкім палітычным рашэньнем.

Прыняць такое рашэньне і было мэтай III Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі.

Дэлегаты і госьці канфэрэнцыі, фота Ул. Кармілкіна
Дэлегаты і госьці канфэрэнцыі, фота Ул. Кармілкіна

У дні, калі мы сьвяткавалі ў Празе 100-годзьдзе незалежнасьці БНР, я запытаўся ў цяперашняй старшыні Рады Івонкі Сурвілы, наколькі ўсё ж рэальнай была верагоднасьць складаньня паўнамоцтваў Радай у пачатку 1990-х гадоў.

«Вельмі рэальнай, — адказала Сурвіла. — Старшыня Рады Язэп Сажыч у пэўны момант схіляўся да складаньня паўнамоцтваў, мой муж Янка, які таксама ўваходзіў у Раду, шмат з кім па тэлефоне абмяркоўваў такую магчымасьць. Янка лічыў Раду БНР вялікай каштоўнасьцю беларускага народа і натуральна ж быў супраць такога кроку. Тады ўдалося пераканаць Сажыча гэтага не рабіць».

Адным з аргумэнтаў было і рашэньне канфэрэнцыі ў Менску.

«Пастанова канфэрэнцыі ў Бэрліне ў 1925 годзе была памылкаю»

Лідэр БНФ лічыў, што Раду БНР зарана «сьпісваць у архіў».

«Беларусы ўсяго сьвету павінны аб’яднаць свае намаганьні і сілы дзеля ўмацаваньня нашай дзяржавы, яе незалежнасьці і эканомікі, навукі і культуры, — заклікаў на канфэрэнцыі Зянон Пазьняк. — Нагадваючы пра нелегітымнасьць Вярхоўнага Савету, павінен адзначыць, што легітымнасьцю валодае якраз Рада БНР. Трэба прыкласьці намаганьні, каб умацаваць Раду, гарантаваць яе палітычнае функцыянаваньне. Мяркую, што трэба прадугледзець працэдуру, каб у пэўны момант гісторыі ці верагоднага безуладзьдзя мець магчымасьць правесьці выбары (ці давыбары) у Раду БНР ад палітычных арганізацыяў мэтраполіі, (гэта значыць, Беларусі), сфармаваць урад і прыступіць да выкананьня абавязкаў. Упэўнены, што сьвятая справа Беларускай Народнай Рэспублікі можа яшчэ ня раз паслужыць нашай дарагой Бацькаўшчыне».

Выступае Валянцін Голубеў. Усебеларуская канфэрэнцыя, 1993. Фота Ул. Кармілкіна
Выступае Валянцін Голубеў. Усебеларуская канфэрэнцыя, 1993. Фота Ул. Кармілкіна

Дэлегаты менскай канфэрэнцыі прызналі пастанову, прынятую ў Бэрліне ў 1925 годзе, памылкай. Рэзалюцыя, падрыхтаваная з удзелам гісторыкаў і юрыстаў, давала гістарычную і прававую ацэнку:

«Пастанова Другой Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі прымалася прыватнымі асобамі. Старшыня Рады БНР Пётра Крачэўскі ды ягоныя наступнікі засталіся верныя ідэалам Беларускай Народнай Рэспублікі, яе Ўстаўных Граматаў, нягледзячы на ўсе намаганьні як бальшавікоў, гэтак і нямецкіх фашыстаў схіліць іх да супрацоўніцтва. У пасьляваенны час Рада БНР усе гады зьяўлялася захавальніцай ідэалаў Беларускай Народнай Рэспублікі, дзеля чаго была атакаваная бальшавіцкаю прапагандай і фальсыфікатарамі гісторыі. Удзельнікі Трэцяй Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі ўважаюць, што Рада БНР павінна працягваць сваю дзейнасьць да таго часу, пакуль у Рэспубліцы Беларусь на падставе дэмакратычнага выбарчага закону ня будуць праведзены выбары ў новы парлямэнт, пакуль ня будзе прынята дэмакратычная Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, пакуль у краіне не ўсталюецца палітычная і эканамічная дэмакратыя, пакуль зь Беларусі ня будуць выведзеныя ўсе замежныя войскі».

III Усебеларуская канфэрэнцыя, выступае Янка Запруднік. Фота Ул. Кармілкіна
III Усебеларуская канфэрэнцыя, выступае Янка Запруднік. Фота Ул. Кармілкіна

У рэзалюцыі канфэрэнцыі аб палітычным становішчы адзначалася, што існуючая сыстэма не замацоўвае дзяржаўную незалежнасьць, не спрыяе эканамічным рэформам і прыцягненьню замежных інвэстыцый, адбываецца незаконная прыватызацыя агульнанароднай маёмасьці. Канфэрэнцыя асудзіла рашэньне Вярхоўнага Савету ад 29 кастрычніка 1992 году аб забароне рэфэрэндуму пра датэрміновыя выбары і запатрабавала скасаваць гэтую пастанову і правесьці не пазьней як вясной 1994 году выбары ў новы парлямэнт.

Дэлегаты выказаліся супраць уступленьня ў вайсковы саюз з Расеяй і іншымі краінамі СНД. Таксама гаварылася ў рэзалюцыі пра гарантаваньне свабоды слова, паглыбленьне працэсу нацыянальна-культурнага адраджэньня праз строгае выкананьне Закону аб мовах, рэформу сыстэмы адукацыі ды іншае, што, па сутнасьці, пацьвярджала асноўныя праграмныя палажэньні БНФ, БСДГ ды іншых дэмакратычных партый нацыянальнай арыентацыі.

Было вырашана склікаць IV Усебеларускую палітычную канфэрэнцыю ў 1994 годзе і прысьвяціць яе становішчу беларусаў у сумежных зь Беларусьсю краінах. Такое рашэньне было прынята з улікам абяцаньня Вярхоўным Саветам правесьці ў 1994 годзе датэрміновыя парлямэнцкія выбары (у 94-м выбары прайшлі прэзыдэнцкія, перамог Лукашэнка, і канфэрэнцыя не адбылася).

І ўсё ж III Усебеларуская канфэрэнцыя мела сапраўды гістарычнае значэньне, паколькі ўпершыню пасьля дзесяцігодзьдзяў антыбеларускай палітыкі ў Беларусі пацьвердзіла паўнамоцтвы Рады БНР. Варта нагадаць, што сярод яе дэлегатаў былі ўпаўнаважаныя лідэры практычна ўсіх дэмакратычных партый Беларусі. А таксама — дэпутаты Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, якія прадстаўлялі ня менш як мільён чалавек. Да гэтай канфэрэнцыі ніякі іншы дэмакратычны нацыянальны форум ня меў гэткага прадстаўніцтва.ФОТА 30

Праз 20 гадоў лідэры апазыцыйных партый і грамадзкіх арганізацый заявяць пра падтрымку Рады БНР, а ў кастрычніку 2012 году ў Вільні падпішуць Мэмарандум, у якім прызнаюць Раду БНР як надпартыйны орган беларускай гістарычнай дзяржаўнасьці і акрэсьляць супольныя з Радай дзеяньні ў справе абароны беларускай незалежнасьці.

Аляксандар Дабравольскі, Алег Трусаў, Ігар Гермянчук і Зянон Пазьняк на прэсавай канфэрэнцыі у часе III Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі. Фота Ул. Кармілкіна
Аляксандар Дабравольскі, Алег Трусаў, Ігар Гермянчук і Зянон Пазьняк на прэсавай канфэрэнцыі у часе III Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі. Фота Ул. Кармілкіна

…Ну а ў канцы канфэрэнцыі Пазьняк патлумачыў, як у сьнежні 1917-га амаль дзьве тысячы дэлегатаў маглі зьмясьціцца ў тэатры, заля якога была ў тры разы меншая.

«Першы Ўсебеларускі зьезд працаваў два тыдні і быў арганізаваны паводле прынцыпу парлямэнту. Гэта значыць, для вядзеньня Зьезду быў выбраны старшыня і намесьнікі старшыні, Прэзыдыюм і Рада старэйшын. Дэлегаты былі разьмеркаваныя па сэкцыях і камісіях, якія працавалі асобна і займалі ўсе падсобныя памяшканьні тэатру (буфэт, вэстыбюль, грымёркі, рэпэтыцыйныя пакоі і да т. п.) і нават за межамі тэатру. Вось чаму ўсе дэлегаты ўмясьціліся і былі пры справе. Усе напрацоўкі сэкцыяў кожны дзень сьцякаліся ў Раду старэйшын, якая разглядала іх і праводзіла пленарныя пасяджэньні, на якіх абавязкова прысутнічалі кіраўнікі ўсіх сэкцыяў, камісіяў і групаў і ўсе, хто жадаў. Беларусы гэтым сваім Кангрэсам стварылі тады, фактычна, народны парлямэнт, паказалі выдатны ўзровень арганізацыі, палітычную і юрыдычную дасьведчанасьць у вырашэньні галоўных пытаньняў нацыі», — такое тлумачэньне лідэра БНФ фэномэну запаўненьня беларусамі абмежаванай прасторы.

У тыя дні ня верылася, што беларускі парлямэнтарызм праз тры гады прыпыніцца — ізноў на дзесяцігодзьдзі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG