Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1993: Намэнклятура патрабуе адстаўкі Шушкевіча, Апазыцыя БНФ яго абараняе


Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Замовіць кнігу можна тут

Ніл Гілевіч (Красьненская выбарчая акруга № 77): Зашмат часу і пораху траціцца на асуджэньне Віскулёў, падпісанага там пагадненьня. Пры гэтым камень кідаюць чамусьці толькі ў агарод нашага старшыні Станіслава Станіслававіча Шушкевіча, як быццам мнагавопытны дзяржаўны муж Вячаслаў Францавіч Кебіч не паставіў пад белавескім дакумэнтам свайго подпісу. Шкада, што трацяцца час і сілы на гэты неразважны суд, які адно культывуе ў настроях людзей непатрэбную настальгію па мінулым… У ліку трох галоўных віноўнікаў, якіх яшчэ і дасюль шаржыруюць у некаторых газэтах, таварыша Шушкевіча магло б не быць. Гэта маглі б быць таварышы Ельцын, Краўчук і, скажам, Назарбаеў. А таварыш Шушкевіч спазьніўся б прыляцець. І што? Хіба з гэтага нешта б зьмянілася? Беларусь падпісала б гэтае пагадненьне трошкі пазьней, як гэта зрабілі ўсе астатнія рэспублікі Саюзу. Па-трэцяе, і гэта галоўнае — усім нам трэба глядзець на рэальны стан рэчаў. Віскулі — гэта ўжо гісторыя, а перад намі жывая рэчаіснасьць… Дарэчы, у вуснах многіх нашых грамадзян словы «сувэрэнітэт», «незалежнасьць» сталі словамі зьневажальна абразьлівымі, гучаць як лаянка. Няшчасьце на галаву звалілася — сувэрэнітэт! Жылі-жылі, і раптам на табе — пракляцьце божае — сувэрэнітэт народу дастаўся! Гэты матыў праступае ў некаторых прамовах тут. Пад любым прыкрыцьцем, але давайце пазбавімся ад сувэрэнітэту, бо ва ўсім вінаваты ён. Новая хвароба ў Беларусі — сындром набытага сувэрэнітэту.

Выступ у "Розным"

— Крови хотите нашего Бухарчика? Не дадим вам крови нашего Бухарчика!

Я падышоў усутыч да невялікай групы дэпутатаў-камуністаў у фае Авальнай залі, і тыя ў неразуменьні аслупянелі. Напэўна, потым, калі я адышоў, запытваліся — «Што гэта зь ім?».

Яны маглі ведаць, а маглі і ня ведаць фразу, сказаную на нейкім партыйным форуме Сталіным, калі той абараняў Бухарына ад трацкістаў (яшчэ да таго, як адправіў былога сябра пад чэкісцкія наганы).

Я быў, дзякуй Богу, ня Сталін, дэпутаты — не трацкісты, і гэтая фраза, якая чамусьці ў стрэсавым стане ўсплыла з падсьвядомасьці, мела з рэальнасьцю толькі адно агульнае: крыві сапраўды хацелі, нават прагнулі. У той дзень камуністы спрабавалі адправіць у адстаўку Шушкевіча.

Але адступім на адзін дзень раней.

29 чэрвеня 1993 году Авальная заля была поўная як ніколі — разглядалася пытаньне пра перападпарадкаваньне Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.

КДБ падпарадкоўваўся Вярхоўнаму Савету; у рэальнасьці — аднаму старшыні ВС, і як ён распарадзіўся гэтым, будзе асобная гаворка, пакуль жа адзначу, што і Вярхоўны Савет, і старшыня былі канстытуцыйнымі суб’ектамі. А Ўпраўленьне бясьпекі Саўміну на чале зь дзяржсакратаром Генадзем Данілавым, якое імкнулася падпарадкаваць сабе сілавыя структуры — не было прадугледжана ні Канстытуцыяй, ні законамі.

Данілаў быў найбольш набліжанай да Кебіча асобай, а ягонымі намесьнікамі былі лідэр парлямэнцкай групы «Беларусь» Генадзь Казлоў і дэпутат, тады яшчэ палкоўнік (пазьней генэрал) Паўлаў — якія не хавалі імкненьня «аб’яднаць» Беларусь з Расеяй. Таму пераход КДБ у падпарадкаваньне Саўміну азначаў бы ня толькі ўзмацненьне Кебіча, але і ператварэньне Камітэту ў рэпрэсіўны мэханізм (тое, што адбылося пры Лукашэнку). Прычым — прарасейскі рэпрэсіўны мэханізм.

У той дзень Генадзь Казлоў сабраў у Авальнай залі ня толькі максымальную колькасьць дэпутатаў сваёй пракебічаўскай групы, але і «нэўтралаў» — ня ведаю, што ўжо абяцалі апошнім.

Мы, акрамя выступаў на пасяджэньні, скарысталі сваю старую выпрабаваную тактыку — кулюарныя гутаркі з дэпутатамі, патлумачылі ім, чым гэта можа скончыцца і якую небясьпеку гэта будзе мець асабіста для іх (канешне, у кожнага былі або асабістыя ворагі, або нейкія «слабыя» месцы, і ціск на гэткія месцы чэкістамі быў адпрацаваны дзесяцігодзьдзямі).

Вынікі галасаваньня не абрадавалі Вячаслава Кебіча — не хапіла трох галасоў. Усяго толькі трох — але рашэньне не было прынятае. Як заўважыў Ігар Гермянчук, які сядзеў у «менскім» сэктары, непадалёку ад урадавай ложы, «расчараваны Вячаслаў Францавіч моўчкі пакінуў залю, строга зірнуўшы на сваю бяздарную дэпутацкую гвардыю».

Гэтае фіяска толькі разьюшыла парлямэнцкую большасьць,

«Якобы национальная символика»

«Шум у залі» — такая рэмарка ставілася, калі выступ прамоўцы або сьпікера перапыняўся галасамі дэпутатаў, звычайна гэта было абурэньне або падтрымка. А здаралася — і адно, і другое разам.

«Шум» гэты ствараўся галасамі — ня памятаю, каб нехта ляпаў крышкамі пюпітраў, ці сядзеньнямі крэслаў, або тупаў нагамі. Падчас выступаў прамоўцаў іншыя дэпутаты звычайна не сядзелі моўчкі, дзе-нідзе ў Авальнай залі было чуваць шэпт — але перамаўляліся вось менавіта што ціха, не ствараючы асаблівага дыскамфорту для выступоўцы, выяўлялі павагу. Размоваў па тэлефонах не было — бо мабільных тэлефонаў у Беларусі яшчэ не існавала. Ну а калі «шум у залі» — гэта ўжо ці непавага, ці, наадварот, гарачая падтрымка.

На другі дзень на трыбуну ўзьняўся былы першы сакратар Жыткавіцкага райкаму партыі дэпутат Уладзімер Герасімаў; зьмяшчаю фрагмэнты ягонага выступу на мове арыгіналу.

«Уважаемые народные депутаты, вношу депутатский запрос от группы народных депутатов Председателю Верховного Совета Республики Беларусь Станиславу Станиславовичу Шушкевичу. 19 сентября 1991 года в обстановке после августовского морального террора внеочередная сессия Верховного Совета Республики Беларусь на основании информации руководства Академии наук и ее Института истории утвердила новую государственную символику: бело-красно-белый флаг и герб “Погоня”. Вопрос о принятии этой якобы национальной исторической символики белорусского народа был поднят оппозицией Белорусского народного фронта в Верховном Совете. Представленное Институтом истории Академии наук заключение по новой государственной символике носит общедекларативный характер, документально не подтверждено и выглядит как историко-литературная импровизация. Такими же по содержанию были и выступления некоторых депутатов…»

У часе наданьня нацыянальным сымбалям статусу дзяржаўных у верасьні 1991 году дэпутатаў пазнаёмілі з афіцыйным заключэньнем Інстытуту гісторыі Акадэміі навук, навуковую аўтарытэтнасьць высноваў пацьвердзіў ня хто іншы, як прэзыдэнт АН Уладзімер Платонаў.

«При решении вопроса о государственной символике народные избранники не могут игнорировать то, что белорусский народ в подавляющем большинстве не принял и что он продолжает сохранять глубокое уважение к прежней государственной символике», — працягваў дэпутат Герасімаў, але не сказаў, адкуль ён зрабіў гэтыя высновы. Мітынгі камуністаў зьбіралі некалькі сотняў чалавек у Менску і пару дзясяткаў — у абласных цэнтрах, і за ўвесь час прыносілі штук пяць сьцягоў БССР, і гэта пры тым, што ніхто іх не забараняў.

«Многие тысячи людей в каждой области республики еще и теперь, спустя полвека, хорошо помнят, как в мрачные годы фашистской оккупации под бело-красно-белым флагом и с гербом “Погоня” белорусские национал-фашисты, полицейские и другие активные пособники гитлеровцев пытали, расстреливали и вешали патриотов, безжалостно уничтожали женщин, стариков и детей, сжигали дотла деревни и села, нередко вместе с их жителями, насильственно угоняли население на фашистскую каторгу».

Тэма выкарыстаньня нацыянальнай сымболікі ў часе нямецкай акупацыі была абмеркаваная яшчэ ў верасьні 1991 году. Тады ж былы старшыня Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР Георгі Таразевіч сказаў, што «фашыстоўскія прапагандысцкія службы дзейнічалі вельмі спрытна і хітра. Тыя дзеячы выкарыстоўвалі гістарычную нацыянальную сымболіку ня толькі ў нас у Беларусі, але і практычна ва ўсіх акупаваных краінах. Гэта тычыцца і Францыі, і Польшчы, і Ўкраіны, і нават Расеі… І самае галоўнае: тое, што здаўна належыць народу, нікому ніколі нельга ні запляміць, ні забараніць, ні зьмяніць».

Але тэма зноў і зноў выводзілася на першы плян камуністамі — пры гэтым яны не жадалі прыгадваць, колькі людзей было расстраляна ў часе бальшавіцкіх рэпрэсій пад чырвонымі сьцягамі.

«И неудивительно, что и минчане, и находившиеся в столице жители других регионов Беларуси, перенесшие все ужасы вражеской оккупации, были беспредельно изумлены и возмущены, когда над Домом Правительства, где заседал Верховный Совет, взвился красно-белый флаг позора и национального предательства. (Шум у залі). В подтверждение этому хочу привести публикацию “Фемиды” в номере 25, которая впервые публикует немецкие документы военных лет, связанные с белорусской национальной символикой. Данную публикацию подписали известные люди в Республике Беларусь, владеющие вопросами истории и архива».

Газэта, якую выдаваў прадпрымальнік Аляксандар Патупа, у тым часе распачала кампанію за ліквідацыю статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай і наданьне такога статусу расейскай мове; адначасна дыскрэдытавалася і дзяржаўная сымболіка з прыцягненьнем асобаў і дэпутатаў, якія валодалі «вопросами истории и архива», але не заўсёды добра валодалі расейскай мовай.

«И неудивительно... (Шум у залі). Случилось однако так, что народные депутаты не по своей воле... (Шум у залі). В целях установления исторической правды о новой государственной символике Республики Беларусь считаем необходимым, чтобы Председатель Верховного Совета срочно потребовал от Комитета по делам архивов и делопроизводства при Совете Министров Республики Беларусь представить полную информацию о наличии в архивах республики документов и материалов по истории появления на белорусской земле бело-красно-белого флага и герба “Погоня”, о чем доложить народным депутатам Республики Беларусь для принятия решения о целесообразности или нецелесообразности ее утверждения. Благодарю за внимание. Умейте слушать».

Слухаць мы ўмелі, і такія выступы былі намі пачутыя — увесь 1993 год дэпутаты БНФ патрабавалі, каб установы выконвалі прынятыя Вярхоўным Саветам пастановы аб дзяржаўнай сымболіцы. Але пракуратура ніяк не рэагавала на адкрытыя абразы дзяржаўнай сымболікі, а чыноўнікі як маглі адцягвалі разьмяшчэньне «Пагоні» на афіцыйных будынках. Дый на Доме Ўраду «Пагоня» зьявіцца толькі ў наступным годзе і правісіць нядоўга.

Прапанова Лукашэнкі правальваецца

Дэпутацкае пасьведчаньне Булахаў паклаў з размаху, мікрафоны зафіксавалі пляск далоні аб трыбуну. А стэнаграфісткі — «шум у залі».

Потым выказвалася меркаваньне, што ў пэўнай ступені Шушкевіч сам справакаваў пытаньне аб даверы, рэзка выказаўшыся на адрас старшыні камісіі па заканадаўстве Дзьмітрыя Булахава. У студзені 1993 году Булахаў, знаходзячыся за стырном службовага аўтамабіля, зьбіў жанчыну, якая загінула (сьледзтва прызнала, што Булахаў не парушыў правілаў дарожнага руху і ня мог пазьбегнуць сутыкненьня, але Шушкевіч выказаўся ў тым сэнсе, што калі б Булахаў ня сам быў за стырном — трагедыі не было б). Вось тады Булахаў выйшаў на трыбуну і грымнуў дэпутацкім мандатам.

У пэўнай ступені гэта магло справакаваць дэпутатаў, але галоўнай прэтэнзіяй да Шушкевіча было тое, што, як сьцьвярджалі дэпутаты, сьпікер ня выканаў рашэньне Вярхоўнага Савету ад 9 красавіка і не падпісаў Дамову аб калектыўнай бясьпецы.

У прэзыдыюме сэсіі ВС Мечыслаўз Грыб, Станіслаў Шушкевіч і Ніл Гілевіч. Фота Ул.Сапагова
У прэзыдыюме сэсіі ВС Мечыслаўз Грыб, Станіслаў Шушкевіч і Ніл Гілевіч. Фота Ул.Сапагова

Шушкевіч сказаў, што адаслаў лідэрам краінаў — членаў Дамовы ліст, у якім паведаміў пра далучэньне да яе Беларусі, але міністар замежных спраў Краўчанка заявіў, што гэты ліст ня мае юрыдычнай сілы.

Пытаньне пра адстаўку Шушкевіча выразна паставіў дэпутат, былы сакратар ЦК КПБ Ціхіня, яго падтрымаў Лукашэнка, абвінаваціўшы Шушкевіча ў нязгодзе з уступленьнем у сыстэму калектыўнай бясьпекі і, як ён гэта звычайна рабіў, у падпісаньні белавескага пагадненьня.

Прапанова Лукашэнкі пра адстаўку Шушкевіча набрала 163 галасы, а для прыняцьця рашэньня ў той момант патрэбна было 174.

Апазыцыя БНФ падтрымлівае Шушкевіча

Аднойчы на прэсавай канфэрэнцыі ці нават у часе прамога этэру я прыгадаў свайго пляменьніка Мікіту, калі ён быў яшчэ немаўлём. Пасьля вяртаньня з войска я жыў у бацькоў разам зь сямʼёй сястры і, здаралася, яна даручала мне даглядаць малога. Нічога асабліва складанага ў тым не было, але часам ён капрызаваў і, калі я трымаў яго на руках, лупцаваў мяне па твары як толькі мог. Ня ведаю, што ён мог разумець у год зь нечым, але, пэўна, адчуваў, што якія б драпіны ён мне ні паставіў — я рукі не расьцісну, ня кіну, буду трымаць. Ня тое каб было балюча, але — крыўдна.

«Вось так і Шушкевіч: лупцуе і ведае, што мы яго ня кінем», — патлумачыў я сваё параўнаньне.

У нас было шмат прэтэнзіяў да Шушкевіча — за ягоную непасьлядоўнасьць, за ігнараваньне нашых прапановаў, за адключэньне нам мікрафонаў на сэсіях, за вельмі часта непатрэбныя кампрамісы з Кебічам і з пракамуністычнай парлямэнцкай большасьцю. Урэшце, менавіта на яго мы ўскладалі найбольшую адказнасьць за неправядзеньне ў 1992 годзе рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах, за што паставілі подпісы больш як 440 тысяч грамадзян. Мы разумелі, што Шушкевіч — «дэмакратычная» шырма для намэнклятуры.

І ўсё ж — Шушкевіч ня быў настроены па-праімпэрску, ён выступаў за нацыянальнае Адраджэньне, за незалежнасьць (хоць і непасьлядоўна), за беларускую мову (пасьлядоўна). Мы разумелі, што ў выпадку адстаўкі Шушкевіча на яго месца ня прыйдзе лепшы.

Працэдура выказу даверу або недаверу не была прапісаная ў Часовым рэглямэнце Вярхоўнага Савету (якім парлямэнт быў абавязаны кіравацца ў сваёй працы), але Віктар Ганчар заявіў, што парлямэнт мае права прыняць якое заўгодна рашэньне. «Калі мы здымем Шушкевіча, дык нічога ня здарыцца, паколькі ён нічога не зрабіў для стабілізацыі эканамічнай сытуацыі», — заявіў Ганчар.

Мы ў апазыцыі абмяркоўвалі сытуацыю нядоўга — толькі вызначыліся з тактыкай, зь лініяй паводзін. Пытаньня — мы «за» або «супраць» Шушкевіча — не ўзьнікала. Было вырашана, што ў выпадку, калі дойдзе да галасаваньня за адстаўку або недавер, будзем зрываць кворум.

Заля была наэлектрызаваная, дэпутаты-камуністы крычалі, ускоквалі зь месцаў, і тут дарэчы будзе працытаваць уражаньне журналіста Максіма Грэка, які назіраў за відовішчам збоку:

«Атака іх сапраўды шалёная, бо кіруе імі не дакладны разьлік, не здаровы сэнс, а страх і прага помсты. Страх за тое, што іх час праходзіць… З другога боку атака — гэта прага помсты, імкненьне апошні раз нашкодзіць, грымнуць дзьвярыма перад сваім канцом. Яны аджываюць, будучага няма. І тычыцца тое як адкормленых у партыйных сьвінарніках парсюкоў, так і атлусьцелай на дзяржаўных раскрадзеных сродках новай буржуазіі — намэнклятуры, якая своечасова апынулася менавіта там, дзе нешта прыватызуецца. І вось тут змыкаюцца інтарэсы Івана Трусава і Генадзя Карпенкі, вось тут і сябруюць камуніст з «дэмакратам». У захаваньні такога стану і шукаюць апору «товарищи» з «господами», заклікаючы да «згоды» і «стабільнасьці» («Добры вечар», 3 ліпеня 1993).

Мы абаранялі Шушкевіча — вось фрагмэнт майго выступу: «Што і казаць, папрокаў спадару Шушкевічу можна прывесьці нямала. Адзін зь іх — гэта, магчыма, нежаданьне ці няўменьне сфармаваць моцную каманду зь ліку дэмакратычных дэпутатаў і прадстаўнікоў дэмакратычных плыняў, здольных распрацаваць канцэпцыю пабудовы сувэрэннай дэмакратычнай дзяржавы, канцэпцыю рэальных эканамічных рэформаў. Такія праграмы і законапраекты распрацоўваліся апазыцыяй БНФ бяз вашай, Станіслаў Станіслававіч, падтрымкі. Гэта быў шанец, але, на жаль, ён ня быў выкарыстаны. Я пра гэта кажу шчыра і адкрыта, але гэтак жа шчыра павінен сказаць і пра тое, што катэгарычна супраць таго, каб вешаць на старшыню Вярхоўнага Савету ўсіх сабак».

Паколькі нежаданьне Шушкевіча падпісаць вайсковы саюз з Расеяй было адной з галоўных да яго прэтэнзіяў з боку парлямэнцкай большасьці, я спыніўся і на гэтай тэме:

«Перакананы, што калектыўная бясьпека, ідэя пра гэты так званы эканамічны саюз — гэта толькі шырма для прыкрыцьця няздольнасьці ўраду вывесьці эканоміку з крызісу… На сёньняшні дзень урад не распрацаваў і не прадставіў ні праграму структурнай перабудовы эканомікі, ні праграму разьвіцьця альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі і энэрганосьбітаў, ні праграму канвэрсіі, якую, відаць, найперш трэба было б распрацаваць і прадставіць. Вы абвінавачваеце старшыню, і асабліва дэпутатаў апазыцыі ў тым, што мы выступаем супроць Расеі, як вы кажаце, “антирусские настроения”. Выбачайце, вы ня знойдзеце ніводнага выступленьня ні лідэра Народнага Фронту Пазьняка, ні дэпутатаў апазыцыі, дзе такая ідэя праводзілася б. Вы ня знойдзеце ніводнага слова супроць Расеі, ніводнага слова супроць расейскага народу. Іншая справа, што мы казалі пра тое, што нельга рабіць стаўку на адзін бок. Ня можа ў сувэрэннай дзяржаве быць вэктар разьвіцьця толькі ў адзін бок, трэба шукаць па ўсіх накірунках».

Працытую яшчэ фрагмэнт выступу Пазьняка: «Сустракаючыся з партыйнымі функцыянэрамі, я заўсёды зьдзіўляўся адной акалічнасьці, што людзі, якія базуюць сваю ідэалёгію на дыялектыцы, абсалютна не разумеюць законаў гэтай дыялектыкі. З пункту гледжаньня тых пытаньняў, якія зараз разьбіраюцца, яны ўжо перасталі быць актуальнымі. Пра які эканамічны саюз зараз можна гаварыць? Пра якую калектыўную бясьпеку? Гэта яшчэ тры месяцы назад гэтае пытаньне было актуальнае, асабліва для вас, калі ў Расеі чакаліся перамены. Цяпер пазыцыя Ўкраіны вам вядомая. Яна ніколі ня пойдзе ў калектыўную бясьпеку. Пазыцыя Казахстану рэзка перамянілася. А гэта дастаткова вялікая дзяржава з магутнымі рэсурсамі. Хто застаўся? Засталася Армэнія, якая ваюе з Азэрбайджанам, і Расея… Да якой калектыўнай дамовы далучацца? Размова можа ісьці толькі аб ваенным саюзе з Расеяй».

Гэтым самым Пазьняк агаліў сутнасьць імкненьня далучыць Беларусь да сыстэмы калектыўнай бясьпекі. Што, уласна, і пацьвердзіў старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Мікалай Грынёў, сказаўшы, што выбар адзін: альбо ў NATO, альбо — пад кіраўніцтва Расеі.

З патрабаваньнем адстаўкі Шушкевіча, паколькі ён «не скрывал неприятия, причем воинствующего неприятия позиции Верховного Совета», выступіў Віктар Ганчар. Пытаньне пра недавер падтрымаў і Генадзь Карпенка — у яго з Шушкевічам была ўзаемная антыпатыя.

«Хай задушацца гэтым шакалядам»

У Авальнай залі дэпутаты сядзелі па абласьцях. Калі павярнуцца тварам да прэзыдыюму, з правага боку разьмяшчаліся дэпутаты Менску і Менскай вобласьці, потым берасьцейскія. Віцебскія сядзелі па абодва бакі ад цэнтральнага праходу. Затым была Гомельская вобласьць, Магілёўская і, нарэшце, Горадзенская. Дэпутаты ад грамадзкіх арганізацый былі рассаджаныя па ўсёй залі.

Але бліжэйшыя да прэзыдыюму сэктары звычайна займалі не парлямэнтарыі. У левым сэктары сядзелі супрацоўнікі апарату Вярхоўнага Савету (і некалькі дэпутатаў, якіх абіралі ў сакратарыят сэсіі), правы быў адведзены для членаў ураду. У першым радзе сядзеў Кебіч, за ім — ягоныя намесьнікі, далей — міністры. З пэўнага часу адразу за Кебічам сядзелі Данілаў і начальнікі ўпраўленьняў Саўміну. Аднак гэты, правы «урадавы» сэктар выступоўцы часта на трыбуне называлі «левым», паколькі стаялі тварам да залі.

Ня памятаю, каб у дні, калі ішла атака на Шушкевіча, Кебіч сядзеў на сваім дэпутацкім месцы — за падзеямі ў Авальнай залі ён мог сачыць на тэлеманіторы, у кабінэтах Дому ўраду заўсёды ішла трансьляцыя. Але сэктар ураду быў запоўнены большай часткай не міністрамі, а супрацоўнікамі апарату Саўміну, «шэрымі кардыналамі», як мы іх называлі. Яны і кантралявалі працэс, які набываў усё больш небясьпечны для Шушкевіча характар.

Мечыслаў Грыб: «Стварэньне эканамічнага саюзу ў рамках СНД без Дамовы аб калектыўнай бясьпецы — гэта чарговы міт і спроба адарваць Рэспубліку Беларусь ад нашых усходніх суседзяў».

Мікалай Грынёў, старшыня Магілёўскага аблвыканкаму: «Станіслаў Станіслававіч, рыхтуючыся да будучых прэзыдэнцкіх выбараў, хоча выразна і ясна адгарадзіцца ад эканомікі і сказаць: “Гэта яны там няздольныя ў рынку працаваць”. Разваліўшы Савецкі Саюз, ашукаўшы нас на сэсіі Вярхоўнага Савету, на якой мы прагаласавалі за Дамову па СНД — рублёвую зону, эканамічную прастору... Мы паддаліся на гэтую вуду, былі ашуканыя і павінны папрасіць прабачэньня перад людзьмі… Спадар Пазьняк, вы ж інтэлігентны чалавек, кандыдат навук, чаго вы седзіце і гарлапаніце зь месца? Дзякуй, я бяз вашай падказкі пакуль разьбіраўся і буду разьбірацца!»

Віктар Піскароў, былы міністар унутраных спраў: «Прэзыдэнцкая форма кіраваньня, відавочна, сёньня найбольш прымальная для нашай маладой дзяржавы... Але наш старшыня, па сутнасьці, апынуўся ў апазыцыі да Вярхоўнага Савету, падтрымліваючы і прапагандуючы ідэю аб парлямэнтарнай (так у стэнаграме — С. Н.) форме кіраваньня».

Аляксандар Лукашэнка: «Пытаньне аб адстаўцы сьпікера нашага парлямэнту абмяркоўваецца даўно і небеспадстаўна. Я буду казаць толькі аргумэнты. Калі ўстане гэтае пытаньне, я адназначна буду галасаваць за вашу адстаўку. Эканомікай вы не займаецеся — ня хочаце, ваша палітычная канфрантацыя, якую вы працягваеце, арыентуючыся на Балта-Чарнаморскі саюз, — гэта шлях да развалу і падзелу рэспублікі. Абсурд яшчэ палягае ў тым, што кіраўнік парлямэнту не выяўляе думкі большасьці».

Міхаіл Качан, дэпутат ад вэтэранскай арганізацыі: «Я нядаўна быў сьведкам такой карціны ў Менску і Гомелі: вуліцы аблытаныя спэкулянцкімі ларкамі, група дзетак пераходзіла ад аднаго ларка да другога, і ўсе іх позіркі былі зьвернутыя на ласунак — на шакаляд, які там ляжаў коштам 300–400 рублёў. Хлопцы паміж сабой разгаварыліся і выказалі: “А раней мне мамка купляла шакаляд, а цяпер не — няма за што. Хай яны самі задушацца гэтым шакалядам”. Гэты праклён яны шлюць вам, Станіслаў Станіслававіч. Вы ня толькі зрабілі жабракамі старэйшае пакаленьне, вы адабралі шчасьце, радасьць у нашых дзяцей, што зьяўляецца самым каштоўным і дарагім капіталам для нашай нацыі… Наш народ 17 сакавіка 1991 году выказаўся за захаваньне Саюзу, але хто растаптаў жаданьне народу, хто напляваў на свой народ? Гэта самы галоўны “дэмакрат” — вы, Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч, які падпісаў Белавескае пагадненьне насуперак волі народу».

Дэпутату-вэтэрану адказаў Іван Герасюк: «Старшыня нашага Вярхоўнага Савету ў першую чаргу палітык. Палітыку Беларусі сёньня паважаюць у сьвеце, і маючы адбыцца візыт у ЗША сьведчыць аб шырокім міжнародным прызнаньні Беларусі. І я як грамадзянін задаволены, што мой сын адʼяжджае сёньня ў піянэрскі лягер і ніхто па дарозе не падпаліць аўтобус. Я задаволены, што сёньня на вясковы падворак маёй маці не падаюць бомбы. А кіраўніцтва канкрэтна эканомікай — выключна задача выканаўчай улады. Вось з гэтага левага сэктару і трэба спытаць, таварыш Качан, чаму нашы дзеці ці ўнукі плачуць ля камэрцыйных кіёскаў і чаму нас зноў парадавалі новым павышэньнем цэн. І да гэтага сэктару ўсім нам трэба прыгледзецца больш пільна. Не Шушкевіч вінаваты ў тым, што па ліцэнзіях міністэрстваў і розных “камаў” мільярдамі раскрадаюць Беларусь, што ў асобных нашых дзеячоў, блізкіх да выканаўчай улады, зьявіліся даляравыя рахункі ў замежных банках. Прозьвішча ня жонкі Шушкевіча, а жонкі Кебіча фігуравала ў сумнеўнай гандлёвай, для кагосьці выгаднай зьдзелцы. Не Шушкевіч будуе сабе вілу ў маляўнічых мясьцінах пад Менскам, ды падобную яшчэ ў водаахоўнай зоне ў Папярнянскім сельсавеце. У сьпісе гэтых лятыфундыстаў значацца прозьвішчы нейкіх Кеніка і Мясьніковіча (намесьнікі Кебіча — С. Н.). Я мог бы назваць шмат прозьвішчаў, але Савет міністраў вырас за гэты час настолькі, што мне проста ня хопіць часу».

І вырас апарат Саўміну ў тым ліку і за кошт былых супрацоўнікаў ЦК, менскіх абкаму, гаркаму і райкамаў кампартыі, якія не маглі дараваць прыхільнікам дэмакратыі паразы ў жніўні 91-га.

«Вы дзейнічаеце па інстынктах»

Мы заклікалі палітычных апанэнтаў да розуму і зьвярталі ўвагу на парушэньні рэглямэнту.

Анатоль Вярцінскі: «Мы дайшлі да вельмі небясьпечнай рысы гісторыі нашага Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня… Тут гучала слова “допрос”. Гэта ня толькі “допрос”, гэта “допрос с пристрастием”. Ідзе барацьба ня толькі з Шушкевічам. Шушкевіч выбраны як мішэнь. Ідзе барацьба з тым накірункам, дэмакратычным разьвіцьцём, на шлях якога стала Рэспубліка Беларусь, якая хоча стаць нэўтральнай, бязьядзернай».

Сяргей Антончык: «Я як прадстаўнік рабочых, якія сюды мяне накіравалі, зь вялікім задавальненьнем займуся пасьля вашага галасаваньня падрыхтоўкай агульнапалітычнага страйку з патрабаваньнем адстаўкі ўраду і з патрабаваньнем адстаўкі Вярхоўнага Савету. І ня толькі адстаўкі, а яшчэ з прыцягненьнем да крымінальнай адказнасьці тых людзей, якія раскралі эканоміку, якія прадалі ўсё, што можна прадаць. І таму я прапаную вам адумацца. Сёньня вы дзейнічаеце і працуеце па інстынктах, але заўтра прыйдзе працьверазеньне. І спадзяюся, што 1991 год паўторыцца, але паўторыцца значна мацней».

Лявон Баршчэўскі: «Можна галасаваць за ўсё, што вы хочаце, гэта ваша права, шаноўнае спадарства, калі ласка. Але чарговы раз парушаць Рэглямэнт — гэта чарговы раз прымушаць недэмакратычным спосабам вырашаць пэўнае пытаньне».

Сяргей Навумчык: «Спадары дэпутаты, прадстаўнікі пракамуністычнай дэпутацкай большасьці! У мяне ўзьнікаюць сумненьні, ці ўвогуле здольныя вы прагназаваць разьвіцьцё падзей у грамадзтве. Вынясеньне ад імя спадароў Лукашэнкі, Прывалава і іншых вось гэтага пытаньня аб адстаўцы Шушкевіча, на жаль, пацьвярджае самыя сумныя прагнозы. Вы не прагназуеце сытуацыю ўвогуле. Якім бы неразумным вы ні лічылі нашае насельніцтва, але людзі здольныя будуць за гэтыя два–тры месяцы разабрацца, што ня можа старшыня Вярхоўнага Савету несьці адказнасьць за рашэньні Вярхоўнага Савету, за 300 дэпутатаў, якія прымаюць гэтыя рашэньні… Вы гаварылі пра хворую эканоміку. Але ўрад павінен несьці адказнасьць за эканоміку. І таму апазыцыя некалькі разоў ставіла пытаньне аб адказнасьці ўраду і пэрсанальна спадара Кебіча. Чаму ж вы тады нас не падтрымалі?»

Вольга Галубовіч: «Шаноўныя калегі, няўжо мы хочам канчатковага распаду нашай незалежнасьці? Няўжо мы гэтага хочам? Няўжо мы хочам, каб сапраўды пачаліся і палітычныя і эканамічныя страйкі?»

Мікалай Крыжаноўскі: «Паглядзіце, хто выступае (супраць Шушкевіча — С. Н.)? Той, хто выступаў супраць дзяржаўнай сымболікі, рэзка выступае супраць Шушкевіча, таму што гэта шчыры беларус і таму што ён за адраджэньне Беларусі. Другі выступае — той, хто выступаў супраць дзяржаўнай мовы, сёньня ён таксама выступае супраць Шушкевіча. І справа не ў Шушкевічу. Справа сёньня ў тым, шаноўная большасьць, што вы ўбачылі, што Шушкевіч пачаў займаць прынцыповыя пазыцыі. Калі ён з вамі пагаджаўся, вы яго падтрымлівалі. Калі ён заняў прынцыповую пазыцыю ў адносінах да адраджэньня дзяржаўнасьці і сувэрэнітэту, крочаньня шляхам да нэўтралітэту і бязьядзернасьці, вы паўсталі рашуча».

Генадзь Маісееў: «Гэта звычайны канстытуцыйны дзяржаўны пераварот, несумленны. Падумайце, ёсьць час, пакуль ня позна. Што ж, большасьць у нашым Вярхоўным Савеце (можа быць, палова) — людзі прарасейскай арыентацыі, …якіх савецкая ўлада за семдзесят зь лішнім гадоў існаваньня зрабіла мутантамі».

Мы адчувалі, што нашыя аргумэнты не ўспрымаюцца — выходзілі да мікрафонаў Ганчар, Карпенка, выбягаў Лукашэнка. Лукашэнка нас не зьдзіўляў, а вось тое, што з намэнклятурай зьліліся Карпенка і Ганчар, якія мелі каля дзясятка прыхільнікаў сярод дэпутатаў і называлі сябе дэмакратамі — тое было непрыемна. І небясьпечна: галасоў за недавер магло хапіць.

І тады мы проста ня ўзялі ўдзелу ў рэгістрацыі. Кворуму не хапіла — але намэнклятура ўсё роўна пачала галасаваньне празь бюлетэні. Нават калі б галасоў хапіла, гэта яшчэ б не азначала адстаўкі. Але Шушкевіч апынуўся б у складанай сытуацыі: хутчэй за ўсё, пры недаверы большасьці дэпутацкага корпусу, ён вымушаны быў бы падаць у адстаўку. Зрэшты, нашыя апанэнты маглі і не чакаць гэтага кроку, а вынесьці пытаньне ўжо не пра недавер, а пра адстаўку і сабраць тыя самыя патрэбныя галасы (што і зрабілі праз паўгода, у студзені 94-га).

У выніку, за недавер Шушкевічу прагаласавала 166 дэпутатаў — 8 галасоў не хапіла.

Па сто грамаў. І яшчэ па дзьвесьце

Тут дазволю сабе выказаць меркаваньне, што пэўную ролю ў правале плянаў пракамуністычнай намэнклятуры і групы тых, хто залічваў сябе да дэмакратаў (Ганчара і Карпенкі) адыгралі ня толькі тактыка, але і каляндар.

1 ліпеня, калі ішло галасаваньне, прыпадала на пятніцу, і наперадзе былі выходныя. А ў гатэлях, дзе жылі дэпутаты, былі лядоўні, а ў лядоўнях — гарэлка і закусь. Ужо раніцай некаторыя ўзялі па добрай чарцы. А ў часе, калі рыхтаваліся бюлетэні, дабавілі па другой, а хто-ніхто — і па трэцяй. «На гэты момант некаторыя дэпутаты ўжо былі добра п’яныя. Адзін зь іх, намесьнік старшыні аблвыканкаму, так набраўся, што ледзь трымаўся на нагах. Другі, старшыня райвыканкаму, прыкладна ў такім самым стане нават імкнуўся да мікрафона», — распавёў «Свабодзе» дэпутат Мікалай Аксаміт.

І ўсё ж, хоць і нецьвярозай паходкай, але гэтыя дэпутаты дайшлі да скрыняў для галасаваньня і выканалі свой абавязак перад Кебічам. А вось некаторыя засталіся ў гатэлі (магчыма, заснулі) — ня выключана, што якраз іх галасоў і не хапіла для выказу недаверу Шушкевічу.

Пасьля гэтага некаторыя журналісты ў мяне пыталіся, ці ня мы прывялі дэпутатаў у абдымкі Бахуса, ці не было і спойваньне палітычных апанэнтаў часткай тактыкі Апазыцыі БНФ?

Шчыра прызнаюся: была спакуса сказаць, што так, гэта мы прынесьлі ім гарэлку, мы прапанавалі перад пасяджэньнем «па сто», а ў перапынку — яшчэ «па сто пяцьдзясят». Але — не. Мы тут ні пры чым. Мы, хоць і добра ўжо вывучылі норавы нашых праціўнікаў, але і ўявіць не маглі, што ў такі адказны для свайго патрона момант яны сарвуцца.

Аднак мушу аддаць належнае апанэнтам: праз паўгода, у студзені 94-га, яны ўлічаць памылку і пры галасаваньні за адстаўку Шушкевіча будуць цьвярозыя ўсе як адзін — затое пасьля, як абвесьцяць вынік, гатэлі «Мінск» і «Кастрычніцкая» загудуць ці не да наступнай раніцы.

«Шушкевіч ёсьць Шушкевіч»

«Найбольш пасьлядоўна і адкрыта адстойвала Вас у гэтай сытуацыі Апазыцыя БНФ. Ці перагледзіце Вы цяпер свае адносіны зь ёю?» — запытаўся карэспандэнт БелаПАНу ў Шушкевіча адразу пасьля спробы зьняць яго з пасады. — «Што тычыцца ацэнкі дзеяньняў апазыцыі ў апошнія дні... Я зразумеў, што яна стала “глыбейшай”. Паглядзіце, наколькі эфэктыўна прымяніла яна яшчэ адну сваю “зброю” — байкот. Адзначу, што па пытаньнях культуры, мовы і гістарычнай спадчыны я заўсёды быў з апазыцыяй. Але па пытаньнях эканомікі трэба капаць глыбей, чым яна гэта робіць...» («Звязда», 3 ліпеня 1993).

Памятаю, я вельмі абурыўся, прачытаўшы гэтыя словы — Станіслаў Станіслававіч зрабіў выгляд, што ня ведае пра нашыя эканамічныя праграмы і законапраекты.

Свой папрок я выказаў Шушкевічу у той самы дзень на прыёме ў рэзыдэнцыі амбасадара ЗША Дэйвіда Сўорца з нагоды амэрыканскага Дня Незалежнасьці.

Амбасадар стварыў нам — Шушкевічу, Пазьняку, Заблоцкаму, Сярэдзічу і мне — умовы для гутаркі (пасадзіўшы нас за адзін стол, а жонак — за іншы), асобна ад іншых гасьцей. Госьці разышліся, а мы працягвалі пераконваць Шушкевіча, што трэба пачаць дзейнічаць рашуча, а менавіта — запатрабаваць адстаўкі Кебіча і ствараць кааліцыйны ўрад. Гэта было неабходна, паколькі стары ўрад не гарантаваў бы дэмакратычнасьці новых выбараў.

Ігар Гермянчук гэтак пракамэнтаваў сытуацыю: «Шушкевіч стаіць цяпер перад выбарам: шукаць і далей “згоды” ці стаць на бок дэмакратаў і ісьці радыкальным шляхам, дамагаючыся правядзеньня новых выбараў. Аднак Шушкевіч ёсьць Шушкевіч — малаверагодна, што ён рызыкне выбраць другі варыянт».

Пра выбар сказаў і Лявон Баршчэўскі: «У Шушкевіча цяпер ёсьць шанец дапамагчы дэмакратыі як ніколі. На маю думку, яму нічога не застаецца, як вынесьці на рэфэрэндум пытаньне аб роспуску Вярхоўнага Савету. Калі ж Шушкевіч і гэтым разам праявіць нерашучасьць, на наступнай сэсіі ў верасьні-кастрычніку яго здымуць» («Свабода», 1–15 ліпеня 1993).

Гермянчук і Баршчэўскі не памыліліся — хіба што толькі ў часе, на тры месяцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG