Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1993: Як Лукашэнку прызначылі старшынём антыкарупцыйнай камісіі


Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Замовіць кнігу можна тут

Іван Герасюк (Капыльская выбарчая акруга № 63): У сувязі з заявай міністра хлебапрадуктаў Якушава я вымушаны пачаць шэраг выступленьняў у «Розным» пад агульнай назвай «Карупцыя ў органах дзяржаўнай улады»... У канцы мінулага году з Казахстану на Асіповіцкі хлебакамбінат паступіла збожжа для захоўваньня. 8 тысяч тон гэтага збожжа купілі польскія фірмы па цане 110 даляраў за тону і тут жа перапрадалі палову нашаму міністэрству, але ўжо па 117 даляраў. Аплата фірмам была праведзена на асабістае распараджэньне міністра Якушава ад 6 красавіка. Інакш, без дапамогі палякаў, мы гэтае збожжа ў сваіх жа Асіповічах чамусьці купіць не змаглі. Польскія фірмы атрымалі чысты навар 28 тысяч даляраў. Наколькі мне вядома, за проста так такія падарункі зь дзяржаўнай кішэні ня робяцца... 20 студзеня гэтага году міністар Якушаў падпісаў кантракт на пастаўку 25 тысяч тон збожжа фірме «Эксма» па цане 125 даляраў за тону… 3 мільёны 125 тысяч даляраў меркавалася перавесьці на разьліковы рахунак № 4170502 у Дойчбанку. Якушава не спыніла нават тое, што гэтая фірма ні з кім ня мела ні дамоваў, ні кантрактаў на закупку такой колькасьці збожжа і ня мела нават свайго рахунку за мяжой… Спроба пераводу валюты за мяжу была спыненая. Але чаму яна рабілася?.. Дарэчы, яшчэ 300 тысяч нашых даляраў, ахвяраваных Міністэрствам хлебапрадуктаў нейкаму Казловічу з Залесься, амаль год ужо круцяцца ў Польшчы, прыносячы даходы ня толькі яму. Думаю, КДБ павінен выявіць, каму яшчэ?

Выступ у "Розным"

Ёсьць розныя меркаваньні наконт таго, калі Беларусь збочыла са шляху да дэмакратыі, у які момант надыход аўтарытарызму зрабіўся непазьбежны.

Называюць забарону ў 1992 годзе ініцыяванага БНФ рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах, прыняцьце ў сакавіку 1994-га Канстытуцыі з пасадай прэзыдэнта, нарэшце, абраньне ў ліпені 1994-га на прэзыдэнцкую пасаду Аляксандра Лукашэнкі.

Усе гэтыя падзеі былі для Беларусі вызначальнымі — у горшы бок.

Што да Лукашэнкі, дык практычна ўсё сыходзіцца ў адным: узыходжаньне дырэктара саўгасу «Гарадзец» на пасаду прэзыдэнта было б немагчымым, калі б не вялікая папулярнасьць, атрыманая ім у выніку знакамітай (лепш было б сказаць — сумнавядомай) дзейнасьці на пасадзе старшыні гэтак званай «антыкарупцыйнай» камісіі.

Іншымі словамі, калі б Лукашэнку не абралі старшынём той камісіі — ніколі б ня быць яму прэзыдэнтам.

У гэтым сэнсе пасяджэньне сэсіі Вярхоўнага Савету 4 чэрвеня 1993 году вызначальнае.

А пачыналася яно будзённа.

У разьдзеле «Рознае» выступіў старшыня камісіі па міжнацыянальных адносінах Міхаіл Сьлямнёў, які часта падтрымліваў ідэі Апазыцыі БНФ. Гэтым разам ён выказаўся супраць далучэньня Беларусі да Дамовы аб калектыўнай бясьпецы, якая рабіла краіну закладніцай вайсковых інтарэсаў Расеі.

Дэпутат ад арганізацыі вэтэранаў Мікалай Жураўлёў выказаў падтрымку міністру абароны Паўлу Казлоўскаму за звальненьні з войску актывістаў БЗВ. Дэпутат-вэтэран інкрымінаваў БЗВ патрабаваньне стварэньня нацыянальнага войска, абарону дэмакратыі, «падрыхтоўку людзей, якія б у выпадку пагрозы маглі б нават са зброяй у руках абараняць сваю радзіму». Усё гэта ў вачах дэпутата (зразумела, тэкст яму пісалі іншыя) выглядала крамолай.

Дэпутат Віктар Кучынскі заявіў, што «была б мая воля, на сёньняшні дзень я б забараніў усялякую палітычную дзейнасьць у Рэспубліцы Беларусь, я маю на ўвазе партыйную дзейнасьць, увёў бы дзяржаўнае канстытуцыйнае кіраваньне».

Пасьля «Рознага» Вярхоўны Савет абмяркоўваў Закон «Аб бюджэтнай сыстэме Рэспублікі Беларусь», потым заслухоўваў справаздачу старшыні Нацбанку Станіслава Багданкевіча і вывучаў Асноўныя накірункі грашова-крэдытнай палітыкі на 1993 год. Гэта былі складаныя пытаньні, з мноствам лічбаў і эканамічных выкладак.

І толькі пасьля гэтага ВС перайшоў да пункту 20 парадку дня сэсіі — «Аб праекце Пастановы Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь «Аб стварэньні Часовай камісіі Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь для вывучэньня дзейнасьці камэрцыйных структур, якія дзейнічаюць пры рэспубліканскіх і мясцовых органах улады і кіраваньня».

Неабходнасьць стварэньня такой камісіі (тут і ў далейшым буду называць яе так, як яна і ўвайшла ў грамадзкую сьвядомасьць і ў гісторыю Беларусі — антыкарупцыйная) была для ўсіх відавочнай. Канешне, тыя катэджы, якія будавала пры Кебічу чынавенства, у параўнаньні з маёнткамі часоў першага прэзыдэнта могуць падавацца ня вельмі шыкоўнымі — але тады, на фоне цяжкага эканамічнага становішча і беднасьці, яны ўспрымаліся выклікам.

У дэпутацкім корпусе ішлі гаворкі пра мільённыя (у далярах) крэдыты фірмам, створаным высокапастаўленымі чыноўнікамі з кебічаўскага атачэньня і запісаных на сваіх дзяцей і жонак (вярталіся тыя крэдыты ўжо ў рублях і ў памерах, у тысячы разоў меншых з прычыны гіпэрінфляцыі). Многія сёньняшнія карпарацыі пабудаваныя на капіталах, прыхопленых у часы Кебіча.

Яшчэ на дзясятай сэсіі, па выніках справаздачы выканаўцы абавязкаў генпракурора Кандрацьева «Аб барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй», ВС прыняў пастанову, адным з пунктаў якой было рашэньне стварыць камісію па вывучэньні дзейнасьці камэрцыйных структур пры органах кіраваньня.

Як паведаміў старшыня камісіі па дзяржаўным будаўніцтве Уладзімер Леўчык, які прадстаўляў праект пастановы на сэсіі, склад камісіі разглядаўся на Прэзыдыюме ВС у студзені 1993-га. Так, прапаноўвалася стварыць камісію зь дзевяці чалавек, а старшынём прызначыць Міхаіла Марыніча.

Леўчык сказаў, што «члены часовай камісіі пры выкананьні сваіх службовых абавязкаў будуць мець права ўваходу і бесьперашкоднага доступу ва ўсе дзяржаўныя і грамадзкія органы, прадпрыемствы, установы і арганізацыі, а таксама камэрцыйныя структуры, знаёміцца ў поўным абʼёме з усёй дакумэнтацыяй, якая патрабуецца пры правядзеньні праверак, атрымліваць ад службовых асоб і іншых работнікаў неабходныя даведкі і пісьмовыя тлумачэньні па пытаньнях іх дзейнасьці. Ураду, Пракуратуры, Нацыянальнаму банку, міністэрствам і ведамствам рэспублікі, мясцовым саветам, іх выканаўчым камітэтам неабходна будзе, на погляд нашай камісіі, садзейнічаць рабоце часовай камісіі, забясьпечваць прадстаўленьне ёй дакладнай інфармацыі, аказваць неабходную дапамогу ў выкананьні ўскладзеных на камісію функцый».

Як бачым, паўнамоцтвы ў антыкарупцыйнай камісіі былі надзвычайныя (праўда, практычна ўсе яны ў дэпутатаў ВС меліся паводле Закону аб статусе дэпутата, але іх рэалізацыя часам сутыкалася з чынавенскім супрацівам).

Было ад пачатку зразумела, што камісія (і асабліва яе старшыня) здабудуць «выбуховую» інфармацыю і таму атрымаюць магчымасьць вялікага палітычнага ўплыву.

Мы вылучаем Сяргея Антончыка

Сяргей Антончык быў адным з найбольш вядомых дэпутатаў — сярод апазыцыянэраў, думаю, ягоная папулярнасьць ішла адразу за Пазьняком. Вялікі аўтарытэт прынесла яму кіраўніцтва красавіцкімі страйкамі 1991-га, калі на вуліцы Менску выйшла каля ста тысяч рабочых. Страйк пагасілі, але Сяргей працягваў узначальваць рабочы рух, езьдзіў па рэгіёнах, наведваў прадпрыемствы, дапамагаў ствараць суполкі незалежных прафсаюзаў.

Сяргей Антончык у часе красавіцкага срайку 1991-га
Сяргей Антончык у часе красавіцкага срайку 1991-га

Сяргей неяк сказаў, што не чытаў «Архіпэляг ГУЛАГ» Салжаніцына — бо ўсё пра ГУЛАГ ведаў ад бацькі, які 17 гадоў правёў у зьняволеньні і распавёў сыну пра тое, як сустрэў у зьняволеньні ўласнага сьледчага, таксама зьняволенага, і чаму, калі ў бараку на нарах паміраў чалавек, начальству некалькі дзён не паведамлялі — бо можна было атрымаць на яго пайку, і як некалькі разоў перад вызваленьнем яму дабаўлялі новы тэрмін.

Абраўшыся ў Вярхоўны Савет, Сяргей працягваў працаваць на Менскім вытворчым абʼяднаньні апаратчыкам. Такі назоў ягонай рабочай спэцыяльнасьці часам выклікаў кпіны — «апаратчыкамі» называлі чыноўнікаў, супрацоўнікаў апарату таго самага Саўміну. Вось супраць тых апаратчыкаў з чынавенскіх кабінэтаў, якія, як казаў Антончык, «падграбалі пад сябе народнае дабро», Сяргей ваяваў яшчэ зь першых дзён свайго дэпутацтва. Вясной 1990-га зь ім і кінарэжысэрам Юрыем Хашчавацкім мы праехаліся па некаторых дачных пасёлках ЦК і Саўміну — Сяргей зрабіў на відэакамэру зьедлівыя камэнтары, і стужку гэтую потым паказалі дэпутатам на першай сэсіі Вярхоўнага Савету. Тады гэта называлася — змаганьне з прывілеямі.

За тры гады, якія прайшлі з моманту здымак таго нашага фільму, ягоныя героі набраліся досьведу ўжо ня толькі ў выкарыстаньні прывілеяў, але ў прыватызацыі дзяржаўнай маёмасьці — як правіла, даволі сумнеўнай з пункту гледжаньня закону.

Але і Антончык з трыбуны сэсіі і ў газэтных выступах казаў ужо не пра прывілеі, а пра карупцыю як зьяву, прыводзячы ўсё новыя факты і называючы гучныя імёны.

Таму ня дзіўна, што на пасаду старшыні антыкарупцыйнай камісіі Апазыцыя БНФ вырашыла вылучыць менавіта Сяргея Антончыка.

Дэпутаты называюць кандыдатуры

Натуральна, мы разумелі, што Вярхоўны Савет Антончыка не зацьвердзіць — але, па-першае, дэпутат БНФ атрымліваў права выступу і магчымасьць выкласьці праграму антыкарупцыйных дзеяньняў. А па-другое, ён адцяняў і тым самым надаваў больш шанцаў быць абраным Міхаілу Марынічу, які збольшага нас задавальняў і, як мы ведалі, ня быў зьвязаны з «мафіяй», хоць і займаў пасаду намесьніка старшыні Дзяржкамітэту па зьнешнеэканамічных сувязях — аднаго з самых карумпаваных ведамстваў.

Але, нечакана для ўсіх, Марыніч ад старшынёўства ў Камісіі адмовіўся (чаму — для мяне і да сёньня загадка) і прапанаваў Яўгена Глушкевіча, які ў тым часе працаваў у Кантрольнай палаце. Папрасілі не ўключаць іх у склад камісіі і раней вылучаныя дэпутаты Пісарэвіч і Давідовіч. Валянцін Голубеў, як мы і дамовіліся, вылучыў у склад Камісіі Сяргея Анончыка.

Далей цытую стэнаграму сэсіі (старшыняваў на ёй Станіслаў Шушкевіч).

Старшыня: «Пяты мікрафон. Апошняе выступленьне».

Анатоль Лябедзька: «Па-першае, я думаю, тут не стаіць пытаньне прымаць пастанову ці не, бо гэтае пытаньне ўжо палітычнае. І той, хто ведае, якая сытуацыя цяпер у нас складваецца, павінен зразумець. і калі мы ня прымем сёньня пастановы, то заўтра знойдзецца той, хто заўтра абвінаваціць Вярхоўны Савет, што ён ня хоча вырашаць гэтае пытаньне. І, па-другое, непасрэдна ўлічваючы, што ёсьць два самаадводы, я хацеў бы прапанаваць таксама канкрэтную кандыдатуру — гэта дэпутат Лукашэнка. І менавіта каб ён узначаліў гэтую камісію. Дзякуй за ўвагу».

Старшыня: «Вельмі добрая прапанова».

Вось жа Лябедзька прапанаваў абраць старшынём антыкарупцыйнай камісіі Лукашэнку, што Шушкевіч ацаніў як «вельмі добрую прапанову». Але гэта яшчэ зусім не азначала, што Лукашэнка будзе абраны — нават у склад камісіі, а ня тое што яе старшынём.

Пасьля таго, як Марыніч зьняў сваю кандыдатуру і прапанаваў Глушкевіча, мы вырашылі не мяняць тактыку, а, як і было дамоўлена, вылучаць на старшыню Антончыка, даўшы яму магчымасьць выказаць антыкарупцыйную плятформу апазыцыі. А галасаваць — і за Антончыка, і за Глушкевіча.

Дэпутат Яўген Глушкевіч у жніўні 1991, фота Ул. Кармілкіна
Дэпутат Яўген Глушкевіч у жніўні 1991, фота Ул. Кармілкіна

Яўген Глушкевіч да абраньня ў Вярхоўны Савет быў загадчыкам аддзелу Віцебскага абкаму кампартыі, яшчэ раней — першым сакратаром Аршанскага гаркаму, а да таго — камсамольскім работнікам, і на пасадзе старшыні Цэнтральнай рэвізійнай камісіі ўсяго «саюзнага» камсамолу набыў вядомасьць антыкарупцыянэра. Дэпутацкай большасьцю ён успрымаўся ў асноўным станоўча — нягледзячы на тое, што часам падпісваў заявы Апазыцыі БНФ. Словам, ён быў абсалютна «прахадной» кандыдатурай на пасаду старшыні антыкарупцыйнай камісіі, за яго б прагаласавалі і экс-камуністы, і дэпутаты БНФ. І, што важна, Глушкевіч сапраўды быў здольны эфэктыўна наладзіць працу (у Кантрольнай палаце ён набыў адпаведны досьвед).

Леўчык прапанаваў прымаць пастанову аб стварэньні часовай камісіі не па пунктах, а ў цэлым, удакладніўшы толькі пэрсанальны склад камісіі (звычайная практыка ў выпадках, калі не было заўваг па тэксьце).

З улікам таго, што прапанова Леўчыка ні ў кога ня выклікала пярэчаньняў, наступным крокам Шушкевіча, паводле лёгікі, мусіла быць пастаноўка на галасаваньне пэрсанальнага складу камісіі, і толькі потым — выбары яе старшыні (бо тэарэтычна заставалася магчымасьць, што нейкая кандыдатура, напрыклад, той самы Лукашэнка, ня будзе абраная ў склад камісіі і, адпаведна, страціць магчымасьць яе ўзначаліць).

Тут зраблю невялікае ўдакладненьне. Сьпікер парлямэнту нават тады, калі вядзе сэсію ў строгай адпаведнасьці з рэглямэнтам (тады гэта быў Часовы рэглямэнт), заўсёды мае магчымасьць маніпуляваць заляй — даць слова аднаму дэпутату і ня даць другому, спыніць спрэчкі і дачасна паставіць пытаньне на галасаваньне. Так, напэўна, бывае ва ўсіх парлямэнтах і ва ўсе часы. У выпадку Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня такія магчымасьці сьпікера значна павялічваліся таму, што парлямэнт працаваў паводле часовага, а не пастаяннага рэглямэнту, і шмат якія тонкасьці не былі прапісаныя.

Лукашэнку зацьвярджаюць з парушэньнем рэглямэнту

Між іншым, адразу пасьля самаадводу Марыніча я нагадаў пра неабходнасьць прыняць нарэшце пастаянны Рэглямэнт. Аднак кіраўніцтва ВС, як выглядала, задавальняў Часовы рэглямэнт.

Яшчэ на пасадзе першага намесьніка старшыні ВС, калі даводзілася замяняць Дземянцея, Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч навучыўся выкарыстоўваць «нерэглямэнтаваныя» магчымасьці сьпікера (ігнараваньне просьбы выступіць, адключэньне мікрафона), а ўжо будучы старшынём — давёў сваё майстэрства да віртуознасьці. Часам гэта ішло на карысьць справе, але ўсё часьцей — у інтарэсах нашых апанэнтаў. Здаралася і так, што Шушкевіч кіраваўся нейкімі толькі аднаму яму вядомымі прычынамі (можа быць, асабістай сымпатыяй альбо антыпатыяй, незалежна ад палітычнай пазыцыі дэпутата).

Была толькі адна магчымасьць атрымаць слова насуперак жаданьню сьпікера — выказацца «па парадку вядзеньня сэсіі», гэта значыць, каб выказаць заўвагу сьпікеру адносна працэдуры вядзеньня. Сьпікер дзеля гэтага быў абавязаны даць слова. І ў такі момант можна было сказаць некалькі фразаў па «іншай» тэме — зразумела, калі пасьпееш да адключэньня мікрафона.

Але і ў гэтым выпадку сьпікер мог «не заўважыць» просьбы выступіць, што ў адносінах да нас, дэпутатаў БНФ, здаралася ўсё часьцей.

Звычайна пры гэткіх маніпуляцыях Шушкевіча мы, дэпутаты БНФ, выстройваліся каля мікрафонаў, патрабавалі слова, пратэставалі — у стэнаграмах сэсіі гэта адзначалася выразам «шум у залі».

Мы чакалі, што пачнецца галасаваньне па складзе камісіі. У крайнім выпадку, Шушкевіч, калі вырашыў памяняць парадак і спачатку абіраць старшыню, мусіў паставіць на галасаваньне ўсе прапанаваныя кандыдатуры.

Але Шушкевіч гэтага не зрабіў.

Ён ня тое што ня даў вылучыць іншыя кандыдатуры на пасаду старшыні (і мы пазбавіліся магчымасьці прапанаваць Антончыка), але нават не паставіў на галасаваньне ўжо вылучаную і абсалютна рэальную, «прахадную» кандыдатуру Глушкевіча, што проста абавязаны быў зрабіць.

Адбылося тое, чаго ніхто ня мог прадбачыць — нагэтулькі беспрэцэдэнтным было парушэньне Шушкевічам працэдуры.

Цытую стэнаграму:

Шушкевіч: «Добра. Паважаныя народныя дэпутаты! Паколькі паважаны народны дэпутат Марыніч Мікалай Апанасавіч, якога... прасіў быў не рабіць яго старшынём… Я думаю, што яго пасада такая, што яму даволі-такі складана, сапраўды, займацца гэтай справай. Давайце Лукашэнку кіраўніком... (Шум у залі). Вы мне прабачце, ну так мне хацелася, каб ён быў вялікім начальнікам, Лукашэнка... (Шум у залі). (“Шум у залі” — гэта мы, дэпутаты БНФ, пайшлі да мікрафонаў і патрабавалі слова “па парадку вядзеньня” — каб спыніць парушэньне сьпікерам працэдуры. Шушкевіч імгненна абыграе гэты працэсуальны тэрмін — “па парадку” — С. Н.). І я па парадку прагаласую. Хто за тое, каб старшынём камісіі быў народны дэпутат Лукашэнка Аляксандар Рыгоравіч, прашу галасаваць. Хто супраць? Хто ўстрымаўся? Вынікі галасаваньня: кворум для галасаваньня 231. Кворум для прыняцьця рашэньня 174. Зарэгістравана 260. Прагаласавала “за” 198. Прагаласавала “супраць” 4. Устрымалася 5. Усяго прагаласавала 207. Не галасавала 53. Рашэньне прынята».

4 чэрвеня 1993 году пачаўся новы этап у біяграфіі Лукашэнкі.

У лёсе краіны — таксама.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG