Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вайсковы чыноўнік, тэхноляг, падсудны». Што стала з былымі афіцэрамі часткі Коржыча


Вучэбны цэнтар у Печах, ілюстрацыйнае фота

Пасьля апошняй на гэты момант сьмерці салдата ў Печах з войска звольнілі двух афіцэраў. Яшчэ пяцёра пазбавіліся сваіх пасадаў, але пад суд трапіў толькі адзін — старшы лейтэнант Павал Сукавенка.

Суд па справе Коржыча. Коратка

Абвінавачанымі ў «справе Коржыча» прызнаныя трое сяржантаў зь ягонай роты, якія, паводле сьледзтва, давялі салдата да самагубства. Антона Вяжэвіча і Ягора Скуратовіча вінавацяць ва злоўжываньні ўладай, атрыманьні хабару і перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Яўгена Бараноўскага ў дадатак да гэтага ў крадзяжы.

Маці Аляксандра Коржыча Сьвятлана лічыць, што яе сын стаў ахвяраю забойства. Прычынай злачынства, перакананая яна, стала нежаданьне сына плаціць сяржантам грошы за знаходжаньне ў мэдычнай роце. Саслужыўцы загінулага салдата, апытаныя пракурорам і суддзёй, таксама ня вераць у самагубства.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

Пра затрыманьне некалькіх афіцэраў, якія маглі мець дачыненьне да сьмерці Аляксандра Коржыча, стала вядома 17 кастрычніка 2017 году. Сьледчы камітэт паведамляў пра дваіх арыштаваных, не раскрываючы імёнаў і пасадаў. Празь дзень, 18 кастрычніка, Мінабароны афіцыйна паведаміла, што ў выніку сьмерці Аляксандра Коржыча звольнілі са службы ў войску пяцёх афіцэраў Аб’яднанага навучальнага цэнтру ў Печах, яшчэ двух пазбавілі пасадаў.

У выніку расьсьледаваньня сьмерці салдата супрацоўнікі СК прыйшлі да высновы, што віны афіцэраў у гэтай трагедыі няма, на лаву падсудных у справе Коржыча трапілі толькі тры сяржанты. Адзін з затрыманых у сярэдзіне кастрычніка афіцэраў быў адпушчаны на свабоду праз два тыдні. Судзіць будуць толькі аднаго з афіцэраў, але не ў справе Коржыча. У красавіку 2018 году старшыня СК Іван Наскевіч паведаміў, што справа старшага лейтэнанта Паўла Сукавенкі выведзеная ў асобнае справаводзтва. Суд над ім пачнецца 1 кастрычніка 2018 году.

Расказваем, як склаўся лёс пяці «печынскіх» афіцэраў, якія мелі непасрэднае дачыненьне да службы Аляксандра Коржыча.

Павал Сукавенка. Старшы лейтэнант, камандзір роты

Павал Сукавенка быў прызначаны камандзірам роты, у якую 5 ліпеня 2017 году трапіў Аляксандар Коржыч, усяго за некалькі месяцаў да гэтага — на пачатку траўня. На судзе прызнаўся, што ня быў гатовы ўзначаліць роту. У падпарадкаваньні Сукавенкі было 68 салдатаў.

У залю суду ўжо былога старшага лейтэнанта прывезьлі пад канвоем і ў кайданках. Сукавенка расказаў, што яму выстаўленыя абвінавачваньні паводле 1 і 2 частак 455 артыкулу КК — злоўжываньне ўладай, перавышэньне ўлады, альбо бязьдзеяньне ўлады. За гэтыя злачынствы Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам да 10 гадоў.

Павал Сукавенка (у цэнтры), фота з афіцыйнага сайту
Павал Сукавенка (у цэнтры), фота з афіцыйнага сайту

Побач з Сукавенкам на лаве падсудных будзе сядзець ягоны былы падначалены — прапаршчык Артур Вірбал. А ў якасьці пацярпелых на працэсе выступяць абвінавачаныя ў сьмерці Коржыча сяржанты Яўген Бараноўскі, Антон Вяжэвіч і Ягор Скуратовіч. Усе трое на працэсе Коржыча расказалі, што камандзіры роты прымянялі ў дачыненьні да іх фізычны гвалт і займаліся вымаганьнем.

Заяву аб звальненьні з шэрагаў Узброеных сіл Павел Сукавенка напісаў, знаходзячыся за кратамі. Як расказала Свабодзе жонка былога афіцэра Маргарыта, адразу пасьля гэтага яе выселілі з вайсковага інтэрнату ў Барысаве. Цяпер Маргарыта Сукавенка жыве ў Нясьвіскім раёне, адкуль возіць мужу перадачы на Валадарку. Спатканьняў сьледчыя не дазваляюць.

Вадзім Чыркоў. Капітан, намесьнік камандзіра роты

З траўня 2016-га да 17 кастрычніка 2017 году Вадзім Чыркоў быў намесьнікам камандзіра роты ў часьці, дзе ад 5 ліпеня таго ж году служыў Аляксандар Коржыч. У яго абавязкі ўваходзіла ідэалягічная праца з салдатамі, у тым ліку праца дзеля прадухіленьня дзедаўшчыны і суіцыдаў. Чыркова затрымалі супрацоўнікі КДБ у адзін дзень зь ягоным непасрэдным начальнікам Паўлам Сукавенкам. Аднак ужо 31 кастрычніка ён быў вызвалены і ў справе Коржыча праходзіць у якасьці сьведкі.

На судзе Чыркоў адмовіўся назваць прычыну свайго звальненьня з арміі і расказаў, што цяпер працуе гандлёвым прадстаўніком аднаго са сталічных прыватных прадпрыемстваў. «У СК сказалі трымаць язык за зубамі», — патлумачыў былы афіцэр прычыну такой сакрэтнасьці.

Вадзім Чыркоў некалькі разоў бачыўся з Аляксандрам Коржычам у апошні месяц яго жыцьця, апошні раз гэта адбылося 25 верасьня, калі Коржыч яшчэ ляжаў у мэдроце (сьледзтва мяркуе, што салдат учыніў самагубства 26 верасьня). Падчас допыту ў залі суду Чыркоў ня змог прыгадаць, чаму ня выканаў сваіх абавязкаў і не паведаміў Сьвятлане Коржыч, што яе сын моцна хворы і знаходзіцца ў мэдроце.

Аляксандар Чарноў. Падпалкоўнік, камандзір часткі

Пра звальненьне Чарнова з пасады камандзіра трэцяй школы (яна ж трэцяя частка) у Печах стала вядома ў сярэдзіне кастрычніка 2017 году. Чарноў быў непасрэдным начальнікам затрыманых у справе Коржыча Паўла Сукавенкі і Вадзіма Чыркова. Пасаду камандзіра часткі 31-гадовы Чарноў займаў зь верасьня 2015 году.

Як стала вядома на працэсе, Аляксандар Чарноў больш не зьяўляецца падпалкоўнікам і ня служыць у войску. Ён прызнаўся, што працуе тэхнолягам на адным зь менскіх прадпрыемстваў і больш ня мае дачыненьня да беларускай арміі. Чарнова на працэсе Коржыча дапытвалі ў якасьці сьведкі. Ён заявіў, што нічога ня ведае ні пра факты дзедаўшчыны ў яго частцы, ні пра прычыны і абставіны сьмерці Аляксандра Коржыча. Па словах абвінавачаных сяржантаў, Аляксандар Чарноў браў мінімальны ўдзел у жыцьці роты. За ўвесь час службы там яны бачылі свайго начальніка ўсяго некалькі разоў.

Натальля Петраскова. Маёр, псыхоляг

Натальля Петраскова — адзіны афіцэр з нашага сьпісу, якая захавала сваё званьне і пасаду. Яна працуе ў Аддзеле ідэалягічнай працы 72-га Аб’яднанага навучальнага цэнтру каля 10 гадоў. У верасьні 2017-га псыхоляг часткі Коржыча, якая ўваходзіць у склад печынскага АНЦ, была ў дэкрэтным водпуску, таму з загінулым салдатам сустракалася і размаўляла менавіта Петраскова. Яна ж разам зь лейтэнантам Галіцкім вазіла Коржыча да псыхіятра ў Барысаў.

Петраскова расказала, што за час яе службы ў Печах выпадак Коржыча быў трэцім самагубствам. Пра неабходнасьць пагаварыць з салдатам ёй паведаміў капітан Чыркоў на пачатку верасьня 2017 году. Яна зрабіла гэта толькі 16-га. Прычыну затрымкі патлумачыла занятасьцю.

Як стала вядома на працэсе, менавіта па рэкамэндацыі Петрасковай Аляксандар Коржыч некаторы час ляжаў у мэдроце пад аховай. «Для перастрахоўкі мы даглядаем такіх салдатаў, накіроўваем іх да псыхіятра», — сказала яна. У чым канкрэтна праяўлялася асаблівасьць Коржыча, маёр не патлумачыла.

Пасьля таго, як вайсковыя псыхолягі ў Барысаве і Менску прызналі Аляксандра Коржыча псыхічна здаровым, Натальля Петраскова зь ім больш не сустракалася і за лёсам салдата не сачыла.

Канстанцін Чарнецкі. Палкоўнік, камандзір 72-га Аб’яднанага навучальнага цэнтру

Камандзірам «Печаў» Канстанцін Чарнецкі стаў у сьнежні 2016 году. Перад пераводам у Барысаў Чарнецкі працаваў у Вайсковай акадэміі, кіраваў факультэтам падрыхтоўкі замежных вайскоўцаў. Яшчэ раней Чарнецкі камандаваў ротай ганаровай варты.

З пасады камандзіра АНЦ у Печах Чарнецкага звольніў асабіста галоўнакамандуючы Аляксандар Лукашэнка. У адпаведным загадзе былі словы «адсутнасьць кантролю за падтрыманьнем воінскай дысцыпліны і правапарадку ў падпарадкаваным злучэньні».

Палкоўнік Канстанцін Чарнецкі
Палкоўнік Канстанцін Чарнецкі

Зьяўленьне Канстанціна Чарнецкага на працэсе, якога Сьвятлана Коржыч хацела пабачыць там у якасьці абвінавачанага, стала нечаканасьцю. Яго не было ў сьпісе сьведак, які на пачатку працэсу далі маці Коржыча. Пра выклік Чарнецкага ў залю суду пракурор Шарсьнёў расказаў 4 верасьня. Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, палкоўнік павінен быў зьявіцца ў судзе на наступны дзень. Аднак Чарнецкі нечакана прыехаў празь дзьве гадзіны пасьля гэтага. Іншыя выкліканыя на 4 верасьня сьведкі былі вымушаныя саступіць чаргу былому камандзіру Печаў. Дапытвалі Чарнецкага каля трох гадзін, прычым судзьдзя не задаў яму стандартных пытаньняў пра месца працы і пасаду.

Празь некалькі дзён пасьля допыту Чарнецкага ў судзе інфармацыйны партал TUT.BY са спасылкай на крыніцы ў Мінабароны паведаміў, што пасьля звальненьня зь Печаў Чарнецкі перайшоў на працу ў Міністэрства абароны, дзе ўзначаліў адно з упраўленьняў. Кіраўнік упраўленьня інфармацыі галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Мінабароны Уладзімір Макараў паведаміў Свабодзе, што палкоўнік Канстанцін Чарнецкі зь лістапада 2017 году працуе ў «адным з органаў кіраваньня, які не ўваходзіць у склад Міністэрства абароны». Як расказаў Свабодзе вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін, перавод на працу ў «орган кіраваньня» для Чарнецкага зьяўляецца моцным паніжэньнем.

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

«Гэта пасада вайсковага чыноўніка, клерка, — сказаў Алесін. — А вучэбны цэнтар у савецкі час прыраўноўваўся да дывізіі. Гэта генэральская пасада. Таму, вядома, пасада камандзіра вучэбнага цэнтру больш высокая. Акрамя таго, яна дае магчымасьць прасоўвацца далей па службовай лесьвіцы. Праца ў вайсковым органе кіраваньня — гэта тупік у вайсковай кар’еры. Рухацца наперад дазваляюць камандныя альбо штабныя пасады. Такога чалавека прызначаюць, як той казаў, „на выраст“. Палкоўніка могуць прызначыць на генэральскую пасаду з далейшым павышэньнем у званьні. Гэта адназначна паніжэньне для Чарнецкага. Яго вайсковая кар’ера так і скончыцца, будзе паперкі перакладаць».

На думку Аляксандра Алесіна, Канстанцін Чарнецкі так і застанецца палкоўнікам. Праца ў дэпартамэнце Мінабароны выключае палкоўніка са схемы перамяшчэньня па званьнях.

Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць

3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.

5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.

Асноўныя факты пра справу Аляксандра Коржыча. Відэа
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:58 0:00

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG