Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1993: Пазьняк патрабуе слова, Шушкевіч адключае мікрафон


Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Замовіць кнігу можна тут.

Мікалай Крыжаноўскі (Жодзінская-Аўтазаводская выбарчая акруга № 86): Надзеі на клірынгавае пагадненьне з Расеяй зьніклі, як ранішні туман. Двухбаковы клірынг і ня мог выратаваць нашу эканоміку, бо паралельна клірынгавым пастаўкам поўным патокам ішлі па камэрцыйных каналах тыя самыя тавары, якія задаволілі гэты невялічкі рынак. Сёньня Расея ўжо адмаўляецца ад прадугледжанай клірынгам нашай прадукцыі і патрабуе не машыны, а заводы. І наш урад ужо іншага выйсьця і не бачыць, як пайсьці насустрач. Я ведаю пазыцыю некаторых кіраўнікоў ураду, якія выйсьце зь цяжкага эканамічнага становішча бачаць толькі ў тым, што неабходна перадаць пад пратэктарат Расеі большую частку буйных прадпрыемстваў Беларусі. Але ж ёсьць нармальныя, узаемавыгадныя эканамічныя адносіны паміж незалежнымі дзяржавамі. Чаму ў сёньняшніх умовах недахопу ў сыравіне і энэрганосьбітах урад ня мае дакладнай праграмы зьніжэньня энэргаёмістасьці і матэрыялаёмістасьці выпусканай прадукцыі? Наколькі зьмянілася, паменшылася энэргаёмістасьць і матэрыялаёмістасьць важнейшых відаў прадукцыі? Хто сёньня адкажа? Чаму практычна не аднаўляюцца асноўныя вытворчыя фонды? Пытаньні можна працягваць бясконца, але ўрад адказу на іх не дае.

Выступ у "Розным"

Вайсковы пераварот па-беларуску мог адбыцца 8 красавіка. А тое, што адбылося, можна назваць калі не пераваротам, дык паваротам дакладна.

Але — па-парадку.

8 красавіка мы ўнесьлі прапанову перападпарадкаваць Узброеныя сілы Вярхоўнаму Савету — паколькі Саўмін «да гэтай пары не прыступіў да выкананьня дадзенага яму да 1 сакавіка г. г. Вярхоўным Саветам даручэньня пачаць рэалізацыю зацьверджанай на Х сэсіі Вярхоўнага Савету Беларусі “Ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь”. Замест гэтага кіраўніцтва ўраду і яго адпаведныя структуры прапаноўваюць Вярхоўнаму Савету прыняць рашэньне аб адмове ад прынцыпу ўзброенага нэўтралітэту як стрыжня названай ваеннай дактрыны».

Але гэтая наша прапанова не прайшла.

Прапанова дэпутатаў Апазыцыі БНФ аб перападпарадкаваньні Ўзброеных сілаў Вярхоўнаму Савету, красавік 1993.
Прапанова дэпутатаў Апазыцыі БНФ аб перападпарадкаваньні Ўзброеных сілаў Вярхоўнаму Савету, красавік 1993.

Нашы доказы маглі будавацца на неаспрэчнай лёгіцы, нашы прапановы маглі гучаць пераканаўча, мы маглі ўшчэнт разьбіць аргумэнты нашых апанэнтаў — але ўсё вырашала галасаваньне. Дэпутатаў Апазыцыі БНФ было 30, яшчэ столькі ж было тых, хто нас звычайна падтрымліваў, яшчэ столькі ж вагаліся і маглі заняць пазыцыю ў залежнасьці ад асабістых інтарэсаў (неабавязкова палітычных), але 200 дэпутатаў трымаліся маналітам. І арытмэтыка на таблё галасаваньня вырашала ўсё.

У апошнія хвіліны Пазьняк паспрабаваў спыніць галасаваньне, яшчэ раз нагадаўшы, што пытаньне аб калектыўнай бясьпецы мае канстытуцыйны характар, паколькі закранае абвешчаны ў Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статус нэўтральнасьці. А значыць, рашэньне павінна прымацца двума трацінамі галасоў, а ня так званай простай большасьцю.

Пазьняк: «Гэта канстытуцыйны закон, і таму ўсе папраўкі, усё, што зьнішчае сэнс гэтага канстытуцыйнага закону, імкненьне да нэўтралітэту… Яно павінна галасавацца дзьвюма трэцямі, канстытуцыйнай большасьцю. Я зьвяртаюся да ўсіх дэпутатаў Апазыцыі, да ўсіх сумленных дэпутатаў і паўтараю тое, што сказаў: калі ня будзе пастаўлена галасаваньне, як патрабуе закон — дзьвюма трэцямі, я прашу ўсіх пакінуць гэтыя сэктары і выйсьці за калёны, ня ўдзельнічаць увогуле. У гэтым зале адбываецца злачынства». (Шум у залі).

Шушкевіч: «Я хачу вас папрасіць захоўваць спакой… Фактычна справа ідзе аб чым? Што мы працуем неправавым чынам. І зрабілі ўжо так многа памылак, што калі зробім яшчэ адну (прабачце, я маю права на слова), то нічога дрэннага не адбудзецца. Што да мяне, вы ведаеце, што я буду галасаваць супраць. Я перакананы, што мы такім чынам уваходзім у дрэнную сытуацыю, а астатнія дэпутаты вырашаць гэтае пытаньне сваім галасаваньнем. Такім чынам, галасаваньне пайменнае. (Шум у залі). Хто за тое, каб прыняць пункт 4 у рэдакцыі... (Шум у залі). Я яшчэ раз скажу, я прашу вас сесьці».

Пазьняк: «Я ня сяду, пакуль вы ня скажаце, што зараз ідзе галасаваньне па зьмяненьні сутнасьці Дэклярацыі. Вы як старшыня павінны гэта засьведчыць і сказаць, што для гэтага трэба дзьве трэці. Станіслаў Станіслававіч, калі вы гэтага ня зробіце, то менавіта вы, спадар Шушкевіч, уведзяце ў зман і дасьцё магчымасьць вось гэтай агрэсіўнай большасьці парушыць галоўны канстытуцыйны закон, і адказнасьць будзе на вас...» (Шум у залі).

Cтаршыня: «Я прашу вас сесьці. Паважаныя народныя дэпутаты! Я выказаў свае адносіны. Я не магу ў гэтых умовах паступаць інакш, таму што заключэньні камісіі маюцца. Мы можам гаварыць — яны кваліфікаваныя, некваліфікаваныя, розныя думкі ёсьць, плюралізм думак, нічога ня зробіш... (Шум у залі). Значыць, хто за тое, каб зацьвердзіць заключэньне камісіі аб тым, што галасаваць трэба простай большасьцю, прашу галасаваць. Хто супраць? Хто ўстрымаўся? Рашэньне прынята».

Сяргей Папкоў на мітынгу супраць путчу, 1991 г.
Сяргей Папкоў на мітынгу супраць путчу, 1991 г.

У гэты момант трыбуну заняў дэпутат Апазыцыі БНФ Сяргей Папкоў.

Папкоў: «Спадары дэпутаты! Тыя, хто...»

Шушкевіч: «Я вам не даваў слова, прашу выключыць мікрафон на трыбуне».

Папкоў: «Шэраг дэпутатаў, якія прагаласавалі тут, зьяўляюцца...»

Шушкевіч: «Я прашу вас пакінуць трыбуну».

Такім чынам, 9 красавіка 1993 году 188 дэпутатаў Вярхоўнага Савету выказалася за далучэньне да сыстэмы калектыўнай бясьпекі, якое ўцягне Беларусь у арбіту вайсковых інтарэсаў Расеі на дзесяцігодзьдзі.

І ўсё ж мне падаецца, што спраўдзяцца калі-небудзь словы Пазьняка пра гістарычную адказнасьць. Тое, што не расстаўляюць па месцах людзі, расстаўляе Гісторыя, хай і праз пакаленьні. У тыя дні ў адмысловым выпуску газэты Навіны БНФ, які меў назоў «Здрада», быў зьмешчаны сьпіс вынікаў пайменнага галасаваньня па пытаньні аб уваходжаньні ў сыстэму калектыўнай бясьпекі, з колішнімі партыйнымі пасадамі дэпутатаў.

Сьпіс пайменнага галасаваньня за калектыўную бясьпеку
Сьпіс пайменнага галасаваньня за калектыўную бясьпеку

Дэпутаты перайшлі да абмеркаваньня іншага пытаньня парадку дня, калі адбыўся дыялёг, якім лягічна будзе скончыць сюжэт пра калектыўную бясьпеку: камісія па абароне вынесла пытаньне аб наданьні статусу дзяржаўнай мяжы межам зь Літвой, Латвіяй і Ўкраінай. Гэта азначала ўмацаваньне мяжы да таго тэхнічнага ўзроўню, які ўжо існаваў на мяжы з Польшчай.

І пры гэтым мяжа з Расеяй заставалася адкрытая.

І яшчэ фрагмэнт стэнаграмы:

Голубеў: «Чаму ваенная камісія займаецца межамі, а не Камісія па міжнародных справах? Што, ваенныя зь сёньняшняга дня пачынаюць усё вырашаць тут?»

Шушкевіч: «Я нешта не зразумеў: у нас што, дзяржаўны пераварот?..» (Шум у залі).

Насамрэч, гэта было паваротам — у бок Масквы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG