Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1993. Ці мог у Беларусі быць свой Гавэл


Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Замовіць кнігу можна тут

У сваіх успамінах Шушкевіч неаднаразова згадвае Макіявэлі. Вялікага флярэнтыйца звычайна цытуюць, калі хочуць паказаць звыродлівасьць палітычных нораваў, патлумачыць адсутнасьць ва ўладароў прыстойнасьці ды маральных прынцыпаў, увогуле, разабрацца ў тым, што называюць псыхалёгіяй улады. Але я прывяду цытату іншага характару, якая на першы погляд тычыцца чыста вайсковых аспэктаў і нават нюансаў фартыфікацыі — але насамрэч мае да нашай тэмы самае непасрэднае дачыненьне.

«Для ўладара, — піша Макіявэлі, — заўсёды бывае надзвычай важна ведаць, ці можа яго дзяржава ў выпадку неабходнасьці абараняцца ўласнымі сродкамі або павінна быць вымушаная зьвяртацца для сваёй абароны да чужой дапамогі. Каб думка мая была ясная, я павінен сказаць, што лічу здольнымі абараняцца сваімі сродкамі толькі такіх уладароў, якія маюць дастатковую колькасьць людзей і сумы грошай, каб у любым часе выставіць значнае войска, якое можа вытрымаць бітву з ворагамі. А дзяржавамі слабымі, якія маюць патрэбу ў чужой абароне, я лічу такія, чыё войска нагэтулькі нязначнае, што ня ў стане вытрымаць адкрытай бітвы, а можа толькі служыць гарнізонам падчас аблогі ворагамі крэпасьцяў, якія належаць дзяржавам».

Гэта — не пра ваенны нэўтралітэт, далучэньне да сыстэмы калектыўнай бясьпекі СНД альбо да NATO.

Калі ўявіць, што агрэсар — палітычны праціўнік (камуністычная намэнклятура), грошы — бюджэт (які фармаваўся зноў жа апанэнтамі — парлямэнцкай большасьцю), тады пад войскам варта разумець палітычную партыю. Гэта аксіёма. У палітычнай традыцыі лідэр дзяржавы павінен абапірацца на партыю або палітычны рух.

У адрозьненьне ад Кебіча, якога падтрымлівалі кіруючая намэнклятура і дырэктарат прадпрыемстваў, у Шушкевіча такой падтрымкі не было. Ён не абраў ніводную з ужо існуючых палітычных арганізацый і не стварыў новую. На пытаньні журналістаў адказваў, што партыі, якая б у поўнай ступені адпавядала ягоным поглядам, не існуе.

Для больш аб’ектыўнай ацэнкі палітыка часам карысна паставіць яго ў кантэкст часу і нават геаграфіі.

Пачнём з усходняй суседкі Беларусі. На чале Расеі быў абраны народам прэзыдэнт Барыс Ельцын — як і ў Шушкевіча, у яго абвастрыліся адносіны з кіраўніцтвам іншай галіны ўлады, але якраз у гэтым годзе Ельцын пайшоў на яшчэ большае абвастрэньне: спачатку рэфэрэндум, які выйграў, а потым і роспуск Вярхоўнага Савету.

На поўдні кіраваў Леанід Краўчук — таксама ўсенародна абраны прэзыдэнт, які не сьпяшаўся ні з палітычнымі, ні з эканамічнымі рэформамі. Але ў яго не было супрацьстаяньня з выканаўчай уладай, з кіраўнікамі якой ён хадзіў тымі самымі «цэкоўскімі» калідорамі.

У Літве ў выніку ўсенародных выбараў да ўлады прыйшоў Альгірдас Бразаўскас — да яго краінай кіраваў лідэр «Саюдзісу», сьпікер парлямэнту Вітаўтас Ландсбергіс. Калі неўзабаве пасьля сваёй перамогі Бразаўскас прыехаў зь візытам у Менск, на сустрэчу ў залю прэзыдыюму было не прабіцца — месцы занялі былыя партыйныя сакратары, якія прыйшлі падтрымаць колішняга калегу па кампартыі. Аднак іх настрой хутка быў сапсаваны ўжо першымі словамі высокага госьця: маўляў, ён не камуніст, а сацыял-дэмакрат, а Літва — незалежная краіна, ніякіх «СССР».

Гунтыса Улманіса, прадстаўніка цэнтрысцкага Сялянскага саюзу, прэзыдэнтам абраў парлямэнт. У Латвіі дынамічна адбываліся палітычныя і эканамічныя перамены, галоўнай праблемай была наяўнасьць вялікай часткі расейскамоўнага насельніцтва, якая, у асноўнай масе, не прымала незалежнасьці краіны.

Ульманіс быў адзіным кіраўніком суседняй краіны, які ў 1993 годзе не прыяжджаў у Менск. Усенародна абраны прэзыдэнт Польшчы, легендарны лідэр «Салідарнасьці» і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Лех Валэнса наведаў Менск з афіцыйным візытам, выступіў у Вярхоўным Савеце, усклаў кветкі ў Курапатах. Рэформы ў Польшчы былі найбольш радыкальныя і, у выніку, пасьпяховыя.

Як бачым, усе чацьвёра былі прэзыдэнтамі, хай і з розным аб’ёмам паўнамоцтваў. У такой сытуацыі нам было значна цяжэй утрымаць краіну ад прэзыдэнцтва — колькасьць дэпутатаў, якія пагаджаліся з увядзеньнем прэзыдэнцтва ў Канстытуцыі, павялічвалася, і прыклад суседніх краінаў адыграў тут, як мне падаецца, не апошнюю ролю.

З усіх названых лідэраў Шушкевіч быў адзіны, хто не абапіраўся ні на партыю, ні на вынікі ўсенароднага галасаваньня. Ён упарта не жадаў знаходзіць паразуменьня зь Беларускім Народным Фронтам і не выяўляў інтарэсу да іншых дэмакратычных партый.

У сваіх успамінах Кебіч напіша, што Зянон Пазьняк, іншыя лідэры БНФ нібыта «не вылазілі з кабінэту» Шушкевіча і былі ягонымі фактычнымі дарадцамі. Гэта — няпраўда. У сваім інтэрвію для гэтай кнігі Пазьняк сказаў, што Шушкевіч ніколі не зьвяртаўся да яго па параду. Тыя самыя дэпутаты БНФ (і аўтар гэтых радкоў), якія хадзілі да Шушкевіча ў 1991 годзе адразу пасьля ягонага абраньня, у 1993-м былі ў ягоным кабінэце вельмі рэдкімі гасьцямі. Трапіць да старшыні Вярхоўнага Савету дэпутатам было лёгка, нас прапускалі адразу (дарэчы, тое самае тычылася і Кебіча), але паходы гэтыя страцілі ўсялякі сэнс.

Але ў часы, пра якія мы гаворым, быў кіраўнік краіны, які, як і Шушкевіч, не абапіраўся ні на якую партыйную структуру.

Вацлаў Гавэл быў абраны ў 1993 годзе прэзыдэнтам Чэхіі і, па вялікім рахунку, абапіраўся выключна на свой аўтарытэт і на аўтарытэт невялікай групы былых дысыдэнтаў. Але тое быў аўтарытэт, які сягаў далёка за межы Чэскай Рэспублікі. Калі мы сустрэліся са сталым прадстаўніком Беларусі ў ААН Генадзем Бураўкіным у часе яго прыезду на радзіму ў адпачынак, ён адным словам патлумачыў мне, чаму Беларусь ня выйграла ў Чэхіі спаборніцтва за месца ў Радзе бясьпекі: «Гавэл». Ён лічыўся маральным аўтарытэтам і сымбалем дэмакратычных пераменаў ва Ўсходняй Эўропе.

Але, калі ацэньваць менавіта ў кантэксьце міжнародных адносінаў, у Шушкевіча быў козыр куды больш важкі, чым дысыдэнцкае мінулае Гаўла.

Можна толькі ўявіць, які б галаўны боль атрымалі заходнія лідэры, колькі б самітаў і перамоваў давялося ім праводзіць, якія намаганьні прыкладаць, калі б Менск не адмовіўся ад ядзернай зброі. Яшчэ ўчора нікому не вядомая Беларусь стала б у цэнтры міжнароднай палітыкі — магчыма, на доўгія гады.

Канешне, у аднамомантным і без усялякіх умоваў адмаўленьні ад ядзернага ўзбраеньня заслуга далёка не аднаго Шушкевіча — за бязьядзернасьць на выбарах 1990-га выступаў Народны Фронт, мы, дэпутаты БНФ, патрабавалі ўнесьці гэта ў Дэклярацыю аб сувэрэнітэце, дэпутаты Вярхоўнага Савету галасавалі за ратыфікацыю адпаведных пагадненьняў. Але менавіта Шушкевіч пры падпісаньні Белавескіх пагадненьняў у Віскулях і пазьней у Алма-Аце заявіў, што Беларусь адмаўляецца ад ядзернай зброі без усялякіх умоваў, і менавіта ён праводзіў ратыфікацыю міжнародных пагадненьняў. Урэшце, менавіта ён і ніхто іншы быў кіраўніком гэтай самай першай у гісторыі дзяржавы, якая адмовілася ад ядзернай зброі без усялякіх умоваў.

Але гэта ніяк не было скарыстана для ягонага міжнароднага аўтарытэту.

І для аўтарытэту Беларусі, па вялікім рахунку — таксама. Калі не лічыць тых ста зь нечым мільёнаў даляраў дапамогі, якія краіна атрымала пасьля візыту Шушкевіча ў сярэдзіне 1993 году ў Вашынгтон. Але гэта мізэр у параўнаньні з тымі мільярдамі, якія атрымлівала Расея.

Застаецца фактам, што гэты рэсурс — імідж краіны, якая адмовілася ад ядзернай зброі — ня быў у поўнай ступені скарыстаны ні для аўтарытэту краіны, ні для іміджу яе кіраўніка (у апошнім, зрэшты, немалая віна тагачаснага міністра замежных спраў Краўчанкі, які працаваў выключна на імідж Кебіча).

Ну а ці мог Шушкевіч стаць «беларускім Гаўлам»? — часта чуюцца такія пытаньні. Яшчэ часьцей пытаюцца — «Чаму беларускім Гаўлам не зрабіўся Пазьняк, які таксама меў імідж дысыдэнта?» Шушкевіч ня мог — таму што быў членам КПСС? Пазьняк ня здолеў, бо не сядзеў у турме?

Мне такія пытаньні падаюцца абсурднымі, і я звычайна раю іх аўтарам памяняць месцамі ўмовы — а ці мог бы Гавэл стаць прэзыдэнтам у Беларусі?

Мой адказ — ён нават ня быў бы абраны ў парлямэнт (як не была абраная ў Вярхоўны Савет абсалютная большасьць тых, хто меў дачыненьне да беларускага нонканфармісцкага руху).

Па маім глыбокім перакананьні, заслугі Шушкевіча перад міжнароднай супольнасьцю за адно толькі мірнае пахаваньне імпэрыі куды большыя, чым міжнародныя заслугі Гаўла, а чалавек, які б зрабіў у Чэхіі нешта супастаўляльнае з адкрыцьцём Курапатаў, як тое ў Беларусі зрабіў Пазьняк, быў бы прызнаным рэальным лідэрам нацыі.

Перад Гаўлам у Чэхіі (зрэшты, як і перад Валэнсам у Польшчы або Жэлевым у Баўгарыі) не стаяла праблема, якая паўстала перад беларускімі дэмакратычнымі палітыкамі: праблема нацыянальнага адраджэньня, праблема захаваньня мовы. Чэская, польская і баўгарская нацыі даўно былі сфармаваныя, і там размова на роднай мове не магла быць пададзена палітычнымі праціўнікамі як нешта вельмі страшнае, а заклік аднавіць імпэрыю ня зьявіцца пропускам на найвышэйшую пасаду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG