Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1993: Слабае месца беларускай намэнклятуры


Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Замовіць кнігу можна тут

Калі шматгадовы кіраўнік савецкай дзяржавы казаў, што сын не адказвае за бацьку, ён ці то забыўся, ці то не пажадаў дагаварыць: бацькі таксама не павінны адказваць за дзяцей. У Беларусі з пачатку нацыянальнага руху 80-х у некаторых бацькоў спыталі за дзяцей.

І да станоўчых якасьцяў Кебіча я б аднёс тое, што ён не адыграўся на першым намесьніку старшыні Камітэту па эканоміцы і плянаваньні (былы Дзяржплян) Рыгору Вячорку — за ягонага сына Вінцука Вячорку, аднаго зь лідэраў БНФ. Я магу ацаніць гэтую якасьць з уласнага вопыту і досьведу нашай сям’і — калі бацька вярнуўся з Кабулу, першае, што яму паказалі ў ЦК, была інфармацыя пра маю дзейнасьць.

Канешне, Кебіч няблага разьбіраўся ў эканоміцы — але ў той старой, сацыялістычнай эканоміцы. Тут ён якраз саступаў таму самаму Рыгору Вячорку, які меў такі самы або нават большы партыйны досьвед, але адначасна быў здольны ўспрыняць новае.

Увогуле, Рыгор Мікалаевіч Вячорка быў адным зь нешматлікіх людзей у апараце Савету міністраў, які выклікаў павагу, мяркую, ня толькі ў мяне, але і ў іншых дэпутатаў апазыцыі. Ён ніяк не атаясамліваўся са звыклым стандартным вобразам былога партыйнага кіраўніка (кулаком аб стол, мат як спосаб камунікацыі, бяздумнае выкананьне высокіх загадаў). Ён быў інтэлігентным, па-сапраўднаму адукаваным чалавекам.

1 сакратар ЦК КПБ Пётра Машэраў і Рыгор Вячорка (справа) у ГДР, 1977 год.
1 сакратар ЦК КПБ Пётра Машэраў і Рыгор Вячорка (справа) у ГДР, 1977 год.

Апошняй пасадай Вячоркі перад абвяшчэньнем незалежнасьці была — намесьнік старшыні Дзяржпляну, калі старшынём быў Кебіч, перад гэтым абодва нейкі час мелі роўныя пазыцыі (Вячорка — загадчык аддзелу ЦК, Кебіч — другі сакратар Менскага абкаму), і пасаду старшыні Дзяржпляну, зь якой Кебіч пойдзе на прэм’ера, мог бы заняць і Вячорка. У гэтым выпадку можна толькі ўяўляць, які быў бы лёс Беларусі.

Але — гэта толькі гіпотэза, а вось што я ведаю дакладна — у пачатку 90-ых Вячорка кансультаваў эканамічную групу Ценявога кабінэту Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. Так, многія распрацоўкі Апазыцыі, на вялікі жаль, былі адрынутыя парлямэнцкай большасьцю, але шмат якія ўвасобіліся ў пэўныя палажэньні законаў. Пры гэтым «саўмінаўская» Праграма пераходу да рынкавай эканомікі, распрацоўкай якой Рыгор Вячорка кіраваў — была прынятая Вярхоўным Саветам у 1992 годзе. Па тых часах гэта быў крок наперад, істотны адрыў ад сацыялістычнай сыстэмы гаспадараньня.

Аднак слабасьць беларускай намэнклятуры была ня толькі ў тым, што мала хто з кіраўнікоў быў здольны ўспрыняць новае ці зрабіць рывок наперад.

Сытуацыя ў кіруючай эліце ў апошнія гады існаваньня БССР вызначыла шмат у чым і сытуацыю ў пачатку 90-х, у першыя гады незалежнасьці і, як вынік, у наступныя дзесяцігодзьдзі.

Ва ўрадаввай ложы Авальнай залі. У цэнтры - Вячаслаў Кебіч. Фота Ул. Сапагова
Ва ўрадаввай ложы Авальнай залі. У цэнтры - Вячаслаў Кебіч. Фота Ул. Сапагова

Адна з прычынаў, чаму ў Беларусі не атрымаліся дэмакратычныя рэформы, а пагроза страты незалежнасьці існуе ўжо дзесяцігодзьдзі — амаль нулявая нацыянальная сьвядомасьць камуністычнага кіраўніцтва ў канцы 80-х. Тых, хто выступаў за нацыянальнае адраджэньне, партыйныя сакратары ўспрымалі ў якасьці клясавых ворагаў.

І як вынік, менавіта камуністычнай прапагандай у грамадзтва былі трывала закладзеныя міты пра БНФ як пра «экстрэмістаў», «радыкалаў» і таму падобная лухта — чаго не было ў Эстоніі, Латвіі, Літве і нават, у такой ступені, ва Ўкраіне. Гэтыя міты адыгралі фатальную ролю ў 1994-м.

Да прыкладу, першы сакратар ЦК літоўскай кампартыі Бразаўскас і кіраўнік «Саюдзісу» Ландсбергіс на Зьезьдзе народных дэпутатаў СССР супольна адстойвалі інтарэсы сваёй рэспублікі. А ў БССР кіраўніцтва ЦК зрабіла ўсё, каб не дапусьціць ніводнага лідэра БНФ на той зьезд у якасьці дэпутата. Устаноўчы зьезд БНФ у 1989 годзе не дазволілі правесьці ў Менску — ён адбыўся ў Літве, а памяшканьне далі на распараджэньне таго самага сакратара ЦК Бразаўскаса. У Літве кіраўнікі ЦК падтрымалі «Саюдзіс» і ўзначалілі змаганьне за Незалежнасьць — у Беларусі кіраўніцтва ЦК узначаліла змаганьне супраць Незалежнасьці, аж да 25 жніўня 1991-га, калі дзейнасьць кампартыі спынілі.

Генсек ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў угаворвае літоўцаў не выходзіць са складу СССР. Ззаду - 1-шы сакратар ЦК кампартыі Літвы Альгірдас Бразаўскас. Вільня, 12 студзеня 1990 г.
Генсек ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў угаворвае літоўцаў не выходзіць са складу СССР. Ззаду - 1-шы сакратар ЦК кампартыі Літвы Альгірдас Бразаўскас. Вільня, 12 студзеня 1990 г.

У Беларусі нацыянальна арыентаваных кіраўнікоў (а такія былі, хоць і зусім няшмат) адсунулі на другія ролі. Хай бы гэтыя «другія ролі» і былі высокімі пасадамі, але ня гэтыя людзі вызначалі палітыку (калі каротка, яны не ўваходзілі ў склад дзесяці — пятнаццаці членаў Бюро ЦК КПБ).

Я магу па пальцах адной рукі пералічыць партыйных кіраўнікоў вышэйшых за ранг першага сакратара райкаму, якія б сымпатызавалі нацыянальнай ідэі — нават у яе, так бы мовіць, камуністычным разуменьні (гэта значыць — з захаваньнем кіруючай ролі кампартыі).

Іосіф Навумчык і Генадзь Бураўкін. Віцебск, 1972 г.
Іосіф Навумчык і Генадзь Бураўкін. Віцебск, 1972 г.

У канцы 80-х, акрамя ўжо згаданага Рыгора Вячоркі, такімі былі намесьніца старшыні Савету міністраў Ніна Мазай, загадчык аддзелу навукі ЦК КПБ Міхаіл Дзямчук, сакратар Віцебскага абкаму партыі Іосіф Навумчык і сакратар Менскага гаркаму партыі Пётра Краўчанка. (Пазьней, у першыя гады незалежнасьці, адказным стаўленьнем да беларушчыны вызначыліся былы супрацоўнік ЦК міністар інфармацыі Анатоль Бутэвіч; Дзямчук заняў пасаду віцэ-прэм’ера). Канешне, прыгадваюцца імёны члена ЦК старшыні Дзяржтэлерадыё Генадзя Бураўкіна і загадчыка сэктару літаратуры Сяргея Законьнікава, але гэта былі не «прафэсійныя» партыйныя кіраўнікі.

З адыходам на пэнсію ў 1986-м з пасады сакратара ЦК па ідэалёгіі Аляксандра Кузьміна, які дапамагаў Васілю Быкаву ды іншым пісьменьнікам, і прыходам у кабінэт галоўнага ідэоляга Валерыя Пячэньнікава, адносіны партапарату з нацыянальнай інтэлігенцыяй зрабіліся проста варожыя. (У сваіх мэмуарах тагачасны першы сакратар Саюзу пісьменьнікаў СССР Уладзімір Карпаў піша, што за часы свайго сакратарства Пячэньнікаў ніводнага разу не наведаў Саюз пісьменьнікаў Беларусі — інжынэр паводле адукацыі, ён проста ня ведаў, пра што размаўляць зь літаратарамі. Тут важным мне бачыцца не адмова ад «кіраваньня літаратурай» — кіраваньне працягвалася, ды яшчэ якое — а нежаданьне спрыяць нацыянальнай культуры.)

І калі раней у асяродку партыйных кіраўнікоў стаўленьне да беларускай мовы, да нацыянальнай гісторыі было, пераважна, абыякавым, дык з 1986 году яно зьмянілася на агрэсіўна-непрымальнае.

Асабліва яскрава гэта выявілася пасьля стварэньня БНФ і на выбарах спачатку народных дэпутатаў СССР, а потым і ў Вярхоўны Савет ХІІ скліканьня; вынікі апошніх і прадвызначылі лёс Беларусі.

Кебіч да нацыянальнага Адраджэньня ставіўся, як мне падаецца, абыякава — у тым сэнсе, што ня надта спрыяльна, але і не варожа. Сустрэчы з творчай інтэлігенцыяй, якія ладзілі яму дарадцы, ён успрымаў як неабходны элемэнт падтрыманьня іміджу кіраўніка. Шушкевіч жа падкрэсьліваў прыхільнасьць да Адраджэньня, і ягоны ўдзел ва ўрачыстасьцях, прысьвечаных 75-м угодкам БНР ды ў Першым зьезьдзе беларусаў сьвету падвысіў іх статус.

Для абсалютнай большасьці намэнклятуры зь яе нацыянальным нігілізмам такое стаўленьне было незразумелае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG