Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1993: У чым палягала бяда (і віна) Кебіча


Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Замовіць кнігу можна ТУТ

Сяргей Бубневіч (Валожынская выбарчая акруга № 58). Прайшоў Новы год, а за ім і Каляды, але ў Валожыне ня ўсе рады. І сапраўды, чаму тут радавацца валожынцам, калі ў кватэрах тэмпэратура паветра такая, як і на двары. Навагодні дзед мароз замарозіў паліклініку, дзіцячы сад, кінатэатар, пашкоджана цеплавая сетка. А дом нумар 10 па вуліцы Гагарына, паводле расказаў яго жыхароў, у сёлетнім ацяпляльным сэзоне яшчэ ні разу не ацяпляўся. Хачу дадаць, што Валожын, бадай, адзіны горад, які ня мае цёплага водазабесьпячэньня, а хто жыве ў канцы вуліцы Савецкай, дык ня мае аніякай вады, як і адказу ад мясцовых улад у гэтым пытаньні… Таму зьвяртаюся з запытам да Савету міністраў Рэспублікі Беларусь, прашу абмеркаваць гэтае пытаньне і дапамагчы адзін раз матэрыяльна.

Выступ у "Розным"

Краінай кіруюць Шушкевіч і Кебіч

Радзіма бывае вялікая і малая, а начальства — намінальнае і рэальнае. Апошняе, канешне, больш паважанае.

Калі трактарыст калгасу імя Леніна дэпутат Бубневіч сказаў пра тое як мерзнуць валожынцы, па Авальнай залі пракаціліся рэплікі — «Ну і Кебіч!», «Францавіч забыўся, што “трэба дома бываць часьцей!”».

Кебіч быў родам з Валожынскага раёну, і такая сытуацыя на малой радзіме прэмʼера, натуральна, выклікала кпіны дэпутатаў.

І дарэмна: гэта хоць і сьведчыла пра вынік эканамічнай палітыкі ўраду, але, на мой погляд, хутчэй казала на карысьць прэмʼера як чалавека. Бо ён не скарыстаў свае неабмежаваныя магчымасьці для добраўпарадкаваньня «свайго» раёну — натуральна, коштам іншых раёнаў.

А вось Станіславу Шушкевічу, каб паклапаціцца пра сваю «малую радзіму», дастаткова было, напрыклад, патынкаваць будынак дзяржфілярмоніі, што на плошчы Якуба Коласа ў Менску — акурат там стаяў дом, дзе прайшло ягонае дзяцінства.

Шушкевіч і Кебіч адрозьніваліся, і характарам, і палітычнымі поглядамі, і карʼерай да прыходу ў палітыку, але вялікая частка насельніцтва ўспрымала іх як амаль што адно цэлае — тое, што прыйшло замест першага сакратара ЦК як «галоўнага начальніка».

Пазьней, прыгадваючы гады кіраваньня гэтага дуўмвірату, будуць казаць пра «разгул кебічаўскай дэмакратыі» — з сымпатыяй, і пра «час шушкевічаўскага безуладзьдзя» — з асуджэньнем. Абедзьве фармулёўкі недакладныя.

А ў той час даводзілася чуць — ШушКебіч, часам жартаўліва, але здаралася — і з раздражнёнасьцю. Апошняе было выклікана, пераважна, пагаршэньнем жыцьця. Пры гэтым людзям было няважна, хто канкрэтна нясе за гэта большую адказнасьць. Фармальна пасада Шушкевіча як старшыні Вярхоўнага Савету была вышэйшай, чым у старшыні Савету міністраў Кебіча. Але, паводле Канстытуцыі, старшыня парлямэнту ня быў кіраўніком дзяржавы — ён лічыўся «найвышэйшай службовай асобай».

І пры гэтым Шушкевіч «быў намінальным кіраўніком дзяржавы, а рэальныя рычагі кіраваньня эканомікай былі ў старшыні Савету міністраў» — пацьвердзіў пазьней Кебіч у сваіх мэмуарах.

Намэнклятурай Вячаслаў Кебіч успрымаўся як «свой», Станіслаў Шушкевіч — як «чужы»: і за дэмакратычныя погляды, і за беларускую мову і, канешне, за ўдзел у падпісаньні Белавескіх пагадненьняў. Пры гэтым неяк ня згадавалася, што і Кебіч у Віскулях паставіў свой подпіс.

Але і тыя, хто цікавіўся палітыкай і ўважліва сачыў за сэсіямі Вярхоўнага Савету, часта не маглі разабрацца, хто ёсьць хто, хто за каго і хто супраць чаго.

Кебіч быў вылучаны на пасаду старшыні Савету міністраў яшчэ Бюро ЦК, Шушкевіч сваю палітычную кар’еру зрабіў на хвалі дэмакратыі і пры падтрымцы Народнага Фронту.

З Кебічам нібыта ўсё было проста: вылучэнец намэнклятуры, яе інтарэсы і абараняе. У пазыцыі Шушкевіча разабрацца было куды больш цяжка. Так, за незалежнасьць і сувэрэнітэт, за нэўтралітэт і супраць уваходжаньня ў сыстэму калектыўнай бясьпекі — але і за ўваход Беларусі ў зону расейскага рубля. Крытыкуе ўрад за бязьдзейнасьць і правалы ў забесьпячэньні палівам — і заяўляе, што з Саўмінам можна працаваць, адкідае прапанову БНФ аб фармаваньні кааліцыйнага ўраду. Нібыта за свабоду слова — але выключае мікрафоны дэпутатам Апазыцыі.

Дзе лёгіка, што тут кампраміс, што прадуманы ход, што асабістае перакананьне, што выпадковасьць, што проста слабасьць, няздольнасьць адстаяць сваю пазыцыю? — мог задацца пытаньнем дапытлівы чалавек і не знайсьці адказу. Папраўдзе, і мы, дэпутаты, непасрэдна задзейнічаныя ў гэтых працэсах, адказу ня ведалі.

Зразумець падзеі 1993 году, увогуле пэрыяд пачатку 1990-х, немагчыма бяз спробы аналізу асобаў і палітычных пазыцый гэтых двух лідэраў. Клясычных іх біяграфіяў пакуль няма. Праўда, трэба прызнаць, абодва напісалі мэмуары: «Моя жизнь, крушение и воскрешение СССР» Станіслава Шушкевіча (РЭСПЭН, Масква, 2012) і «Искушение властью. Из жизни премьер-министра» Вячаслава Кебіча («Парадокс», Менск, 2008). Іх я і буду цытаваць у сваёй кнізе.

І ацэньваючы Кебіча, мне давядзецца часта згадваць Шушкевіча, а гаворачы пра Шушкевіча — цытаваць Кебіча. Нікуды не падзецца: у беларускай гісторыі гэтыя дзьве постаці застануцца побач.

Для абодвух 1993-ці быў апошнім поўным годам знаходжаньня ва ўладзе.

«Мой рэйтынг — 75–80%, я праходжу ў першым туры»

Накіды да партрэту Кебіча я мог бы скласьці з цытатаў зь ягоных мэмуараў.

«Для мяне няма сумневу, што сапраўдны замоўшчык развалу Савецкага Саюзу знаходзіцца за акіянам».

«Шчыра кажучы, відавочная зацікаўленасьць БНФ ва ўвядзеньні нацыянальнай валюты яшчэ больш пераканала мяне ў тым, што сьпяшацца з гэтым ня варта».

«Прадстаўнікі БНФ больш былі падобныя не на дэпутатаў, а на паўп’яных хуліганаў, перакананых у сваёй беспакаранасьці».

«Чым меней заставалася часу да адкрыцьця сэсіі Вярхоўнага Савету, тым больш нахабна і адкрыта дзейнічалі актывісты БНФ».

«Як мы ні ахоўвалі свае вайсковыя часткі, актывісты БНФ, нібы прусакі, пранікалі туды скрозь самыя малыя шчыліны».

«Зрабіўшы стаўку на прымусовае “адраджэньне” беларускай мовы, а гэта не магло не суправаджацца русафобскімі матывамі, БНФ паставіў на кульгавую палітычную кабылку».

«Людзі маглі б патрапіць на падобныя нацыяналістычныя вуды і падтрымаць БНФ».

«Клопат пра народ служыў для БНФ толькі прапагандысцкай заслонай. Яму патрэбная была толькі ўлада. Прычым непадзельная. Нацыяналізм паўсюдна аднолькавы».

«Актывісты БНФ лічылі сваім абавязкам акалочвацца вакол люмпэн-пралетарыяту».

Гэткія выказваньні раскіданыя па ўсёй кнізе Кебіча, іх дзясяткі, калі ня сотні, і я мог бы напісаць, што яны цалкам характарызуюць аўтара і на гэтым паставіць кропку.

Але гэта было б ня поўнай праўдай. І нават — няпраўдай, бо быў і іншы Кебіч.

Мне казалі, што кніга напісаная ня Кебічам (у якасьці аўтара называюць журналіста Ігара Асінскага, зрэшты, ён і пазначаны ў выходных дадзеных як рэдактар), і што рабілася яна для аднаго чалавека — Лукашэнкі, адсюль і танальнасьць ацэнак. Ахвотна веру.

Веру і ў тое, што калі б прэзыдэнтам быў, напрыклад, Пазьняк, дык у кнізе было б напісана, што на зьездах народных дэпутатаў СССР Кебіч хай і ціха, але дыстанцыяваўся ад артадаксальнага кіраўніцтва ЦК КПБ. Што на першай сэсіі Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня Кебіч прапанаваў на пасаду міністра друку рэдактара часопіса «Полымя» Сяргея Законьнікава. Што ў жніўні 1991 году ён падтрымаў выступ Пазьняка за Незалежнасьць. Што менавіта ён увосень 1991-га прапанаваў Шушкевічу запрасіць Ельцына ў Белавескую пушчу — каб паразмаўляць пра кошты на энэрганосьбіты, і потым тое спатканьне паставіла кропку ў існаваньні СССР. Што на сустрэчы з творчай інтэлігенцыяй у Міры ў 1992 годзе Кебіч казаў пра нацыянальнае Адраджэньне і падтрымліваў дзяржаўнасьць беларускай мовы. Што ніводзін дэпутат Апазыцыі БНФ, які прыходзіў да прэм’ера з праблемамі сваёй выбарчай акругі, не заставаўся незадаволеным.

І ўсё гэта было б поўнай праўдай, і я быў бы першы, хто б гэта пацьвердзіў.

Калі я упершыню ўбачыў Кебіча ў Авальнай залі ў траўні 1990-га, ён зрабіў на мяне вельмі добрае ўражаньне сваёй энэргічнасьцю, сабранасьцю, здольнасьцю выступаць рацыянальна, без намёку на камуністычныя догмы.

Вячаслаў Кебіч у Авальнай залі, фота Ул. Сапагова
Вячаслаў Кебіч у Авальнай залі, фота Ул. Сапагова

Што ж здарылася з чалавекам, якога вясной 1990-га Васіль Быкаў называў «прэм’ерам спадзяваньняў», і патрабаваньне адстаўкі якога ў 1993-м Апазыцыяй БНФ выносілася на кожную сэсію як галоўны пункт парадку дня?

У кнізе Кебіч піша, што ён быў кадравым афіцэрам выведкі, і калі гэта сапраўды так, дык многія ягоныя дзеяньні (асабліва ў накірунку аб’яднаньня з Расеяй) атрымліваюць лягічнае тлумачэньне. Многія, але ня ўсе.

Думаю, што тут сышліся некалькі прычынаў.

Па-першае, Кебіч, які вучыўся ў беларускай школе, хутка зразумеў, што карʼеру трэба рабіць, у прамым і пераносным сэнсе, на іншай, на расейскай мове. У сваёй кнізе ён прыводзіць даволі красамоўны фрагмэнт:

«Памятаю, на пасяджэньні партыйнай камісіі, якая, праводзячы сумоўе, высьвятляла, наколькі палітычна, ідэалягічна і маральна чалавек сасьпеў для ўступленьня ў КПСС, мяне запыталі?

— Якая мова для вас родная?

— Была беларуская, а цяпер расейская.

— Як гэта так?! — зьдзівіліся члены камісіі, падазрона разглядаючы мяне і, напэўна, рыхтуючыся даць мне ад варот паварот.

— Вельмі проста. Раней я думаў на беларускай мове, цяпер думаю на расейскай. Значыць, яна і ёсьць родная, паколькі менавіта на ёй афармляюцца ўсе мае самыя патаемныя думкі».

«Толькі празь некалькі гадоў я зразумеў, што ён валодае ўнікальным дарам быць сваім як сярод партнамэнклятуры, гэтак і ў асяродку дэмакратычна настроеных дэпутатаў, не зашораных догмамі КПСС. Я неаднойчы быў сьведкам ягонага пераўвасабленьня, але ніколі не асуджаў яго, думаючы, што па-іншаму для карысьці справы рабіць нельга», — піша пра Кебіча ў сваёй кнізе Шушкевіч.

Па-другое, Кебіч адчуваў, у які бок рухаюцца настроі грамадзтва.

Не выключаю, што калі б ішлі дэмакратычныя рэформы, адбываліся свабодныя выбары, Кебіч імкнуўся б падстройвацца пад іх — як гэта было ў жніўні і ў верасьні 1991 году. Але ў 1993-ім значная частка грамадзтва стамілася ад няўпэўненасьці і чаканьня лепшага жыцьця і была ня супраць вяртаньня ў былыя часы.

І таму ён каяўся ў падпісаньні Белавескіх пагадненьняў і дамагаўся «эканамічнага саюзу» з Расеяй як панацэі ад канчатковага эканамічнага краху. Менавіта Кебіч, задоўга да Лукашэнкі, зробіць стаўку на савецкія міты як на прынаду для старэйшага пакаленьня, правакуючы настальгію па камуністычным мінулым.

Увогуле, як мне падаецца, Кебіч адносна лёгка паддаваўся ўплыву ня толькі зьнешніх абставінаў, але і атачэньня.

І тут прывяду фрагмэнт з кнігі былога міністра замежных спраў Пятра Краўчанкі, які лічыўся «сваім» у камандзе Кебіча.

«Вячаслаў Францавіч у палітыцы заўсёды быў адзіночкай і па савецкай традыцыі дбайна сачыў за тым, каб нехта з падначаленых раптам не абышоў яго самога. Ён не адчуваў неабходнасьці ў паўнавартаснай камандзе, якую яму замяняла кола набліжаных сяброў і паплечнікаў.

Самым блізкім да Кебіча чалавекам быў дзяржсакратар Генадзь Данілаў. Акрамя Данілава ягонай асаблівай прыхільнасьцю карысталіся таксама віцэ-прэм’ер Мікалай Косьцікаў і кіраўнік справамі Саўміну Мікалай Каўка.

Яшчэ адным удзельнікам гэтага нефармальнага арэапагу быў Віктар Старавойтаў — загадчык сталоўкі Дому ўраду. Справа ў тым, што Кебіч быў нераўнадушны да моцных напояў і любіў багатыя застольлі. А таму Старавойтаў быў яму проста неабходны, каб рэгулярна накрываць стол.

Дарэчы, як пагаворвалі, Старавойтаў быў чалавекам Эдуарда Шыркоўскага, так што шэф КДБ у падрабязнасьцях даведваўся пра ўсё, што адбывалася на кебічаўскіх пасядзелках. А менавіта там, за чаркай каньяку, часта вырашаліся самыя важныя дзяржаўныя пытаньні.

Я далёкі ад таго, каб маралізаваць і асуджаць Вячаслава Францавіча. Але лішак сьпіртнога адбіваўся на ім надзвычай нэгатыўна. Ён разбураў сам сябе, а адначасна разбураў і сыстэму ўлады… З чалавека сканцэнтраванага і дзелавога Кебіч паступова рабіўся ўсё больш неабавязковым, забыўлівым і індыфэрэнтным… Нават традыцыйным сабутэльнікам ён мог нешта паабяцаць за сталом, а потым забыць» (Пётра Краўчанка, «Беларусь на распутье, или Правда о Беловежском соглашении», Время, Москва, 2006, с. 218–219).

І сапраўды: бяда (і палітычная віна) Кебіча ў тым, што ён дапусьціў блізка да сябе людзей, якія вельмі хутка пераканалі яго ў ягонай ледзь не мэсіянскай ролі, а самі ўспрынялі краіну як сваю вотчыну, якую можна спачатку абрабаваць, а потым тое, што застанецца — сьпіхнуць усходняму суседу. У апараце Саўміну былі створаныя ўпраўленьні і аддзелы, якія ад імя Кебіча ўзялі на сабе кіраваньне міністрамі, прызначанымі Вярхоўным Саветам. Гэта былі цалкам антыканстытуцыйныя структуры, але яны з кожным днём (у літаральным сэнсе) набіралі ўладныя паўнамоцтвы.

Адным з найбольш блізкіх да Кебіча лічыўся начальнік упраўленьня бясьпекі Саўміну Генадзь Данілаў, яму быў нададзены ранг «дзяржсакратара» (таксама не прадугледжаны Канстытуцыяй). Данілаву з дапамогай сваіх намесьнікаў дэпутатаў Генадзя Казлова і Валерыя Паўлава ўдалося ўзяць пад кантроль Міністэрства абароны і дыктаваць сваю волю генэралу Казлоўскаму. Зь міністрам унутраных спраў Уладзімерам Ягоравым і старшынём КДБ Эдуардам Шыркоўскім гэткае не прайшло.

І менавіта атачэньне Кебіча пераканала яго ў тым, што трэба браць уладу цалкам, непадзельна. І з ролі другога пераходзіць на першага.

«Першы» — гэта было сымбалічнае слова для беларускай намэнклятуры. «Першы» — так асабліва набліжаныя і набліжаныя ня надта называлі першага сакратара ЦК КПБ.

І таму зусім лягічна, што ў рэанімацыі мінулага прыгадалі пра Машэрава.

«Наш Пётр Міронавіч» — апублікавала «Советская Белоруссия», а сьледам і іншыя дзяржаўныя газэты ў лютым 1993-га інтэрвію з Кебічам да юбілею першага сакратара ЦК кампартыі Беларусі ў 1965–80 гадах Машэрава. З тэксту выбудоўвалася постаць сумленнага, адказнага, кваліфікаванага, сьціплага кіраўніка, занепакоенага лёсам беларускага народу.

«Іх Пётр Міронавіч» — парыраваў Аляксандар Лукашук у газэце «Свабода», паказаўшы, у чыім абліччы — натуральна, Кебіча — намэнклятура плянуе зьдзейсьніць рэінкарнацыю камуністычнага кіраўніка БССР.

«Момант удалы, эканоміка не рэфармуецца і ў людзей расьце адчай, віна за гэта перакладаецца на «дэмакратаў», — пісаў Лукашук. — Жахлівая праўда пра крывавае мінулае ўскалыхнула была грамадзтва, але зараз сілы нацыі, відаць, ужо на зыходзе, і яна анэмічна пераносіць тупіковую гонку цэнаў, забарону рэфэрэндуму, рэанімацыю партыі катаў. Ідэі незалежнасьці, дэмакратыі, агульначалавечых каштоўнасьцяў і свабодаў у вачах значнай часткі насельніцтва скампрамэтаваныя: каўбасы не пабольшала, парадку паменшала. Стала горш, а было — лепш. Таму гэтыя выбаршчыкі гатовыя аддаць галасы за любога, хто зробіць як было. Пра цану таго, як было, ніхто ўжо ня згадвае» («Свабода», № 3–4, сакавік 1993).

Гэтым «любым» (націск можна ставіць на абодва склады) намэнклятуры, канешне, бачыўся толькі Кебіч, хаця прэзыдэнцтва яшчэ было ня ўведзенае і нам, дэпутатам Апазыцыі БНФ, удавалася блякаваць яго прыняцьце ў праекце Канстытуцыі. Да моманту, пакуль за прэзыдэнцтва ня выступіла група дэпутатаў, якія адносілі сябе да цэнтрыстаў — Генадзь Карпенка, Віктар Ганчар, Дзьмітры Булахаў ды іншыя.

Пазьней некаторыя зь іх зробяць стаўку на Лукашэнку, але ў пачатку 1993-га ў якасьці фаварыта гучала іншае імя: «Я не прымаю і не ўспрымаю заявы аб наяўнасьці ў нас у рэспубліцы двух лідэраў, — заявіў на сэсіі парлямэнту Віктар Ганчар. — І ў сувязі з гэтым скажу так: насьпеў час старшыні Савету міністраў рабіцца ня лідэрам каманды, а проста лідэрам».

Як прыгадваў праз чвэрць стагодзьдзя тагачасны старшыня Віцебскага аблвыканкаму Ўладзімер Кулакоў, недзе ў сярэдзіне 1993-га Кебіч сабраў сваіх паплечнікаў, кіраўнікоў рэгіёнаў і заявіў пра намер балятавацца ў прэзыдэнты. «Давайце абярэм вас Вярхоўным Саветам», — прапанавалі прэм’еру. «Не, толькі ўсенародна. Вось Іван Антановіч сьцьвярджае, што ў мяне рэйтынг — 75–80%, і я праходжу ў першым туры», — адказаў прэм’ер, які меў улады ня менш за першага сакратара, але хацелася яшчэ і народнай любові.

Іван Антановіч ў той момант — кіраўнік створанага пры Саўміне аналітычнага цэнтру з багатым камуністычным мінулым — загадчык аддзелу культуры ЦК КПБ, сакратар і член Палітбюро расейскай камуністычнай партыі. І зь ня менш тытуляванай будучыняй: пры Лукашэнку — міністар замежных спраў.

Аднак Кебіч разумеў, што сапраўдная аналітычная служба знаходзіцца ў іншым месцы. Цягам году ён імкнуўся падпарадкаваць сабе КДБ (так і не ўдалося — пяць разоў гэта галасавалася, і кожны раз нам удавалася заблякаваць рашэньне).

Увогуле, з пункту гледжаньня ўмацаваньня асабістай улады імкненьне падпарадкаваць сабе спэцслужбы выглядала лягічным. Шмат якія ягоныя крокі выглядалі слушнымі, калі расцэньваць іх з пазыцыі ўмацаваньня асабістай улады. Але — ня з пункту гледжаньня разьвіцьця дэмакратыі.

«Ведаеце, якое паняцьце цалкам адсутнічае ў герархіі сьветапоглядных каштоўнасьцяў прэм’ера, якое слова ніводнага разу не сустрэлася паміж чатырма зь лішкам тысячаў слоў пра “іх Пятра Міронавіча”? — завяршаў свой артыкул Аляксандар Лукашук. — Гэта слова — “свабода”».

І гэта пры тым, што менавіта свабодай, а больш дакладней, парасткамі свабоды і дэмакратыі скарыстаўся Кебіч, калі ў пачатку 1990-га на пленуме ЦК дамогся свайго прызначэньня на пасаду старшыні Саўміну. Хоць у той момант яму давялося выявіць і пэўныя дыпляматычныя здольнасьці, уменьне дамаўляцца.

Магчыма, зьдзіўлю чытача, але з Кебічам мне было размаўляць прасьцей, чым з Шушкевічам: ён сапраўды мог «падстроіцца» пад суразмоўніка (у дадзеным выпадку маю на ўвазе камунікацыйныя здольнасьці і ацэньваю гэтую якасьць як станоўчую і для палітыка неабходную).

Я няшмат разоў быў у кабінэце Кебіча сам-насам (ва ўсіх выпадках прычыны былі не палітычныя, а зьвязаныя з праблемамі маёй выбарчай акругі), але ніводнага разу тое, пра што я прасіў, не засталося без увагі (хай можа і ня ў тым аб’ёме, у якім я прасіў). І пры гэтым Кебіч імкнуўся навязаць нейкі асабісты кантакт.

Вось хоць бы такі выпадак.

Недзе летам ці ў пачатку восені 1990 году, у першыя месяцы дзейнасьці Вярхоўнага Савету, у аднапакаёўцы на вуліцы Казінца, якую мы з жонкай здымалі, зазваніў тэлефон. Гэта быў Кебіч. Ён сказаў, што мае намер стварыць Міністэрства ў справах нацыянальнасьцяў (альбо Міністэрства ў справах грамадзкіх арганізацый, ці ў справах рэлігій, цяпер ужо ня памятаю дакладна), а крэсла міністра хоча прапанаваць майму бацьку (тады — сакратару Віцебскага абкаму партыі).

У тым часе ў мяне былі няпростыя палітычныя адносіны з бацькам — пасьля пасады дарадцы ЦК КПСС у Аўганістане яму «сьвяціла» падвышэньне, але я сваёй грамадзкай актыўнасьцю рэзка спыніў ягоную кар’еру. Я сказаў, што ідэя стварыць міністэрства добрая, ну але, натуральна, вырашаць за бацьку не магу, лепей было б Вячаславу Францавічу самому патэлефанаваць у Віцебск.

Гэтая гутарка ня мела ніякага разьвіцьця — міністэрства не было створанае, але нават калі ўявіць, што Кебіч хацеў «купіць» апанэнта — трэба прызнаць, што такі званок сьведчыў ня толькі пра палітычную, але і ў пэўным сэнсе пра дыпляматычную здольнасьць Кебіча. Пры гэтым нічога асаблівага Кебіч ад мяне атрымаць ня мог — я быў адным з трыццаці дэпутатаў БНФ і адным з 340 дэпутатаў парлямэнту. Хоць я перакананы, што тое ня быў блеф, што намер Кебіча быў сапраўдны.

Проста гэта адзін з тых выпадкаў, калі ягоныя ідэі зьнікалі гэтак жа хутка, як і зьяўляліся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG