Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год трыюмфаў і паразаў. «Дзевяноста трэці»: Новая кніга Сяргея Навумчыка на Свабодзе


У сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці».

У пятым томе хронікі новай беларускай дзяржаўнасьці канца ХХ стагодзьдзя аднаўляецца ва ўсёй вастрыні барацьба ў парлямэнце за і супраць вайсковых саюзаў, за энэргетычную незалежнасьць і супраць увядзеньня прэзыдэнцтва, ашаламляльныя здабыткі і паразы нацыянальнага адраджэньня і дэмакратыі, галоўныя дзейныя асобы і драматычныя наступствы іх выбару для свабоды — 1993 год вачыма ўдзельніка, дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі (1990–1995).

Папярэднія кнігі цыклю — «Дзевяноста першы», «Дзевяноста чацьверты», «Дзевяноста пяты» і «Дзевяноста другі».

Замовіць кнігу можна ТУТ.

Усё было страшна, але ніхто ня ведаў страху.
Віктар Гюго, «Дзевяноста трэці»


Год трыюмфаў і паразаў. Ад аўтара

Новы 1993 год я сустрэў разам з Аляксандрам Лукашэнкам.

У электрычцы Менск — Барысаў.

Мы былі не адны, а ў кампаніі жанчын — разам са Станіславам Шушкевічам і яшчэ некалькімі вядомымі асобамі.

Праўда, кампанія была віртуальная (хоць слова такога тады яшчэ ня чулі): насамрэч я ні з кім нікуды ня ехаў, а проста навагодні нумар «Звязды» надрукаваў жартаўлівае апытаньне сярод пасажырак электрычкі, каго б яны хацелі бачыць у якасьці Дзеда Мароза ля навагодняй ялінкі.

Жарт калег-журналістаў, аднак, не парадаваў: я лічыў, што газэты надаюць празьмерную рэкляму гэтаму дэпутату, які ўжо выразна засьведчыў свае антыдэмакратычныя і прарасейскія погляды.

Увогуле ж палітычны 1993 год пачаўся не каляндарна, а 3 лютага, калі на галасаваньне была пастаўленая прапанова скасаваць пастанову Вярхоўнага Савету аб прыпыненьні дзейнасьці КПБ-КПСС, прынятую ў дзень абвяшчэньня незалежнасьці, 25 жніўня 1991.

…Ішло вечаровае пасяджэньне, у вокны пад купалам Авальнай залі ўжо зазірнула цемра. Спачатку прапанова не набрала патрэбнай колькасьці галасоў. Камуністы патрабавалі перагаласаваць. Шушкевіч сказаў, што часта парушаў рэглямэнт, але цяпер ня хоча гэтага рабіць.

Камуністы настойвалі. І раптам сьпікер пайшоў на парушэньне рэглямэнту: паставіў на галасаваньне варыянт пастановы, якая не была распаўсюджаная сярод дэпутатаў у пісьмовай форме.

Дэпутаты-фронтаўцы паўскоквалі зь месцаў, але камуністы ўжо націснулі кнопкі.

Рашэньне было прынята.

«За» прагаласавалі, у ліку іншых, Станіслаў Шушкевіч і Аляксандар Лукашэнка.

На сэсіі Вярхоўнага Савета. На першым пляне дэпутат Апазыцыі БНФ Валянцін Голубеў, у форме - дэпутат генэрал Анатоль Новікаў. Фота Ул. Сапагова
На сэсіі Вярхоўнага Савета. На першым пляне дэпутат Апазыцыі БНФ Валянцін Голубеў, у форме - дэпутат генэрал Анатоль Новікаў. Фота Ул. Сапагова

«Камуністамі не тлуміце сабе галавы, яны — палітычны фальклёр, у эпігонаў не бывае будучыні» — так адразу пасьля аднаўленьня кампартыі супакойваў чытачоў тыднёвіка «Літаратура і мастацтва» пісьменьнік зь Беласточчыны Сакрат Яновіч. Але ўжо найбліжэйшыя падзеі паказалі, што мае рацыю ня ён, а лідэр апазыцыі Зянон Пазьняк, які ўвязаў рэанімацыю камуністычнай партыі з наступам праімпэрскіх сілаў. На другі дзень пасьля галасаваньня «Звязда» надрукавала рэпартаж з прэс-канфэрэнцыі старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча, узяўшы загалоўкам ягоную цытату: «Нас у Эўропе ніхто не чакае».

«Всё равно мы вас загоним в Россию!» — заявілі дэпутаты-камуністы Лявону Баршчэўскаму ў кулюарах сэсіі.

«Мы зноў засталіся з нашымі мёртвымі сам-насам, — сказаў на хвалях Радыё Свабода празь некалькі гадзінаў пасьля рашэньня Вярхоўнага Савету дасьледчык камуністычных рэпрэсіяў журналіст Аляксандар Лукашук. — Як цяпер ісьці ў Курапаты, што казаць нашым дзядам, якія ляжаць пад соснамі? Як растлумачыць, чаму вернутая зь небыцьця партыя-вампір, ненажэрная людаедзкая банда, што дзесяцігодзьдзямі гвалтавала беларускі народ, ірвала на кавалкі ягоныя землі і прадавала іншаземным дзяржавам, таптала мову і паліла кнігі, душыла лепшых сыноў і дачок і тысячамі клала ў вялікія і малыя Курапаты, на тры гады кінула ў акупацыю, а потым працягнула гэтую акупацыю сама, пасыпаўшы на разьвітаньне радыяактыўным попелам ды подла схаваўшы сваё чарнобыльскае злачынства ад людзей?..

188 дэпутатаў Вярхоўнага Савету рэанімавалі КПСС-КПБ. Апроч партыйных сакратароў сярод іх ёсьць навукоўцы і настаўнікі, генэралы і дырэктары... Страхавітаму камуністычнаму Вію ўзьнялі павекі — і быццам нічога, ніхто не зьнерухомеў».

Лукашук ня ведаў, натуральна, пра будучую нататку Яновіча ў «ЛіМе», але прадчуваў:

«Зараз хутка знойдуцца спэцыялісты паразважаць, што аднаўленьне дзейнасьці КПСС-КПБ нічога не мяняе ў Беларусі.

Гэта ня так. Роспуск кампартыі ў жніўні 1991 году — адзіны, першы і апошні акт хаця б умоўнай справядлівасьці. Ніхто не панёс пакараньня асабіста. Усё, абсалютна ўсё сышло з рук. I таму пастанова, прынятая парлямэнтам 3 лютага — ня толькі сорам на ўвесь сьвет. Гэта, найперш, трыюмф катаў і абраза мільёнаў ахвяраў — і тых, хто ўжо ляжыць у зямлі, і тых, хто, як дзеці Чарнобылю, туды заўчасна пойдзе.

Нашы мёртвыя цяпер могуць пакінуць нас, бо мы не абаранілі іх ад пасьмяротнае зьнявагі. I тады гэта знак непапраўнае бяды. Бо так, бяз памяці, без аховы продкаў загінем, сыдзем у нябыт з карты Эўропы, і толькі кампартыйныя пацукі будуць лётаць ненажэрнымі зграямі па чарнобыльскіх абшарах таго, што некалі звалася Беларусяй».

Цытата доўгая, але ў кнізе будзе шмат цытатаў.

Сьвяткаваньне гадавіны бітвы пад Воршай, верасень 1993, фота Ул. Кармілкіна
Сьвяткаваньне гадавіны бітвы пад Воршай, верасень 1993, фота Ул. Кармілкіна

Вельмі шкадую, што ня вёў дзёньнік, не фіксаваў факты, не запісваў свае ўражаньні, адчуваньні. Не было часу і на лісты. Між тым зь цягам часу адчуваньні забываюцца, сьціраюцца ў памяці і падзеі, а тыя, якія памятаюцца — за гады дэфармуюцца пад узьдзеяньнем наступных уражаньняў, новых прыхільнасьцяў ці старых антыпатыяў. Магчыма, з гадамі ацэнкі робяцца больш правільнымі і дакладнымі — ды вось толькі зьнікае рэзкасьць дэталяў. Мне, аднак, хочацца даць чытачу магчымасьць ня толькі ўбачыць той час маімі вачыма, вачыма ўдзельніка падзеяў, але і пачуць галасы таго часу, галасы маіх паплечнікаў і нашых апанэнтаў — так, як яны гучалі менавіта ў 1993-м, на сэсіях Вярхоўнага Савету, на мітынгах, у газэтнай палеміцы, у рэпартажах журналістаў.

Але вось кароткая цытата. «Беларускі парлямэнт, абраны яшчэ да абвяшчэньня незалежнасьці краіны, складаецца ў асноўным з былых партыйных функцыянэраў. Таму наўрад ці пастанова беларускага парлямэнту аб скасаваньні забароны дзейнасьці найбуйнейшай у КПСС рэгіянальнай арганізацыі можа кагосьці зьдзівіць», — пракамэнтавала менскае галасаваньне ў лютым уплывовая нямецкая газэта Frankfurter Allgemeіne Zeіtung.

І цытата яшчэ карацейшая: «Незалежнасьць — не ікона, на якую трэба маліцца», — заявіў дэпутат Дзьмітры Булахаў.

18 студзеня 1993-га, напярэдадні аднаўленьня сэсіі Вярхоўнага Савету, Станіслаў Шушкевіч сабраў невялікую групу дэпутатаў, выставіўшы за дзьверы журналістаў. Я быў ня толькі дэпутатам, але і журналістам, і таму адразу ж раскрыў прэсе таямніцы сьпікера. Галоўная зь іх была ў тым, каб зрабіць яшчэ болей таямніцаў: ён згадзіўся з прапановай лідэраў парлямэнцкай большасьці — пракамуністычнай групы «Беларусь» — адмовіцца ад разьдзелу «Рознае» ў парадку дня сэсіі.

«Рознае» — так называліся першыя паўгадзіны пасяджэньня сэсіі (пачатак быў у 9.30), падчас якіх любы дэпутат меў тры хвіліны для выступу ці дэпутацкага запыту без аглядкі на зацьверджаны парадак дня (хоць часам «Рознае» выкарыстоўвалася і па тэме, якая была вынесеная на сэсію, у тым выпадку, калі не ўдавалася атрымаць слова, бо сьпіс жадаючых выступіць быў даўгі і сьпікер прапаноўваў «спыніць абмеркаваньні» (Шушкевіч рабіў такія прапановы ўсё часьцей, і яны з энтузіязмам прымаліся парлямэнцкай большасьцю). Для выступу ў «Розным» трэба было запісвацца, звычайна твая чарга падыходзіла празь дзень-два. Тое была гарантаваная тэрыторыя галоснасьці, і мы, дэпутаты БНФ, асабліва цанілі «Рознае» яшчэ і таму, што гэта быў адзіны момант сэсіі, які ўвечары без купюраў перадаваўся па радыё і тэлебачаньні.

Якраз напярэдадні нас, дэпутатаў Апазыцыі БНФ, не пусьцілі на супольнае пасяджэньне прэзыдыюмаў Вярхоўнага Савету і Саўміну (што было парушэньнем закону), на якім Шушкевіч разам з Кебічам вырашылі захаваць пераважна дзяржаўную ўласнасьць на зямлю. Увесь 1993 год мы будзем дамагацца ад Вярхоўнага Савету рашэньня ўвесьці інстытут прыватнай уласнасьці на зямлю — безвынікова. А вось разьдзел «Рознае» нам удасца адстаяць, і хоць падчас нашых выступаў Шушкевіч часам адключаў мікрафон, мы выкарыстоўвалі свае тры хвіліны напоўніцу.

Прыводжу фрагмэнты выступаў у «Розным» у гэтай кнізе — паводле ўсіх правілаў парлямэнтарызму, даючы слова і нашым палітычным апанэнтам. Праўда, зь некаторымі скарачэньнямі — у кнігі таксама ёсьць рэглямэнт.

…Калі ўвечары 3 лютага дэпутаты-камуністы накіроўваліся ў гатэль «Менск», каб абмыць перамогу, ля Галоўпаштамту яны маглі сустрэць ня менш шчасьлівых людзей. Калекцыянэры скуплялі першы стандартны выпуск беларускіх паштовых марак: у дзевяці колерах на іх была толькі адна выява — «Пагоня». Не алоўкам беларускім студэнтам у дзесяці экзэмплярах намаляваныя на чужыне, не з-пад прэса Ўладзімера Шыманца ў друкарні пад Парыжам выціснутыя — мільёны, дзясяткі мільёнаў марак з нацыянальным, а цяпер ужо дзяржаўным гербам былі выпушчаныя афіцыйна. І — пайшлі ў кожную беларускую сям’ю (электроннай поштай тады яшчэ не карысталіся), і некалькі гадоў гэтыя маленькія маркі падарожнічалі на капэртах у Беларусі і ў замежжы, пацьвярджаючы, што — жыве Беларусь.

Год быў багаты на падзеі, якія потым назавуць трыюмфам новага этапу нацыянальнага Адраджэньня — такія, як сьвяткаваньне 75-х угодкаў БНР і Першы зьезд беларусаў сьвету. З адлегласьці дзесяцігодзьдзяў год сапраўды ўспрымаецца як вяршыня дасягнутага нацыянальнымі дэмакратычнымі сіламі. Але гэткай самай адметнасьцю быў і наступ на заваёвы дэмакратыі, на беларускую Незалежнасьць праімпэрскіх сілаў.

«Складаны, нават заблытаны год» — сказаў пра дзевяноста трэці ў інтэрвію адмыслова для гэтай кнігі Зянон Пазьняк.

Паспрабуем разблытаць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG