Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Коржыч прасіў аб размове з псыхолягам». Што расказаў на судзе ротны афіцэр загінулага салдата


Дома ў маці Аляксандра Коржыча, архіўнае фота

На 14-ы дзень працэсу ў судзе дапыталі Паўла Сукавенку, адзінага афіцэра, арыштаванага пасьля сьмерці Аляксандра Коржыча.

Павел Сукавенка быў ротным афіцэрам ў частцы, дзе служыў Аляксандар Коржыч. Яго затрымалі ў сярэдзіне кастрычніка 2017 году. Перш Сукавенка праходзіў у справе аб сьмерці салдата, аднак у красавіку 2018 году кіраўнік Сьледчага камітэту Іван Наскевіч паведаміў, што справу Сукавенкі вылучылі ў асобнае праводжаньне і непасрэдна за сьмерць Коржыча яго судзіць ня будуць.

Суд па справе Коржыча. Коратка

Абвінавачанымі ў «справе Коржыча» прызнаныя трое сяржантаў зь ягонай роты, якія, паводле сьледзтва, давялі салдата да самагубства. Антона Вяжэвіча і Ягора Скуратовіча вінавацяць ва злоўжываньні ўладай, атрыманьні хабару і перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Яўгена Бараноўскага ў дадатак да гэтага ў крадзяжы.

Маці Аляксандра Коржыча Сьвятлана лічыць, што яе сын стаў ахвяраю забойства. Прычынай злачынства, перакананая яна, стала нежаданьне сына плаціць сяржантам грошы за знаходжаньне ў мэдычнай роце. Саслужыўцы загінулага салдата, апытаныя пракурорам і суддзёй, таксама ня вераць у самагубства.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

«Мне не хапіла досьведу»

У судовую залю Сукавенку даставілі пад канвоем з СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Сукавенку абвінавачваюць паводле артыкулу 455 КК РБ (злоўжываньне ўладай альбо бязьдзеяньне ўлады). Дата суду над ім пакуль невядомая.

Суд ў дачыненьні да трох вайскоўцаў у справе аб гібелі салдата Коржыча, 8 жніўня
Суд ў дачыненьні да трох вайскоўцаў у справе аб гібелі салдата Коржыча, 8 жніўня

Былога афіцэра зьмясьцілі ў асобную клетку побач зь яго былымі падначаленымі — сяржантамі Бараноўскім, Вяжэвічам і Скуратовічам.

«Я быў не да канца гатовы кіраваць ротай, — адразу прызнаўся Сукавенка пракурору на допыце (гэтую пасаду Сукавенка заняў напачатку лета 2017 году. — РС). — У працы з асабовым складам праблемаў не было. У арганізацыйных справах праблемы ўзьнікалі рэгулярна. Мне бракавала досьведу ва ўсіх галінах. Але я за пэрыяд усёй службы не сустракаў ніводнага афіцэра, які цалкам ведаў бы свае абавязкі».

Сукавенка расказаў, што ўсе салдаты ведалі яго асабісты нумар тэлефона і маглі пазваніць яму. Аднак з роднымі Аляксандра Коржыча ён сувязь не падтрымліваў, нягледзячы на абавязак сазвоньвацца з бацькамі і роднымі падначаленых салдатаў раз на месяц.

«Коржыча я пабачыў першы раз 5 ліпеня, на прыняцьці прысягі, падчас разьмеркаваньня, — расказаў Сукавенка. — Ён не вылучаўся з натоўпу, быў нармальным салдатам. Не падымаў ніякіх пытаньняў да таго моманту, калі ён зьвярнуўся да мяне з просьбай пагаварыць з псыхолягам, сказаў, што ў яго нэрвовы разлад. Тады я накіраваў Коржыча да доктара».

Павел Сукавенка (у цэнтры) падчас службы
Павел Сукавенка (у цэнтры) падчас службы

Ён прызнаўся, што не праводзіў з Аляксандрам Коржычам асабістых гутарак, абмежаваўся толькі вывучэньнем асабістай справы.

«Я як камандзір падразьдзяленьня пастаянна праводзіў нейкія заняткі з салдатамі, — расказаў Сукавенка. — Асабіста з Коржычам сам-насам я ніякай працы не праводзіў. Вывучаў яго асабістую справу, вайсковы білет. Гэта асноўныя дакумэнты вайскоўца ў арміі.

Акрамя Коржыча, у мяне было яшчэ 68 салдатаў. Калі нехта быў маральна няўстойлівым, ён знаходзіўся ў групе рызыкі. Асабістыя гутаркі з вайскоўцамі на тэму суіцыду праводзіліся толькі тады, калі салдат быў у нечым такім заўважаны».

«Глябальных праблемаў зь сяржантамі ў мяне не было»

Сукавенка заявіў, што нічога ня ведаў пра адцісканьні яго салдатаў у супрацьгазах пасьля адбою. Паводле былога афіцэра, паведамляць аб такіх выпадках яму мусілі дзяжурныя па роце. Аднак падобных сыгналаў не паступала.

Як казаў Сукавенка, глябальных заўваг да сяржанта Бараноўскага ён ня меў і службай падначаленага быў задаволены.

«Сяржанты пастаянна знаходзіліся ў мяне на вачах, — расказаў ён. — Тое, як яны займаюцца з асабістым складам, было відаць пастаянна. Як правіла, мы ўвесь час знаходзіліся разам. Пытаньняў не ўзьнікала. Выхаваўчыя працы праводзілсія, зачытваліся артыкулы КК, якія стасаваліся вайсковай службы. На стэндах пастаянна знаходзіцца інфармацыя аб пакараных. Да салдатаў гэта даводзілася. Усім гэтым займаўся ідэалягічны аддзел навучальнага цэнтру. Безь яго ніякіх заняткаў не праводзілася».

Сукавенка таксама расказаў, што прычоска ў вайскоўцаў павінна быць кароткай і акуратнай, так званы «кант» неабавязковы. Аднак калі яго няма, то заўвагу можа атрымаць нават сам лейтэнант. Паводле дысцыплінарнага статуту, за адсутнасьць «канціка» сяржант мае права даць заўвагу альбо пазбавіць звальненьня.

«Калі салдаты не жадаюць станавіцца ў шыхт па камандзе, дзеяньні камандзіра аддзяленьня павінны быць адпаведнымі: размова, заўвага, — сказаў Сукавенка. — Фізычныя практыкаваньні павінны праводзіцца толькі на занятках фізычнай падрыхтоўкі».

Паводле Сукавенкі, наведваць буфэты і крамы салдаты могуць у свой вольны час. Паколькі вольнага часу было няшмат і ён перасякаўся зь перапынкамі на яду, супадаў зь вячэрай, салдатаў адпускалі ў краму ці буфэт і ў іншы час. Салдаты мусілі адпрасіцца ў афіцэра альбо сяржанта.

«Без давзолу салдат нікуды ня можа пайсьці. Камандзір можа забараніць яму, не тлумачачы прычыны, — расказаў Сукавенка. — У выходны дзень яшчэ можна пайсьці ў краму. Аднак таксама толькі з дазволу камандзіра. Пра тое, што салдаты набывалі нешта сяржантам за дазвол схадзіць у краму, мне нічога невядома».

Сукавенка сказаў, што аб практыцы выкупу мабільных тэлефонаў салдатамі ў сяржантаў ён нічога ня ведаў. Калі ў некага падчас службы заўважалі мабільнік, яго забіралі і захоўвалі ў адмысловай скрыні. Былы афіцэр кажа, што забіраць тэлефоны ў вайскоўцаў даводзілася даволі часта. Ён нават загадаў сяржантам паведамляць яму аб кожным такім выпадку і прыводзіць такога вайскоўца да яго на гутарку.

«Коржыча давялі да мэдычнага пункту, і там ён зьнік»

Былы афіцэр таксама расказаў, што дзяжурныя па роце мусілі штодня правяраць наяўнасьць хворых салдатаў у мэдычным пункце. Гэта адбывалася з 21 да 22 гадзіны.

«Пра адсутнасьць Коржыча (пасьля выпіскі з мэдычнай роты. — РС) я толкам нічога не магу патлумачыць, — расказаў Сукавенка. — Верагодна, у мэдпункце былі нейкія праблемы і таму так адбылося. Ведаю, што Коржыча давялі да мэдычнага пункту, і там ён некуды зьнік. Гэта мне стала вядома пасьля пачатку расьсьледаваньня, пасьля 3 кастрычніка. Я ня ведаю дакладна сыстэму працы мэдычнай роты і мэдычнага пункту. Значыць, яны ўжо пасьля выяўленьня цела вайскоўца пачалі нешта прадпрымаць (запаўняць дакумэнты. — РС)».

Паводле Сукавенкі, ад казармы, дзе служыў Коржыч, да мэдычнага пункту прыблізна 500-600 мэтраў. Да мэдычнай роты — каля 1200 мэтраў. Былы афіцэр расказаў, што ўсе перамяшчэньні салдатаў з казармы ў мэдроту адбываліся толькі праз мэдпункт.

«Мне нічога невядома пра супрацьпраўныя дзеяньні ў дачыненьні да Коржыча, — сказаў на працэсе Сукавенка. — Коржыч у сярэдзіне верасьня зьвярнуўся да мяне. Сказаў, што хоча паразмаўляць з псыхолягам, мае нэрвовы разлад. Псыхоляг змагла прыехаць толькі на наступны дзень. Яна пагаварыла зь ім, прызначыла паездку ў Менск на абсьледаваньне да псыхіятра. Загадала мне запісаць Коржыча ў групу дынамічнага назіраньня.

Гэта адбылося ў пятніцу. У нядзелю мне пазванілі і сказалі, што Коржыча забралі ў мэдроту з болем у зоне грудзей. Я папрасіў паведамляць мне, што будзе далей зь ім. Прызначылі ахову Коржычу, каб ён ня быў адзін. Тры дні і тры ночы зь ім знаходзіліся вайскоўцы».

Як кажа Сукавенка, з мэдроты Коржыча вазілі абсьледаваць у Барысаў і Менск. У Менску лекары прызналі Коржыча здаровым і адправілі назад у Печы.

«У мэдроце ён меў прайсьці яшчэ адну камісію, зьвязаную з болем у зоне грудзей, — узгадаў Сукавенка. — Гэта адбывалася 20 верасьня прыкладна. Ахову зьнялі пасьля вяртаньня Коржыча зь Менску. Што ахова зьнятая, мне паведаміў камандзір роты. У мяне не ўзьнікала падазрэньняў, што Коржыч спрабуе ўхіліцца ад службы. Падазрэньняў у сымуляцыі не было. З выразу твару Коржыча было зразумела, што ён дрэнна пачуваецца».

Паводле Паўла Сукавенкі, пра тое, што знойдзена цела Аляксандра Коржыча знойдзенае павешаным, ён даведаўся ад камандзіра часткі. У той жа дзень ён даведаўся, што Коржыч быў выпісаны з мэдычнай роты 26 верасьня. Такая пазнака была зробленая ў журнале выпісак.

«Аляксандра знайшоў сяржант, які, здаецца, быў дзяжурным на КПП мэдроты, — расказаў Сукавенка. — Здаецца, ён пайшоў у падвал па інвэнтар. Сяржант гэты быў у шокавым стане, я зь ім не размаўляў. У той падвал я не спускаўся, дайшоў толькі да дзьвярэй. Тады яшчэ не было на месцы супрацоўнікаў СК. Труп Аляксандра Коржыча я бачыў толькі на фатаздымках у матэрыялах справы».

Сукавенка гаворыць, што ня змог разабрацца, чаму зьнікненьне Коржыча на тыдзень стала магчымым. На яго думку, Коржыча «згубілі» паміж мэдпунктам і страявой часткай. Былы афіцэр мяркуе, што з мэдычнага пункту ніхто не пазваніў у частку і не паінфармаваў аб неабходнасьці забраць Коржыча ў частку.

«Як мы потым праверылі, такога званка не было, — расказаў Сукавенка. — З мэдчасткі ў частку з прапановай забраць прыбылага з мэдроты Коржыча не зьвярнуліся».

Сукавенка прызнаўся, што нават ня можа ўявіць, зь якой прычыны Аляксандар Коржыч мог учыніць самагубства. У групу рызыкі яго ўпісалі толькі ў сярэдзіне верасьня, пасьля звароту па дапамогу псыхоляга.

Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць

3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.

5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.

Асноўныя факты пра справу Аляксандра Коржыча. Відэа
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:58 0:00

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG