Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта БРСМ зьбірае ахвяраваньні да школы з клоўнам


Ілюстрацыйнае фота

На першы паверх унівэрмагу, дзе месьціцца крама «Тройка», я прыйшла зусім ня ў цырк, а каб хлеба купіць. Таму, пабачыўшы перад касамі клоўна, які, лемантуючы, бегаў па фае, надта зьдзівілася.

Агледзеўшыся, заўважыла яшчэ некалькі цікавінак: ажно тры стэнды вышынёю ў два мэтры, надрукаваныя і аздобленыя прафэсійна — відавочна, не ў студэнцкім інтэрнаце на аркушы ватману акварэльнымі фарбамі і саматужнымі здымкамі. Нятанная наглядная агітацыя настойліва распавядала пакупнікам пра дзейнасьць гарадзкой арганізацыі БРСМ. Па кутох, сьціпла прытуліўшыся, стаялі некалькі па-дзелавому апранутых маладзіц-наглядчыц пры пасадзе і з бэйджыкамі.

Дзяўчаты ў адмыслова спраўленых з нагоды акцыі «Доброе сердце» фірмовых маечках з гэткім жа лягатыпам, аздобленая гэткім жа чынам скрыня для ахвяраваньняў. Валянтэры раздавалі буклеты і прапаноўвалі наведнікам крамы набыць школьныя прылады для дзяцей-сірот, шматдзетных, малазабясьпечаных, тых, хто апынуўся ў цяжкім становішчы. Не сказаць, каб людзі надта кідаліся на гэткую прапанову. Пакупнікі «Тройкі» рэдка выглядаюць алігархамі. Калі яны будуць раздаваць грошы, дзе ні пойдуць, усім, хто ні папросіць — іхнія дзеці таксама апынуцца ў цяжкім становішчы.

Error rendering VK.

І я вырашыла ўстрымацца, і ня толькі з гэтай прычыны. Узьнік вялікі сумнеў у мэтазгоднасьці гэткага шоў, зладжанага за грошы падаткаплатнікаў.

Па-першае, малазабясьпечаным сем’ям выдзяляецца дапамога, хоць і невялікая, для падрыхтоўкі дзяцей да навучальнага году. За гэтыя сродкі бацькі самі выбіраюць тое, у чым маюць патрэбу іхнія дзеці, вырашаюць, што ім даспадобы: адзін заплечнік ці дзесяць пакункаў каляровых алоўкаў. Па-другое, перад сіротамі таксама ня маю віны, дапамагаю, як магу: працую і плачу падаткі, грошы зь якіх ідуць на ўтрыманьне дзіцячых дамоў у тым ліку.

На кожнае дзіця дзяржава выдаткоўвае не адвольныя добраахвотныя ахвяраваньні, а дакладную суму, у якую ўключаныя і затраты на адзеньне і школьныя прылады.

Калі сродкі не даходзяць да дзяцей, дык тут павінны адпаведныя органы разьбірацца. Калі сродкаў нестае, значыць трэба перанакіроўваць іх зь нейкага іншага месца, дзе іх аж лішне. Адкуль? Хадзіць шукаць далёка ня трэба — дастаткова вакол азірнуцца. Маечкі коштам ніяк ня менш за дваццаць рублёў, выраб агітацыйных матэрыялаў за бюджэтны кошт. Клоўн (на халеру ён патрэбен) паўдня па краме бегае, мусіць, ня дзеля спартыўнага інтарэсу, і ня трэба тут ваенных песень! Сакратары і куратары ўсе на акладах, зрэшты, як і некаторыя «валянтэры», бо дзе ты летам студэнтаў знойдзеш! Працоўны дзень у поўным аб’ёме аплачваецца.

Error rendering VK.

Маладыя, здаровыя — пэўна, іхняя праца ў сельскай гаспадарцы, на будоўлі ці ў дзіцячым доме прынесла б болей карысьці і бюджэту, і сіротам, чым перакладаньне паперак і шпацыраваньне пры поўным парадзе па гандлёвай кропцы.

Пасьля чацьвёртай гадзіны стэнды разабралі, пачалі скручвацца. Працоўны дзень завершаны — а хто сам сабе вораг?

На дне ахвяравальнай скрынкі ляжаць некалькі дробных жалезных пэналаў, каляровыя алоўкі. Вы ўпэўненыя, што ў дзіцячых установах нестае менавіта гэтага? Што тыя прылады дойдуць менавіта да таго, каму прызначаныя, а самае каштоўнае ня «згубіцца» па дарозе?

А калі падлічыць: на колькі яшчэ пэналаў і алоўкаў для сірот хапіла б грошай, выдаткаваных на арганізацыю і арганізатараў дабрачыннай акцыі? Вось-вось! І я пра тое ж, яшчэ і на сшыткі з альбомамі хапіла б!

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG